
Сёлета 30 студзеня спаўняецца 105 годоў з дня нараджэння Івана Шамякіна, народнага пісьменніка Беларусі, аўтара пенталогіі «Трывожнае шчасце», раманаў «Сэрца на далоні», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», аповесці «Гандлярка і паэт», якія чыталі мільёны чытачоў.
Давайце ўспомнім цікавыя факты з жыцця знакамітага дзеяча беларускай літаратуры.

У школьныя гады Іван Шамякін не праяўляў схільнасць да літаратурнай працы. Затое сярод аднакласнікаў славіўся выдатным матэматыкам. Хлопцы літаральна біліся за магчымасць сесці побач з Іванам. Асабліва падчас кантрольных прац.
Схільнасць да дакладных навук дапамагла Івану Шамякіну пасля заканчэння сямігодкі паступіць у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. І вось тут адбыўся круты паварот у яго жыцці. У той час пры выданні абкама партыі ў газеце «Гомельская праўда» было арганізавана літаратурнае аб'яднанне. Іван Пятровіч уступіў у яго і прапанаваў да друку свае вершы. Аднак яны былі адкрыта слабымі. Разумеючы, што крытыка можа назаўжды адбіць у юнака зацікаўленасць літаратурнай дзейнасцю, кіраўнік аб'яднання, будучы пісьменнік Дзмітрый Кавалёў, прапанаваў Шамякіну паспрабаваць свае сілы ў прозе. Атрымалася нядрэнна.
Пасля школы Іван Шамякін паступіў у тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Стыпендыі не хапала, на першых курсах, пакуль не пачаў падзарабляць, хлопец нярэдка галадаў. А дома і ў маці не знаходзілася нават шматка сала, галкі масла, каб даць яму з сабой, так бедна жылі. Шамякін успамінаў, што яшчэ ў 1939 годзе на спатканне да Машы хадзіў у брызентавых чаравіках. Таму, вядома, падзеяй было, калі юнаку купілі першыя боты. Бацька лаяў шаўца, які заламіў цану: ажно пяць рублёў! Але боты былі набытыя, і гэта стала падзеяй.
У дзяцінстве Іван Шамякін лоўка навучыўся насіць на галаве стос кніг. Чамусьці гэта вельмі не падабалася яго бацьку. І той часта дакараў, што сын расце шутам гарохавым.
Іван Шамякін быў добрым сем’янінам і чалавекам-адналюбам. Са сваёй будучай жонкай, Марыяй, ён пазнаёміўся яшчэ ў 5 класе. І ўжо ў 19 гадоў (1940 г.) ажаніўся з ёй. Менавіта Марылі прысвечана яго першая аповесць — «Непаўторная вясна». Сваёй жонцы прысвяціў ён і адзін са сваіх апошніх твораў — «Слаўся, Марыя», які быў напісаны ўжо пасля смерці каханай. Разам, у шчаслівым шлюбе, яны пражылі 58 гадоў.
Шамякін цяжка перажываў смерць сваёй жонкі ў 1998 годзе. Ён стаў вельмі мала есці, зусім мала рухаўся. А лекары толькі разводзілі рукамі — не маглі паставіць яму дыягназ, казалі: «Ён проста стаміўся жыць». Памёр пісьменнік праз 6 гадоў пасля жонкі, у 2004 годзе.
Ні вайна, ні іншыя нягоды не змаглі разлучыць закаханых. Але, па іроніі лёсу, іх разлучыла смерць. Жонка пісьменніка, Марыя Філатаўна, пахавана на Паўночных могілках Мінска. А самога Івана Шамякіна не маглі пахаваць там жа. Яго, як вядомага чалавека, пахавалі сярод іншых вядомых беларускіх дзеячаў на Усходніх могілках.
Нягледзячы на высокія пасады — з 1971 па 1985 гады Іван Шамякін узначальваў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР, пісьменнік усё жыццё заставаўся простым і даступным чалавекам. Па вонкавым выглядзе яго цяжка было адрозніць ад тысяч мінчан і гасцей сталіцы на гарадскіх вуліцах. З людзьмі пісьменнік таксама заўсёды абыходзіўся з кропкі гледжання справядлівасці.
Калі Іван Шамякін апранаў пінжак, то заўсёды павязваў гальштук. Гэта было абавязковым правілам. У яго асабістай калекцыі было больш за 40 гальштукаў.
Шамякін быў адным з першых беларускіх пісьменнікаў, які падтрымаў высланага ў Сібір пээта Янку Скрыгана. Пасля рэабілітацыі, упершыню ўбачыўшы Івана Шамякіна, Янка Скрыган сказаў: «Ты мой брат!».
Іван Шамякін дапамог Васілю Быкаву выдаць кнігу «Сотнікаў» і пераехаць з Гродна ў Мінск.

Сёння бібліятэкі гэта адкрытыя пляцоўкі для ўсіх, хто хоча вучыцца і тварыць. Тут можна не толькі ўзяць кнігу, але і трапіць на паэтычны вечар, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і знайсці натхненне для ўласных праектаў. Нават дакрануцца да тэатральнага мастацтва!
Так, нядаўна ў бібліятэцы-філіяле № 1 імя Л. М. Талстога адбыўся міні-спектакль «Імем кахання» на вершы вядомага расійскага паэта – Ігара Веніямінавіча Ісаева, лаўрэата шматлікіх міжнародных прэмій і конкурсаў у галіне літаратуры, кіраўніка секцыі паэзіі. Галоўнымі героямі сталі сябры паэта – Дзяніс Каспераў, акцёр тэатра і кіно, сцэнарыст, драматург, і Ларыса Касперава, дацэнт факультэта журналістыкі МДУ імя М.В. Ламаносава.
– Гэта аўтары, якія па-новаму паглядзелі на мае тэксты, і я пагадзіўся з гэтым поглядам! – адзначыў Ігар Ісаеў.

– Гэта аўтары, якія па-новаму паглядзелі на мае тэксты, і я пагадзіўся з гэтым поглядам! – адзначыў Ігар Ісаеў.
Дзяніс Каспераў пісаў сцэнар на працягу двух месяцаў. Пасля чаго яны з жонкай Ларысай старанна рэпетавалі.

Па сюжэце Ігар размаўляе з сучасніцай і распавядае пра сваё жыццё з дапамогай вершаў і песень.
Сваімі ўражаннямі ад міні-спектакля падзялілася глядачка Вольга Нікіценка:
– Усяго за 40 хвілін спектакль прадэманстраваў шэраг самых разнастайных тэм: каханне, сяброўства, растанні. Асобныя радкі, якія кранулі маю душу, я запісвала ў нататкі.
Міні-спектакль «Імем кахання» – не адзінае, чым бібліятэка можа здзівіць. На 2026 год запланавана не мала музычна-паэтычных і музычна-танцавальных пастановак. Загадчык аддзела бібліятэкі Лола Іназемцава адзначыла, што кожны месяц тут будуць праходзіць сустрэчы з мастачкамі, музыкамі, пісьменніцамі з імем Таццяна. Гэты цыкл мерапрыемстваў называецца «Таццянін дзень». А 115-гадовы юбілей бібліятэкі парадуе сваім маштабам і сустрэчай «Нашы сябры» са знакамітымі паэтамі і празаікамі. Акрамя таго, тут можна ўбачыць прыжыццёвыя выданні XIX стагоддзя Льва Мікалаевіча Талстога.

Уваход у бібліятэку бясплатны. Не выпусціце шанец пашырыць кола знаёмстваў і ведаў!

У Нацыянальнай бібліятэцы ў межах “Літаратурнага чацвярга” адбылася цікавая сустрэча з дзіцячымі пісьменнікамі – Інай Фраловай, Яўгенам Хвалеем, Тамарай Бунта і Аленай Лемеш.

– Літаратурны чацвер – гэта свежае і займальнае мерапрыемства. Увялі яго з пачатку гэтага навучальнага года, – адзначыла Таццяна Пракоф'ева, загадчык аддзела «інфармацыйна-асветніцкі цэнтр».
Пісьменнік Яўген Хвалей распавёў школьнікам пра тое, як працаваў журналістам у рэдакцыях газет і часопісаў, на радыё і як пачаў пісаць казкі і невялікія апавяданні з жартоўным зместам для дзяцей.

Аўтар згадаў пра кнігу, якая выйшла ўжо сёлета – «Сябры-браты Багдан і Ромка». Гэта маленькія гісторыі пра двух братоў. Бацькі адпраўляюць іх на адпачынак да бабулі ў Фаніпаль, дзе яны сутыкаюцца з пацешнымі прыгодамі.
Разам з Тамарай Бунта ў госці прыйшла дзяўчынка Даша – галоўная гераіня казкі «Сад з матылькамі». Прататып гераіні разумее мову дрэў, кветак, птушак, жукоў і матылькоў, а дом дзяўчынкі нагадвае казачны церам. Побач з ім – цудоўны сад, поўны дзіўных матылькоў. Усе насельнікі саду лічаць, што іх Прынцэса – самая шчаслівая на свеце, бо ездзіць на вазку. Але яны не разумеюць, што вазок гэты – інвалідны.
У Дашы цяжкі лёс, бо яе бацькі загінулі ў аўтакатастрофе, а выхаваннем займаліся дзядуля і бабуля. У школе яе не прымалі, сяброў не было… Але гэта самая сапраўдная казка, бо мае шчаслівы канец.
Асаблівай часткай праграмы ў рамках завяршэння дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» стала тэатральнае прадстаўленне «Новы год і чароўныя словы» ў выкананні выхаванцаў дзіцячага дома № 5 г. Мінска.

Так, дзеці праз творчасць сталі творцамі дабра, падарылі гледачам цяпло і веру ў казку.

– Мы рэпетавалі з музычным кіраўніком Таццянай Дарашэвіч за месяц да Новага года. Адметнасць пастаноўкі ў тым, што яна на беларускай мове! Мне вельмі падабаецца ўзаемадзейнічаць з публікай і выступаць на сцэне, таму задумваюся пра тое, каб звязаць сваё жыццё з тэатрам, – распавяла выхаванка Эльвіра Міронава, якая выконвала ролю Снягуркі ў спектаклі.

Па завяршэнні мерапрыемства Наталля Есіс, старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, звярнулася да гледачоў са словамі падзякі за актыўны ўдзел. Усім выканаўцам спектакля былі ўручаны памятныя падарункі.

«Літаратурныя чацвяргі» праходзяць кожны месяц, таму ў кожнага жадаючага ёсць магчымасць прыйсці ў Нацыянальную бібліятэку і стаць часткай цікавага літаратурнага свету!
Што пісалі на святочную тэматыку Якуб Колас і Змітрок Бядуля?

Сярод незлічонага мноства хвароб, на якія пакутуе чалавецтва, ёсць адна, якая стала ў пэўным сэнсе эталонам жаху: любую смяротную інфекцыю параўноўваюць менавіта з ёй. Ніякая іншая хвароба не змагла зрабіць на людзей такое глыбокае ўражанне, як чума. Што такое бубонная чума? Як яна распаўсюдзілася? Як і калі ўдалося з ёй справіцца?
Мор у Eўропе.
Чума, або Чорная немач ці Чорная смерць, — самы масавы забойца ў гісторыі чалавецтва. Ні адна інфекцыйная хвароба не пакінула столькі жахлівых успамінаў і дэталёвых апісанняў. Праз гады чума то з’яўлялася, то знікала, то зноў вярталася. Пошасці папярэднічалі адна за адной незвычайныя прыродныя з’явы: землятрусы, паводкі, засухі, неўраджаі, жудасны зімовы холад, нашэсці саранчы ды інш.
Па латыні чума — Pestis, а бактэрыя, якая выклікае захворванне, — Yersinia pestis. На працягу тысячагоддзяў гэтая бактэрыя знаходзілася ў адносна спячым стане, толькі зрэдку праяўлялася. Так было ажно да 6 стагоддзя нашай эры. Менавіта ў гэты момант у Егіпце раптоўна спалыхнула эпідэмія бубоннай чумы. Да гэтага часу незразумела, як яна патрапіла туды з Цэнтральнай Азіі. Але так пачалася глабальная пандэмія ў гісторыі чалавецтва.
З часам стала вядома, што бубонная чума распаўсюджваецца заражанымі блыхамі, якія жывуць на спінах пацукоў. Пацукі хаваюцца на караблях і жывуць побач з людзьмі. Таму, калі караблі перавозяць пацукоў у новыя гарады, хвароба непазбежна ідзе следам за імі. У канчатковым выніку пацукі паміраюць, а блыхі, якія насамрэч пераносяць хваробу, шукаюць новых гаспадароў і скачуць на людзей. Калі блыха кусае чалавека, бактэрыя трапляе ў арганізм і хутка распаўсюджваецца па яго лімфатычнай сістэме.

У інфікаванага чалавека можа не быць ніякіх сімптомаў на працягу ад аднаго да сямі дзён пасля ўкусу. Але ў канчатковым выніку ў яго выявяцца ліхаманка, дрыжыкі, ваніты і так званыя бубоны — павялічаныя лімфавузлы. Вонкава яны падобныя на велізарныя мазалі, якія з'яўляюцца ў падпахавых западзінах, у пахвіннай вобласці і на шыі. Чалавек адчувае наймацнейшыя болі, выкліканыя раскладаннем скуры. Без належнага лячэння смяротнасць складае ад 30 да 90 адсоткаў. (І нават пры сучасным лячэнні ўзровень смяротнасці застаецца на ўзроўні каля 10 %.)
Бубонная чума распаўсюдзілася, калі караблі са збожжам і заражанымі пацукамі адправіліся з Егіпта ў Канстанцінопаль — самы вялікі на той час горад. Калі хвароба туды патрапіла, яна знішчыла 40 % яго насельніцтва, заразіўшы нават імператара. Апынуўшыся ў самым цэнтры Візантыйскай імперыі, чума з хуткасцю ляснога пажару распаўсюдзілася далей на караблях, якія адпраўляліся ў парты па ўсім Міжземнамор’і. Чацвёртая частка ўсіх людзей, якія жылі ва ўсходнім міжземнаморскім рэгіёне памерлі ўсяго за колькі гадоў. А дзясяткі мільёнаў загінулі па ўсёй Еўразіі.
У выніку першая глабальная пандэмія прывяла да гібелі 13 % усіх людзей свету, якія жылі на той час. Пасля сярэдзіны 8 стагоддзя чума нарэшце аціхла і заставалася адносна бяздзейнай некалькі соцень гадоў.
Пахаванне ахвяр чёрнай смерці ў Турне. Мініяцюра Пера дэ Цітла (1353г.)
Але сама страшная пандэмія бубоннай чумы ўспыхнула ў 1346–1353 гадах і распаўсюдзілася ў Еўропе, Азіі і частцы Афрыкі. Асабліва яна лютавала ў Заходняй Еўропе. У Італіі, Францыі і Іспаніі вымерла да 75 % жыхароў. У Англіі загінула 70 % насельніцтва, у Нарвегіі 60 %, а ў Нямеччыне 20 %. Колькасць насельніцтва ў Парыжы і Лондане скарацілася ўдвая. Кажуць, у Парыжы пасля пандэміі з 300 тысяч чалавек засталося менш за 3 тысячы. Паміралі гараджане і сяляне, бедныя і багатыя, рабы і каралі. Паміралі ўсе. Па розных ацэнках, ад хваробы тады загінула больш за 25 млн чалавек — каля траціны тагачаснага насельніцтва.
Трупы памерлых ад бубоны чумы амаль адразу чарнелі, чым выклікалі жах яшчэ жывых супляменнікаў. Менавіта з-за гэтай асаблівасці мёртвых цел хвароба і атрымала сваю назву. Чорная смерць не шкадавала нікога. Вуліцы і плошчы гарадоў былі завалены напаўраскладзенымі трупамі, якія не было каму хаваць. Мільёны гараджан у паніцы збеглі з гарадоў, але гэта мала дапамагала: сярод бежанцаў звычайна знаходзіўся хоць адзін хворы на чуму, чаго было дастаткова для заражэння ўсіх навакольных.
У сярэдзіне 14 cтагоддзя эпідэмія чумы ахапіла амаль усю Еўропу. У 1348 годзе яна прыйшла ў Полацк. Лічыцца, што гэтая хваля пошасці ўзнікла на Цібецкім узвышшы, па “шаўковым шляху” прыйшла ў Прычарнамор’е, а пасля па Дняпры — на тэрыторыю сучаснай Беларусі. У Пскоў жа ў 1351 годзе пошасць патрапіла з Лівоніі. У гэтыя ж часы летапісы гавораць пра эпідэміі чумы ад Кіева і Чарнігава да Смаленска і Белавозера. Паводле летапісаў, вялікі голад і мор, а большасць навукоўцаў лічаць, што гэта была чума, прыйшлі ў ВКЛ у 1365 годзе.
У 1389 годзе пасля велізарнага мору ў Смаленску засталося толькі 10 жыхароў.
У 1424 годзе ў ВКЛ і Маскоўскім княстве пачаўся чарговы мор. Ды такі сур’ёзны, што вялікі князь літоўскі Вітаўт і кароль польскі Ягайла на пэўны час пакінулі свае рэзідэнцыі і жылі ў лясах.
Наступная пошасць чумы на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага надарылася ў 1464–1465 гадах, і прыйшла яна з Прусіі. Як пазней пісаў пра той час Мацей Стрыйкоўскі, “людзі, ходзячы, падчас ежы, седзячы, падчас сну або паездкі раптам падалі заражанымі”.
Але, у параўнанні з іншымі краінамі Еўропы, на тэрыторыі сённяшняй Беларусі тады было менш ахвяраў, дзякуючы прыродным межам — Белавежскай Пушчы і Палескім балотам.
У 16 стагоддзі чума прыходзіла ў Полацк, Смаленск, Цвер і Пскоў. Моцна спустошыла яна Полацк ў 1566 годзе. У цэлым па Еўропе вялікая чума была яшчэ ў 1660-х гадах. З 18 стагоддзя эпідэміі чумы абмяжоўваліся асобнымі краінамі.
Па рэкамендацыі нямецкіх лекараў сталі шырока выкарыстоўваць аліўкавы алей — як унутр, так і для націранняў. Засноўваліся медыцынскія супрацьчумныя арганізацыі. Але пошасці яшчэ працягваліся. Так, з кастрычніка 1710 па сярэдзіну студзеня 1711 гадоў чорная смерць лютавала ў Мінску. Улады нават забаранілі службы ў храмах. У 1820-я гады ўспышка чумной хваробы здарылася ў рускай арміі падчас турэцкага паходу. У медыцынскай літаратуры згадваецца чума ў Адэсе яшчэ ў 1910 годзе.
Чумная смерць выклікала ўспышку масавага рэлігійнага фанатызму і адчаю. Пачыналася калектыўнае вар’яцтва, адчуванне вінаватасці і грэшнасці. Некаторыя самі капалі сабе магілы і збівалі труны. Грэшнікі каяліся і ў тастаментах адпісвалі сваю маёмасць храмам і манастырам, якія хутка багацелі. На тэрыторыі Беларусі акрамя маленняў і хрэсных працэсій практыкавалі пабудову капліц і храмаў па аброку. Сведчаннем чумных эпідэмій на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца народныя назвы сярэднявечных пахавальных помнікаў, напрыклад, Чумныя курганы, Чумныя могілкі, Чумное кладбішча і да таго падобныя.
Чума ў Полацку. Радзівілаўская летапісь канец 15 ст.
У тыя часы ўжо практыкавалі каранцінныя меры: на вуліцах пастаянна палілі вогнішчы, людзі стараліся перасяляцца ў лясныя вёскі. Маёмасць і дамы памерлых спальвалі, хворых акурвалі смалістымі лучынамі, дыхалі парамі салетры. Для пахавання памерлых стваралі спецыяльныя каманды з асуджаных на смерць.
У такіх умовах гараджане плацілі за паслугі спецыяльным «чумным лекарам», у абавязкі якіх уваходзіла знаходжанне ў горадзе да канца эпідэміі і лячэнне пацярпелых. Як правіла, гэтай няўдзячнай і вельмі небяспечнай працай займаліся пасрэдныя лекары, якія не здолелі знайсці лепшую працу, або маладыя выпускнікі медыцынскіх факультэтаў.
Для абароны ад хваробы чумныя лекары насілі знакамітую маску з дзюбай — адсюль іх мянушка падчас эпідэміі — «дзюбатыя лекары». Маска, якая першапачаткова закрывала толькі твар, але пасля вяртання чумы ў 1360 годзе стала закрываць усю галаву, выраблялася з тоўстай скуры з акулярамі для вачэй, а ў дзюбу змяшчалі кветкі і зёлкі — пялёсткі ружаў, размарын, лаўр, ладан і г. д., якія, як лічылася, абаранялі ад чумы.
Шчыльны чорны строй гэтак жа вырабляўся са скуры або ваксаванай тканіны і складаўся з доўгай кашулі, якая даходзіла да пят, штаноў і высокіх ботаў, а таксама пары пальчатак. Чумны лекар насіў у руцэ доўгую палку — яе выкарыстоўвалі, каб не дакранацца да хворага рукамі і, акрамя таго, каб разганяць разявак на вуліцы. Аднак, нягледзячы на гэта, шматлікія лекары гінулі, спрабуючы дапамагчы сваім пацыентам.

У беларускіх гарадах такія касцюмы насілі каталіцкія манахі, якія бралі на сябе абавязак прыбіраць трупы і клапаціцца пра хворых.
У 1846 г. у Парыжы адбыўся Урачэбны кангрэс, прысвечаны пытанням барацьбы з чумой. З цягам часу сталі рабіць і прышчэпкі. З вынаходніцтвам антыбіётыкаў чума пачала сыходзіць у мінулае, але бывае зрэдку і прарываецца. З 2010 па 2015 гады ў свеце было зарэгістравана 3248 выпадкаў бубоннай чумы, з іх 584 скончыліся смяротным зыходам. Апошняя буйная ўспышка чумы адбылася ў 2017 годзе на Мадагаскары: зафіксавана 2348 хворых, з іх 202 памерлі (смяротнасць склала 8,6 %).
У нашай краіне выпадкі заражэння чумой не рэгістраваліся з 1977 года.
«Пацалуй свінню ў лыч…» ды іншыя сродкі змагання з хваробамі ў старадаўняй Беларусі

Аб жанчынах, якія паўплывалі на ход гісторыі, часцей за ўсё ўспамінаюць напярэдадні 8 сакавіка. І ў спісы вядомых людзей Беларусі ў асноўным уключаюць толькі мужчынскія прозвішчы. Хаця беларуская гісторыя ведае шмат жанчын, якія дзякуючы незвычайнай любові да сваёй справы дабіваліся поспехаў насуперак любым абставінам. Мы сабралі 11 цікавых біяграфій таленавітых і харызматычных ураджэнак беларускай зямлі, якіх варта ведаць.

Прадслава, будучы дачкой віцебскага князя Святаслава Усяславіча, адмовілася ад свайго статусу і выбрала іншы лёс: у 12 гадоў яна прыняла манаскі пострыг пад імем Еўфрасіння і пасялілася ў келлі Сафійскага сабора.
Яна займалася асветніцкай і міратворчай дзейнасцю, а адным з яе абяцанняў стала перапісванне кніг — нялёгкая праца для дзяўчыны, бо пісаць даводзілася на вазе, на левай далоні, упіраючыся рукой у калена. Выводзіць каліграфічныя загалоўныя літары, маляваць арнаменты таксама было не так проста.
За свае сродкі Еўфрасіння пабудавала дзве царквы ў Полацку і заснавала паблізу горада жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі цэнтрам асветы Полацкага княства. Там працавалі вучэльні, бібліятэкі, скрыпторый, прытулак. Верагодна, там жа пісаліся іконы і размяшчаліся ювелірныя майстэрні. Па замове Еўфрасінні майстар Лазар Богша зрабіў вядомы крыж, які, нажаль, лічыцца згубленым.
Еўфрасіння Полацкая — першая жанчына ў Беларусі, якую прызналі святой. Яе імя аднолькава ўслаўляе і хрысціянская, і каталіцкая царква. У канцы жыцця (а пражыла прападобная Еўфрасіння, на думку гісторыкаў, 66 гадоў) здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім, дзе памерла і была пахавана. Зараз мошчы святой вернуты на полацкую зямлю.

