Сёння ў праваслаўных вернікаў вялікае рэлігійнае свята – Дабравешчанне (Благавешчанне, Звеставанне). У народзе звычайна чакаюць прылёту буслоў. Свой дзень народзінаў святкуе Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), чый краінавы офіс ёсць і ў Беларусі. І ўсе разам мы адзначаем Сусветны дзень здароўя!
Бадай, самае вядомае, так бы мовіць, кіраўніцтва да дзеяння 7-га красавіка – «На Благавешчанне дзеўка касу не пляце, птушка гнязда не ў'е». То бок, працаваць не раяць. «На Благавешчанне нават і птушка пярынкі не занясе на гняздо – такое важнае свята» – прыкмячалі нашыя продкі.
Вядома, шмат чаго змянілася з таго часу. Той, хто далёкі ад рэлігіі, увогуле не звяртае ўвагі на такія забароны. У набожнай (у меру) сям’і маёй мамачкі на Смаленшчыне, колішняй беларускай яе частцы, прытрымліваліся наступнага. Працаваць браліся ўдзень дзесьці а першай, калі служба ў царкве заканчвалася. Як па мне, вельмі разумнае рашэнне. Ім таксама стараюся кіравацца.
Даўней лічылася, што менавіта на Дабравешчанне ў Беларусь вяртаюцца буслы. Але паколькі апошнім часам літаральна ўсе поры года самі на сябе не падобныя… Дык буслоў сёлета ўжо ў некаторых абласцях згледзелі.
Дарэчы, а ці ведаеце вы, што згледзець бусла на Дабравешчанне – сапраўды добрая прыкмета?! Асабліва – птушку ў палёце. Лічылася, што тады і справы будуць у парадку цэлы год, і ногі ў таго, хто ўбачыць, балець не будуць. А калі пабачыць першы раз у годзе бусла, які стаіць… Так што лепей няхай лётаюць, няхай кружаць над намі! 🙂 Гэта такое захапляльнае відовішча!
Памятаю, як колькі гадоў таму ўлетку старалася падняцца а пятай ці а палове шостай раніцы, каб выправіцца на прагулку даўжынёй у 3-5 кіламетраў. І вось аднойчы, шпацыруючы па адной з ціхіх вулачак Чэрвеня, я згледзела бусла… проста ў сябе над галавой! Прычым ён ляцеў так нізка, што, здаецца, можна было ўхапіцца за яго лапы і выправіцца ў падарожжа, як казачны Нільс з дзікімі гусямі! 🙂
Звычайна мы гэтую прыкмету – убачыць бусла ў палёце – не звязваем з Дабравешчаннем. Проста імкнемся ўбачыць такога першы раз у годзе. І атрымлівалася! Неаднойчы. Так што пазіраем у неба, сябры! Магчыма, менавіта над вамі буслы пралятуць сёння!
Марачы пра лёгкія ногі, плаўна пераходзім да тэмы здароўя. А гэта і харчаванне, і кантроль сваіх асноўных параметраў, і фізічная актыўнасць…
Дарэчы, а вы ведаеце, што фізічная актыўнасць – гэта не толькі ранішняя гімнастыка і не толькі заняткі спортам?! Якраз-такі СААЗ вызначае яе як любы рух, які патрабуе скарачэння мышцаў і выдаткавання энергіі. Больш падрабязна пра фізічную актыўнасць мы паразмаўлялі з беларуска-расійскім герантолагам Кірылам Прашчаевым.
І даведаліся, што не трэба арыентавацца на такую распаўсюджаную норму, як 10 тысяч крокаў. Што мы з задавальненнем кантралюем пры дапамозе нашых фітнэс-бранзалетаў. Хада – гэта яшчэ не ўсё. Хаця, вядома ж, лепей, чым нічога… Асабліва, калі ўся праца – за камп’ютарам.
«Ну вось даперакладаю гэтую старонку – і ўстаю, расхадзіцца…», «Зараз давярстаю толькі – і пайду, пахаджу…», «Дапішу блог да кропкі – і 10 прысяданняў…» Гэта ўсё я. А тады… «Ой-ёй-ёй, на ногі не ўстаць…», «Я думала – 5 хвілін прайшло, а насамрэч – паўтары гадзіны…»
Так яно звычайна і бывае. Таму калі няма каму даць чароўнага пендаля, трэба добра кантраляваць сябе самастойна. А з гэтым – праблема… 🙁 А ў вас?!
Мімаволі прыгадваецца… Не, не вытворчая гімнастыка на якім-небудзь месцы працы, а абавязковыя рухомыя перапынкі ў школе – і падчас маёй уласнай вучобы, і падчас працы настаўніцай. Вось здаецца – драбяза… Але ж – рух… Такі нам неабходны…
Паколькі з выпіваннем нормы вады ўжо больш-менш у мяне наладзілася, трэба брацца за перапынкі ў працы. Актыўныя. Хто са мной?! 🙂 І нагода ж добрая ёсць сёння – Сусветны дзень здароўя. Вось здароўя я вам усім і жадаю! 🙂
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by