
Соль іграла важную ролю ў рэлігійных вераваннях і магічных абрадах нашых продкаў. Яны верылі, што яна ўвасабляла сабой духоўную чысціню і была здольная адганяць злых духаў.

Ва ўсе часы соль лічылася сімвалам жыцця і дабрабыту, а ў міфах і заклінаннях атаясамлівалася з сонцам. Так, паходжанне слова “соль” звязана з сонцам: старажытная славянская назва сонца – салонь. Дарэчы, старадаўні выраз “ісці пасалонь” азначае: "ісці па сонцы".
З пракаветных часоў соль каштавала вельмі дорага. Так, напрыклад, у старажытных рымлян слова salarium азначала "грошы на соль". У сярэднявеччы ў некаторых краінах соллю плацілі падаткі. Бывала, што з-за солі вяліся нават крывавыя войны, узнікалі народныя бунты і паўстанні. Як значная падзея ўвайшоў у гісторыю "саляны бунт" у Маскве ў 1641 годзе. Знакаміты італьянскі падарожнік 12 стагоддзя Марка Пола расказаў, як у Кітаі выраблялі грошы з солі.
"Для гэтага, – пісаў Марка Пола, – расол кіпяціцца ў невялікіх катлах. Праз гадзіну соль прымае выгляд цеста, і з яго робяць нешта ў форме піражкоў... Пасля таго, як на піражкі накладваюць пячатку імператара, каб яны прыпадобніліся сапраўдным металічным манетам, іх засмажваюць на гарачых чарапіцах".
Першая дарожная сетка ў Еўропе склалася з "саляных трактаў", па якіх гандляры перавозілі каштоўны тавар. Такія ж "салёныя шляхі" ішлі з Кіева да месцаў здабычы солі ў Галіцка-Валынскім княстве і Паўночным Крыме. Раней у натуральнай гаспадарцы беларусаў соль была адзіным прадуктам, які куплялі. На тэрыторыю Беларусі соль прывозілі з Памор’я, Галіцыі, Прыкаспія, Старой Русы. Цяпер сваю соль здабываюць у дастатковай колькасці каля Старобіна і Мазыра. У нас ёсць нават горад, у назве якога гучыць слова “соль”. Гэта Салігорск, які ўзнік у сувязі з адкрыццём покладаў і прамысловай распрацоўкай калійнай солі.
Салігорскія тэрыконы.
Соль – гэта самы неабходны прадукт для жыццядзейнасці чалавека і адзіны мінерал, які ў чыстым выглядзе чалавек ужывае ў ежу. Яна паляпшае смак і неабходная для здароўя. Многія прадукты можна замяніць на аналагі, нават у цукру ёсць займеннікі. Але для солі навукоўцы пакуль не змаглі вынайсці замены. Павараная соль (хларыд натрыю) – гэта прадмет першай неабходнасці, тая абавязковая фізіялагічная дабаўка, якая рэгулюе абмен рэчываў ды іншыя фізіялагічныя працэсы ў арганізме.
У целе чалавека змяшчаецца 300 грамаў солі, запас якой расходуецца і мае патрэбу ў штодзённым папаўненні. Без яе немагчыма нармальнае функцыянаванне нервовай сістэмы і цягліц. У старажытнасці людзі не разумелі хіміі, але хутка заўважалі: без солі пагаршаецца здароўе, узнікае слабасць, а часам і настае смерць.
Без звычайнай солі большасць жывёл адчуваюць солевае галаданне. Хатнія жывёлы без дадаткаў солі ў ежу таксама хварэлі і гінулі. Драпежнікі забяспечваюць свой арганізм соллю, якая трапляе ў арганізм з мясам і крывёй здабычы, траваядныя шукаюць выступы солі, салёныя глебы ці саланцы і ліжуць іх.

У традыцыйнай культуры нашага народу, соль была абярэгам, верылі, што яна добра дапамагае ад сурокаў. Так, ад сурокаў бралі жменьку солі, вадзілі рукой па целе і прамаўлялі малітвы. Паводле міфалагічных уяўленняў, солі баяцца лесуны, чэрці і іншыя дэманічныя істоты. Каб палегчыць роды і засцерагчы парадзіху ад ліхога, соль сыпалі на парог і на рагі стала.
Жыхары Цэнтральнай Беларусі, каб абараніць немаўля ад нячыстай сілы пры яго першым купанні, абавязкова дадавалі соль у ваду, а пры хрышчэнні сыпалі яе ў вушы немаўляці.
Трэба дадаць, што соль у магічных абрадах часам выкарыстоўвалі разам з хлебам. Перад хрышчэннем кума брала дзіцёнка і укрывала яго кашуляй бацькі, у рукаў якой былі завязаны кавалачкі хлеба і солі. У такой кашулі дзіця трымалі ў царкве падчас абраду.
Таксама перад тым, як везці дзіця хрысціць, у ягоныя пялюшкі трэба было пакласці крошкі хлеба і “нюшок” солі. Рабілі так дзеля таго, каб дзіцёнак усё жыццё меў хлеб, які ніхто ніколі не мог бы ўкрасці. А калі хто хваліў дзіцёнка, дык каб не сурочыць, трэба было сказаць: “Соль табе ў вочы, дзяркач у зубы, таўкач пад бокі”.
Каб уберагчы малечу ад суроку, маці з дзіцём, выпраўляючыся ў госці, завязвала ў кашулю трохі хлеба, солі і асвечаных зёлак. Калі ж дзіцёнак ужо пакутаваў на сурокі: кепска спаў уначы, быў нервовы і непаслухмяны, то маці трэба было ўзяць жменю солі, абнесці яе тройчы вакол дзіцяці і кінуць у агонь. Верылі – як толькі соль затрашчыць у полымі, то мінуцца і сурокі.
Соль выкарыстоўвалі і ў любоўнай магіі. Існавала павер’е: калі вакол упадабанай асобы таемна абнесці шчопаць солі, то ў яе неўзабаве абудзяцца гарачыя пачуцці. Драбок солі, хлеб і часнык, загорнутыя ў анучку, падвязвалі маладой пры ад’ездзе да вянчання, каб засцерагчы ад чараў. Малады, перш чым выправіцца ў сваты, мусіў быў згрызці драбок солі і выплюнуць на парог, каб у будучай сям’і не паміралі дзеці.
Асаблівай лекавай і магічнай сілай валодала соль, асвечаная напярэдадні Чыстага чацвярга. Яе клалі разам з мылам дзе-небудзь на адкрытым месцы. Потым цягам года зберагалі як талісман ад сурокаў.

З даўніх часоў соль выкарыстоўваюць для лячэння. Яна дапамагае пры страваванні. Перажаваны хлеб пасыпалі соллю і прыкладалі да скулаў – нарываў. Соллю пасыпалі хворыя зубы. Асабліва папулярнымі лічацца растворы солі ў вадзе. Такія росчыны выкарыстоўвалі супраць ікаўкі і пякоткі, пілі для паслаблення страўніка і ад галаўнога болю, прамывалі раны і праціралі твар, каб не было зморшчын. Павязкі, змочаныя ў растворы солі, выкарыстоўвалі ад пухлін, адэномы прадстацельнай залозы, прастудных захворванняў і ад белакроўя.
З дапамогай солевых прымочак добра вылечвалі разнастайныя скураныя захворванні: экзэму, псарыяз, бародаўкі, папіломы, пігментныя плямы.
Што да ўкусаў насякомых, то месца ўкусу пчалы ці асы вясковыя знахары раілі адразу ж змазаць моцным саляным растворам. Гэта дазваляла зняць боль, не дапусціць ацёку і свербу. Апроч таго, на месца ўкусу клалі хлебную прыпарку з ільняным семем.
Растворам солі на спірце націралі стары лішай да таго часу, пакуль не з’явіцца кроў, а затым пасыпалі яго соллю. Ад болі ў горле ўжывалі ўнутр мёд з соллю. Калі пайшла кроў з носа, то соль сыпалі на галаву. Месцы апёкаў парылі і таксама пасыпалі соллю.

Гісторыя гарбаты — гэта займальнае падарожжа ў розныя перыяды нашай гісторыі. Ад традыцыйнай травяной гарбаты і да цяперашняга чорнага або зялёнага чаю, гэты напой аб'ядноўвае людзей, прыносіць радасць і супакаенне.
Так, нашы продкі ў асноўным не чай пілі, асабліва ў традыцыйнай сялянскай культуры, а запарвалі розныя зёлкі ў чыгунку ў печы. Звычайна мяту, святаяннік, чабор і іншыя. Адсюль і беларуская назва травянога чаю — «гарбата», якая паходзіць ад лацінскага слова herba — расліна. Традыцыя прыгатавання чайных напіткаў на аснове розных зёлак і раслін — частка багатай нацыянальнай культуры беларускага народа. Рымскі рамонак, перачная мята, мальва, крываўнік, кара крушыны і дуба — у ход ішло ўсё, што можна заліць кіпенем і выкарыстоўваць для наталення смагі і папраўкі здароўя.

У беларусаў заўсёды былі ў пашане травяныя адвары і настоі, якія мы цяпер для прастаты называем чаем, хоць насамрэч ніякага чайнага ліста ў іх не было.
У якасці паўсядзённага напою ў нашых продкаў карыстаўся папулярнасцю Іван-чай або скрыпень — адна з улюбёных і распаўсюджаных раслін у нашых шыротах. Адвар лісця гэтай зёлкі выкарыстоўвалі пры залатусе, страўнікавых захворваннях і як снатворнае.
Знахары раілі скрыпень пры лячэнні эпілепсіі, алкагольных псіхозаў, малакроўі, як змякчальнае і патагоннае пры прастудзе. А яшчэ Іван-чай называюць “мужчынскімі” зёлкамі, таму што ён нармалізуе эрэкцыю.

Адвар чабору выкарыстоўвалі як дэзінфікуючы, супрацьгліставы і моцны бактэрыцыдны сродак. Яго пілі пры розных інфекцыях, раненнях і атручваннях. Ён валодае адхарквальнай уласцівасцю, яму пад сілу розныя запаленні лёгкіх, бранхіты і прастудныя захворванні.
Гэтыя зёлкі нашы прдкі называлі яшчэ багародскай травой. Першыя згадкі пра яе прымяненне сустракаюцца ў летапісах трэцяга тысячагоддзя да нашай эры. Старажытныя егіпцяне ўжывалі яе ў складзе сродкаў для бальзамавання фараонаў. Нашы продкі спальвалі гэтую траву на рытуальных вогнішчах і яе духмяным дымам акурвалі ахвярапрынашэнні для старажытных багоў.
Шырока быў распаўсюджаны ў Беларусі, асабліва на Віцебшчыне, маркоўны напой — струганая сушаная морква залівалася кіпенем. Напой з сушанай морквы пілі пры кашлі, жаўтусе, хваробах печані і сэрца.

