22.11.2021
22.11.2021

Паляўнічыя за таямніцамі

logo
Беларускі код
0 92
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Мёры – раённы горад на Віцебшчыне, славуты фестывалем «Журавы і журавіны», рэспубліканскім гідралагічным заказнікам Ельня і візіт-цэнтрам заказніка. Праз дарогу ад яго – СШ №3. Даехаць да Мёр і не наведацца ў гэту школу «да Ермалёнка» – легендарнага стваральніка і кіраўніка краязнаўчага гуртка «Арганаўты мінулага», збіральніка і заснавальніка ажно чатырох музеяў – пасля локці кусаць за ўласнае легкадумства.

Тут, у школьных музеях, да прыкладу, захоўваецца адзіна вядомы ў свеце фальшывы арабскі дырхем. Эрмітаж імкнуўся выкупіць гэты экспанат у сваю багатую калекцыю, але «арганаўты…» не саступілі, бо патрыёты: маўляў, каму цікава паглядзець на манету – той няхай у Мёры едзе!..

Наогул жа ў экспазіцыі чатырох музеяў блізу трыццаці тысяч экспанатаў, сярод якіх нямала ўнікальных, рэдкіх. А пачыналася ўсё сорак пяць гадоў таму, у 1976-м, калі Вітольд Ермалёнак, выпускнік Гродзенскага педагагічнага інстытута, прыехаў працаваць у СШ №3 г. Мёры. Тады ж ён і стварыў гісторыка-краязнаўчы гурток «Арганаўты мінулага».

Мёры

Калі гурткоўцы збіраліся ў першыя археалагічныя экспедыцыі, калегі дзівіліся: маўляў, нічога асаблівага ў гэтых месцах няма, што тут шукаць! Але паляўнічыя за таямніцамі так не лічылі. Праз дзесяць гадоў ад пачатку пошукавай дзейнасці ў «арганаўтаў» сабралася экспанатаў на цэлы музей, а яшчэ праз дзесяць гадоў за актыўную пошукавую, папулярызатарскую дзейнасць, удзел у археалагічных экспедыцыях разам з Акадэміяй навук і папаўненне фондаў найцікавейшымі знаходкамі музею прысвоілі званне «Народны»...

Сёння ў СШ №3 ажно чатыры музеі – краязнаўчы, Музей кнігі, Музей адукацыі Мёрскага раёна і «Этнаграфічная хатка». Што ні экспанат у іх  – свая гісторыя з'яўлення ў экспазіцыі.

Atnografichni muzei. Miori

«Я заўсёды раю сваім вучням глядзець пад ногі, а не ў неба, і сам прытрымліваюся гэтага правіла, – распавядае Вітольд Ермалёнак. – Напрыклад, вось дынарый – рымская манета 280 г. н.э. У заходніх калекцыянераў ён каштуе не больш за 50 еўра, але для Беларусі ўнікальны, бо сведчыць пра гандлёвыя сувязі нашых продкаў з Рымам. Я знайшоў яго, калі  чакаў аўтобус на прыпынку. Аглядаў зямлю – і на асфальце ўбачыў манету. Верагодна, яе «прывёз» камбайн, які ехаў з поля. Непадалёк цячэ Заходняя Дзвіна, якая была часткай шляху «з варагаў у грэкі». Вось рака і перадала «прывітанне» з даўніх часоў, а там ужо камбайн манету «падчапіў».

Гонар музея – сапраўдны турэцкі бубен. Мясцовы пан ўдзельнічаў у бітве, у якой войска Рэчы Паспалітай разграміла турэцкае, прывёз трафей – пра яго ёсць запіс у інвентарнай кнізе Мёрскага касцёла 1783 года.

Admetnact miorskaga raiona

А вось металічны пярсцёнак з надпісам, які сведчыць, што ў 1884 годзе па загадзе князя Святаполк-Мірскага акальцавалі і адпусцілі маладога шчупака. Праз два гады пан памёр. А шчупака… злавілі праз 109 гадоў, у 1993 годзе – тады і дасталі з жабраў пярсцёнак!

Не мала ў музеі экспанатаў, у літаральным сэнсе слова аплачаных працоўным потым і крывёй Вітольда Антонавіча. Напрыклад, дзеля таго, каб бабулі-суседкі ў бацькоўскай вёсцы саступілі яму старадаўнія кнігі, лета напралёт дапамагаў ім настаўнік касіць сена, абкошваць траву ля платоў... Аднойчы, вяртаючыся з Браслава ў Мёры, чакаў Вітольд Антонавіч аўтобуса на прыпынку ў Друі і ўбачыў, як стары паліць вогнішча і кідае ў агонь кнігі. Не раздумваючы, кінуўся ён выхопліваць кнігі, апёкся  – але выратаваў...

Vitold Ermalenak

Калі чуеш такія гісторыі непасрэдна ад збіральніка, даследчыка – каштоўнасць экспанатаў ўзрастае ў разы. Вось і едуць паглядзець і на музейныя скарбы, і на легендарнага настаўніка ў Мёры не толькі беларусы, а людзі з усяго свету.