Яна была адзіным дзіцём Тэафілы Ляшчынскай і Януша-Антона Вішнявецкага, вядомага дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай. Дзяўчынка атрымала выдатную хатнюю адукацыю, вывучыла некалькі еўрапейскіх моў, добра ведала сусветную літаратуру і пісала вершы.
Не дзіўна, што Францішка Уршуля так захапілася мастацтвам, бо ў сям'і Вішнявецкіх панавала творчая атмасфера: бацька быў здольным аратарам і літаратарам, а дзядзька меў прыдворны тэатр.
У 20 гадоў Францішка Уршуля выйшла замуж за Міхаіла Казіміра Радзівіла «Рыбаньку», які пазней стаў вялікім літоўскім гетманам. Пры двары па яе ініцыятыве з'явіўся тэатр — вялікая раскоша для таго часу, даступная толькі каралям. Для яго княгіня сама пісала п'есы.
Паколькі князь часта быў у раз'ездах па службе, яго маладая жонка вырашала і мноства іншых пытанняў: кіравала гаспадаркай, кіравала рэстаўрацыяй Нясвіжскага замка, бараніла горад ад наездаў расійскіх войскаў, наводзіла парадак у княжацкай бібліятэцы і аднаўляла друкарню. Апроч гэтага ў сям'і Радзівілаў было некалькі дзяцей (на жаль, толькі трое з сямі з іх дажылі да паўналецця).
Для беларусаў і палякаў Францішка Уршуля Радзівіл — першая пісьменніца. Яна пакінула пасля сябе шмат драматургічных твораў і каля 80 вершаў. Доўгі час яе імя было вядома толькі ў вузкім асяроддзі, але зараз творы Францішкі Уршулі Радзівіл можна свабодна прачытаць на беларускай мове.

Саламея нарадзілася на Навагрудчыне, і калі ёй споўнілася 14 гадоў, яе аддалі замуж за нямецкага акуліста Якуба Гальпіра, разам з якім яна пераехала ў Стамбул. Муж займаўся медыцынай, і Саламея гэты занятак неверагодна захапіў. Спачатку яна проста дапамагала мужу, а неўзабаве пачала практыкаваць самастойна. Ёй нават удалося атрымаць афіцыйны дазвол на ўрачэбную дзейнасць!
Разумная і назіральная Саламея, дзякуючы сваім ведам і паходжанню, змагла зрабіць тое, чаго не маглі іншыя. Па мусульманскіх законах мужчыны (нават лекары) не маглі наведваць гарэмы, а жанчыны не маглі лячыць мужчын, таму такая праца была па плячы толькі жанчыне іншай веры.
Нават пасля смерці мужа Саламея працягвала працаваць лекарам. Набытыя кнігі па медыцыне дапамагалі ёй удасканальваць навыкі, а веданне лацінскай (ёй яе навучыў слуга Гальпіра) — выпісваць рэцэпты. Свае навуковыя працы і лісты яна пісала на польскай мове.
Аўтар мемуараў, асветніца, першая ў гісторыі Рэчы Паспалітай жанчына-ўрач — такой Саламею Рэгіну Русецкую запомніла гісторыя. На жаль, канец яе жыцця застаўся пакрыты таямніцай: пасля паломніцтва ў Святую Зямлю яна планавала паехаць у Палестыну і Егіпет, але далейшы лёс Саламеі невядомы.

Са з'яўленнем на свет яна атрымала права называцца графіняй — нарадзілася Эмілія ў графскай сям'і, у Вільні. Калі ёй было 9 гадоў, бацькі развяліся і яна разам з мамай была вымушана пераехаць да далёкіх сваякоў у цяперашні Даўгаўпілс.
Эмілія збірала беларускі фальклор, запісвала народныя песні, вершы, вучыла танцы і выконвала іх сама. Народную музыку яна іграла на фартэпіяна, а часам сама спрабавала пісаць вершы на беларускай мове.
Апроч літаратуры і музыкі дзяўчынка захаплялася конным спортам і стральбой, а яе ідэалам былі жанчыны-ваяўніцы. Яна зачытвалася кнігамі Гётэ і Шылера, цікавілася подзвігамі Тадэвуша Касцюшкі і Юзэфа Панятоўскага.
Таму не стала нечаканасцю, што Эмілія Плятэр выбрала сабе нялёгкі лёс рэвалюцыянеркі. Даведаўшыся аб паўстанні ў Варшаве, яна стала заклікаць сваякоў і знаёмых пачаць падрыхтоўку паўстання ў іх, у Літве і Беларусі. І няхай гэтыя планы не ажыццявіліся, у дзяўчыне разглядзелі сапраўднага лідэра. Мясцовыя дваране прысвяцілі Эмілію ў рыцары-Панны па ўсіх старадаўніх абрадах.
29 сакавіка 1831 года Эмілія сабрала партызанскі атрад з 280 стралкоў, 60 вершнікаў і некалькіх соцень сялян, узброеных косамі, і павяла ў бой. У той час дзяўчыне было 24 гады.
Пасля яна нават паспела атрымаць званне капітана — на той момант гэта было самае высокае званне, якое магла атрымаць жанчына. Але неўзабаве Эмілія нечакана захварэла і памерла. Віной стала ператамленне, стомленасць, бессань, голад і іншыя нягоды, якія прынесла вайна.
Эмілія Плятэр смела кінула выклік стэрэатыпу аб тым, што толькі мужчыны могуць ваяваць. Няма сумневу, што яна заслугоўвае права называцца «беларускай Жаннай д’Арк».

Гелена Скірмунт, пляменніца Напалеона Орды, нарадзілася на Піншчыне і ўжо ў дзяцінстве здзіўляла настаўнікаў па жывапісе сваім талентам. Нягледзячы на тое, што ўсё жыццё яна пакутавала ад хваробы вачэй, некалькі разоў апыналася ў спасылцы праз удзел у паўстанні 1863 года, яна ніколі не пакідала творчасць. Часцей за ўсё яна пісала партрэты, а аднойчы нават скапіравала Юравіцкі абраз Божай Маці.
У дадатак да жывапісу з цягам часу прыйшла скульптура. Жанчыны ў тыя часы не займаліся гэтым рамяством, жаданне Гелены стаць скульптарам аказалася смелым і нават дзёрзкім. Але, тым не менш, яна стала ляпіць скульптуры з гіпсу, рабіць медальёны. А адна з яе самых знакамітых работ — набор шахмат, дзе замест звыклых фігурак з'явіліся гістарычныя персанажы, удзельнікі польска-турэцкай вайны.
Цяга да творчасці дасталася Каміле ў спадчыну ад яе бацькі, класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Дзяўчына ўваходзіла ў тэатральную трупу бацькі, выступала ў першай беларускай оперы «Сялянка», але больш за ўсё праявіла сябе як таленавітая піяністка.
Яна гастраліравала як на Радзіме, так і за мяжой. Сама пісала музычныя творы, якія хутка падхапляла публіка, і яны часта гучалі на хатніх ці публічных канцэртах. Яе асноўнай дзейнасцю было выкладанне музыкі. Яна працавала ў Менску, нават арганізавала ў горадзе школу для бедных дзяцей. Каміла актыўна ўключылася ў рэвалюцыйную дзейнасць у 1860-х гадах і за антыўрадавую дзейнасць была сілком адпраўлена ў палату для вар'ятаў. Але жыхары Мінска ўсталі на яе абарону, і пасля мітынгаў Марцінкевіч выпусцілі на волю.

