30.10.2019
30.10.2019

УГД: памятка для дарослых і дзяцей. Калі, для чаго і як рыхтавацца?

logo
Здароўе дарослых
0 59
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

УГД сэрца або органаў брушной поласці даводзілася выконваць, мабыць, кожнаму. А вось, напрыклад, пра тое, што перыядычна нядрэнна праверыць сасуды шыі (брахіяцэфальныя артэрыі) або артэрыі на нагах, ведаюць не ўсе. Якія ультрагукавыя даследаванні неабходна праходзіць абавязкова? Як часта іх выконваць? Ці патрабуюцца прафілактычныя УГД, калі нічога не турбуе? Як правільна рыхтавацца да працэдуры? 

Сайт Слушна падрыхтаваў памятку па гэтым распаўсюджаным відзе дыягностыкі для дарослых і дзяцей. Захоўвайце, каб не згубіць!

Экспертамі ў тэме выступілі ўрачы ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар» Таццяна Падымака і Алена Чыркун.

Памятка 1. УГД для дарослых

УГД для дарослых. Шчытападобная залоза

  • Шчытападобная залоза

Пачынаючы з 20 гадоў, пажадана назіраць шчытападобную залозу раз у 2 гады, нават калі нічога не турбуе. Калі выяўлена паталогія, перыядычнасць назірання прызначае тэрапеўт або эндакрынолаг.

Што глядзяць на УГД?

Структуру шчытападобнай залозы, аб'ём, ці адпавядае ён узросту, ці ёсць аб'ёмныя ўтварэнні, кісты, вузлы, запаленчы кампанент (тырэяідыт – запаленне шчытападобнай залозы), навакольныя лімфавузлы (шыі і падсківічныя лімфавузлы). Часта яны падказваюць урачу, што ў вобласці насаглоткі і ротавай поласці ёсць інфекцыя.

Як падрыхтавацца?

Спецыяльнай падрыхтоўкі не патрабуецца.

  • Брахіяцэфальныя артэрыі (БЦА)

Сасуды шыі трэба назіраць раз у 2 гады, пачынаючы з 40 гадоў. Асабліва, калі ёсць спрыяльныя фактары – курэнне, цукровы дыябет, інсульты ў родзічаў ды інш. Прызначае такое даследаванне неўролаг пры галавакружэннях, шуме ў вушах, пры наяўнасці «мушак» перад вачыма. Калі ўсё ў парадку са слыхам і зрокам, частай прычынай такога стану могуць быць стэнозы (звужэнне) БЦА.

Што глядзяць?

Даследуюць сонныя і пазваночныя артэрыі. Глядзяць, ці ёсць стэнозы сасудаў, паталагічныя звіласці, няправільная канфігурацыя сасудаў, анамаліі развіцця.

 
Таццяна Падымака
Урач ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
Часта ёсць неабходнасць і ў праверцы пазваночных артэрый пры галавакружэннях, стратах прытомнасці, пацямненні ў вачах. У маладых людзей нярэдка выяўляюць звужэнне (гіпаплазію) пазваночных артэрый, што ўплывае на крываток.
  • Малочныя залозы

Такое даследаванне прызначае часцей за ўсё гінеколаг жанчынам ад 20 да 40 гадоў. Выконваецца раз у год для ранняга выяўлення паталогіі. Пасля 40 больш інфарматыўная мамаграфія. Мужчынам УГД грудных залоз робяць толькі па паказаннях: калі яны павялічаныя, ёсць утварэнні.

Што глядзяць?

Ці ёсць кісты, мастапатыя, дабраякасныя ці злаякасныя пухліны, запаленне.

 
Таццяна Падымака
Урач ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
На УГД, асабліва ў маладых дзяўчат, добрай дапамогай для дыягностыкі выступае функцыя кампрэсійнай эластаграфіі ў апаратах УГД. З яе дапамогай вызначаем, наколькі цвёрдае ўтварэнне. Па гэтым параметры можна дакладней выказаць здагадку, ці з'яўляецца яно дабраякасным. Улічваючы наша заключэнне, мамолаг прымае рашэнне, ці патрэбная біяпсія. Пры УГД малочных залоз абавязкова глядзім і падпахавыя лімфавузлы.

