У выставачным комплексе Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура адкрылі персанальную выстаўку мастака Ігара Нікалаенкі «Мне не сумна».
Ігар Нікалаенка — малады аўтар, які развіваецца ў плыні канцэптуальнага мастацтва. Яго творы — тонкія выказванні пра штодзённасць, якую мастак ператварае ў крыніцу натхнення. Асноўныя напрамкі мастацтва аўтара: фатаграфія, арт-аб'ект, плакат, перфоманс. У яго работах заўсёды прысутнічае зазор для інтэрпрэтацыі, іншае дно, абшар для дадатковых сэнсаў, якія глядач можа прааналізаваць, калі захоча. Творца любіць рэальны свет і лічыць яго чароўна цікавым і пазнавальным для сябе і наваколля.
Выстаўка выдатна падыходзіць для мяккага знаёмства з сучасным канцэптуальным мастацтвам. Яна абсалютна дакладна дэманструе нам, як выглядае сёння маладое мастацтва ў краіне, і наколькі гэта мастацтва шматграннае, глыбокае і цікавае.
Мастацтва для Ігара Нікалаенкі ў глабальным сэнсе слова — гэта магчымасць развівацца, а значыць, жыць паўнавартаснае жыццё. Ён шырока паглыбляе нас у свет уласнай свядомасці і дапамагае адчуць тую самую энергію маладосці і натхнення, якой, бывае, проста не хапае ў жыццёвай мітусні.
Асноўны працэс творчасці мастака — гэта назіранне за светам і чалавекам, за самім сабой. Ён вывучае матэрыял, гісторыю і разважае.
Часам яго мастацкія пошукі займаюць тыдзень, часам некалькі год. Аўтар упэўнены, лепш зрабіць менш, але лепей, ён за якасць, а не за колькасць, а таксама ён умее чакаць і жыць у стане спакою.
Ігар Нікалаенка ў сваёй творчасці выкарыстоўвае некалькі ўзроўняў разумення. Ключы да разумення знаходзіць у «нагляднасці», самаадукацыі і пачуццёвасці гледача, а не ў тлумачэннях сэнсу работы.
Сімвалізм карцін Ігара Нікалаенкі ўзмацняе культурная кадыфікацыя колеру. У сваёй унутранай логіцы ён звяртаецца да розных этапаў развіцця чалавека як асобы. У яго творчасці карціна свету — рэальнага і абстрактнага — увасабляецца ў магчымасць для гледача выбраць для сябе свой асаблівы свет, дзе будзе камфортна, утульна і прыгожа.
Выстаўка мастака будзе цікавая прадстаўнікам розных пакаленняў. Творчая моладзь зможа дакладна адчуць ідэнтэфікацыю ў думках, разважаннях, магчыма, поглядах на будучыню. Больш дарослая публіка атрымае магчымасць пазнаёміцца з цікавым мысленнем аўтара і зразумець, наколькі моцна сёння працуе энергія ў чалавеке, калі ён натхнённы. Па работах Ігара заўважна, гэта энергія проста невычэрпная.
Убачыць праект можна па адрасе завулак Северна 15А. Куратар выстаўкі — Надзея Хмыль
Сапраўдны рай на Зямлі. Чаму варта наведаць Музей беларускай маляванкі
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by