Алаіза Пашкевіч нарадзілася ў шляхецкай сям'і, на Шчучыншчыне. Скончыла экстэрнам Аляксандраўскую жаночую гімназію ў Санкт-Пецярбургу і ўжо тады пачала грамадска-палітычную і літаратурную дзейнасць, удзельнічаючы ў студэнцкім «Кружку беларускай народнай асветы і культуры».
Затым Алаіза працавала фельчарам пад Вільняй, паралельна займаючыся прапагандысцкай працай (гэтая далікатная на выгляд жанчына ўдзельнічала ў кіраўніцтве Беларускай сацыялістычнай грамадой). Алаіза Пашкевіч горача абараняла правы працаўніц і сялянак, таму карысталася вялікай палітычнай папулярнасцю ў рэвалюцыянераў і дэмакратаў мноства краін.
Падчас эміграцыі Алаіза паспела адвучыцца ў двух універсітэтах — у Кракаве і Львове, вывучыўшы філасофію, філалогію і гісторыю; падарожнічала ў Фінляндыю, Швецыю, Італію. Выйшаўшы замуж, яна вярнулася з эміграцыі, стала актрысай тэатра Ігната Буйніцкага, рэдагавала моладзевы часопіс «Лучынка».
З пачаткам Першай сусветнай вайны працавала сястрой міласэрнасці ў тыфозным бараку Віленскага ваеннага шпіталя. У 1916 годзе, адправіўшыся на пахаванне бацькі, заразілася тыфам і памерла.
Сучасным беларусам Алаіза Пашкевіч больш знаёмая па сваім творчым псеўданіме — Цётка. Пад ім яна публікавала свае кнігі і артыкулы. Яе аўтарству належаць зборнікі «Хрэст на свабоду», «Скрыпка беларуская», кніга для дзяцей «Першае чытанне для дзетак беларусаў».

Кахаю наш край — старонку гэту,
Дзе я радзілася, росла,
Дзе першы раз спазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
Беларуская паэтка нарадзілася ў Вільні. Яе бацька, Антон Буйло, служыў лясным аб'ездчыкам у графа, маці, Настасся Францаўна, займалася домам і дзецьмі, спявала ў касцёльным хоры. Сям'я жыла сціпла, але бацькі з малых гадоў прывучалі дзяцей да чытання, навуцы і музыцы.
Пазней сям'я пераехала ў Вішнева (Валожынскі раён), дзе маленькая Канстанцыя пазнаёмілася з Эміліяй Станкевіч — маці Уладзіславы Станкевіч. Пані Эмілія давала ўрокі французскай мовы для Канстанцыі. А паміж дзяўчынкамі завязалася сяброўства, якое працягвалася і пасля таго, як Уладзіслава Станкевіч стала жонкай Янкі Купалы.
Першы верш Канстанцыі «Лёс» быў апублікаваны ў газеце «Наша ніва» (1909), пад імем яе брата Эдуарда – Э.Буйло. Менавіта ён настаяў адправіць верш у газету, а каб сястра нарэшце вырашылася, прапанаваў падпісаць яго сваімі ініцыяламі.
У 1914 годзе ў друкарні Марціна Кухты выйшла першая кніга паэткі - «Курганная кветка». Яе афармленнем займаўся Язэп Драздовіч, а рэдагаваў сам Янка Купала. Грошы дапамагла сабраць княгіня Марыя Магдалена Радзівіл.
Пазней Максім Гарэцкі ў «Гісторыі беларускай літаратуры» назаве Канстанцыю Буйло найбольш таленавітай пасля Алаізы Пашкевіч (Цёткі) паэткай у беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя.
У тым жа годзе Канстанцыя Буйло скончыла настаўніцкія курсы і накіравалася на працу ў Лідскі павет. Калі пачалася Першая сусветная вайна, яна паступіла на працу ў канцылярыю Усерасійскага земскага саюза (арганізацыя займалася забеспячэннем арміі), дзе і пазнаёмілася з будучым мужам — Віталём Калечыцам. У 1916 годзе пара абвянчалася.
Праз 10 гадоў мужа Канстанцыі Буйло адправяць у ссылку па абвінавачанні ў садзейнічанні варожай партыі. І толькі ў 1950 годзе яна даведалася, што яе муж памёр у лагеры яшчэ ў 1942 годзе. У 1957 годзе В. Калечыц быў пасмяротна рэабілітаваны.
У 1968 годзе яна атрымала званне «Заслужаны работнік культуры БССР».

Беларуская оперная спявачка валодала ўнікальнымі вакальнымі дадзенымі. Яе называлі ®беларускім салаўём». Яе імя носіць дзіцячая музычная школа мастацтваў № 1 у Мінску. Тутака ж, у Мінску, і нарадзілася сама Аляксандраўская. З дзяцінства захаплялася музыкай, народнымі песнямі, выступала ў самадзейнасці.
Ратуючыся ад вайны, яе сям'я ў 1914 г. пераязджае ў Пецярбург. Там яна ўпершыню знаёміцца з творчасцю прафесійных оперных спевакоў. А на адным з гімназічных вечароў яе выступленне адзначыла салістка Марыінскай оперы і прапанавала пачаць заняткі спевамі. Але з-за разводу бацькоў Ларысе прыйшлося пакінуць заняткі і вярнуцца ў Мінск.
У якасці спявачкі Ларыса Аляксандроўская выступала ў паўпрафесійным тэатры пры Палітаддзеле Заходняга фронту. А ў 1924 годзе паступіла ў Мінскі музычны тэхнікум. Выпускная праца спявачкі — партыя Маргарыты з оперы «Фаўст® Шарля Гуна, якую яна выканала на беларускай мове.
У 1927 годзе на Міжнароднай музычнай выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне яна выконвала беларускія народныя песні.
Калі ў 1933 годзе адкрыўся Беларускі тэатр оперы і балета спектаклем «Кармэн», Ларыса Аляксандроўская выканала ў ім галоўную партыю. Пазней, з 1951 па 1960 гады, была галоўным рэжысёрам опернага тэатра.
У 1940 годзе яна атрымала званне народнай артысткі СССР. У час Вялікай Айчыннай вайны выступала з канцэртамі ў шпіталях, партызанскіх атрадах і на фронце.
Пасля вайны актыўна займалася грамадскай дзейнасцю.
Публіка называла яе «беларускім салаўём». Якой была ў жыцці артыстка Ларыса Александроўская?

Вера нарадзілася ў Бабруйску ў 1903 годзе, пазней разам з сям'ёй пераехала ў Мазыр, дзе скончыла школу. У 16 гадоў яна паспела папрацаваць парабкам у кулакоў, затым настаўнікам у сяле, а пасля пайшла добраахвотнікам на грамадзянскую вайну ў Чырвоную Армію. Яшчэ будучы падлеткам, яна захапілася рэвалюцыйнымі ідэямі.
Актыўная і смелая дзяўчына працавала сакратаром падпольнага ЦК камсамола і была членам ЦК КП Заходняй Беларусі, членам ЦК камсамола Польшчы. У 21 год была арыштаваная падчас масавай «зачысткі» сябраў кампартыі і асуджаная да шасці гадоў пазбаўлення волі, якія пазней былі павялічаныя да васьмі.
У 1932 годзе ёй удалося вярнуцца ў Савецкі Саюз. Кніга «Лісты на волю», якую яна напісала ў турэмных засценках, атрымала высокія водгукі. За выдатныя заслугі ў рэвалюцыйным руху Вера Харужая была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны і да дня гібелі Вера Харужая ваявала ў партызанскім атрадзе. Яе група правяла мноства дыверсій на чыгунцы, заводах, збірала разведвальныя дадзеныя для камандавання савецкіх войскаў. Але гітлераўцам удалося схапіць яе разам з баявымі таварышамі. Праз месяц Вера Харужая была пакараная.