– Усё самае цікавае – на роднай зямлі, -- кажа Вітольд Антонавіч. – Адшукваць нітачкі, якія звязваюць гісторыю края з гісторыяй іншых зямель – захапляльная справа. Паглядзіце хаця б на неверагодна цікавы экспанат – люстэрка Эміліі Плятэр. Палякі яе лічаць сваёй, латышы – сваёй, літоўцы – сваёй, а мы называем беларускай Жанай д’Арк. Перад паўстаннем 1831 года пані Эмілія збірала беларускі фальклор і забылася люстэрка ў сваякоў у Лужках. Люстэрка перадавалася з пакалення ў пакаленне. Я сорак год «паляваў» на яго – і вось нарэшце ўладальнікі саступілі люстэрка музею. Дык вось толькі адзін гэты прадмет дае магчымасць заглыбіцца ў гісторыю і прасачыць, разабрацца, як адна выбітная асоба нітуе некалькі народаў.

Miorskii muse

Калі ў нас у гасцях шведы – расказваем ім пра гарадзішча ў Прудніках, якое захавала сведчанні прысутнасці шведаў на Беларусі. Гасцей з Ізраіля цікавіць бытаванне яўрэяў на Мёршчыне – мы маем што паказаць. Аднойчы да нас на экскурсію прыехала турыстка з Мазамбік -- нават ёй мы знайшлі што паказаць, а менавіта манету падчас партугальскай калоніі Мазамбік, знойдзенай на Мёршчыне.

А вось самаробную кніжку «Беларускі год», якая захоўваецца ў Музеі кнігі, варта ўбачыць кожнаму беларусу. «За польскім часам» яе ад рукі перапісваў трэцякласнік Янак. Пабачыў цэлую беларускамоўную кнігу – і выпрасіў у ўладальніка пачытаць. Працаваў «перапісчык» уначы, бо ўдзень вучыўся і дапамагаў спраўляцца бацькам па гаспадарцы. Пісаў пры месяцовым святле, бо дарагой свечкі яму пашкадавалі, а лучыну паліць забаранілі, каб пажару не ўчыніў. Вось так здабывалася кніга на роднай мове, за якую ў тыя часы ў школе білі.

Mierski muzei

Для аматараў вандровак Вітольдам Ермалёнкам і яго «арганаўтамі» распрацаваны дзясяткі турыстычных маршрутаў па Мёрскім і суседніх раёнах – Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Расонскім, Шаркаўшчынскагім; з 2011 года штомесяц выдаецца газета «Мёрская даўніна», дзе распавядаецца пра новыя знаходкі, адкрыцці, сустрэчы ...

Галоўны міёрскі «Арганаўт» адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх «Выдатнік друку» і «Выдатнік адукацыі», прэмія «За духоўнае адраджэнне”…

– Галоўнае для мяне не званні і ўзнагарода, а называцца «краязнаўцам» – кажа сам настаўнік. – Гэта ганарова, бо сапраўдных краязнаўцаў у лепшым выпадку адзін на ўвесь раён, а шмат раёнаў іх не маюць увогуле. Краязнаўца гэта не той, хто напісаў пару артыкулаў ці кніг пра сваю мясцовасць. Гэта – абавязкова збіральніцкая дзейнасць і, як вынік, стварэнне музеяў для грамадства, а не прыватных калекцый, папулярызацыя музейнай дзейнасці ў грамадстве. Тады можна называцца краязнаўцам у пэўным значэнне гэтага слова.

vitold ermal`nak i alena masla

Жыве і працуе Вітольд Ермалёнак, кіруючыся дэвізам, перанятым ад земляка Чэслава Сіповіча, стваральніка першага музея Францыска Скарыны ў Лондане.

– «Бог. Бацькі. Бацькаўшчына» – найлепшая формула патрыятызму, – лічыць краязнаўца. – Трэба шанаваць бацькоў, арыентавацца на ўласныя гісторю і спадчыну, культуру, дасягненні.  Кожны маленькі каменьчык можа выклікаць павагу, цікавасць да сваёй зямлі. А будзе чалавек ведаць, будзе любіць  і будзе абараняць тое, што любіць».

Пачатак гэтага навучальнага года для міёрскіх краязнаўцаў адметны: у межах  праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай ўлады і грамадзянскай супольнасці» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза адчыніўся абноўлены гістарычны музей і ІТ-лабараторыя. Музей змяніўся, займеў сучаснае аблічча. Усе яго таямніцы нібыта перапакавалі і загарнулі ў новыя абгорткі. Праз гэта яны не перасталі быць таямніцамі, а толькі ярчэй заззялі і сталі мацней вабіць.

 

Чытайце таксама:

Крыніца Параскевы Пятніцы
«Міхал лічыў Нясвіж Парыжам», альбо Гайда ў горад, куды хочацца вяртацца!
«7 крыніц» – вада гаючая…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 92

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця