
Бяроза – не проста адно з дрэваў, якія растуць на Беларусі. Гэта адно з самых загадкавых і сімвалічных дрэў у культуры нашага народа. Са старажытных часоў бярозу лічылі сакральным дрэвам, напоўненым старажытнымі павер'ямі і магіяй, якая і па сёння працягвае жыць у памяці беларусаў.
У беларусаў бяроза лічыцца дрэвам жыцця, з’яўляецца аб’ектам шанавання, сімвалам маладосці, прыгажосці і жаночага пачатку. Пры дзіцячых хваробах хлопчыкаў вадзілі да дуба, а дзяўчынак – да бярозы. Дзеці павінны былі пастаяць пад дрэвам і абняць яго. Бяроза шырока выкарыстоўвалася ў каляндарнай, сямейнай і гаспадарчай абраднасці, ў магіі. На Троіцу па ўсёй Беларусі ссечаныя маладыя бярозкі ставілі каля хат і храмаў, у хатах вешалі бярозавыя галінкі. Потым такія галінкі спальвалі і дымам акурвалі хворых.
Бяроза вельмі папулярная і ў народнай медыцыне. Яна з'яўляецца каштоўным лекавым рэсурсам.
Свежым бярозавым сокам нашы продкі лячылі падагру, рэўматызм, артрыт, цынгу. А бярозавы квас пілі, каб пазбавіцца ад ліхаманкі і бясплоддзя. Настоем бярозавых пупышак лячылі парэзы, нагнаенні, захворванні стрававода і печані.
Пры прастудных захворваннях на Беларусі спрадвеку лечацца ў лазнях бярозавым венікам. Гэта невыпадкова. У парыльнях, пры запарванні веніка і ўздзеянні гарачага паветра, лісце вылучае гаючыя фітанцыды, якія напаўняюць лёгкія высокаактыўнымі прыроднымі антысептыкамі.
Пракралася бяроза нават у “народную касметыку” – беларускія красуні ад вяснушак і загару мазаліся бярозавай смалой.
Папулярнымі былі і магічныя метады пазбаўлення ад хвароб. Вядома, што практыка перадачы хваробы прыроднаму аб'екту, у прыватнасці, дрэву, была шырока распаўсюджана ва ўсіх славян. У такім выпадку, паводле старажытных вераванняў, ажыццяўляўся абмен паміж "гэтым" і "тым" светам, паміж светам людзей і светам звышнатуральных сіл. Напрыклад, маладое дрэва расчаплялі, ці знаходзілі старое дрэва з дуплом, і праз гэтую шчыліну, пашырыўшы яе, працягвалі хворага. Хворага маглі працягнуць і паміж зрослых дрэў.
Так, дзве зрослыя бярозы, якія раслі на перекрыжаванні дарог каля вёскі Заазер’е ў Бялыніцкім раёне на Магілёўшыне, яшчэ не так даўно, паводле павер’яў, дапамагалі жанчынам зацяжарыць. Калі яны падыходзілі да бяроз, то здымалі адзенне і вешалі яго на галінкі дрэваў. Потым пралазілі праз “вілку” паміж бярозамі і тройчы на каленях прапаўзалі паміж дрэвамі і каменным крыжам, які стаяў побач з дрэвам. Пасля гэтага надзявалі чыстае адзенне.

А напрыклад, ад шаленства хвораму давалі з’есці кавалак хлеба, які дагэтуль быў тройчы прасунуты паміж зрослых бярозы і сасны. Галінка бярозы, якая зраслася з дубам, выкарыстоўвалася і ў любоўнай магіі: дзяўчына неўпрыкмет абыходзіла з ёй вакол хлопца або паіла яго адварам кары гэтай бярозы. Таксама дзяўчына незаўважна давала хлопцу выпіць адвар з трох бярозавых лісцікаў ад трох бяроз, якія выраслі ў адным мурашніку.
А каб вылечыцца ад бясплоддзя, у лесе знаходзілі дуб і бярозу, якія зрасліся разам, сашкрабалі з іх кару, заварвалі яе і пілі.
Ад падучай лячылі карой дуба, калі хворы быў мужчына, карой бярозы ці алешыны – калі жанчына. Жанчыны лячылі каўтун амелай, якая вырасла на бярозе, а мужчыны – амелай з ясеня ці клёну. Таксама бясплодным жанчынам давалі піць настой высушанай кары з трох бяроз, якія выраслі з сярэдзіны згнілага пня.
Цікава, што для дзяўчынак прызначалася купель з бярозы, а для хлопчыка – з дуба. Пры лячэнні такіх дзіцячых хвароб, як крыксы і плаксы – дрэнны сон, пастаянны плач, дзіця неслі лячыць да дрэў, прычым хлопчыкаў да дуба, а дзяўчынак – да бярозы. Там адбывалася "братанне" з дрэвам, а потым перадача яму хваробы. Былі вядомыя і больш складаныя спосабы лячэння, аднак з той жа сімвалічнай нагрузкай дрэва людской хваробай. Так, на вадзе з трох студняў замешвалі цеста і пяклі тры булачкі. Затым каталі іх па целе хворага, кідалі ў вядро з вадой, таксама з трох студняў, а ваду вылівалі пад бярозу ці грушу (пасля дзяўчынкі) альбо пад ясень ці дуб (пасля хлопчыка).
Пакланяліся бярозкам, што растуць каля святых крыніц і культавых камянёў. Так, на балоце каля вёскі Вуглы Вухвішчанскія ў Полацкім раёне каля святой лекавай крыніцы ляжыць паклонны камень і расце святая бяроза. Раней побач была яшчэ і драўляная каплічка. Калі з крыніцы набіралі ваду, то як плату за яе на бярозу вешалі стужкі і ільняныя ніткі, а на камень клалі грошы.
Лічацца паклоннымі і бярозкі, якія растуць на прошчы паміж вёскамі Дубнікі і Ператок Любанскага раёна.

На гэтай прошчы знаходзіцца камень-следавік, які у народзе называюць Божы слядок. Адтуліны на камені мясцовыя жыхары тлумачаць легендамі. Паводле адной з іх, калі Маці Божая з Ісусам Хрыстом на руках уцякала ад ворагаў, яна села на гэты камень адпачыць і пакінула на ім след. Па другой версіі, калі Ісус Хрыстос пасля падарожжа па грэшнай зямлі зноў узнёсся на неба, ён абапіраўся на камень правай рукой. Вернікі ў паглыбленні з аднаго боку заліваюць ваду, а з другога збіраюць яе. Пралітая такім чынам вада ўжо лічыцца лекавай, а асаблівай сілай яна валодае на маладзік і ў маладзіковую нядзелю.
Мясцовыя жыхары вераць, што такой вадой можна лячыць раматус, розныя запаленні і застарэлыя хваробы. Бярозкі, якія растуць вакол каменя абвешаны аброчнымі тканінамі і стужкамі, якія вернікі прыносяць сюды ў якасці ахвяравання за дапамогу ў лячэнні.
Ёсць паданні, якія расказваюць, што абраз Божай Маці аб’явіўся на самой бярозе. Так гавораць у вёсках Пархімавічы Бабруйскага, Баркалабава Быхаўскага, Карытнае Асіповіцкага, Насілава Маладзечанскага раёнаў. Так калісьці апавядалі і ў Бярозе-Картузскай (сённяшні горад Бяроза) Брэсцкай вобласці. Старажытнае паданне расказвае, што на гэтым месцы некалі быў лес, і аднойчы сюды патрапіў сляпы старац з хлопчыкам-павадыром. Яны спыніліся каля крынічкі, якая выбівалася з-пад бярозы. Стары заснуў, а хлопчык адышоўся і заблукаў. Бездапаможны стары знясілеў і стаў маліцца, папіў вады з крыніцы і раптам стаў відушчым. Ён убачыў на бярозе абраз Божай Маці. З часам крыніцу і бярозу сталі лічыць лекавымі, а потым тут пабудавалі манастыр.
Ушаноўваюць бярозы і ў вёсцы Брады Пружанскага раёна, што на самай мяжы Белавежскай пушчы.

Яны растуць акурат побач з каменем-следавіком, з-пад якога шмат стагоддзяў б’е святая крыніца. Паводле падання, тут таксама праходзіла Божая Маці і пакінула свой след на гэтым месцы. Сюды ва ўсе часы хадзілі людзі з малітвай прасіць у Багародзіцы дапамогі пры няшчасцях у асабістым жыцці або для ўсёй вёскі, а вада ў студні лічыцца гаючай. Кажуць, што яна вылечвае хваробы ног і рук, хваробы суглобаў, варыкознае пашырэнне вен, псарыяз. Падчас малітвы ў якасці ахвяравання людзі пакідаюць манеты ў паглыбленні на камені, вешаюць стужкі і фартушкі на бярозкі і крыжы, якія стаяць побач.
Каля вёскі Вашкаты паблізу Капыля некалі расла вельмі прыгожая бяроза з густымі шатамі. Адзін селянін нарабіў з галінак венікаў, і ў той жа дзень на яго напала ламата ва ўсім целе. Чалавек пакаяўся і абяцаў больш ніколі не дакранацца да той бярозы. І адразу ж адчуў палёгку. Людзі сталі хадзіць на паклон да бярозы і неслі ахвяраванні – палатно, лён, ручнікі, грошы і інш. Спачатку ахвяры забіралі пастушкі, потым дзесяцкі. На дрэва па хуткім часе прымацавалі абраз Хрыста.
У бярозы прасілі здароўя і дабрабыту. З цягам часу па ўказанні кансісторыі, якая палічыла пакланенне забабонамі, бяроза была ссечана і спалена. Але людзі яшчэ доўгія гады наведвалі гэтае месца і маліліся аб здароўі.

Паводле прагнозаў, да 2030 года смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў перавысіць 23 мільёны чалавек за год. Ці цярпелі старажытныя людзі ад падобных хвароб? Звернемся да гісторыі.
Старажытныя егіпцяне былі ўпэўненыя, што сэрцам чалавек прымае рашэнні, а мозг яму для гэтага непатрэбны. Таму ў мумій пакідалі сэрца, а ўсе астатнія органы выдалялі. Паводле паданняў старажытных егіпцян, без мазгоў або печані ў замагільным свеце пражыць можна, а вось без сэрца — не. Да слова, у іх ладзе жыцця было шмат рацыянальнага: рана ўставалі, займаліся гімнастыкай, абціраліся прахалоднай вадой. У пашане былі заняткі спортам. Тытуню егіпцяне не ведалі. Аднак навуковыя даследаванні апошніх гадоў выявілі прыкметы атэрасклерозу ў муміях практычна ўсіх дынастычных эпох Старажытнага Егіпта, што сведчыць пра распаўсюджанасць атэрасклератычных сардэчна-сасудзістых захворванняў.
У старажытнаегіпецкім папірусе Эберса апісаны і прыродныя сродкі для лячэння хвароб сэрца і сасудаў, напрыклад, гэта былі мёд, фінікі, клешчавіна. А пры болю ў сэрцы знахары прапісвалі людзям опіумны мак і корань мандрагоры, які змяшчае наркатычныя рэчывы.

У Старажытным Кітаі лекары лячылі хваробы сэрца расліннымі сродкамі на аснове мускусу, камфары, зялёнай гарбаты, жэньшэню, лімонніка, шафрану і гібіскусу. А ў старажытнаіндыйскай медыцыне для гэтага выкарыстоўвалі чорны перац і імбір, а таксама медытацыю — паколькі лічылі, што для здароўя сардэчна-сасудзістай сістэмы трэба пазбягаць “душэўных разладаў”.
Знахары афрыканскага народа баконга пры скаргах на паскоранае ці няроўнае сэрцабіццё гатавалі зёлкі з лісця і насення трапічных раслін з дадаваннем яечнага бялку і вады. У Нігерыі здаўна ўжывалі настоянку з каранёў расліны раўвольфія, якая ўтрымлівае алкалоіды, што ў выніку зніжае крывяны ціск і валодае снатворным уздзеяннем. Гэтую расліну па сёння вырошчваюць у Індыі і выкарыстоўваюць у аюрведычнай медыцыне.

Дарэчы, некаторыя з рэцэптаў мінулага ляглі ў аснову сучасных лекаў. Напрыклад, з кары вярбы ў канцы 19 стагоддзя была атрымана ацэтылсаліцылавая кіслата, то бок аспірын, што ўжываецца ў тым ліку і для прафілактыкі тромбаў.
Разам з расліннымі лекамі выкарыстоўвалі таксама іглаўкалванне і кровапусканне. І такія сродкі былі папулярныя не толькі ў Старажытным Кітаі ды Індыі.
Старажытнагрэчаскі лекар Гіпакрат і старажытнарымскі лекар Гален рэкамендавалі пацыентам з хворым сэрцам кровапусканне, каб пазбавіцца ад “дрэннай” крыві, якая выклікае хваробу. І гэта дапамагала, праўда, часова, дзякуючы таму, што памяншаўся аб’ём крыві і, як вынік, змяншаўся ціск. Таму кровапусканне выкарыстоўвалі для лячэння гіпертаніі ажно да 19 стагоддзя.
У часы Сярэднявечча на нашых землях інфаркт і інсульт дыягнаставалі па знешніх прыкметах або пасля апытвання хворага. Што ж да інфаркту, то лекары звярталі ўвагу толькі на моцны боль у грудзях і дыхавіцу, а таксама скаргі ад хворых, калі тыя казалі, што “сэрца схапіла” ці “дух заняло”. Інфаркт міякарда як асобнае захворванне не вылучалі, часта блыталі са стэнакардыяй, або “грудной жабай”. Лячылі яго, як правіла, цеплынёй — прыкладвалі да грудзей гарачыя камяні, загорнутыя ў тканіну, ці грэлку з цёплай вадой, каб “разагнаць кроў”, а таксама карысталіся настоямі. Пілі “сардэчныя” адвары з глогу, сардэчніку або шыпшынніку.
Часам дадавалі ў іх мёд або спірт для “ўмацавання”. Для зняцця болю ўжывалі лёгкае расціранне грудзей з выкарыстаннем жывёльных тлушчаў, напрыклад, барсучынага ці гусінага.
Фрагмент карціны Яна Віктарса "Візіт лекара"
Інсульт выяўляўся раптоўнай слабасцю, паралюшам аднаго боку цела, стратай гаворкі ці свядомасці. Людзі маглі заўважаць “крывую ўсмешку” ці няздольнасць рухаць рукой або нагой. Лічылі, што гэта вынік “перапаўнення цела крывёй” ці ўздзеянне “нячыстай сілы”. Лячылі такія сімптомы, вядома ж, самым папулярным метадам тых часоў — кровапусканнем. З дапамогай п'явак або надрэзаў на венах, часта на шыі ці запясцях, “выпускалі лішнюю кроў”, каб зняць ціск. Ранкі прысыпалі парашком з засушаных жаб ці чарапах.
Апроч таго, для дапамогі хвораму выкарыстоўвалі настоі з рамонку, мяты, святаянніку або валяр’яны для заспакаення і “ачышчэння крыві”. Напрыклад, адвар з крапівы лічыўся карысным, каб “распусціць загуслую кроў”.
Кровапусканнe
Папулярнымі лекавымі сродкамі былі настоянкі агурковых кветак, радыёлы ружовай, півоні, адвары з траў сардэчніку, палыну, пастуховай торбачкі, кветак вішні, сок рэдзькі з мёдам, перцам і гваздзіком. Прычым, перцу і гваздзіку лячэбнікі раілі браць менавіта па 17 зерняў. Таксама лічылі, што спаржавая фасоля падтрымлівае работу сэрца.
Лекары часта выкарыстоўвалі і такія зёлкі, як беладонна і напярсцянка, хаця іх дазіроўка была не заўсёды зразумелай, а пры няправільным выкарыстанні яны маглі стаць і прычынай смерці пацыента.
Толькі ў 18 стагоддзі, з развіццём медыцыны, пры лячэнні інфаркту і інсульту з'явіліся першыя навуковыя падыходы. У такіх буйных гарадах, як Гродна ці Мінск можна было набыць настойку опію — для зняцця болю пры інфаркце, а пры інсульце — п’яўкі для “разжыжэння крыві”. Для пашырэння сасудаў лекар мог прапісаць малыя дозы гарэлкі ці віна. Шляхце раілі пазбягаць тлустай ежы, але такой парады прытрымліваліся зрэдчас.
Паняцце “інфаркт міякарду” ў дактароў з’явілася толькі ў канцы 19 стагоддзя. З 1870-х гадоў пачалі ўжываць нітрагліцэрын для зняцця болю. Урачы раілі строгі пасцельны рэжым, што сапраўды дапамагала знізіць нагрузку на сэрца. Аднак без дакладнай дыягностыкі і хірургіі смяротнасць заставалася высокай.
У савецкі перыяд пры інфаркце сталі ўжываць кіслародныя маскі, а пазней антыкаагулянты. Пры інсульце спрабавалі знізіць ціск і палепшыць кровазварот, хоць спецыфічных метадаў не было яшчэ да канца 20 стагоддзя.
Такім чынам, гісторыя лячэння хвароб сэрца адлюстроўвае паступовае назапашванне ведаў і змену падыходаў да разумення функцыянавання сардэчна-сасудзістай сістэмы цягам стагоддзяў.
Анатамічная ілюстрацыя XIII стагоддзя

3 чэрвеня ў свеце адзначаюць Дзень ровара. Беларусь — выдатнае месца для велападарожжаў: палі і лясы не знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, а значыць, можна смела калясіць па іх, атрымліваючы асалоду ад прыроды, маленькіх вёскак з рознакаляровымі дамамі і гнёздамі буслоў на кожным дрэве, адначасна вывучаючы усе славутасці.
У нашай краіне апошнія гады велатурызм стаў вельмі папулярным, таму з кожным сезонам распрацоўваецца ўсе больш спецыяльных маршрутаў, якія можна праехаць як самастойна, так і ў масавым заездзе.
Прапануем вам даведацца пра самыя цікавыя.

У заказніку «Прыбужскае Палессе» распрацаваны тры веламаршруты. Маршрут «Дамачава — месца трох культур» пазнаёміць турыстаў з унікальным месцам на стыку Беларусі, Польшчы і Украіны.
На шляху па маршруце «Таямніцы Белага возера» сустрэнецца не толькі Белае возера, але і старажытны будынак чыгуначнай станцыі «Дубіца», абеліск «Пратэст» і дуб-волат.
А «Зялёны серпантын» раскажа аб флоры і фауне заказніка, разнастайнасці прыродных комплексаў, помніках архітэктуры дадзенай мясцовасці.
Па Валожынскім раёне, і часткова па Налібоцкай пушчы, пралягае маршрут «Валожынскія гасцінцы». На шляху вы сустрэнеце самае цікавае, што ёсць на Валожыншчыне: экамузеі, аграсядзібы, прыродныя і гістарычныя славутасці.
Для зручнасці турыстаў стваральнікі падзялілі маршрут на пяць этапаў: Багданава – Замасцяны, Замасцяны – Белакарэц, Белакарэц – Люцынка, Люцынка – Міхалава, Міхалава – Радашковічы.

Ля Аўгустоўскага канала размешчана чатыры маршруты рознай працягласці. Самы доўгі з іх — Лісіная гара. Тут вы сустрэнеце палацава-паркавы комплекс Гурскіх, магілу паўстанцаў 1963 года, абеліск пагранзаставе ім. Сівачова і іншыя славутасці.
Маршрут — «Край жыватворных крыніц» пралягае па Магілёўшчыне. Яго нітка аб'яднала не толькі месцы святых крыніц, але і экамузеі, аграсядзібы і мноства славутасцяў вобласці. Сярод іх — «Трылесінскія волаты», Быхаўскі замак, мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», рэшткі сядзібы графаў Талстых і іншыя.

Не так даўно ў турыстаў з'явілася магчымасць праехаць па маршруце «Крэйдавыя горы» у Гродна, які праходзіць па лесапарку Пышкі.
Акрамя прыроднай прыгажосці, веласіпедысты могуць палюбавацца і рукатворнымі мясцовымі славутасцямі — двума фартамі Гродзенскай крэпасці і кар'ерамі.
Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» распрацаваў 7 веласіпедных маршрутаў. Самы просты і кароткі называецца «Сцежка» і складае 2,5 км. Ён пралягае па былым заказніку «Дубкі» і прызначаны для пачаткоўцаў. На гэтым маршруце можна таксама займацца скандынаўскай хадой, прайсціся пешшу ці на лыжах.
Самы доўгі веламаршрут складае 110 км. Называецца «Вакол азёр», пачынаецца ён з выезду з Браслава, далей ідуць вёскі Слабодка, Луні, Леошкі, Краснагорка, Струста і зноў горад Браслаў. Гэта выдатны маршрут падыдзе, каб выпрабаваць сябе, прызначаны для турыстаў з сярэднім і звычайным узроўнем фізічнай падрыхтоўкі.

Маршрут па культурных ландшафтах «Дарогамі Міжазер'я» прапануе Нацыянальны парк «Нарачанскі». На сайце ўстановы можна знайсці даведнік па маршруце з адзнакамі найбольш значных аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны гэтага жывапіснага кутка Беларусі.
Таксама для веласіпедыстаў існуюць маршруты па парку з цікавымі аб'ектамі паблізу сядзіб: «Камараўскі край», «Свірскі край» і іншыя.
Мала хто ведае, што і ў Беларусі ёсць свая Швейцарыя, якая знаходзіцца на Лагойшчыне, па Віцебскім напрамку. Усяму віной перапад вышынь, аднак ад гэтага паездка на ровары па гэтай мясцовасці будзе яшчэ больш маляўнічай, асабліва ў міжсезонне.
Дабраўшыся з Мінска да Лагойска, можна адпачыць і перакусіць у мясцовых кавярнях, прасякнуцца каларытам беларускай правінцыі. У самім жа горадзе будзе вельмі цікава пакатацца на ровары па старажытным парку, агледзець разваліны палаца, які належаў калісьці графскаму роду Тышкевічаў.
Таксама варта наведаць цікавы гісторыка-краязнаўчы музей пра Лагойшчыну, які носіць імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, а таксама мастацкую галерэю Сяргея Давідовіча. Пасля паездкі можна акунуцца ў купальню царквы Свята-Мікалаеўскага храма, аднак тэмпература вады тут не вышэй за 4 градусы.
На ровары прыемна будзе даехаць да ракі Гайна — праваму прытоку Бярэзіны. На ёй размясціўся прыгожы прычал і можна набраць вады з гаючай крыніцы на зваротны шлях.
Гэты веламаршрут падыдзе для веласіпедыстаў, упэўненых у сваіх сілах. Прыемным фактам з'яўляецца тое, што ад Мінска да Раўбічаў ёсць веладарожка, аднак далей давядзецца ехаць па абочыне аўтадарогі.

Як жа, пры наведванні Беларусі, не з'ездзіць, ды яшчэ і на ровары ў гару, тым больш калі яна з'яўляецца найвышэйшым пунктам краіны. Гара называецца Дзяржынская, а да сярэдзіны 20 стагоддзя насіла назву Святая.
Вышыня вяршыні 345 метраў. У канцы 1990-х гадоў на гары была ўсталявана гранітная пліта з памятным надпісам. Веламаршрут будзе пралягаць па Мінскім узвышшы і рэкамендуецца ўжо бывалым веласіпедыстам, бо шлях не блізкі і ехаць увесь час у гару.
Двухпавярховы будынак, пабудаваны некалькі стагоддзяў таму, доўга меў назву зачараванага палаца, бо з ім заўсёды была звязана мноства розных легенд.
Варта згадаць, што ў сядзібе часта гасцяваў Міхась Клеафас Агінскі, аўтар знакамітага паланэза.
Цяпер жа ў будынку знаходзіцца НДІ аховы раслін. У 1926 годзе ў сядзібе знялі першы нацыянальны беларускі фільм «Лясная быль». У карціне саміх сябе выканалі кіраўнікі таго часу — Адамовіч, Кнорын і Чарвякоў, якія ў гады грамадзянскай вайны ўзначальвалі штаб партызанскага руху.
Перад сядзібай раскінуўся прыгожы старадаўні парк, па якім можна прагуляцца, а таксама пракаціцца на ровары да сажалкі. На другім баку вадаёма адкрываецца маляўнічы від. У летні дзень на беразе сажалкі можна арганізаваць пікнік, а таксама пакупацца, калі будзе добрае надвор’е.
Веламаршрут ідэальна падыходзіць для навічкоў і выдатны для аднадзённай паездкі ў прыгарад Мінска. Асноўная частка маршруту пралягае па горадзе, а пасля МКАДа, па Слуцкай трасе, ехаць зусім нядоўга, тым больш погляду адкрываюцца прыгожыя краявіды.
Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 1. «Ты памятаеш, як усё пачыналася?!» (+відэа)

Кожная хата ў жніўні багата.
Прыдатны красавік цяплом, а жнівень дабром.
Жнівень сее, жне і косіць – на сталах багацця досыць.
Што поле ўродзіць, жнівень знаходзіць.
Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае.
У жніўні і верабей піва варыць.
Сучасная беларуская назва восьмага месяца года жнівень, таксама як і старабеларуская серпень, адлюстроўвае прыродныя асаблівасці пары
Жнівень дае зразумець, што заканчваецца лета і набліжаецца восень. Ночы становяцца халаднейшымі, даўжэйшымі і цямнейшымі. Раніцай з’яўляюцца туманы. Яшчэ ў пачатку месяца завяршаецца ўборка азімых, затым убіраюць пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку, проса, лён-даўгунец, скараспелую бульбу, іншая гародніну і садавіну. Людзі карыстаюцца і багатымі дарамі лесу. Таксама вядзецца сяўба азімых.
«Слушна» прапануе народны калянар на кожны дзень летняга спякотнага месяца, каб мець на ўвазе, як жылі і якія цікавосткі прыўносілі ў жыццё нашы продкі.