Класічныя лекі беларусаў — ліпавы чай. Сабраныя ўлетку кветкі ліпы заварвалі і пілі адвар пры першых прыкметах прастуды. Кветкі ліпы валодаюць патагонным эфектам, зніжаюць тэмпературу і нават дзейнічаюць як мяккі сродак абязбольвання. Дадавалі ў напоі таксама маліну, парэчку, суніцы, прычым не толькі сушаныя ягады, але і лісце, і нават карэнні. У вёсках былі спецыяльныя траўнікі — людзі, якія разбіраліся ў гаючых уласцівасцях раслін, і маглі сабраць для хворага чалавека патрэбны збор.

Практыка заварвання чайнага ліста прыйшла на тэрыторыю цяперашняй Беларусі ў пачатку апошняй трэці 17 стагоддзя адначасова з двух бакоў. Спачатку, вядома, толькі для вельмі заможных людзей. Праз Расію сухапутным шляхам з паўночных правінцый Кітая, а з Захаду праз порт Гданьск. У Гданьск гарбату прывозілі галандцы, пазней таксама і брытанцы з паўднёвых правінцый Кітая. Адсюль і два розныя словы, якімі называюць гарбату ў беларускай мове. Уласна "чай", ад "ча", як называлі гэтую духмяную расліну ў паўночных кітайскіх дыялектах. І "гарбата", ад лацінскага herba thee — "трава чай".
У ВКЛ, а потым і ў Рэч Паспалітую гарбата прыходзіла таксама праз кантакты з Нідерландамі, і чаяванне як такое распаўсюджанай практыкай не было, чай выкарыстоўвалі спачатку ў асноўным як лекі. Толькі ў другой палове 18 стагоддзя, калі прыйшла мода на ўсё англійскае, укараніўся звычай піць гарбату не як лекі, а для асалоды і прэстыжу.
Былі ў гарбаты і нядобразычліўцы, прычым непрыманне такога напою яны тлумачылі з навуковага пункту гледжання. Так, батанік ксёндз Кшыштаф Клюк у канцы 18 стагоддзя ў сачыненні “Слоўнік раслін” заяўляў: “Частае ўжыванне гэтай цёплай вады аслабляе нервы і органы страўнасці, а таксама надзвычай расслабляе. Дзецям і маладым асобам яна заўжды шкодная”.
Але ўжо пасля падзелу Рэчы Паспалітай прыйшоў трывалы звычай піць кітайскую гарбату. Паступова мяняецца і стаўленне да гэтага напою.
Вось што пісаў Ян Баршчэўскі ў апавяданні “Драўляны дзядок і кабета інсекта”, падзеі якога адбываюцца ў 1835 годзе:
“Няшмат часу прайшло, ужо і самавар прынеслі, наліваюць гарбату. Стары пан ротмістар, седзячы ля стала, сказаў гаспадыні: “Мая пані, раней гарбата была лекамі ад галавы. Цяпер без яе і жыць не могуць, якія перамены ў свеце”.

Так паступова чай станавіўся ўлюбёным напоем для шляхты і гараджан. Але яшчэ ў 19 стагоддзі для простых сялян ён быў вялікай рэдкасцю. Толькі заможныя людзі карысталіся самаварамі. Замест чаю сяляне працягвалі запарваць ліпу, маліннік, мяту, зверабой, бруснічнік, чабор.

Пасля 1917 года ўжыванне гарбаты стала сапраўды масавым — прыкладна 500 гр на душу насельніцтва ў год. Вырошчвалі яе ў асноўным на Каўказе і іншых землях, якія ўваходзілі ў склад СССР. Да самага распаду саюза кітайская ды індыйская гарбата былі дэфіцытам. Хаця вядомы чорны байхавы чай са сланом і называлі індыйскім, насамрэч ён быў купажом, дзе большую частку складаў прадукт з Грузіі з невялікім дадаткам індыйскага чаю.
Сёння ў Беларусь чай паступае са Шры-Ланкі, Індыі, Кітая, В'етнама, Інданезіі, Кеніі. У Беларусі папулярныя як чорныя, так і зялёныя чаі. Беларускія чаі таксама могуць змяшчаць дабаўкі з лекавых траў, такіх як меліса, шыпшына або мята, што надае ім асаблівы водар і смак. Не дзіва, што амаль кожнае святочнае гасцяванне заканчваецца чаяваннем.
Чым гарбата карысная для арганізма? Уласцівасці розных відаў напою

Вядома, што наша краіна багатая на замкі і палацы, якія па прыгажосці сваёй стаяць на адным узроўні з замежнымі — замкі ў Нясвіжы і Міры, у Лідзе, Гальшанах... Яны заўсёды адкрыты для наведванняў, каб кожны жадаючы мог дакрануцца да гістарычнага мінулага Беларусі. А колькі храмаў вы ведаеце? Некалькі налічыце самых знакамітых? Давайте пройдземся па тых, чыю гісторыю ведаюць не ўсе.
Вязынь — гэта невялічкі гарадок у Вілейскім раёне, які, негледзячы на памер, можа пахвастацца царкоўнымі пабудовамі. Напрыклад, касцёл Нараджэння Дзевы Марыі. Ён размешчаны ў самым сэрцы Вязыні і ўяўляе сабой пабудову ў стыле неаготыкі з элементамі мадэрну.
Спачатку касцёл будавалі як сямейную ўсыпальніцу-часоўню Гецэвічаў, пасля асвяцілі ў гонар Нараджэння Дзевы Марыі. У наш час касцёл абнавілі і ён працуе, там вядуцца службы, на якія можна прыйсці любы жадаючы католік.

