28.02.2025
28.02.2025

Выстаўку беларускай скульптуры прадставілі ў Палацы мастацтва

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У мінскім Палацы мастацтва праходзіць выстава «Архіў», на якой упершыню шырока дэманструюцца скульптурныя творы з фонду Беларускага саюза мастакоў.

Прадстаўленыя работы створаны ў 1950—1980-я гады. Іх асноўная скіраванасць — рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці праз партрэт, фігуратыўную жанравую або алегарычную кампазіцыю.

Аўтараў хвалявалі самыя розныя тэмы, якія датычыліся як асабістых успамінаў аб дзяцінстве, юнацтве і каханні, так і гістарычных падзей, у тым ліку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама працоўных і спартыўных дасягненняў. Іх розныя аспекты ўвасабляліся ў камені, дрэве, метале.

Наведвальнікі ўпершыню маюць магчымасць убачыць скульптурную частку залатога фонду ў рамках адзінай тэматычнай экспазіцыі, падрыхтаванай секцыяй скульптуры Беларускага саюза мастакоў.

У экспазіцыі прадстаўлены творчыя работы як малавядомых ці незаслужана забытых аўтараў, так і мастакоў знакавых для беларускага выяўленчага мастацтва, для фарміравання і развіцця нацыянальнай мастацкай і мастацка-педагагічнай школы.

На выстаўцы прадстаўлены работы З.Азгура, К.Аляксеева, А.Анікейчыка, А.Антыпіна, Э.Астаф'ева, М.Бяляева, П.Белавусава, А.Бембеля, А.Барозеннікава, С.Вакара, А.Глебава, В.Гроса, Л.Гумава, Л.Гумава, Л.Гумілева, Л.Зільбера, Б.Іванцьева, Я.Колчава, Н.Кандрацьева, А.Крахалёва, А.Курачкіна, С.Ларчанка, С.Логвіна, П.Лука, Б.Маркава, А.Мятліцкага, І.Міско, В.Міхеева, Г.Муцава, Я.Санько, С.Селіханава, К.Селіханава, В.Слінчанкі, У.Цяніцкага, В.Цярабуна, А.Шатэрніка, В.Янушкевіча, і інш.

Напрыклад, скульптуры Заіра Азгура як заўсёды ўражваюць сваёй маштабнасцю. Работы аўтара філасафічныя, глыбокія, побач з імі пачынаеш асэнсоўваць скульптуру мінулых часоў.

Скульптар, народны мастак БССР Сяргей Селіханаў шырока вядомы на ўсёй постсавецкай прасторы як аўтар цэнтральнай шасціметровай фігуры — помніка мемарыяльнага комплексу «Хатынь», якая атрымала назву «Непакорны чалавек». На выстаўцы таксама прадстаўлены работы творцы, якія ўражваюць сваім зместам і гістарычнасцю.

Творчасць Івана Міско добра вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Яго часта называюць «касмічным» скульптарам. Тэма космасу — адна з прыярытэтных у яго творчасці. Ён аўтар цэлай галерэі скульптурных партрэтаў выдатных прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Сярод іх — ледзь не ўсе касманаўты былога Савецкага Саюза, у тым ліку беларусы — Уладзімір Кавалёнак і Пётр Клімук, Алег Навіцкі, а таксама прадстаўнікі розных краін, якія пабылі на арбіце. На выстаўцы можна ўбачыць некалькі работ на касмічную тэматыку, якія абавязкова будуць цікавыя з гістарычнага і мастацкага боку.

Андрэй Бембель працаваў у жанры сацыялістычнага рэалізму. Яго манументальныя работы — рэльефы для сталічнага Дома ўрада і Дома афіцэраў — сталі першымі значнымі ў паслужным спісе мастака.

У ліку работ Бембеля, прысвечаных ваеннаму часу — Курган Славы (ён і Анатоль Арцімавіч былі скульптарамі праекта) і мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць — герой» (у сааўтарстве з Аляксандрам Кібальнікавым і Уладзімірам Каралём). Выстаўка яшчэ раз паказвае майстэрства аўтара і яго прафесійныя здольнасці.

Дадзены праект — унікальная магчымасць паглыбіцца ў свет беларускай скульптуры, гісторыю яе фарміравання і цікавыя старонкі жыцця беларускіх скульптараў.

Перамены непазбежныя. Выстаўку беларускіх мастакоў «Saudade» прэзентавалі ў прасторы ZAL#2

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"