Гэты дзень «Макрыны» звычайна характарэзуецца дажджлівым надвор'ем, пра што сведчаць і прыказкі: «Глядзі восень па Макрыне»,«Калі ў дзень Макрыны дождж, то ўсё лета і восень будуць мокрыя, а калі суха, то восень сухая».
У старыя часы ў гэты дзень былі такія прыкметы: калі на дубе шмат жалудоў, то восень будзе ранняй; калі з асіны ляціць пух, то час ісці па грыбы; калі мурашы схаваліся ў мурашнік, то пахаладае.
У старыя часы гэта быў Дзень Іллі. Яго ўспрымалі як мяжу паміж летам і восенню: «Ілля жніво пачынае, а лета канчае». 2 жніўня – свята навальніц, лічылася нормай, калі ў гэты дзень ішоў дождж: «Ілля наробіць гнілля».
Нашы продкі ў гэты час праводзілі зажынкі – свята пачатку жніва. Прыносілі з сабой у поле хлеб і сыр, якія клалі на першую зжатую жменю жыта, пакрываючы яе ручніком. Потым гэта ўсё заносілі дадому і ладзілі святочны стол.
Былі такія прыкметы: калі пойдзе дождж, то ўвесь жнівень будзе дажджлівы; калі надвор'е сухое, то спёка прастаіць шэсць тыдняў; доўгі гром – да непагадзі. У некаторых мясцінах таксама лічылі, што ў гэты дзень у хату нельга пускаць катоў і сабак, бо яны могуць завабіць да жылля маланку.
У старыя часы гэта быў дзень, калі паступова пачыналі развітвацца з летам. Сяляне сеялі азімыя, збіралі яблыкі ў садах. Таксама прыбіралі свірны, якія былі адведзены пад захоўванне збожжа. Правяралі, ці не праржавелі цвікі, ці не пагнілі дошкі, усё высушвалі, адчынялі – гэта дапамагала хлебу не псавацца.
Хатні хлеб. Падборка простых і арыгінальных рэцэптаў
Былі такія прыкметы: калі шмат расы, то ўраджай ільну будзе кепскі; шмат светлячкоў – да ранняй восені; туман сцеліцца над зямлёй – будзе адліга.
Раней гэты дзень называлі Марыя-ягадніца, бо ў старыя часы з гэтага часу пачыналі актыўна збіраць чорную і чырвоную парэчкі, чарніцы. Таксама нашы продкі лічылі, што ўжо можна збіраць і сушыць на зіму цыбулю.
Былі такія прыкметы: калі 4 жніўня навальніца – сена будзе шмат; калі ў гародзе шмат слімакоў, то некалькі дзён будуць дажджы; калі шмат павуціння, а павукоў не бачна, то таксама будуць дажджы.

На Трафіма збіралі маліну і каліну, сушылі, пяклі пірагі. 5 жніўня ў сялян быў адзін клопат – каб не стаяла праца, доўга спаць не выпадала, таму гэты дзень называўся яшчэ Трафім-бессань.
Былі такія прыкметы: навальніца 5 жніўня – на доўгую і цёплую восень; вячэрні туман казаў нашым продкам пра тое, што да канца жніўня будзе цёпла; калі на небе шмат зор, то будуць дажджы.
Нашы продкі пра гэты дзень казалі так: «Барыс і Глеб – паспеў хлеб». Але нягледзячы на гэта, 6 жніўня ў некаторых мясцінах нельга было вазіць хлеб з палёў, прыбіраць сена, бо верылі, што так можна наклікаць маланку і пажар. Старыя людзі лічылі, што ад гэтага дня пачынаецца час збору грыбоў, чаромхі, а таксама нарыхтоўкі бярозавых венікаў для лазні.
Былі такія прыкметы: калі раніцай дождж, то ўвесь дзень далей будзе ясны; калі вецер з поўдня, то надвор'е хутка сапсуецца.
Дзень Ганны, ідучы следам за Барысавым днём, нічым не адрозніваўся ў сялянскіх занятках: «Барыс з Ганнай не гуляюць, святому Іллі дапамагаюць». Раней у Беларусі сустракаліся мясціны, дзе на Ганну працаваць можна было толькі на талацэ ці па найме.
Па гэтым дні прадказвалі надвор'е ўзімку: светлае і цёплае надвор'е сёння абяцае халодную зіму; калі ідзе дождж – зіма снежная і цёплая будзе; калі ноч з 7 на 8 жніўня будзе халодная, то зіма будзе ранняй і доўгай; калі сёння ідзе дождж, то прыйшоў час збіраць моркву.
Зёлкі лекавыя ды чарадзейныя. Расліны ў побыце беларусаў
Звычайна 8 жнiўня цешыла добрым надвор'ем, таму сяляне стараліся справіцца з усімі палявымі працамі. Таксама хадзілі збіраць гаючыя травы, бо лічылася, што ў гэты дзень пасля ранішняй расы яны будуць найбольш карыснымі.
Былі такія прыкметы: калі ў капусты ніжнія лісткі вялікія і шырокі, то восень будзе халоднай, а калі маленькія, то восенню будзе цёпла; калі мурашы будуюць высокія мурашнікі, то зіма будзе ранняй і марознай.
У старыя часы гэты дзень называлі Палікоп, дзень жніва, у які нібыта маланка паліць копы, стагі, будынкі. Лічылі, што ў гэты дзень капуста згортваецца ў качаны: «на поле капусным – качаноў густа». Таксама паўсюль 9 жніўня збіралі лекавыя расліны. Раней з гэтага дня пачыналіся па раніцах халады.
Былі такія прыкметы: калі на рабіне шмат ягад, то восень будзе дажджлівай; калі конікі высока скачуць, то надвор'е будзе ясным і сухім.