Калі будзеце ў Вязыні, не прапусціце магчымасць зазірнуць і у драўляную праваслаўную царкву Покрыва Прысвятой Багародзіцы. Яна была пабудавана ў сярэдзіне XIX стагоддзі ў рэтраспектыўна-рускім стылі, і з'явілася на месцы старога драўлянага касцёла. Але самае галоўнае — гэта велізарны абраз “Се чалавек”, або “Бічаванне Хрыста”. Уявіце сабе, амаль два метры ў вышыню і метр у шырыню! Гавораць, што гэта цудатворны абраз, які дапамае ад усіх хвароб, таму пры падарожжы па Беларусі абавязкова загляніце ў Вязынь.

Дзераўная — аграгарадок, які з вялікай павагай адносіцца да гістарычнага мінулага і з гонарам шануе традыціі. Ён варты ўвагі ўжо за тое, што жыхары гавораць на чыстай беларускай мове, ну і вядома за славутасць — касцёл Ушэсця Дзевы Марыі, пабудаваны яшчэ ў канцы 16 стагоддзя.
Сёння гэты будынак па праве лічыцца адным з самых старажытных храмаў Беларусі, уяўляючы сабой каштоўны помнік архітэктуры, які спалучае ў сабе рысы гатычнага і рэнесанснага стыляў.
Хто займаўся будаўніцтвам і фінансаваннем храму ніхто не ведае. Па некаторых крыніцах лічыцца, што Радзівілы і Вішневецкія давалі грошы, па другіх — Войцех Селява. Нажаль, праўды не веаде ніхто. А вось прыехаць і паглядзець на помнік архітэктуры можа кожны.

Перад намі паўстае праваслаўны храм, чыя архітэктура ўражвае сваёй неардынарнасцю.
Гэтая ўнікальнасць крыецца ў яго шматвяковай гісторыі: пачаўшы свой шлях як пратэстанскі храм або кальвініская царква ў 16 стагоддзі, ён змяніў канфесію, стаўшы каталіцкім храмам у 17 стагоддзі, і толькі ў сярэдзіне 19 стагоддзя здабыў праваслаўны статус.
Першапачаткова збудаваны ў духу рэнесансу, ён пасля быў дапоўнены вежай, якая нагадвае хутчэй абарончае збудаванне, што нядзіўна, улічваючы яго размяшчэнне на землях Заслаўскага замка. У савецкую эпоху будынак служыў і складам, і музеем, але сёння зноў набыў сваё сапраўднае прызначэнне — быць месцам богаслужэнняў.

Ілья — аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Сярод архітэктурных сведчанняў мінулага тут можна знайсці некалькі каштоўных аб'ектаў. Адзін з іх, касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса, маляўніча размясціўся ўздоўж дарогі.
Яго аблічча, сфарміраванае ў пачатку 20 стагоддзя з цэглы і вапняковых блокаў, нясе ў сабе зачараванне даўніны, што поўнасцю адпавядае духу неараманскага напрамку ў рэтраспектыўнай архітэктуры той эпохі.
У гады савецкай улады ў сценах некалі святога месца размясціўся малочны цэх. Толькі ў 1990-я гады касцёл быў вернуты каталікам, пасля чаго яго аднавілі і зноў асвяцілі.

Цэнтральнае месца ў аграгарадку займае драўляная царква Святога Прарока Іллі. Яе архітэктурнае аблічча сфармавалася ў першай трэці 19 стагоддзя, з наступнай мадэрнізацыяй у пачатку 20 стагоддзя.
Гістарычныя звесткі ўказваюць на наяўнасць праваслаўнага храма ў Іллі ўжо ў сярэдзіне 17 стагоддзя. Аднак, трагічная падзея 1650 года, калі храм згарэў напярэдадні Вялікадня, спыніла яго існаванне. Неўзабаве на гэтым месцы быў узведзены новы культавы аб'ект.

Калі вы апынецеся ў вёсцы Пральнікі Валожынскага раёна, звярнеце ўвагу на мясцовую царкву. Яе ўнікальнасць заключаецца ў незвычайнай форме — царкваа пабудавана ў форме купальнай ратонды.
Падобных храмаў у Беларусі налічваецца ўсяго некалькі, а ў непасрэднай блізкасці ад Мінска іх зусім няма.
У 1850 годзе быў узведзены храм Святога Мікалая Цудатворца, закліканы стаць апошнім прыстанкам для роду Ратынскіх, чыя сядзіба размяшчалася паблізу. Лёс царквы аказаўся звілістым: ён пераходзіў з рук каталікоў да праваслаўных і зноў вяртаўся да каталікоў. Толькі з надыходам канца 20 стагоддзя храм набыў сваю цяперашнюю праваслаўную ідэнтычнасць.

Сёння касцёл у вёсцы Беніца выглядае жахліва, богаслужэнні ў ім не праходзяць ўжо каля 70 гадоў. А як усё пачыналася...
На світанку 18 стагоддзі вёска здабыла велічны касцёл, чыё з'яўленне злучана з кранальнай легендай.
У 1701 годзе Міхась Коцел, віцебскі камендант, з сям’ёй адправіўся ў падарожжа. У адзін фатальны момант, калі ў калясцы знаходзілася толькі яго малалетняя дачка, коні раптам панесліся наперад, пагражаючы жыццю дзіцяці. У бязвыхаднай сітуацыі Міхась Коцел звярнуўся з гарачай малітвай да Божай Маці. Згодна з паданнем, цуд адбыoся: коні спыніліся, і дзяўчынка была выратавана. У падзяку за гэта Коцел пакляўся ўзвесці на гэтым месцы храм. Сваё абяцанне ён выканаў і ў пачатку 18 стагоддзя ў Беніцы вырасла цудоўнае збудаванне — Троіцкі касцёл.
Зараз, нажаль, ён закінуты, але не меньш цікавы для наведвання таго, хто хоча больш ведаць аб нашай краіне.

