25.09.2024
25.09.2024

Як беларусы выкарыстоўваюць торф у лекавых мэтах?

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Пагаворым пра багацце, якое ў нас у літаральным сэнсе пад нагамі. Лішак вільгаці, брак кіслароду — менавіта ў гэтых умовах стагоддзямі назапашваюцца рэшткі раслін, утвараючы торф. Пачакаць яшчэ тысячу гадоў — і торф ператворыцца ў буры вугаль...

Сродак для амалажэння?

З глыбокай старажытнасці торф выкарыстоўвалі ў лекавых мэтах. Лічылі, што торф амалоджвае скуру, паляпшае работу імуннай сістэмы, хутка зажыўляе раны. У пачатку 19 стагоддзя ў Нямеччыне, у горадзе Мэйнбэрзе, была адкрыта лячэбніца. Крыху пазней падобныя ўстановы з’явіліся ў Польшчы, Францыі і на тэрыторыі сучаснай Літвы.

Торфам лячылі падагру, рэўматызм, сіфіліс, мочаплоцевыя хваробы, неўрыт і неўралгію.

Пад канец 19 стагоддзя па ўсёй Еўропе сталі захапляцца торфам як лячэбным сродкам. Асабліва гэта стала папулярным пасля таго, як торфам за кароткі час вылечыўся рабочы на адным з балотаў Нямеччыны. У 1880 годзе ён моцна параніў руку.

Таварышы замазалі яму рану муляй з чорнага торфу. Паранены адчуваў сябе добра і не звяртаўся да доктара. Праз 10 дзён ён прыйшоў у клініку праверыць рану. Аказалася, што яна добра загаілася. Пасля такога выпадку ў той клініцы раны сталі перавязваць марлевымі мяшэчкамі напоўненымі тарфяным парашком. Лячэнне ран такім чынам давала бліскучыя вынікі.

У хуткім часе ў Нямеччыне пачалі спецыяльна нарыхтоўваць торф і нават экспартавалі яго, як лекавы сродак, у Францыю і Амерыку.

Торф шырока ўжывалі і ў час Першай сусветнай вайны, у тым ліку тарфяны парашок са старога торфу. Дактары, якія рабілі павязкі з мохавым торфам, адзначалі, што яны добра сунімалі боль.

Артрыт, асцеахандроз, радыкуліт...

Здабычы торфа ў Беларусі

З даўніх часоў торф, як лекі, бралі на балоце са шматлікімі крынічкамі каля вёскі Крынічная паблізу Гродна. Прычым, рабіць гэта трэба было менавіта на ўзыходзе сонца. Ваннамі з такога торфу лячылі артрыт, асцеахандроз, радыкуліт і нервовыя хваробы.

Сухі мохавы торф захоўваецца па некалькі год, не патрабуе ніякіх прылад для апрацоўкі, за выключэннем ручной ачысткі ад сучкоў і хваінак. Тарфяны парашок здаўна шырока ўжывалі для санітарнай ачысткі клазетаў і абеззаражвання розных адкідаў. У 1930-я гады торф для лячэння шырока выкарыстоўвалі ў Беларускім дзяржаўным інстытуце фізіятэрапіі ў Мінску, а з 1935 года — і ў гінекалогіі.

І ў Акадэміі навук, і ў партызанскай зямлянцы

Вядома, што ў гады Другой сусветнай вайны партызанскім медыкам не хапала перавязачных матэрыялаў. На дапамогу прыйшоў усё той жа балотны торф. Свежаздабыты торф награвалі ў посудзе на вогнішчы або ў печы, працэджвалі праз палатно, затым разміналі рукой да пластычнай кансістэнцыі і накладалі на рану ў выглядзе аплікацый паверх павязкі. Працягласць працэдуры складала 20–40 хвілін пры тэмпературы 40–42 градусы. Затым гэтае месца абкручвалі плашч-палаткай або сукном. Лячэнне праводзілі праз дзень, а ў некаторых складаных выпадках кожны дзень да зацягвання раны. Як вынікае з дакладаў са з’езда партызанскіх дактароў, які праводзіўся ў маі 1945 года, такое лячэнне было вельмі эфектыўным і дапамагло вярнуць у шэрагі шмат цяжкапараненых байцоў.