Нашы продкі казалі так: «На Прохары-Пармены не ладзь ніякія мены». Маўляў, у гэты дзень абмен падобны да падману. «Змяняй сто рублёў, ні капейкі не застанецца». У гэты дзень у старыя часы выкопвалі цыбуліны цюльпанаў.
На гэты дзень былі такія прыкметы: калі грушы ўжо паспелі, то восень будзе ранняй; калі шмат расы, то дзень будзе сонечным; калі аблокі высока плывуць, то надвор'е будзе сухім і ясным.
У старыя часы гэты дзень называлі Іван Калінавік, Іван Каліннік. Гэта быў дзень збору каліны ды журавін. Таксама ў гэты дзень вілі вянкі.
Была такая прыкмета: калi ранiцай 11 жніўня не будзе маразоў, то 5 верасня не замарозiць. Цёплы Каліннік абяцаў захаванасць ячменяў і аўсоў.
У старыя часы гэты дзень называлі Сiла (Iван-воін). Калі да гэтага дня паспявалі скончыць жніво, гаварылі, што карысна пачаць сяўбу новага хлеба: «Хто на Сілу жыта пасее – у таго на хлеб надзея». Івану-воіну, які таксама прыпадае на гэты дзень, маліліся, каб адшукаць скрадзеныя рэчы і коней і каб пакараць злодзеяў.
Былі такія прыкметы: калі ідзе дождж, то дажджы будуць у бліжэйшыя дні; калі лётае шмат павуціння, то жнівень будзе сонечным; задуха і шмат насякомых – надвор'е будзе дажджлівым.
У даўнейшыя часы ў гэты дзень пяклі пірагі з рэпай, рабілі рэпны квас, варылі рэпную кашу. У дарослых кустоў парэчкі і агрэсту выразалі засохлыя, хворыя і пашкоджаныя галінкі. Таксама 13 жніўня існаваў звычай загавору бараны, казалі: «Калі не загаворыш барану на Еўдакіма – не дагодзіш каню».
Грыбны, бурачны і нават ягадны. Які квас любілі гатаваць беларусы ў старажытныя часы
Былі такія прыкметы: калі пчолы лётаюць над полем з раніцы, то надвор'е будзе добрым; калі дзьме моцны вецер, то зіма будзе снежнай.
У гэта дзень адзначаўся мядовы, альбо першы Спас – старажытнае свята земляробчага календара, прымеркаванае да часу выспявання садавіны і гародніны. 14 жніўня – свята пчаляроў. «На першы Спас заломвай соты». З гэтага дня дазвалялася есцi мёд новага збору. Па народнай традыцыi ў гэты дзень абавязкова дапамагалі ўдовам і сіротам.
Былі такія прыкметы: дажджлівы дзень сёння азначае, што ўвесь верасень будзе дажджлівым; калі сёння дзьме моцны вецер, то зіма будзе марозная і снежная.

Да гэтага часу ў лугах вырастала атава – «другое сена», таму гэты дзень называўся Сцяпан-сенавал. Сяляне касілі атаву, заканчвалі сенакосныя працы.
Была такая прыкмета: які Сцяпанаў дзень і наступныя за ім дні, такім будзе і верасень.
У старыя часы гэты дзень называлі Антон Віхравей, або Ісак Маліннік. Лічылася, што ў гэты час трэба збіраць лясную маліну і арэхі.
Былі такія прыкметы: «Які Віхравей, такі і кастрычнік». А таксама: «На Ісака паўднёвы вецер – зіма будзе снежная».
Раней гэты дзень называлі Аўдоцця Сенагнойка. Лічылі, што з гэтага дня пачынаюць ісці дажджы, шкодныя для сяўбы. Гэтыя дажджы звалі сенагнойкамі. На Аўдоццю прыбіралі часнок, цыбулю і апошнія агуркі.
Салёныя агуркі. Карысць ці шкода для правільнага харчавання?
Была такая прыкмета: якое надвор'е 17 жніўня – такі будзе лістапад.
У старыя часы гэты дзень называлі Еўсцігней-жытнік. Нашы продкі лічылі, што замясіць цеста на першую ячменную перапечку з першага намалоту. Для здаровых дамачадцаў пяклі нішчымныя жытнікі на алею, а для хворых – здобныя ячменныя жытнікі на сметанковым масле. У некаторых мясцінах у гэты дзень выконвалі паэтычны абрад загавору палёў.
Былі такія прыкметы: якое надвор'е 18 жніўня, такім і снежань будзе; калі крыкнуць у чыстым полі на ўвесь голас, і рэха будзе далёка чуваць, то бліжэйшыя дні будуць сонечнымі, а калі рэха чуваць блізка, то будуць дажджы.
Яблычны Спас, Другі Спас. Дзень лічылі святам садавіны, якую дазвалялася з гэтага дня есці: «Смачныя яблычкі на Спаса». Таксама яблыкі абавязкова неслі на могілкі нябожчыкам. Раней людзі верылі, што 19 жніўня канчаецца лета: «Прыйшоў Спас – лета ад нас». У народзе Спас лічылі днём адлёту буслоў, але калі гэтыя птушкі не адляталі, то гэта было прыкметай мяккай і цёплай зімы.
У старыя часы былі такія прыкметы: цёплы ясны дзень – будзе снежная зіма; ідуць дажджы – лістапад таксама дажджлівы будзе; калі шмат яблык урадзілася, то наступны год будзе ўраджайным.
Запечаныя яблыкі з тварагом, гарбузом і мёдам. Пакрокавы рэцэпт