Як падрыхтавацца?

Праводзіць абследаванне рэкамендуецца ў першую фазу цыкла (5-10-ы дзень з першага дня менструальнага цыкла).

Органы брушной поласці і ныркі

  • Органы брушной поласці і ныркі

Гэта, бадай, самае распаўсюджанае даследаванне. Яго прызначаюць урачы самых розных спецыяльнасцяў пры болю ў вобласці жывата, змене аналізаў крыві, пры незразумелай страце вагі, парушэнні апетыту, любой паталогіі ў вобласці жывата. З 40 гадоў кожнаму трэба праходзіць такое даследаванне прафілактычна нават пры адсутнасці скаргаў.

Што глядзяць?

Падстраўнікавую залозу, печань, жоўцевы пузыр, брушны аддзел аорты на наяўнасць анеўрызмаў або атэрасклератычных зменаў, лімфавузлоў у брушной поласці, селязёнку, ныркі.

 
Таццяна Падымака
Урач ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
Пры болю ў паясніцы, зменах у агульным аналізе мачы глядзім ныркі. Выключаем камяні, аб'ёмныя ўтварэнні, кісты. Назіраем урадынаміку, пашыраная ці не поласцевая сістэма ў нырцы.

Як падрыхтавацца?

За 1-2 дні да даследавання выключыць газаўтваральныя прадукты (бабовыя, свежы хлеб, кава, чай), харчавацца кашамі, нятлустым мясам. За суткі папрымаць прэпараты, якія зніжаюць газаўтварэнне (эспумізан, актываваны вугаль). Як мінімум за 8 гадзін да УГД трэба выключыць любую ежу, пажадана нават не піць ваду. Жыццёва неабходныя лекі ўжываць трэба, але запіваць толькі невялікай колькасцю вадкасці.

  • Прадсталёвая залоза (мужчынам).

Пасля 40 гадоў трэба правяраць усім мужчынам раз у год. Асабліва пры павышэнні ўзроўню ПСА (анкамаркер).

Што глядзяць?

Аб'ём прадсталёвай залозы і наяўнасць паталагічных зменаў.

 
Таццяна Падымака
Урач ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
Глядзіцца прадсталёвая залоза двума спосабамі. Адзін – праз жывот (трансабдамінальна). Гэты метад можна назваць аглядным. Другі варыянт – праз прамую кішку, т.зв. ТРУГД. У такім выпадку паласны датчык уводзіцца ў прамую кішку непасрэдна да прадсталёвай залозы. Гэты метад больш інфарматыўны, таму ўролагі імкнуцца рабіць на ім акцэнт. На жаль, пакуль не ўсім мужчынам можна растлумачыць яго неабходнасць. Супрацьпаказанне – гемарой у стадыі абвастрэння.

Як падрыхтавацца? За гадзіну да трансабдамінальнага УГД трэба выпіць літр вадкасці. Для ТРУГД: за некалькі гадзін да даследавання неабходна ачысціць кішэчнік з дапамогай клізмы з вадой пакаёвай тэмпературы (1-1,5 л).

УГД

  • УГД сэрца

Раз у год у прафілактычных мэтах.

 
Таццяна Падымака
Урач ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
Патрабуецца УГД сэрца таксама пры наяўнасці шумоў, зменах на ЭКГ, болю, пры паталагічных аналізах (незразумелым павышэнні хуткасці асядання эрытрацытаў), працяглай субфебрыльнай тэмпературы, пры дыхавіцы, страце прытомнасці. Метад інфарматыўны, бязбольны, добра пераносіцца пацыентамі.

Што глядзяць?

Камеры сэрца, наяўнасць утварэнняў, клапанных змяненняў, парокаў сэрца, зоны ішэміі (у вобласці інфаркту для дынамічнага кантролю).

Як падрыхтавацца?

Спецыяльнай падрыхтоўкі не патрабуецца.

  • УГД органаў малога таза (у жанчын)

Выконваецца раз у год, пажадана ў першую фазу цыкла, пасля агляду на гінекалагічным крэсле. Выконваюць УГД трансабдамінальна і трансвагінальна.

Што глядзяць?