Пазней высветлілася, што торф можна ўжываць і пры лячэнні анкалагічных захворванняў. Так, супрацоўнікамі Інстытута торфу АН БССР сумесна з Інстытутам анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Мінздароўя БССР на працягу шэрагу гадоў праводзіліся сумесныя даследаванні па вывучэнні супрацьпухліннага ўздзеяння біялагічна актыўных рэчываў з торфу. Доследы праводзілі на лабараторных жывёлах — мышах і пацуках з прышчэпленымі пухлінамі. Было выяўлена, што тарфяная вада моцна запавольвае рост пухлін, прычым не адзін іх від, а шэраг розных.

Сёння торф шырока выкарыстоўваюць у торфагразелячэнні. Ужываюць суцэльны торф і яго экстракты. Многія рэчывы ў ім маюць бактэрыцыдныя і супрацьзапаленчыя ўласцівасці. З торфу робяць матэрыял для перавязкі ран, супрацьзапаленчыя мазі і настоянкі. Этылавыя выцяжкі з тарфяных смол выкарыстоўваюцца ў гінекалогіі і стаматалогіі. Дубільныя рэчывы і фенолы спрыяюць гаенню эрозій і язваў на слізістай абалонцы.

Верхавы торф са слабою ступенню раскладання — выдатны напаўняльнік для матрацаў, падушак. Гэта экалагічна чыстая сыравіна, якая выдатна ўбірае пот, гной і вільгаць, знішчае гніласны пах, не дае размнажацца бактэрыям і хатнім кляшчам, не выклікае алергіі. Перад выкарыстаннем матэрыял прасушваюць, чысцяць і прыбіраюць раслінныя валокны.

Торф можна прымяняць таксама замест грэлак, лёдных пухіроў, бо ён на доўгі час затрымлівае цеплыню ці холад. Торф добра загортваць у марлю або палатно, абліваць сцюдзёнай вадой, калі патрэбны халодныя кампрэсы.

Торф можна прымяняць для захоўвання запасаў лёду ў летні час. Гурбы лёду засыпаюць тоўстым слоем торфу, і нават у цёплы час лёд не растае. Таксама можна захоўваць медыкаменты і прадукты, якія хутка псуюцца, іх засыпаюць тарфяным парашком і трымаюць у тарфяных ледніках. Можна абкруціць тарфяным слоем бутэлькі з гарачай вадой і такім чынам мець напагатове ў любы час гарачую ваду для грэлак, кампрэсаў, піцця для хворых, ін’екцый і г.д.

Ельня

Экстракт торфу дадаюць у крэмы, ласьёны. У санаторыях і спа-салонах нярэдка сустракаецца паслуга “тарфяная ванна”, або лячэнне аксідам торфу. Такая працэдура здымае болі пры артрытах, запаленні скуры. Яна паляпшае кровазварот і спрыяе амаладжэнню.

З торфу вырабляюць розныя фільтры. Матэрыял здольны затрымліваць вуглякіслы газ і таксічныя рэчывы, таму тарфяныя паветраныя фільтры ўсталёўваюць на комінах фабрык і заводаў.

Тое, што торф для Беларусі — рэсурс стратэгічны, стала зразумела яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя. У 1930-я гады быў створаны інстытут торфу, цяпер ён называецца Інстытут прыродакарыстання, але сутнасці гэта не памяняла. Навукоўцы па-ранейшаму бачаць у гэтым выкапні вялікія перспектывы.

А яшчэ з гэтай сыравіны можна атрымліваць актываваны вугаль, які наша краіна пакуль поўнасцю імпартуе.

У прадукцыі з торфу вялікі патэнцыял і для імпартазамяшчэння. У Брэсцкай вобласці ўжо наладзілі вытворчасць глебы для вырошчвання шампіньёнаў. Раней яе закуплялі ў Польшчы, аднак ужо пераканаліся, што айчынны аналаг не саступае ў якасці.

Усяго ў Беларусі здабываюць каля 40 відаў торфу! Некаторыя з іх — вельмі рэдкія і каштоўныя. І галоўнае, што, у адрозненне ад нафты ці газу, торф — рэсурс аднаўляльны. Так што гэтае прыроднае багацце фактычна невычэрпнае, карыстацца ім змогуць яшчэ многія пакаленні беларусаў.

Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"