17.04.2019
17.04.2019

Слёзы… па Нотр-Дам-дэ-Пары

logo
Думкі ўслых
0 46
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Навіна сапраўды заспела знянацку… Гарыць сабор Парыжскай Божай Маці… Нотр-Дам-дэ-Пары… Легендарны, старажытны, любімы і шануемы ва ўсім свеце. І тымі, хто бачыў яго толькі па ТВ ды на фота, і тымі, каму пашчасціла пабываць там асабіста.

Нотр-Дам-дэ Пары. Пажар.

Сама не чакала, што на мяне гэта так падзейнічае. Проста сядзела і плакала. Крыўдна не да слёз – крыўдна з імі, са слязьмі. Ну як жа так??? Як гэтае няшчасце магло здарыцца ў наш час, з такім развіццём навукі ды тэхнікі? З такімі магчымасцямі ў пажаратушэнні?! З такой пільнай (як быццам бы!) увагай да ўсялякіх магчымых няшчасных выпадкаў і іх папярэджання...

Зноўку позна… Аналізаваць, уяўляць, прагназаваць, як яно магло б быць. Не будзе… Ужо не будзе. І сабор не стане ранейшым. На вялікі жаль. Вядома ж, павінны аднавіць, адбудаваць, але… Гэта ўжо будзе частковы наватвор. Не тое, зусім не тое… Як жа балюча!!!

…Тады, у 2006-м, падчас маёй вандроўкі ў Парыж і першай аглядавай экскурсіі па гораду нам было выдзелена не так шмат часу на наведванне сабора. Але тыя некалькі дзясяткаў хвілін памятаюцца і зараз. Вялізныя натоўпы турыстаў перад ім. Фатаграфаваліся проста на фоне людзей. На іншых фота імкнуліся захапіць велічны шпіль. Тады яшчэ «ўсляпую», падстрахоўваючы першы лічбавы «Кэнан» звычайным плёначным «Кодакам».

Нотр-Дам-дэ-Пары. Здымак 2006 года.

Няма больш у сабора шпіля. Згарэў, абрушыўся. Пішуць, што не пацярпелі скульптурныя групы, бо іх незадоўга да пажару адправілі на рэстаўрацыю. Ну, хаця б штосьці… Але ж вяртаць іх пакуль няма куды: агнём знішчаны дах.

Я памятаю, як цудоўна пачувалася ў самім саборы, які, нягледзячы на запоўненасць турыстамі, усё ж даваў адчуванне прасторы, лёгкасці і яшчэ чагосьці невытлумачальнага… Як прыгадваліся там адразу і Віктор Гюго, і кардынал Рышалье, і мушкецёры… Як душу напаўняла радасць: я ў самім Нотр-Дам-дэ-Пары! І гэта не сон, не казка, а рэальнасць. Божа, дзякуй Табе за гэтую магчымасць!!!

…Мы вярталіся да нашага турыстычнага аўтобуса, які не мог пад’ехаць бліжэй і злёгку парушаў ужо правілы паркоўкі. І ў нас быў час, каб безліч разоў азірнуцца і палюбавацца на сабор звонку (і ў вольны час самастойна вярнуцца да яго). А да аўтобуса тым часам падкацілі паліцэйскія на роліках: парушаем! І мы паспешліва заскочылі ў свой транспарт. А тады, кружачы на ім па горадзе, яшчэ не раз назіралі з вокнаў за Нотр-Дамам і Эйфелевай вежай, на якую, вядома ж, уздымаліся…

Нотр-Дам-дэ-Пары. Фота 2006 года.

Я заплюшчваю вочы – і ўяўляю сабор так яскрава, як быццам бачыла толькі пазаўчора. Але пазаўчора ён паўстаў не перад унутраным, а перад рэальным зрокам. У агні. І мне здавалася, што ён плача ад болю… Як жывая істота…

І адразу ж прыгадаліся іншыя страты: і агульныя беларускія, і нашы мясцовыя… У свой час мне не аднойчы пашчасціла пабываць у беларускім Парыжы – Нясвіжы. Памятаеце, у Коласа?! «Міхал лічыў Нясвіж Парыжам». І яшчэ да таго, як гарэў палац. Так што і яго гісторыя надзейна занатаваная ў маёй зрокавай памяці. Заўсёды да слёз шкада палацава-паркавага комплексу Слатвінскіх у нашых Раванічах Чэрвеньскага раёна і асабліва касцёла, у якім таксама адбыўся пажар… А ён дзесьці, у папярэднім жыцці, відавочна быў для мяне не чужым… Інакш бы не сніўся…

Мы ўжо раптоўна страцілі адзін са знакавых будынкаў нашага старажытнага Ігумена-сучаснага Чэрвеня, у якім размяшчаўся ЗАГС. І рыхтуемся страціць яшчэ адно гістарычнае збудаванне – музея-бібліятэкі...

Людзі, ды што ж мы робім з нашай гісторыяй??? З яе старажытнымі сведкамі?!

Думаю, вінаватых у парыжскім пажары знойдуць. Толькі… каму зробіцца лягчэй?! І хіба ж ад гэтага Нотр-Дам стане ранейшым?! Усё марна… Так, грошы збяруць. І адбудуюць. Але гэты жахлівы дзень – 15 красавіка 2019 года – назаўсёды будзе ўпісаны ў гісторыю Парыжа чорнай фарбай. Як чарговая кропка незвароту. І не адкруціць усё назад, як кінастужку… І не паімчаць зараз на машыне часу, каб папярэдзіць... Як жа шкада і як жа крыўдна…

«Ды тут штохвілінна ў свеце паміраюць ад хвароб, нястачы, няшчасных выпадкаў дзеці і дарослыя! – чую абураныя галасы скептыкаў. – А ты шкадуеш парыжскі (!!!) сабор. Дзе ты, а дзе Парыж…» А Парыж  – у сэрцы. Як і нашы беларускія зруйнаваныя гістарычныя будынкі. Як сама Гісторыя. А без мінуўшчыны, як вядома, няма будучыні…

Фота з архіва аўтара  і адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 46

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".