Касцёл Сэрца Ісуса Хрыста — галоўная славутасць мястэчка Школьны. Цікава, што храму няма яшчэ і 100 гадоў, пабудваны ён быў у 1930-х гадах.
Як і большую колькасць такіх пабудоў, у перыяд вайны касцёл выконваў ролю складу. Пасля Вялікай Айчыннай вайны храм выглядай не вельмі добра, але за рэстаўрацыю ніхто не браўся. Так ён прастаяў да канца 20-га стагоддзя. Пасля людзі патрабавалі вярнуць святыню. Нястомныя працы і клопат мясцовых жыхароў дазволілі адрадзіць касцёл у Школьным.

Смела плануйце падарожжа па цікавых святых мясцінах Мінскай вобласці. Няхай гэта дарога будзе для вас не толькі дарогай да храма, але і да ўласнай душы.

Сёння ў нас – Вялікдзень. Праваслаўныя адзначаюць свята Уваскрэсення Хрыстова. Сапраўдныя вернікі сустракаюць яго з вялікай радасцю і замілаваннем. І гэтае пачуццё перадаецца ўсім астатнім.

Людзі ў вёсках заўсёды наведвалі царкву і верылі ў Бога. Шчыравалі на зямлі ледзь не суткамі, рэдка калі дазваляючы сабе не працаваць. Гэта толькі падчас самых вялікіх царкоўных святаў. Збіраліся за сталом, чыталі малітвы, елі, пілі.
І хата, гаспадарчыя пабудовы ды падворак прыбіраліся ў перадвелікодны тыдзень. І мыліся ў лазні ў Чысты чацвер рана. І пакуль дарослыя былі на ўсяночнай службе, у хаце гарэла святло.

Дзецям, цікавей за ўсё было атрымаць яйкі не толькі ў сваёй хаце, але і ад іншых сваякоў. А тады гуляць з імі ў розныя велікодныя гульні.
А чулі пра традыцыю мыцца з раніцы на Вялікдзень вадою, у якую трэба пакласці чырвонае яйка, а таксама штосьці з золата ці срэбра?! А гэта для таго, каб увесь год быць чыстым і прыгожым, як яйка, а таксама багатым.
А чаму ў праваслаўных існуе звычай гатаваць багаты стол? Бо даўней верылі: Ісус Хрыстос можа зайсці ў госці ў любую хату… І трэба, каб было чым яго пачаставаць. А разгаўлялася сям’я звычайна свянцоным яйкам.

Дык хто сёння быў на ўсяночнай службе? А ці звярнулі ўвагу, як гарэлі свечкі? Калі трашчалі, дык гэта значыць, што лета будзе навальнічным і дажджлівым. А калі ў Велікодную ноч дождж пагаспадарыў, дык шмат дажджоў варта чакаць ажно да Сёмухі (Тройцы). Лета ж мелася быць халодным.
Цікава, а ці ходзяць дзе сёння валачобнікі? Ну хаця б з рэканструкцыяй старажытнага абраду? Бо калі на Каляды пабачыць-пачуць калядоўшчыкаў можна і ў горадзе, дык валачобнікаў, па шчырасці, не бачыла ні разу і на вёсцы. А была ж, была такая традыцыя ў народзе. І запісаў песень валачобных стае…
І таксама цікава, ці вызірне сёння сонца? І ці зможам мы за ім паназіраць? Даўней казалі, што на Вялікдзень нават сонца «скача ад радасці».
У кожнага ў душы – сваё свята. Галоўнае, каб яно было. Хаця б ва ўспамінах дзяцінства, юнацтва, а можа, і больш дарослага жыцця.

У традыцыях выпякання пасхальных булак, якія так завабліва пахнуць дражджамі і яшчэ чымсьці вельмі прыемным. І ніякія крамныя не параўнаюцца са «свойскімі», бо тут і душа, і дабрыня, і вера, і надзея, і любоў. У фарбаванні яек, таксама па традыцыі – у цыбульным шалупінні. У збіранні ўсёй сям’і за адным сталом…
Усіх, хто сёння святкуе, сардэчна віншуем і зычым Божае ласкі, здароўя моцнага, удачы ва ўсіх справах і пачынаннях, дабрыні, душэўнасці, міру, ладу і згоды ў сем’ях.
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Красавік — другі месяц вясны. Беларуская назва паходзіць ад слова «красаваць», бо менавіта ў гэты перыяд з’яўляюцца першыя краскі — кветкі. Гэтаму адпавядае і другое найменне, што сустракаецца ў старажытнай літаратуры, – квецень. У прыватнасці яго ўжывае Ф.Скарына ў «Малой падарожнай кніжцы».