У сям'і вядомага беларускага мастака Міхаіла Станюты нарадзілася дачка, якую назвалі Стэфаніяй. Яна вучылася ў царкоўна-прыходскай школе, пасля ў Мінскай жаночай урадавай гімназіі. Дзяўчынка спрабавала сябе як харыстка, танцорка, статыстка, а ў 16 гадоў адыграла першую ролю ў тэатры. З тых часоў яе каханне да сцэны толькі мацнела.
І няхай Стэфанія атрымала тэатральную адукацыю ў Маскве, але ўсё жыццё працавала ў Беларускім тэатры імя Янкі Купалы. Усяго яна сыграла каля 200 роляў, але шырока вядомая стала дзякуючы ролям бабуль і пажылых жанчын. Калі акторцы было 53 гады, ёй упершыню прапанавалі ролю ў кіно, што зрабіла яе яшчэ больш вядомай.
Сцэна не адпускала Станюту да самага канца, і актрыса не пярэчыла гэтаму. Яна пражыла доўгія 95 гадоў і працавала да апошніх дзён жыцця.
Такія біяграфіі натхняюць і дапамагаюць нам зразумець, што нават самыя складаныя і нерэальныя рэчы ўвасабляюцца ў жыццё, калі прыкласці намаганні.
Першая ў старадаўняй Беларусі жанчына-лекар. Лёс і вандроўкі Саламеі Русецкай

Адным з кардынальных сродкаў ад прастуды ў Беларусі заўжды ўважалі лазню. Пры з'яўленні першых прыкмет хваробы беларусы бралі бярозавыя венікі і адпраўляліся парыцца. Чым гарачэй была напаленая ў лазні печ, тым хутчэй выходзіла з цела хворасць і даўжэй не вярталася. Апроч таго, калі чалавек папарылі, яго потым паілі адварамі ліпавага цвету, маліны, рамонку, кармілі рэпай і часныком.

Асабліва шмат рэцэптаў існавала ад кашлю. У першую чаргу рабілі розныя адвары — з калінавых ягад з пчаліным мёдам, насення морквы, суніцаў, маліны, сушаных яблыкаў. Ужывалі і кветкі ліпы з гарэлкай, і гарачае малако са стручковым перцам. Лекавай лічылі нават ваду, пралітую праз правую панчоху першанароджанага хлопчыка.
Да грудзей прыкладалі сінюю цукровую паперу, змазаную авечым ці гусіным тлушчам. Паводле іншай парады, паперу ў некалькіх месцах праколвалі іголкай і намазвалі свіным ці іншым тлушчам. Потым паперу прывязвалі бінтамі да грудзей. Ногі хворага мазалі шчупачыным тлушчам з тоўчаным часныком, а цела націралі макавым алеем.
Каб пазбыцца кашлю, у дзвюх шклянках з вадой разводзілі шчопаць іржаной мукі, і калі яна асядала, пілі яе раніцай і ўвечары. Папулярным быў гарачы ліманад. Для яго выціскалі сок з лімона, залівалі кіпенем і дадавалі цукар. Такі ліманад раілі ўжываць двойчы на дзень — раніцай і перад сном. Калі кашаль не праходзіў, штодзённа націраліся свіным салам ці якім-небудзь вадкім тлушчам, дадаючы да гэтага крыху хваёвага алею.
Існавалі і некаторыя магічныя сродкі пазбаўлення ад кашаля. Дзеля гэтага трэба было пры сустрэчы некім, крыкнуць так, каб той перапалохаўся і забраў кашаль у хворага. Лічылі, што кашаль можна было “прадаць”. Спаткаўшы гандляра, варта было сказаць: “Прадаю”, а калі той спытае: “Што?” — адказаць: “Кашаль”. Нашыя продкі былі ўпэўненыя — у такім выпадку кашаль да гандляра і прычэпіцца.
З кашлем звязаны цікавы звычай, які ў ХІХ стагоддзі існаваў у наваколлі Бягомля Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. У той мясцовасці кашаль выконваў ролю магічнага сродку ад хвароб авечак. Дзеля гэтага кашаль вельмі актыўна імітаваўся жанчынамі ў царкве падчас чытання евангелля і казанняў святара.

Катар, як вельмі галава баліць ды цячэ з носа, нашы продкі лячылі наступным чынам. Адразалі ў ката пасмачку поўсці на канцы хваста, запальвалі яе і нюхалі той дым. Тлумачылі такі метад перакананнем, што катар прычапіўся, бо кот спаў на пасцелі ў хворага, еў і піў з той самай пасудзіны, што і чалавек. Былі ўпэўнены, што “чмыхаўка” ад катару хутка праходзіць, калі пакалупаць у носе кончыкам хваста чорнага ката. Таксама ад катару стрыглі ў сабакі поўсць, падпальвалі яе і давалі нюхаць хвораму. Каб не было катару, то раілі вясною, як прыгрэе сонца, ды мурашкі пачнуць варушыцца, укінуць у мурашнік хустку, а як там паляжыць нейкі час, выкалаціць яе ды нюхаць.
Ад катару ў немаўляці маці павінна была капаць у нос яму ўласным малаком з грудзей, а таксама націраць яму грудзі печанай цыбуляй. Гэтак жа ад насмарку дыхалі віннымі парамі, уцягвалі ў нос салёную ваду. Каб вылечыць катар, прыйшоўшы ў лазню, трэба было ў нос набраць вады ды на гарачую печку высмаркаць — і гэтак паўтарыць тройчы. Пазбегнуць насмарку, паводле старадаўніх лячэбнікаў, можна было, калі нюхаць саламяную прапацелую вусцілку з ботаў. А народныя лекары раілі: “штоб катара не прыстала, трэба, разуваючыся, часта нюхаць той пот, што між пальцамі на нагах”.

Прастуду часта суправаджалі болі ў горле. Паводле архіўных дадзеных, нават здараліся эпідэміі, як, напрыклад, катаральная гарачка ў Пінску ў 1859 годзе і эпідэмія пухлінаў горла на Віцебшчыне ў 1852 годзе.
Каб суцішыць боль у горле, у роце трымалі ягады ці жэле з чорнай парэчкі і павольна глыталі. Намыльвалі ваўняную панчоху і намотвалі яе як шалік на ноч. Таксама ў панчохі клалі па чайнай лыжцы нашатырнай солі і негашонай вапны. Рабілі настоянку з мухамораў. Пры гэтым грыбы ў слоіку залівалі вадой і пакідалі на 9 дзён. Зверху ўтвараўся алей. Яго злівалі і церлі ім ногі. Ад болі ў горле ўнутр прымалі мёд з соллю. Ад ахрыпласці выкарыстоўвалі цёрты хрэн з ліпавым мёдам. Лічылі, што ад болі горла добра паласкаць яго чацвярговаю соллю, распушчанай у свянцонай вадзе. Таксама панчоху, найлепей шлюбную, напоўненую гарачым попелам, раілі прыкладаць да шыі.
Ад хваробаў горла нашыя продкі лічылі вельмі карысным лізаць толькі што вынуты з гаршка са страваю апалонак і ў той самы час глядзець на гаршчок, адкуль яго дасталі, а аблізаўшы, трэба было пацерці ім хворае горла, пакуль ён яшчэ цёплы.
Як ні дзіўна, але ад хворага горла раілі піць ваду, у якой варылася дробна стоўчанае шкло. Прычым, гэтае шкло павінна было быць ад бутэлек, напрыклад, але не ваконнае.
Пры лячэнні прастуды нашы продкі даволі часта выкарыстоўвалі жывёлаў. Так, былі ўпэўнены, што вельмі добра дапамагае “лінянне вужовае”, ці скурка з вылінялага вужа, якое прыкладалі разам з прыпаркаю да хворага горла. Гэтак жа, каб зняць боль у горле, трэба было дастаць скурку зайца, якога задрала сава, і тою скуркаю абвязаць горла і ў дадатак да гэтага даваць піць сыту, звараную з мёду і павуціння. Пры болях у горле таксама раілі піць 27 разоў (тры разы па дзевяць) ваду, пералітую праз воўчае горла. А часам з бяросты выразалі фігурку накшталт жабы. Ускладалі яе на хворае месца і завязвалі хусткай. Бяроста заставалася на шыі да выздараўлення.
Ліхаманка — дух небяспечнай хваробы Як спраўляліся з ёй даўней беларусы?