У гэты дзень з мёдам, яблыкамі і пірагамі людзі наведвалі хворых суседзяў, спяшаліся ў бальніцы, у сірочыя прытулкі. Бо абавязкова трэба было на Пімена абмыць, накарміць хворага, пакінуць няшчасным і бяздольным пачастункі ды падарункі.
Былі такія прыкметы: калі буслы ўжо ўлятаюць у цёплыя краі, то восень будзе ранняй і халоднай; калі на рацэ бачна пену, то хутка пойдуць дажджы; вясёлка раніцай да дажджлівага надвор'я.
Нашы продкі гэты дзень называлі Мірон Ветрагон, бо заўважылі, што 21 жніўня бываюць моцныя вятры: «Вятры-ветрагоны пыл пагналі па белым свеце, заплакалі па леце».
Былі такія прыкметы: які Мірон Ветрагон, такі і студзень; калі дзень дажджлівы, то і восень такой будзе; шмат ягад у лесе – зіма будзе халоднай.
Большая частка работ у полі, як правіла, да гэтага тэрміну была выканана. Падступала восеньская прахалода, што адлюстравалася ў прыказках: «Пасля Мацея мужык на полі не пацее» і «Мацей непагадзь падпускае». Як раз у гэты час сяляне пачыналі рыхтавацца да восеньскіх кірмашоў.
На гэты дзень былі такія прыкметы: калі надвор'е кепскае, то наступны год будзе неўрадлівым; калі днём на небе бачны месяц, то наступныя дні жніўня будуць спякотнымі.
Гаспадарчыя работы ў гэты час змянялі адна адну, і селянін ужо выпраўляўся малоць новае збожжа.
Людзі прыкмецілі: калі ў гэты дзень вада ціхая, то і восень будзе ціхая, і зіма не віхурная, а калі моцная спякота або моцныя дажджы, то будзе так усю восень.
У народзе казалі: «Прыйшоў Баўтрамей – жыта на зіму сей». Здаўна лічылася, што ў гэты дзень не варта ўжываць алкаголь, бо да п'янага можа прыйсці прывід і моцна напужаць.
Былі такія прыкметы: калі дзень бязветраны, то хутка будзе спёка; калі на небе няма аблокаў, то бабіна лета будзе доўгім; калі дым ад вогнішча сцеліцца над зямлёй, то будзе дождж.

У некаторых месцах Беларусі сяляне казалі, што з гэтага дня пачыналася так званая «чарвівая нядзеля»: пасеяны хлеб, прыкмецілі, дае «чарвівую муку», з якой немагчыма вывесці казурак.
Былі такія прыкметы: калі ў гэты дзень дажджліва – «бабіна лета» будзе кароткім; цёплае і яснае надвор'е – будзе шмат белых грыбоў.
У гэты дзень сяляне прыбіралі ў адрынах і скляпах, каб да зімовых сховішчаў не прыстала восеньская гніль.
Была такая прыкмета: калі 26 жніўня ціхае надвор'е, то наступныя некалькі дзён, наадварот, будзе дзьмуць моцны вецер.

Нашы продкі прыкмецілі, што часцей Міхееў дзень ціхі і ясны.
Была такая прыкмета: калі жураўлі паляцяць, то ў сярэдзіне кастрычніка будзе мароз, а не – тады зіма пазней надыдзе.
Гэты дзень раней называлі Прачыстая, Гаспажа, Спажа, Зельна. Казалі так: «Да Прачыстай поле мусіць быць чыстым». Свята завяршэння ўборкі ўраджаю – Дажынкі.
Было шмат абрадаў і павер'яў на гэты дзень. Паўсюдна было ў звычаі пакідаць на паласе жменю нязжатых каласоў, якія завязвалі вузлом – «заломлівалі бараду», гэты апошні снапок асвячалі і з яго потым пачыналі засеўкі.
Гэты дзень у старыя часы называлі Хлебны, Арэхавы, або Трэці Спас. Гэта быў «хлебны» дзень, бо пяклі першы каравай з новай мукі. У некаторых мясцінах актыўна збіралі арэхі, бо лічылася, што яны ўжо паспелі. Таксама людзі ўжо паступова рыхтаваліся да зімы, рабілі запасы.
Былі такія прыкметы: калі да гэтага дня жураўлі ўжо адляцелі ў вырай, то ўжо на Пакровы (14 кастрычніка) будзе мароз; добры ўраджай арэхаў, значыцца, будзе добры ўраджай зерня налета (у наступным годзе); ноччу не бачна зор – надвор'е будзе сухім і без аблокаў.

Нашы продкі называлі гэты дзень Удовіны дапамогі. Раней было правілам 30 жніўня пайсці на ўдовін двор і спытаць, ці не трэба чым дапамагчы. Не забываліся і на хаты, дзе гаспадара зусім не было. Акрамя таго, гаспадыні ў гэты дзень падкормлівалі глебу, а таксама стараліся выразаць парасткі маліны, якія сёлета ўжо прынеслі свае плады.
Былі такія прыкметы: калі з раніцы росна і туман, то надвор'е будзе добрым; калі сёння добрае надвор'е, то вясна будзе ранняй.
Гэты дзень у народзе называлі «конскім святам». На конях не працавалі, а выводзілі на луг, чысцілі, купалі ў рацэ, з далоні кармілі аўсом. Жанчыны пяклі спецыяльныя ляпёшкі – «капыты». У асобных вёсках 31 жніўня лічылася святам пастухоў. У некаторых мясцінах разам з забаронай працы на конях, жанчынам нельга было ткаць.
Былі такія прыкметы: калі дзень спякотны і воблачны, то будзе дождж; калі птушкі прыціхлі і не спяваюць, то хутка будзе непагадзь; чырвоны захад сонца абяцае моцныя вятры.
Летнія фестывалі-2024. Куды адправіцца за незабыўнымі эмоцыямі?
One fine body…