Ці ёсць кісты яечнікаў, змены эндаметрыю, структуру міяметрыю, міяматозныя вузлы ды іншыя ўтварэнні. Пры болю ў вобласці нізу жывата для выключэння або пацверджання цяжарнасці, у тым ліку пазаматкавай.

Як падрыхтавацца?

Поўны мачавы пузыр.

  • Ніжнія канечнасці (УГД венаў, артэрый ног)

УГД венаў выконваюць пры наяўнасці варыкозных венаў, бачных няўзброеным вокам, ацёкаў, сутаргаў.

Што глядзяць?

Глыбокія і павярхоўныя вены седзячы і лежачы. Ці ёсць тромбы, змены клапаннага апарата, пашырэнне вены, дадаткова ў падкаленнай вобласці – наяўнасць кістаў падкаленных суставаў.

УГД артэрый ніжніх канечнасцяў трэба глядзець пасля 40 гадоў усім мужчынам, якія паляць, а таксама калі ёсць скаргі на змену паходкі, боль у нагах пры хадзе на невялікія дыстанцыі.

Што глядзяць?

Ці ёсць стэнозы, атэрасклератычныя бляшкі.

 
Таццяна Падымака
Урач ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
Калі выяўлены аблітэруючы атэрасклероз, дык УГД робіцца раз у год для дынамічнага назірання. Бляшкі не знікаюць, але могуць павялічвацца і яны самі, і іх колькасць. Калі нага не будзе забяспечвацца крывёй, гэта можа прывесці да ампутацыі. Абавязкова выконваць такое даследаванне і тым, хто хварэе на цукровы дыябет.

Як падрыхтавацца?

Спецыяльнай падрыхтоўкі не патрабуецца.

  • Мяккія тканкі

УГД выконваецца пры наяўнасці пальпіруемых утварэнняў. Можна выявіць ліпомы, кістозныя ўтварэнні, дабраякасныя і злаякасныя пухліны.

  • УГД суставаў

Пры запаленчых зменах, траўмах.

Памятка 2. УГД дзецям

УГД дзецям.  Галаўны мозг

  • Галаўны мозг

Выконваецца з нараджэння і да таго часу, пакуль адкрытае цемечка (да 1-1,5 года).

 
Алена Чыркун
Урач ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
Калі дзіця здаровае, першае УГД робіцца ў месяц. Далей – па паказаннях неўролага і педыятра. Група рызыкі – неданошаныя дзеці; дзеці, якія маюць неўралагічную сімптаматыку паражэння галаўнога мозгу; якія перанеслі гіпаксію (недахоп кіслароду), мелі парушэнні функцыі дыхання. Паказаннямі будуць і інфекцыі мамы падчас цяжарнасці, цяжкія роды. Тады УГД галаўнога мозгу малышу выконваюць раней, чым у месяц.

Што глядзяць?

Хуткасць вянознага і артэрыяльнага крыватоку, структуры галаўнога мозгу, памеры жалудачкаў і поласцяў, анамаліі развіцця галаўнога мозгу, кісты, пасля траўмаў на прадмет кровазліцця.

  • Шчытападобная залоза

Часта ў мамы падчас цяжарнасці выяўляюць парушэнне функцый шчытападобнай залозы або вузлавыя ўтварэнні. Тады рэкамендуецца праверыць дзіця пасля нараджэння: здаць аналіз на гармоны і паглядзець шчытападобную залозу на УГД. Калі ўсё ў парадку, наступная праверка будзе перад школай. А затым – раз у 2 гады.

  • Тымус
 
Алена Чыркун
Урач ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
Тымус – орган імуннай сістэмы. УГД гэтай загрудзіннай залозы рэкамендуецца рабіць дзецям, якія часта і працягла хварэюць, з кашлем, абструкцыяй. Выконваць яго можна прыкладна да 6 гадоў, пакуль не акасцянее грудзіна. Глядзім памеры тымусу, а далей неабходная кансультацыя імунолага.
  • Малочная залоза ў дзяўчынак

Для дзяцей, у якіх не пачаўся перыяд палавога выспявання, такое даследаванне выконваюць пры заўчасным палавым развіцці, калі адбываецца нагрубанне малочных залоз. Такі стан бывае і ў хлопчыкаў, і ў дзяўчынак.