Гэта месяц з вясновым настроем, але прырода яшчэ захоўвае сляды зімы: «Красавік чорны ў полі, а ў бары — белы». Калі ж вясна здаралася ранняя, дрэвы пачыналі пакрывацца маладымі лісткамі, пасля чаго ўжо гром на зялёнае голле ўспрымаўся ў народзе як паказчык будучых поспехаў у жыцці і гаспадарцы. Пра гэта гаварылася і ў прыкмеце: «У красавіку грымот — цёплы будзе год».
Сухі красавік абяцаў, што такі ж будзе і чэрвень, аднак ліпень за ім павінен прыйсці дажджлівы. Пчаляры прыглядаліся: раз не вылецелі ў красавіку пчолы — спадзявайся халадоў. А яшчэ казалі: што ў красавіку ўзнікне, у чэрвені-ліпені заквітнее, паспее, а ў жніўні ў засекі і свіраны схаваецца, у доўгую зіму дашчэнту падбярэцца.
Якія народныя святы чакаюць нас у красавіку, чытайце далей:
Нашы продкі называлі гэты дзень Дар'я Веснавая — раней у гэты час актыўна раставалі снягі. У даўнія часы людзі лічылі, што 1 красавіка бяззорнае неба абяцае сонечныя і цёплыя дзянькі, а ў цэлым надвор'е ў гэты дзень супадае з надвор'ем на 1 кастрычніка.
Старыя людзі называлі гэты дзень Калодзежніца. Нашы продкі адзначалі, што вада, узятая ў гэты дзень са студні, валодае незвычайнай сілай. Таму людзі пілі ў гэты дзень калодзежную вадзіцу, абмываліся ёю і акраплялі агарод. «Вадой са студні на Калодзежніцу абмыйся, а пасля ўжо ворагаў сваіх не бойся».
Таксама ў некаторыя мясцінах людзі апраналі на сябе вопратку з ільну, а дзяўчаты вывешвалі на платах ільняныя ручнікі, каб прывабіць жаніхоў.

Раней верылі, што ў гэты час да дамоў людзей набліжаецца ліхаманка. У народзе абаронай ад усялякіх вясновых пошасцяў і прастудаў лічыліся вуглі ды пячны попел, таму іх збіралі, загортвалі ў тканіну і прыкладвалі да хворага месца.
Старыя людзі верылі, што 3 красавіка нельга было глядзець на неба, каб не ўбачыць знічку, а вось глядзець у калодзеж у гэты дзень лічылася добрым – будуць удача і грошы. Некаторыя верылі, што сёння трэба насіць вопратку навыварат, каб не хварэць. Была прыкмета: калі з бярозы моцна цячэ сок, то лета будзе дажджлівым.
Гэты дзень лічыўся пачаткам сапраўднай вясны. Быў звычай раніцай назіраць за сонцам і па ягоным стане прадказваць ураджай і надвор'е будучага года. Калі пры ўзыходзе сонца бачныя на небе чырвоныя колы, то год абяцае ўрадлівасць. Пяклі ў гэты дзень калачы, бо яны падобныя на сонечныя кругі.
Іншыя прыкметы на 4 красавіка: шмат аблокаў на небе — цяпло прыйдзе вельмі хутка і будуць дажджы; снег растаў з паўночнага боку мурашніка — лета будзе вельмі спякотным.
Раней у гэты дзень наводзілі парадак у хаце, вымывалі падлогу настоямі чабору, крапівы, мяты, палілі за вёскай абрадавыя вогнішчы. Лічылі, што гэты дзень – пачатак нішчымніцы, што адлюстравалася ў прыказцы: «Ні крошкі, ні збожжа, ні кроплі, ні воласу».
На гэты дзень былі такія прыкметы: калі пасля цёплага дня бліжэй да ночы прыйдуць прымаразкі, то да канца красавіка будзе добрае надвор'е; калі куры вышчыпваюць пёры – надвор'е сапсуецца.
У гэты дзень у нашых продкаў была Камаедзіца — старажытнае татэмнае свята пакланення мядзведзю. У гэты дзень нашы продкі гатавалі, як яны лічылі, любімыя стравы гэтай жывёлы: сушаны рэпнік, кісель з аўса, гарохавую кашу ў выглядзе камоў (адсюль і назва свята). Пасля ўрачыстага абеду і старыя, і малыя клаліся, але не спалі, а павольна, крэкчучы, пераварочваліся з боку на бок, каб аблегчыць мядзведзю ўставанне з зімовай бярлогі.
Сяляне займаліся прыборкай двароў, палілі вогнішчы, каб прагнаць нячыстую сілу. Былі такія прыкметы: калі ноч цёплая, вясна таксама будзе цёплай; калі надвор'е дажджлівае, то год будзе лёгкі для хатняй жывёлы.

Гэты дзень лічыўся святам прылёту буслоў, якія ўвасабляюць продкаў. Шчасціла таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць. На Звеставанне было многа павер'яў: нельга было гарадзіць плот, убіваць у зямлю колле, не пачыналі сеў, не выганялі першы раз кароў. У гэты дзень «дзеўка касу не пляце, птушка кубла не ўе».
У нашых продкаў былі такія прыкметы: калі замаразкі — будзе добры ўраджай; калі ідзе дождж, то лета будзе засушлівым; якое надвор'е сёння, такое будзе на Вялікдзень.
У гэты дзень жанчыны заканчвалі прадзіва, а тым, якія яшчэ працягвалі гэту справу, казалі: «Не пойдзе». Лічылася, што ўсё, што зроблена ў гэты дзень, атрымаецца непрыгожым.
Нашы продкі верылі: якое надвор'е 8 красавіка, такое яно будзе 8 кастрычніка; калі чаромха да гэтага дня зацвіце, можна саджаць раннюю бульбу.
Нашы продкі называлі гэты дзень Матрона-паўрэпніца. Доўгія стагоддзі рэпа была адным з асноўных прадуктаў харчавання беларускага селяніна. Без рэпы таксама не абыходзілася ні адно свята. Таму ў календары быў дзень у гонар гэтай расліны. У гэты час бабулькі садзіліся каля акенцаў і адбіралі насенне рэпы для пасеву.
Былі такія прыкметы: калі ў гэты дзень ломіць цела — надвор'е будзе кепскім; калі птушкі раскрычацца вечарам — надвор'е будзе ясным; птушкі лётаюць нізка – вясеннія дні будуць сухімі.
Звычайна ў гэты дзень чысцілі бераг сажалкі. Лічылася, што 10 красавіка губляе сваю магічную сілу вянок, які сяляне плялі 15 жніўня і захоўвалі на покуці. Нашы продкі верылі, што гэты вянок надзяляў здароўем і прыгажосцю ўсю сям'ю.
У некаторых мясцінах былі такія прыкметы: калі сонца на ўсходзе ярка-чырвонае — будзе дождж; калі сонца на захадзе чырвонае – назаўтра будзе добрае надвор'е; калі ў гэты дзень ідзе дождж, то ўраджай будзе добрым.

