На паліцах крам з'яўляецца ўсё больш і больш незнаёмых прадуктаў: насенне чыа, кіноа, полба, амарантавая мука, зялёная грэчка, булгур. Прыхільнікі здаровага і правільнага харчавання, фудблогеры, а таксама дыетолагі ўсё больш схіляюцца да версіі пра карысць такіх незвычайных культур.
Ці настолькі яны нам чужыя? Ці мы проста не ведаем пра карысць і іх прымяненне? Пра адно з такіх «залатых зерняў» раскажам падрабязна.
Што такое кіноа?
Chenopodium quinoa – кіноа, «залатое зерне», квіноа, кінова, часам яшчэ называюць «рысавай лебядою». Гэтыя карысныя псеўдазерневыя крупы на самай справе з'яўляюцца сваяком шпінату і буракоў, вельмі падобныя на неапрацаваны рыс розных колераў і смакавых адценняў. Самы распаўсюджаны і хуткі для прыгатавання светла-бэжавы від кіноа мае лёгкі сметанковы прысмак; цёмна-карычневы – крэмава-нутавы; чырвона-буры, фіялетавы – прыемны арэхавы смак.
Гістарычная даведка. Здаўна кіноа расце высока на схілах гор, часцей у Андах і Гімалаях, Тыбеце, цяпер яшчэ і на марскіх узбярэжжах з высокім перападам тэмператур. А вось радзімай «залатога збожжа» прынята лічыць берагі самага высакагорнага суднаходнага ў свеце возера Тытыкака. Як і ў выпадку з чыа, захавалі для нас гэтую культуру індзейцы.
Кіноа – экалагічна чысты прадукт
З улікам вышыні росту і горных ўмоў, сумнявацца ў экалагічнасці прадукту бессэнсоўна – 100% арганічны.
Адваранае кіноа ўтварае вакол сябе жэлепадобную абалонку. Дзякуючы высокаму ўтрыманню бялку, мінералаў і амінакіслот, а таксама нізкаму глікемічнаму індэксу і гіпаалергеннасці яна ўключана ў рацыён касманаўтаў.
Лічбы
- Штогод 3 асноўныя лідары (Перу, Балівія і Эквадор) вырабляюць больш за 80 тысяч тон кіноа.
- Кошт 250 грамаў кіноа ў Рэспубліцы Беларусь складае ад 6 да 10 рублёў, каляровы від – даражэйшы.
- Кіноа ўваходзіць у ТОП-20 самых карысных прадуктаў харчавання ў свеце.
- Існуе больш за 120 розных відаў кіноа.
Карысць кіноа
Па збалансаваным амінакіслотным складзе кіноа падобная на малако, па колькасці фосфару – на рыбу.
Высокая пажыўная каштоўнасць дасягаецца за кошт вялікага ўтрымання бялку (каля 20%), што асабліва важна для дзяцей, цяжарных і спартсменаў.
Лізін важны для актыўнага росту, забеспячэння высокай мінеральнай шчыльнасці касцявой тканкі; лецытынавая кіслата, рыбафлавін, вітаміны групы В - для абароны арганізма ад стрэсу; клятчатка – для паляпшэння стрававання; жалеза, цынк, кальцый і магній – для аптымальнай працы сэрца.
Кіноа – сапраўдная знаходка для веганаў.
Гіпаалергеннасць. У Еўропе з-за масавай харчовай непераноснасці глютэну ў кожным супермаркеце прадугледжаны аддзелы з прадуктамі, якія не ўтрымліваюць клейкавіну. У складзе кіноа няма ні граму глютэну, таму без шкоды для здароўя яе можна ўжываць людзям з цэліякіяй.
Нізкі глікемічны індэкс (хуткасць расшчаплення любога прадукту з утрыманнем вуглевадароду ў параўнанні з хуткасцю расшчаплення глюкозы) – 35-53 адзінкі для розных гатункаў (для глюкозы гэты паказчык складае 100 адзінак). Кіноа – павольны вуглявод, які пераварваецца доўгі час і не выклікае рэзкага павышэння ўзроўню інсуліну і скокаў глюкозы ў крыві, што важна для людзей, якія пакутуюць ад цукровага дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Фіцінавая кіслата памяншае ўзровень «дрэннага» халестэрыну ў крыві і зніжае рызыку развіцця анкалагічных захворванняў.