 
Алена Чыркун
Урач ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
УГД у такім выпадку дазваляе вызначыць, гэта жалезістая тканка малочнай залозы або тлушчавая праслойка. Калі ідзе палавое выспяванне і ў дзяўчынак фарміруецца малочная залоза, сустракаюцца простыя кісты. Назіраем іх раз у 6 месяцаў. Калі няма адмоўнай дынамікі – раз у год. На шчасце, яны часта рассмоктваюцца.
  • Сэрца

Даследаванне выконваецца кожнаму дзіцяці да 6 гадоў, перад школай, для вызначэння групы па фізкультуры.

Што глядзяць?

Ацэньваюць скарачальную здольнасць сардэчнай мышцы, памеры сэрца, наяўнасць прыроджаных парокаў, асаблівасці будовы, стан сардэчных клапанаў, хуткасныя патокі на клапаны.

 
Алена Чыркун
Урач ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
УГД сэрца таксама паказанае пры зменах на ЭКГ дзецям, якія часта і доўга хварэюць, перанеслі цяжкія інфекцыі. Часам пасля кішэчных інфекцый развіваецца дылетацыйная кардыяміяпатыя: пашыраюцца ўсе камеры сэрца, сардэчная мышца пакутуе. У 12-15 гадоў, калі арганізм актыўна расце, таксама рэкамендаванае УГД сэрца. У падлеткаў часта бывае павышэнне артэрыяльнага ціску. Глядзім сасуды, ацэньваем сардэчную мышцу.

Як падрыхтавацца?

Ведаць рост і вагу. Гэта неабходна для разліку плошчы паверхні цела.

УГД брушной поласці дзецям

  • УГД брушной поласці

Першы скрынінг нованароджаным выконваецца ў 3-6 месяцаў, бо ў гэты час пачынаюць праяўляць сябе прыроджаныя пухліны. Калі ўсё ў парадку, рэкамендавана праводзіць УГД раз у год і па паказаннях (боль у жываце).

Як падрыхтавацца?

Выконваецца строга нашча, пажадана ў першай палове дня. У дзень абследавання не есці, не піць і нават не чысціць зубы. Страўнік павінен быць пустым.

  • Органы малога таза (у дзяўчынак праводзіцца толькі трансабдамінальна)
 
Алена Чыркун
Урач ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
Падчас абследавання выяўляем прыроджаныя і набытыя кісты яечнікаў у дзяўчынак, таксама глядзім на асаблівасці будовы жаночых палавых органаў.

Як падрыхтавацца?

Для праверкі органаў малога таза ў дзяўчынак неабходна прыйсці на УГД з поўным мачавым пузыром.

  • УГД органаў машонкі

У хлопчыкаў першага года жыцця часта выяўляецца крыптархізм (неапушчэнне яечка), вадзянкі, кісты прыдаткаў, насеннага канаціка. У хлопцаў старэйшых – варыкацэле (пашырэнне венаў). Пры такой паталогіі парушаецца кровазабеспячэнне яечка, што пасля можа прывесці да бясплоддзя.

  • Суставы

Даследаванне тазасцегнавых суставаў дзяцей першага года жыцця праводзяць у адзін месяц, а пазней – у 4 месяцы. Калі ўсё ў парадку, дык далейшага назірання не патрабуецца. Да 3 месяцаў для малышоў характэрная фізіялагічная няспеласць тазасцегнавага сустава.

  • Мяккія тканкі

Скура, падскурна-тлушчавая клятчатка, мышцы, лімфатычныя вузлы правяраюць па паказаннях (калі ёсць утварэнні).

  • Пупок

Абследуюць у выпадку, калі ў немаўляці ён доўга не загойваецца. Бывае, што за такім станам хаваецца свіршч пупка, незарашчэнне мачавой пратокі.

Як не заблытацца ў тэрмінах УГД? Усё часцей урачы сыходзяцца ў меркаванні, што раз у год кожнаму чалавеку, які сочыць за сваім здароўем, неабходна рабіць поўнае абследаванне. Метад УГД у гэтым плане даволі інфарматыўны, бяспечны, бязбольны. Падыходзіць як дзецям, так і цяжарным жанчынам.

Фота забяспечаныя медыцынскім цэнтрам «Любімы доктар» і ўзятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 59

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.