Беларусы – багатыя людзі: як пачаліся зімовыя святы ад каталіцкага Раства, ажно да Вадохрышча будзе доўжыцца цудоўная калядная казка!
Чарадзе зімовых святаў папярэднічала 22 снежня – дзень зімовага сонцавароту. Сонца павярнула на лета, пакрысе прыбывае дзень. Але адбываецца гэта паступова, марудна – і зімовыя вечары яшчэ доўга будуць заставацца ідэальным часам для чытання.
Скарыстаемся імі, каб пазнаёміцца з цудоўным светам беларускіх кніг!
Зборнік «З Новым годам!» (вершы, песні, п'есы, казкі, загадкі / уклад. У. М. Мазго; іл. А. В. Пазняка. – Мінск, 2009) складаюць творы больш як трыццаці паэтаў. Сяргей Грахоўскі, Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Ніл Гілевіч, Мікола Маляўка, Сяргей Патаранскі, Вера Бурлак… Вершы творцаў адпавядаюць абвешчанай тэматыцы: тут ёсць святочныя чытанкі пра ялінку, Новы год, Дзеда Мароза, Каляды. Шмат «марозных» і «снежных» вершаў – як і належыць у навагоднюю пару.
Ад Генадзя Аўласенкі чытачам каштоўны падарунак: цэлая нізка вершаў для абароны навагодніх касцюмаў: верш Вавёркі, Вожыка, Рамонка, Пірата…
У раздзеле «Навагодні карагод» – падборка песень на беларускай мове (арыгінальных і перакладных) з нотамі. Ёсць тут знакамітыя
«Жыла-была яліначка,
У хвойнічку расла,
Зімой і летам стройная,
Зялёная была…»
(Словы 3. Аляксандравай, пераклад В. Жуковіча, музыка М. Красева)
І «Яліначка» (словы Р. Кудашавай, пераклад В. Жуковіча, музыка Л. Бекмана)
«У лесе яліначцы
Холадна зімой.
З лесу яліначку
Мы ўзялі домоў.
Наша яліначка
Свеціцца-гарыць:
Снег на галіначках,
Яркія шары…»
Ёсць яшчэ раздзел «Новы год – не без прыгод», а ў ім п’есы-казкі Генадзя Аўласенкі і Міколы Чарняўскага.
Адным словам, для творчых людзей, якія любяць ладзіць святы самі, зборнік «З Новым годам!» сапраўдная скарбонка. Творы з гэтай кнігі дапамогуць і свята зладзіць, і слоўнікавы запас узбагаціць, і памяць патрэніраваць – бо цяжка знайсці лепшы трэнажор, чым добрыя вершы на роднай мове!

У зборнік «Беларуская зіма» (укладанне В. Шніпа, Мінск, 2018) увайшлі лепшыя вершы, казкі, апавяданні пра зіму і Новы год вядомых беларускіх пісьменнікаў.
Сярод твораў, на якіх выхавалася не адно пакаленне дзяцей, шмат і новых, напісаных нашымі сучаснікамі. Напрыклад, казкі Раісы Баравіковай «Шчадрэц» і «Масленіца»; Наталлі Бучынскай «Навагоднія выкрунтасы ў класічным стылі»; шэраг казак Людмілы Рублеўскай з цыклу пра Мышку Пік-Пік і навагодняя п’еса-казка «Спадчына бабулі Зімавухі» пісьменніцы…
Вершы класікаў – Якуба Коласа, Паўлюка Труса, Рыгора Барадуліна – і сучаснікаў Алеся Бадака, Ніны Галіноўскай, Аксаны Спрынчан…
Асабіста я люблю такі фармат тэматычных зборнікаў: пісьменнікі розных часоў тут нібы за рукі пабраўшыся і ўтварыўшы непарыўнае жывое кола. Яно коціцца праз час, праз зімовую сцюжу, расказвае пра зіму – а само зіму гэтую ў нашых сэрцах растаплівае – столькі паэтыкі, гумару, дасціпнасці ў творах гэтай кнігі.
Зборнік дапаможа дарослым і дзецям у падрыхтоўцы да навагодніх ранішнікаў і зімовых свят.

Маляўнічая кніга Алега Грушэцкага «Краіна Вымярэнія» з ілюстрацыямі Віктара Козела рыхтавалася адмыслова да пачатку навучальнага года. Не дзіва: стваральнікі меркавалі, што з яе дапамогай дзецям лягчэй і цікавей будзе засвойваць адзiнкi вымярэння. Менавіта пра iх расказваецца ў казках, якія складаюць кнігу. Звяры ў гэтай кнізе – як і бывае ў казках – сябруюць, працуюць, вядуць сваю гаспадарку… Натуральна, у малят-зверанят узнікаюць пытанні: кілагрмамі ці метрамі купляць малако? Як узважваць розныя рэчы? Як вымяраецца час і што такое каляндар?
Пытанні, адказы на якія дарослыя людзі атрымалі даўным-даўно, аджылі і патрабуюць тлумачэння для іх дзяцей. Каб займальна патлумачыць, што і як зладжана ў Краіне Вымярэнія, казка – найлепшы праваднік. Мама Зайчыха пячэ пірог – гэта займае ў яе гадзіну. Мядзведзь узважвае гарбузы, качаны капусты, яблыкі – і вожыка, які абірае, што ж на сабе данесці дадому. Карова Мілка ахвотна падзеліцца малаком, але ж варта ведаць, што адмярае яго яна літрамі!
Кніжка пазнавальная, вельмі прыгожа аздобленая. Чытаючы яе, дзеці даведаюцца пра спосабы і адзінкі вымярэння (даўжыня, шырыня, вышыня), вагі і аб’ёму (кілаграмы, літры), адзінкі вымярэння часу (гадзіны, хвіліны), з дапамогай беларускіх прымавак і прыказак спазнаюць, чым адрозніваюцца месяцы і поры года.
Смела ўносьце кнігу ў спіс абавязковага чытання з дзецьмі на зімовых вакацыях, не прагадаеце: працэс адукацыі будзе цікавы і дзіцяці, і даросламу. Натуральна, мамы з татамі кілаграм ад метра даўно адрозніць могуць – але ж мастацтву даходліва тлумачыць рэчы, якія нам здаюцца відавочнымі, у аўтара Алега Грушэцкага варта павучыцца.
Кніга «Краіна Вымярэнія» яшчэ сустракаецца ў крамах. Калі вы шукаеце, што пакласці пад ялінку дзецям – лепшага падарунка і не знайсці!
«Беларуская зіма» таксама пакуль ёсць у продажы, а вось пра перавыданне кнігі «З Новым годам!» застаецца толькі марыць і пытаць яе ў бібліятэках.
Але пералічаныя кнігі вартыя таго, каб іх пашукаць. Зімовыя, яны грэюць душу і ствараюць свята.
Што пісалі на святочную тэматыку Якуб Колас і Змітрок Бядуля?

Зіма — цудоўны час для адпачынку. І ў гэты перыяд года можна атрымаць мноства станоўчых эмоцый і незабыўных уражанняў. Сапраўдны зімовы адпачынак у Беларусі — гэта як асобны свет.
Прырода зімой вельмі прыгожая. Паўсюль на вуліцах ляжыць белы лёгкі снег, мароз малюе на вокнах цудоўныя ўзоры, а калі выглядае сонейка, то снег на зямлі і на дрэвах блішчыць і пераліваецца нібы сотні алмазаў. Асаблівы шарм зімоваму перыяду таксама надае чаканне свят і цудаў, якія ўносіць у жыццё кожнага чалавека добры настрой.
Мы прапануем вам падборку месцаў, куды можна паехаць зімой і атрымаць вялікую асалоду ад падарожжа.