Па традыцыі гэты дзень называўся Бярэшчанне. Сёння працавалі з бяростай. У гэты дзень «слухалі бярозу» — прыкладвалі вуха да дрэва і прыслухоўваліся да руху соку. У старыя часы лічылі, што менавіта з гэтага дня можна было піць і нарыхтоўваць бярозавік. Бярозу лічылі дрэвам, якое прыносіць поспех, дабрабыт, здароўе і шчасце.
Раней былі такія прыкметы: калі сарокі звілі гнёзды на дрэвах нізка, лета будзе грымотным; лівень у гэты дзень — да добрага ўраджаю.
12 красавіка
У старыя часы людзі называлі гэты дзень Ян Лесвічнік. У гэты дзень раней пяклі лесвічкі — абрадавае печыва. Спачатку з цеста рабілі дзве жэрдачкі, клалі іх адна супраць другой, а затым ляпілі ашэсткі, якімі жэрдкі злучалі. Ашэсткаў у кожнай лесвічцы было дванаццаць — па колькасці месяцаў у годзе. Кожнаму сямейніку — свая лесвічка, якую выпякалі, каб чалавек меў моцнае здароўе.
У некаторых мясцінах па тым печыве варажылі: якая прыступка болей за ўсё абгарэла, той месяц будзе самым няўдалым. Былі такія прыкметы: калі гусі ляцяць нізка, то ў бліжэйшы час будзе мала дажджоў; калі ўжо зацвілі дзьмухаўцы, лета будзе кароткім, а восень ранняй і халоднай.
У гэты дзень нашы продкі ўшаноўвалі вогнішча, успамінаючы з падзякай і любоўю сваіх продкаў, якія здолелі знайсці і абжыць месца свайго пражывання. На хлебную ніву або на грады выносілі з печы падпаленыя галавешкі, вуглі, разводзілі агонь, праз які гаспадар роду пранасіў сохі і бароны.
У старыя часы былі такія прыкметы: калі па сінім небе плывуць аблокі, то надвор'е будзе бязветраным; калі з раніцы стаіць туман, то ўвесь дзень будзе пахмурным.

У народзе гэты дзень называлі Мар'я-запалі снягі. У памяці людзей ён звязаны з разводдзямі, пасля чаго з'яўлялася надзея на вялікую траву. Так і казалі: «Мар'я паводку пачынае». Яшчэ нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень нібыта прачынаўся дамавік, таму трэба было хлусіць уголас, каб заблытаць яго.
У даўнія часы былі такія прыкметы: калі вада шырока разліваецца, летам лугі будуць зялёныя; калі зор не бачна, то да лета ўсталюецца цёплае надвор'е.
Палікарпаў дзень асацыяваўся ў нашых продкаў з голадам, бо раней да гэтага часу адсяваліся апошнім зернем: «На Палікарпа пачатак бясхлебіцы», — казалі старыя людзі.
Былі такія прыкметы: пачуць у гэты дзень крык крумкача — да дрэннага надвор'я; крычыць перапёлка – будзе добры ўраджай і добрая трава для папасу.
Па народных павер'ях у гэты дзень прачынаецца вадзянік. Лічылі, што ён гаспадарыць над усімі рыбамі, таму для ўдалага ўлову мужыкі ўначы павінны былі «пачаставаць» вадзяніка, залагодзіць яго.
Былі такія прыкметы: калі вецер па абедзе, то лета будзе ўраджайным, але дажджлівым; калі цэлы дзень ідзе дождж, то рыбалка ў бліжэйшыя дні будзе няўдалай.
У гэты дзень у даўнія часы была традыцыя «агледзін алешыны». Нашы продкі прыносілі ў хату некалькі галінак алешыны, якія былі неабходныя пры пошуку месца для капання новай студні.
У даўнія часы былі такія прыкметы: калі прыляцелі жоравы – год паварочваецца на лета; шмат каткоў – на алешыне будзе добры ўраджай аўса; цёпла і суха – будзе добры ўраджай садавіны.

Гэты дзень у нашых продкаў называлі Фядул-цёплы. З гэтага дня пачыналася вясновае цяпло, якое перамяжоўвалася з непагаддзю. «Прыйшоў Фядул – цёплы вецер падзьмуў, вокны адчыніў, хату без дроў нацяпліў».
Была прыкмета: дзень цёплы і бязветраны, а ноччу становіцца халаднавата – чакай устойлівага добрага надвор'я; з'явіліся насякомыя – халодна ўжо не будзе. Старыя людзі верылі: пасля Фядула маразоў ужо не будзе.
Была прыкмета: дзень цёплы і бязветраны, а ноччу становіцца халаднавата – чакай устойлівага добрага надвор'я; з'явіліся насякомыя – халодна ўжо не будзе. Старыя людзі верылі: пасля Фядула маразоў ужо не будзе.
Раней у гэты дзень пачыналі высаджваць грушы. Нашы продкі лічылі, што менавіта ў гэты час прачыналіся русалкі і выходзілі на паверхню вадаёмаў. Каб залагодзіць гэтых істот, жанчыны выкладвалі на берагах прыгожыя палотны і сукенкі.
У старыя часы былі такія прыкметы: на Акуліну дождж – добрая будзе каліна; мароз і сонца ў гэты дзень – да ўраджаю збажыны і грэчкі; якое сёння надвор'е, такое будзе і 20 верасня.

