Так атрымліваецца, што адразу некалькі дзён на пачатку лістапада – памінальныя. І канкрэтная дата звычайна звязаная альбо з царкоўным календаром, альбо з грамадзянскім, альбо… з патрэбай жывых сустрэцца са сваімі дарагімі памерлымі. Лістападаўскія Дзяды надыходзяць. Дні памяці, смутку, яднання са сваім родам.
Па традыцыі 1-га лістапада каталікі адзначаюць Дзень Усіх Святых, а 2-га – памінаюць усіх памерлых. Як вы памятаеце, адзін час 2-га лістапада, Дзяды, у нас было афіцыйным дзяржаўным святам. І менавіта адтуль пайшла традыцыя памінаць продкаў 2-га лістапада.
Але ёсць у гэтым месяцы ў праваслаўных і яшчэ адна дата для памінальнага дня. Так бы мовіць, Дзяды па-царкоўнаму, альбо Змітраўскія Дзяды, Змітраўская бацькоўская субота. Сёлета яна прыпадае на 7-га лістапада.
Але які б лістападаўскі дзень мы ні абралі, галоўнае – прыгадаць нашых продкаў. Пералічыць усіх па імёнах. Ушанаваць, як у каго атрымаецца. Нават простых слоў, ды што там слоў – думак! – хопіць для таго, каб ніхто не застаўся забытым.
Тое, што ў дахрысціянскія часы ў нашых продкаў было традыцыяй, у сучаснасці ўспрымаецца, вядома ж, па-іншаму. Таму кожны мае права самастойна падбіраць сабе дзеянні і абрады.
Яшчэ на мінулыя Дзяды наша мілая мамачка гатавала традыцыйныя стравы. І мы прыгадвалі ўсіх нашых дарагіх памерлых. А сёлета… Сёлета я не магу прымусіць сябе зрабіць тое ж… Бо мая мамачка раптоўна пакінула нас у красавіку. І я так моцна смуткую па ёй, што нават простае прыгадванне выклікае доўгія слёзы.
Магчыма, калі-небудзь, праз пэўны час змагу зрабіць усё неабходнае. А сёлета… Сёлета збіраюся ў чарговы раз наведаць яе на могілках… Не веру… Не змагу паверыць…
Усім, хто смуткуе па сваіх страчаных родных, мае шчырыя спачуванні і суперажыванні. Я ведаю, як гэта балюча. Як не суцяшаюць банальныя словы… Як дарагі чалавек кожную секунду паўстае перад унутраным зрокам…
Я веру, што дзесьці штосьці ёсць… Паралельны свет? Віртуальны? Той? Якая розніца, як ён называецца. Я проста веру, што мая мамачка – ёсць. І будзе заўсёды. Побач. Нябачная і нячутная. Ад гэтага зусім не лягчэй. І гэта таксама не супакойвае. Але…
Калі ты ў думках размаўляеш са сваім дарагім чалавекам, ты не губляеш сувязі. Хаця і не адчуваеш яе. А ў нас яна была такой трывалай… Балюча… Вельмі балюча…
А вось многія з нашых продкаў да самога факту небыцця ставіліся, як ні дзіўна гэта гучыць, па-філасофску. І дзесьці нават супакойвалі іх пэўныя абрады і традыцыі. Ды і сумаваць-гараваць штодня ў іх проста часу не было. Занятыя цяжкай сялянскай працай ад світанку і да змяркання, а жанчыны часцей і за апоўнач яшчэ – дзецьмі, сям’ёй, хатняй гаспадаркай, яны проста жылі.
Напярэдадні Дзядоў чыста прыбіралі ў хаце, гаспадарчых прыбудовах. А ў сам памінальны дзень мыліся ў лазні, дзе пакідалі чыстай вады і венік для дзядоў. Гатавалі традыцыйныя стравы, прычым у розных мясцовасцях існавалі розныя меркаванні наконт іх неабходнай колькасці: цотную ставіць альбо няцотную.
Гаспадар адчыняў вокны, дзверы і звяртаўся да дзядоў з запрашэннем наведаць хату. Лічылася, што душы памерлых абавязкова ў гэты дзень спускаюцца на зямлю і наведваюць жытло, дзе іх памятаюць, любяць і чакаюць. У асобную міску (альбо талерку) адкладалася частка страў для іх частавання. А ўвогуле, са стала не прыбіралі да раніцы.
Нашыя продкі верылі, што для таго, каб у сям’і ўсё было добра на працягу года, дзядоў трэба добра пакарміць і павесяліць. Даўней гэтае свята было памінальным, але не святам смутку. Пасля вячэры рытуальнымі словамі гаспадар адпраўляў дзядоў на неба…
Па маім асабістым меркаванні (а ўсе, безумоўна, маюць права на ўласныя), кожны мае права выбіраць як дату, калі памінаць дарагіх памерлых, так і тыя абрады, звычаі, якія блізкія асабіста яму. Наведваць у гэты дзень могілкі ці не, прыбірацца там альбо проста прынесці кветкі, ладзіць памінальную вячэру альбо проста цэлы дзень ці вечар прыгадваць тых, каго няма з намі… Каму што бліжэй… Да чаго цягнецца ў дадзены момант сэрца і душа.
Галоўнае – прыгадваць. Памятаць. Верыць, што яны – ёсць. Іх проста не можа не быць! Даруйце нам усе правіны, родныя, мілыя, дарагія… Вам – наша вечная памяць, шанаванне, любоў…
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by