Зіма — гэта час блукаць па лясных сцежках, лавіць сняжынкі і шукаць сляды нябачаных звяроў. Улетку для ўз'яднання з прыродай дастаткова выбрацца на пікнік у бліжэйшы парк, зімой жа раім заехаць далей, каб лепш адчуць зімовы лес.
Белавежская пушча — адзін з самых старажытных лясоў у Еўропе, які згадваецца яшчэ ў летапісе 983 года. Сярэдні ўзрост дрэў у пушчы — 100 гадоў, але многім ясеням і хвоям больш за 300. Тут жыве самы буйны еўрапейскі звер і адзін з беларускіх сімвалаў зубр і беларускі Дзед Мароз.
Тут цудоўна проста шпацыраваць па старажытным лесе. Па пушчы пракладзены сцежкі для пешых і веласіпедных прагулак, а для лянівых ёсць экскурсіі на аўтобусе, дзе вам пакажуць галоўныя прыродныя славутасці: 600-гадовы дуб, сасну-волата і бярозу з нарастам у выглядзе галавы зубра.
Калі вам не хапае воднай стыхіі, адпраўляйся на Браслаўскія азёры. Тут можна забрацца на гару «Маяк» і медытаваць на віды, прайсціся па адной з трох экасцеж (у маршруце велізарны парк XVIII стагоддзя і гарадзішча VI стагоддзя), паглядзець на дзікіх жывёл (у вальерах або, на адмысловай экскурсіі, у дзікіх умовах) ці схадзіць на зімовую рыбалку.
Дарэчы, адначасна можна заехаць у Глыбокае ці Полацак — там таксама ёсць што паглядзець.
Нарэшце, яшчэ адзін варыянт для зімовых шпацыраў — Бярэзінскі біясферны запаведнік, якая лічыцца прыроднай тэрыторый самага высокага рангу, якая аб'ядноўвае ў сабе і лес, і рэкі, і балоты. Тут таксама не абышлося без ляснога заапарка і экалагічных сцежак, а акрамя пешых экскурсій ёсць яшчэ конныя і лыжныя.

Уцёкі з горада — гэта заўсёды добрая задума. Асабліва, калі можна паваляцца ў снезе, глядзець на агонь у каміне, парыцца ў лазні і хадзіць басанож па драўлянай падлозе. Каб адчуць увесь гэты вясковы дзэн — адпраўляйцеся ў загарадныя сядзібы і выдаленыя хутары.
Аграсядзіб у Беларусі шмат — выбірайцк у залежнасці ад размяшчэння і водгукаў, а мы параім пакуль некалькі тых, што даўно карыстаюцца попытам у беларусаў.
Аграсядзіба «Купалінка» (Брэсцкая вобл., Кобрынскі р-н, в. Кляшчы, вул. Цэнтральная, 1) У аграсядзібе тры домікі, ёсць лазня (можна нырнуць у палонку) і басейн на вуліцы, які падаграецца, можна адправіцца на прагулку ў лес.
Загарадны комплекс «Шышкі» (Мінская вобл., Уздзенскі раён, в. Загоршчына) Тут ёсць лазня на дровах, бочка з гарачай вадой, санкі і лыжы, лес вакол і драўляныя домікі, якія нагадваюць пра Скандынавію.
Таксама можна з'ехаць на Нарач — у загарадны комплекс «Малінаўка». Тут аўтэнтычныя дамы 19 стагоддзя спалучаюцца з прыгожымі дызайнерскімі інтэр'ерамі. На выбар гасцям прапануюць некалькі драўляных хатак. У комплексе ёсць свой рэстаранчык з традыцыйнымі беларускімі стравамі, мангал, лазня на дровах і рака па суседстве, каб пасля парнай ліха сігануць у палонку.
Вельмі цікавая аграсядзіба «Трабуцішкі» (Віцебская вобл., Пастаўскі р-н, в. Трабуцішкі) На хутары ў краі Блакітных азёр (гэта не рамантычны эпітэт, а рэальная назва) акрамянаведвання звычайнага аграсядзібнага комплексу таксама можна пакатацца на санях у конскай запрэжцы або на снегаходах. Вельмі па-зімоваму! Фішка сядзібы — кавальскі майстар-клас.

Калі валянне на печы зусім не для вас, тады даставайце лыжы і сноўборд. Хай у Беларусі самая высокая кропка толькі трыста з лішнім метраў — гэта не перашкодзіць вам добра пакатацца.
Адпраўцеся ў «Сонечную даліну». Калі вы не самы дасведчаны сноўбардыст ці лыжнік, раім пачаць з малога — не выязджайце за горад. У «Сонечнай даліне» ёсць асноўны і навучальныя схілы, невялікая рампа, а для самых лянівых катальшчыкаў – цюбінгі.
Добры адпачынак таксама можа быць у Лагойску. Гэта наступны ўзровень беларускага катальшчыка. Пяць схілаў і адзін навучальны, якія па пятніцах і суботах працуюць да дзвюх ночы. Ёсць пракат любога абсталявання, цюбінгі, пейнтбол, зімовая рыбалка і, вядома, лазня. Калі вырашыце падысці да пытання сур'ёзна, можна нават запісацца ў гарналыжную школу.
Пасля того, як падвучыцеся, варта наведаць «Сілічы». Праедзьце яшчэ ледзь-ледзь па трасе М3 і трапіце ў месца ўсіх лыжнікаў Беларусі. І не дзіўна: тут самыя прыстойныя схілы (чатыры), сноўпарк, хаф-пайп, трампліны (на тры апошнія ўваход толькі ў шлеме). Для пачаткоўцаў ёсць навучальная траса.

Калі хочацца як у рамантычных фільмах пракаціцца на адкрытым катку пад знакамітую песню Фрэнка Сінатры, а пасля актыўнага адпачынку выпіць гарачага шакаладу, гэтыя месцы менавіта для вас.
Самы просты варыянт — зайсці на Нямігу, дзе на ўсю моц працуе каток. За выдатнае месцазнаходжанне давядзецца плаціць — людзей тут звычайна многа.
Яшчэ адзін варыянт «Чыжоўка Арэна». Прасторны каток з люстраным пакрыццём і шмат крам для камфортнага адпачынку
Вельмі прыемна заехаць у Раўбічы. Калі ў вас ёсць магчымасць выехаць за горад, то зрабіце гэта неадкладна: у Раўбічах можна не толькі пакатацца на катку з ідэальным пакрыццём, але і пагуляць па зімовым лесе, зазірнуць у царкву. Дарэчы, калі вырашылі ехаць у Раўбічы з канькамі, патэлефануй загадзя — час сеансаў пастаянна мяняецца, масавыя катанні праходзяць толькі ў выхадныя.

Дзеці - гэта добрая нагода задаволіць і сабе вяртанне ў дзяцінства.
Напрыклад, можна сустрэцца з Дзедам Марозам - на яго тэрыторыі. Рэзідэнцый па Беларусі – вялікае мноства, ёсць нават савецкія. Але класіка жанру — рэзідэнцыя ў Белавежскай пушчы, у цэнтры якой 11-метровая навагодняя ялінка. Тут жа дом снягуркі, паляна 12-ці месяцаў. Калі дзіця любіць звяркоў, тут ёсць Музей прыроды з вальерамі.
Яшчэ адна ідэя для таго, каб прыгожа ўварвацца ў Новы год — святочны «Навагодні экспрэс», дзе на вясёлым цягніку можна будзе пракаціцца на лясную паляну разам з казачнымі персанажамі.

Зіма можа стаць нядрэнным часам зрабіць нешта незвычайнае: выбраць для цябе некалькі прыемных актыўнасцяў, якія сапраўды дапамогуць перажыць шэрыя зімовыя дні.
Напрыклад, пакатацца на хаскі. У Мінску можна з ветрыкам пракаціцца на сабачай запрэжцы .Тры хаскі, два пасажыры, гадзіна катання (10 кругоў), а потым можна колькі заўгодна ціскаць чароўных блакітнавокіх сабак.
Пакатацца на квадрацыклах. Гэта асаблівы выкід адрэналіну і зусім іншыя хуткасці.
Скаціцца з гары ў шары. Зорбінг – гэта катанне ў вялізных празрыстых шарах. Катацца на іх можна з горак, па роўнай паверхні ці па вадзе. Калі вы ніколі не скардзіліся на вестыбюлярны апарат — варта паспрабаваць.
Шчаслівых святаў!
Святы Мікалай, Дзед Мароз, Зюзя … Падрабязна пра адрозненні зімовых чараўнікоў
One fine body…