Раней людзі называлі гэты дзень Радзівон-крыгалом. Сачылі за тым, каб у гэты дзень ніхто не «трывожыў зямлю»: не араў, не сеяў, не будаваў платы. У адным са старадаўніх павер'яў гаворыцца, што ў гэты дзень сонца сустракаецца з месяцам. Добрая сустрэча выяўлялася ясным сонцам і светлым днём, дрэнная — хмурнай, туманнай раніцай, пахмурным днём.
Галоўная прыкмета на сёння: «Светлы Радзівонаў дзень – добрае лета будзе, пахмурны — чакай кепскага лета».
Даўней гэты дзень лічыўся часам адмыкання крыніц і ключоў. Спрадвеку ў гэты дзень усякае сямейства хадзіла наведваць сваю крыніцу, каб пачысціць яе, адамкнуць, вызваліць ад галінак і леташняга лісця. Пачысціўшы, бралі ключавую ваду, мыліся і пілі яе на здароўе.
У гэты дзень былі прыкметы, звязаныя з вадой: калі яна ў крыніцах празрыстая, то жыццё будзе доўгім і шчаслівым; калі яна бурліць і пеніцца — чакайце хвароб і непрыемнасцяў.

У старыя часы дзень называлі Цярэшка-марыўны. Нашы продкі прыкмецілі, што ў гэты дзень сонца бывае то ў блакітным, то ў ружовым марыве.
Таксама ў старыя часы людзі лічылі, калі сонца ў імзе – будзе год хлебародны, а калі на зямлю скаціцца, то пераворвалі зямлю і кідалі ў яе насенне зноў.
У гэты дзень казалі так: «Калі Анціп без вады, то збожжа ў палях на корані высахне, разліў вялікі – і Анціп цешыцца». А народжаны ў гэты дзень па сваім характары шырокі, як разліў яго жыцця. У хаце гэтага чалавека цяжка ўтрымаць.
У старыя часы ў гэты дзень былі такія прыкметы: цёпла і ясна ў гэты дзень – лета будзе сонечным і ўраджайным; ідзе дождж – будзе шмат грыбоў.
Людзі заўважалі, што ў гэты дзень сонца прыпякае, таму казалі: «Зямля, як у лазні парыцца». Паляўнічыя ведалі, што 25 красавіка дакладна выходзяць з бярлог мядзведзі. Таксама ў гэты час можна было ўжо паляваць на зайцоў.
У старыя часы былі такія прыкметы: калі дзень ветраны, то лета будзе халодным, калі цёпла і суха – год будзе ўраджайным; калі ідзе дождж, то такое надвор'е будзе і ў пачатку мая.

У гэты дзень існавалі прыкметы, якія былі важнымі для хлебаробаў: «Калі лясун зайцоў нагоніць – мышэй прагоніць». Калі сустракаліся белыя зайцы, якія не паспелі паліняць, то чакалі вяртання снегу ды халадоў.
Таксама людзі прыкмячалі, што калі дуб распусціўся, то лета будзе цёплым; калі на небе шмат зор, то год абяцае быць ураджайным.
Лічылася, што ў гэты дзень у лужынах і ручаях купаюцца вароны разам з варанятамі і пасля гэтага адпускаюць іх у самастойнае жыццё. У гэты дзень былі распаўсюджаны агледзіны і сватаўство – бацькі з лёгкасцю адпускалі дзяцей з сям'і, каб яны стварылі сваю сям'ю і свой дом.
У старыя часы гэты дзень называлі Пудаў дзень, або дзень пчаляроў. Нашы продкі лічылі, што ўжо надышла пара даставаць пчол з пчалярнікаў, свірнаў, клецяў, якія на зіму былі добра ўцеплены, пракладзеныя мохам, каб там яны перазімавалі ў цеплыні і сытасці. Казалі: «На святога Пуда даставай пчол з-пад спуда».
Былі такія прыкметы: калі на Пуда птушкі гуляюцца – надвор'е будзе цёплым і сонечным; чырвоны ўсход сонца ў гэты дзень быў прадвеснікам моцных ветраў.

29 красавіка
Гэты дзень нашы продкі называлі Расадніца, Ваданоска. У даўнейшыя часы 29 красавіка жанчыны рыхтавалі насенне, саджалі капусту ды агуркі на расаду. Нашы продкі казалі так: «На Ірыну добра сеяць капусту». У гэты дзень у некаторых мясцінах знарок вадой аблівалі адзін аднаго пад смех і жарты — у гэтым, бывала, удзельнічала ўсё паселішча.
У некаторых мясцінах былі такія прыкметы: калі вецер дзьме з Захаду, то будзе вільготнае надвор'е; калі на небе яркая вясёлка — надвор'е сапсуецца.

Засіма-пасека — так называлі гэты дзень у даўнія часы. Нашы продкі расстаўлялі вуллі. У старыя часы ў некаторых мясцінах была такая прыкмета: калі ў апошні дзень красавіка сонца ўзыдзе ясна — будзе сухое лета, а калі праз хмары пакажацца – дажджлівае.
Яшчэ прыкметы: калі дзьмухаўцы ўжо расцвілі — лета будзе кароткім; на які хлеб паляціць пчала, той добра ўродзіць.
One fine body…