07.03.2024
07.03.2024

Хворае каханне альбо бясконцы эгаізм? Прэм’ера спектакля «Анфіса» прайшла ў Горкаўскім тэатры

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Без кахання ні жыцця няма, ні сэнсу. Каханне даражэй за жыццё без кахання…»

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага адбылася прэм'ера спектакля «Анфіса» ў пастаноўцы Валянціны Ераньковай. Каханне — асноўная сіла, якая рухае персанажамі п'есы Леаніда Андрэева. Але каханне гэта — не светлае натхняльнае пачуццё, а разбуральны балючы ўраган. Таму што яно абсалютна не ўзаемнае.

Аляксандра няшчасная ў шлюбе з Фёдарам Іванавічам, які ёй здраджвае. Каб прывесці яго да рузуму, жанчына запрасіла ў дом сваю сястру — прыгажуню Анфісу. Муж Аляксандры зачараваны розумам і знешнасцю Анфісы і, як мужчына, які прывык да перамог, пачынае дамагацца яе увагі. Да Фёдара Іванавіча таксама неабыякавая малодшая сястра Аляксандры і Анфісы гімназістка Ніначка.

Эгаізм

П'еса «Анфіса» — драма жанчыны, апавяданне пра цёмны запал, атручэнне, фатальнае каханне. У цэнтры п'есы – тры сястры ўцягнутыя ў любоўны трохвугольнік.

І калі чэхаўскія тры сястры — чароўныя паненкі з высокімі ідэаламі, то сёстры Андрэева — злыя і зайздросныя канкурэнткі, апантаныя адным мужчынам, не здольным ні водную з іх па-сапраўднаму кахаць.

Містычная непрыемная атмасфера адчуваецца з самага пачатку спектакля. Глядач бачыць велізарныя люстры ( прыкмета заможнага інтэр'еру), голыя галіны, якія абвіваюць плот сядзібы, а ў цэнтры сцэны, як у насмешку паставілі сімвал моцнай сям'і — дрэва з каранямі. Сцэнограф Ала Сарокіна па-майстэрску перадала змрочную атмасферу спектакля. Героі з'яўляюцца перад намі ў цёмным адзенні, а Анфіса так і будзе ў цёмнай сукенцы да канца. І нават дынамічная сцэна калядак не можа прагнаць пачуццё засмучэння і безвыходнасці.

Анфіса

Дык хто ж такая Анфіса, імем якой названы спектакль? Разважлівая і строгая, яна заклікана сястрой Аляксандрай наставіць на шлях праўдзівы яе мужа. Калі Фёдар Іванавіч захапляецца Анфісай, яна спрабуе дыстанцыявацца, не прызнае яго заляцанняў. Актрыса Вольга Здзярская змагла перадаць дваякасць гераіні: рашучасць у намеры супакоіць нораў Фёдара Іванавіча, але ў той жа час сумнеў у шчырасці яе пачуццяў да мужа сястры. Гуллівая і насмешлівая ў першым акце, Аніфіса Здзярская лёгка маніпулюе пачуццямі мужчын, але якая змена адбываецца ў другім акце! Цалкам здзіўленая і заваяваная Фёдарам Іванавічам, яна моліць аб каханні. Але ў гэтай прыніжанасці Анфісы хаваецца фатальная рашучасць, яна не дазволіць сабе быць растаптанай.

Адзіны персанаж, які варты спагады — Аляксандра (Вераніка Пляшкевіч). У артысткі атрымалася сыграць жонку, якую ўласны муж ні ў што не ставіць. Уся гарката ад здрад і падману з боку родных перадаецца Пляшкевіч. Яна шчыра і самаахвярна аддадзена Фёдару Іванавічу, яе пачуцці мяжуюць з каханнем. Бо праўду кажуць, «чым менш мы кахаем жанчыну, тым больш падабаемся ёй». Аляксандра старанна заплюшчвае вочы на тое, што яе мужа прываблівае родная сястра, не ад таго, што яна не разумее, а таму што спадзяецца, што гэтае захапленне часовае. Ёй горка прызнаваць, што падвяла яе сястра Анфіса, на якую яна так спадзявалася.

Вядома, самым брыдкім і агідным персанажам спектакля з'яўляецца прысяжны павераны Фёдар Іванавіч. Аляксандр Гіронак у вобразе паўстае нягоднікам, самаўлюбёным лавеласам, ён любіць перамагаць усюды. Самую дакладную характарыстыку яму дае адвакат Татарынаў: «Жадае ў што б ні было выйграць справу, быць можа, сарваць лішні апладысмент. Фёдару Іванавічу вельмі падабаецца пакланенне».

Спектакль "Анфіса"

У шчырасць пачуццяў Фёдара Іванавіча да Анфісы не верыцца з першых хвілін, для яго яна чарговая цацка, прывабная сваёй недаступнасцю. Калі ж яму ўдаецца і яе спакусіць, Фёдар Іванавіч гатовы саслаць яе назад, адмахваецца ад яе як ад назойлівай мухі.

Наймацнейшая сцэна спектакля — прызнанне Анфісы. На фоне ўсеагульнай весялосці і хрэсцінаў нованароджанай дачкі Аляксандры, за святочным сталом раптам адбыўся страшны скандал. Ганарлівая Анфіса не крывадушнічае і вырашаецца вымавіць тое, што ўсе і так ведалі, але маўчалі. Яна адкрыта заяўляе, што з'яўляецца палюбоўніцай Фёдара Іванавіча. Мы бачым, колькі маральных сіл каштавала гэтае прызнанне Анфісе Здзярскай, і ў той жа час адчуваем яе вызваленне ад хлусні, яе рашучасць перад невядомым лёсам. Магчыма, актрысе месцамі крыху не хапіла напалу страсцей і шчырасці, бо гледачы фактычна становяцца сведкамі яе гібелі, і яны павінны суперажываць ёй у такі складаны момант.

Анфіса

Стогн Анфісы-Здзярскай — «Пашкадуйце мяне, пашкадуйце» — павінен разрываць сэрца гледача, але гэтага не адбылося.

За ўсімі бруднымі таямніцамі і згубным запалам назірае маўклівы персанаж — бабуля (Кацярына Шатрова). Яе не любяць і пазбягаюць родныя, над ёй жартуюць госці, лічаць глухой і дурной старой. А бабуля ведае наперад, чым усё гэта скончыцца і не збіраецца нікога судзіць. Таму ў фінальнай сцэне яна выглядае самай стрыманай і гатовай да такога павароту падзей.

Анфіса

Спектаклю трэба абкатацца, нарасціць моц, з часам ён стане толькі лепш.

З боку рэжысёра была пэўная рызыка – паставіць такі непапулярны твор не самага знакамітага аўтара. Для тых, хто знаёмы хоць крыху з творчасцю Леаніда Андрэева, не будзе новым, што ў яго літаратурнай творчасці мала радасці і святла.

Руская класіка вачыма беларускіх акцёраў. Спектакль «Ідыёт» паставілі ў тэатры імя М.Горкага

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, тэатральны крытык