Змяшчае трыптафан, які спрыяе выпрацоўцы гармону радасці.
Магутны імунастымулятар, асабліва карысна ўжываць у час рэабілітацыі пасля аперацый і цяжкіх хвароб.
Шкода кіноа
Асаблівых супрацьпаказанняў да ўжывання кіноа няма, але некаторым людзям варта быць пільнымі.
З-за вялікага ўтрымання аксалатаў акуратна і ў меру ўжываць людзям з мачакаменнай хваробай (можа справакаваць утварэнне камянёў у нырках).
З-за вялікага ўтрымання бялку абмежаваць ужыванне людзям з падаграй.
З-за жоўцегоннага эфекту не варта ўжываць пры жоўцевакаменнай хваробе (можа выклікаць рух камянёў і закаркаванне жоўцевых праток).
Таксама не варта ўжываць мамам, якія кормяць, і дзецям да 2 гадоў з-за дастаткова насычанага складу і наяўнасці ў абалонцы сапанінаў.
Гаспадыні да ўвагі
Пасля набыцця кіноа варта перасыпаць у шкляны або керамічны посуд з вечкам.
Зерне перад ужываннем абавязкова трэба вымачыць або прамыць пад праточнай вадой, абліць кіпенем і добра працерці ў далонях (калі іншае не пазначана вытворцам, які гэта зрабіў за вас), інакш смак будзе горкім з-за высокага ўтрымання сапанінаў, якія ў вялікіх дозах здольныя раздражняць слізістую страўнікава-кішачнага тракта. У нашай краіне прадаецца пачышчанае фасаванае зерне, таму баяцца няма чаго.
Але калі захочаце набыць у інтэрнэт-краме арганічных прадуктаў – спытайце сертыфікат якасці.
Варыцца як грэчка ці рыс – 15-20 хвілін, з перыядычным памешваннем. На 1 шклянку кіноа бяруць 2 шклянкі вады ці булёну. У гатовым выглядзе можа захоўвацца ў халадзільніку да тыдня. Можа падавацца як самастойны гарнір да мяса і рыбы, так і з агароднінай і садавіной.
Рэцэптаў страў з кіноа маса. Калі да прыгатаванай кіноа дадаць любую звараную або абсмажаную гародніну – атрымаецца выдатная салата, рызота або плоў. Мікс-салаты стануць для вас проста знаходкай. Можна дадаваць у запяканку замест маннай крупы і часткі тварагу. А таксама ў пудынг, суп, рагу, бісквіт – усюды!
Унікальнасць кіноа яшчэ і ў тым, што спалучаецца з усімі відамі прадуктаў. Таму смела эксперыментуйце і атрымлівайце асалоду ад смачнай і карыснай стравы.
Цікавыя факты
66-й сесіяй Генеральнай асамблеі ААН 2013 год быў абвешчаны Міжнародным годам кіноа. Гэта падкрэсліла заслугу карэнных індзейцаў Анд па захаванні натуральнай культуры для будучых пакаленняў (яе празвалі «маці насення»).
***
Кіноа на 80% ядомая расліна: сакавітае лісце гатовае да ўжывання і смачнае ў салатах, а сухія зерні – пасля адварвання. Выключэнне складаюць толькі сцябліны.
***
У 16-м стагоддзі Сьеса дэ Леона ў сваёй кнізе «Хроніка Перу» апісаў кіноа як «расліну амаль у рост чалавека з вельмі маленькім семем, з якога робяць напоі або з'ядаюць смажаным».
***
Альбом нямецкай музычнай групы Tangerine Dream 1992 года называецца ў гонар героя нашага аповеду – «Quinoa».
Магчыма, вам будзе цікава:
Чароўныя ўласцівасці кашы, ці чаму каша не губляе папулярнасці
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by