Так званая «падшыўка» ўяўляе з сябе сімбіёз псіхатэрапеўтычнага і медыкаментознага метадаў лячэння алкагалізму.
Медыкаментозны складнік у тым, што пацыенту, які па шэрагу прычын не можа прымаць таблеткі дысульфірама (лекавы сродак, які ўжываецца для лячэння алкагалізму), прэпарат уводзіцца унутрывенна або ўнутрымышачна. Такім чынам, забяспечваецца пастаянная канцэнтрацыя рэчыва ў арганізме на пэўны прамежак часу.
Псіхатэрапеўтычны складнік уключае гутарку з пацыентам непасрэдна перад працэдурай, падчас якой доктар папярэджвае пра наступствы ўжывання алкаголю пасля падшыўкі (яны тыя ж, што і пры прыёме дысульфірама ў таблетках, але праяўляюцца значна мацней з-за больш высокай канцэнтрацыі рэчыва пры падшыванні). Чалавек выразна ўсведамляе: калі будзе ўжываць алкаголь пасля працэдуры, можа застацца інвалідам або памерці. Усё залежыць ад таго, як яго арганізм зрэагуе на лекі.
Плюсы «падшыўкі»
- Калі чалавек сапраўды хацеў завязаць з алкаголем, але фізічна не мог пераадолець хімічную залежнасць, то пасля працэдуры ён адчувае маральнае задавальненне падобнае да шчасця ад таго, што лекі дапамаглі яму спыніцца, пачаць адлік цвярозага жыцця. Большасць пацыентаў адзначаюць поўную адсутнасць цягі да алкаголю пасля падшывання. Альбо цяга настолькі нязначная, што супрацьстаяць ёй няцяжка.
- У адрозненне ад прыёму дысульфірама ў таблетках, сітуацыю кантралюе не сам чалавек, а лекі. Адпаведна, больш шанцаў прадухіліць зрыў, калі раптам пацыент паддасца хвіліннай слабасці і не ўстоіць перад келіхам.
- Тэрмін дзеяння падшыўкі — да 12 месяцаў.
Мінусы «падшыўкі»
Метад працуе, таму што страх — даволі моцны аргумент для чалавека. Але не ўсемагутны. Тым больш у дачыненні да чалавека, залежнага ад алкаголю, які, па сутнасці, скіраваны на самаразбурэнне. Акрамя таго, прырода чалавечая (у дадзеным кантэксце, на жаль) такая, што любая забарона выклікае імкненне яе парушыць.
Супрацьпаказанні да правядзення працэдуры «падшыўкі»
Гэты метад катэгарычна не падыходзіць людзям з псіхічнымі захворваннямі, хваробамі сэрца, цукровым дыябетам і цяжарным жанчынам.
Мінімальны кошт падшыўкі ў Беларусі — 85 рублёў. Працэдура праводзіцца ў дзяржаўных спецыялізаваных клініках (наркалагічных дыспансерах) і прыватных медыцынскіх цэнтрах, якія маюць ліцэнзію Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь на адпаведную дзейнасць.
Аляксандр Алішэвіч, Псіхіятр-нарколаг, намеснік галоўнага ўрача гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера г.Мінска:
— Чалавек, які аднойчы займеў залежнасць, ніколі не зможа вярнуцца да кантралюемага прыёму таго рэчыва, ад якога ён залежны. Гэта ісціна, гэта апрыёры і абмеркаванню не падлягае. Ніхто ва ўсім свеце, і ў нас у Беларусі ў тым ліку, не ставіць перад сабой мэту вылечыць чалавека, залежнага ад алкаголю, каб ён мог працягваць піць, але з розумам. Мэта — вярнуць яго да цвярозага ладу жыцця, з поўнай адмовай ад алкаголю.
Паколькі алкагалізм — хвароба, абумоўленая прычынамі рознага характару: фізіялагічнымі, псіхалагічнымі, сацыяльнымі і духоўнымі, адпаведна і лячэнне павінна быць шматкампанентным і складаным. Сусветны вопыт у лячэнні алкагольнай залежнасці грунтуецца на трох складніках: біялагічным, псіхалагічным і сацыяльным.
- Біялагічны складнік — гэта як раз медыкаменты.
- Псіхалагічны — дзейнасць урачоў-псіхіятраў-нарколагаў, псіхатэрапеўтаў, псіхолагаў, груп узаемадапамогі і цэнтраў рэабілітацыі. Яна скіравана на тое, каб навучыць чалавека жыць цвярозым у грамадстве, адносіны з якім да гэтага будаваліся выключна праз пасярэдніка — алкаголь. Па сутнасці, гэта рэгулярная і доўгая — на гады — падтрымка асобы.
- Сацыядухоўны кампанент лячэння ў большай ступені забяспечваюць сям'я, найбліжэйшае асяроддзе. Прынцыпова важная поўная змена жыццёвых «дэкарацый», калі яны правакуюць зрыў. Іншымі словамі, калі праца не прыносіць задавальнення, яе неабходна мяняць. Пустэчу ў часе і душы важна запоўніць пазітыўнай, стваральнай дзейнасцю. Вядучыя ролі тут могуць быць аддадзены захапленням і хобі, рэлігіі...
Вось гэтыя тры складнікі павінны працаваць адначасова і ўзаемазвязана. І, натуральна, галоўная роля — у самога залежнага. Шанец на поспех тым вышэй, чым мацнейшае ў яго жаданне пазбавіцца ад залежнасці і навучыцца жыць нанова: у сям'і, грамадстве — без алкаголю.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by