
Што такое сон - маленькая смерць або нешта за межамі жыцця? Гэтае пытанне заўсёды хвалявала чалавецтва. З часам людзі даведаліся адказ, але таямніцы сну яшчэ далёка не раскрыты.
Што такое летаргічны сон, ці могуць чалавека, які трапіў у гэты стан, пахаваць жыўцом, і ці часта людзі засынаюць на некалькі дзён або нават гадоў?

Летаргічны сон называюць "маленькай смерцю". Але гэта не так: чалавек не памірае ў прамым сэнсе гэтага слова. У яго захоўваецца дыханне і сэрцабіццё, але ён не рэагуе ні на якія вонкавыя раздражняльнікі. Збоку здаецца, быццам бы ён проста спіць - спакойна, без сноў. Вось толькі чамусьці ніяк не можа прачнуцца, як бы яго не спрабавалі катурхаць ці шумець побач з ім.
Прычыны летаргіі невядомыя. Ёсць меркаванне, што існуе пэўная генетычная схільнасць. Магчыма, мае значэнне характар заснулага чалавека ці ягоны лад жыцця. Заўважана, што часцей у летаргічны сон упадаюць людзі, якія адчуваюць нервовую напругу, якія пакутуюць ад апатыі і стомы. Некаторыя навукоўцы лічаць, што летаргія – гэта такі незвычайны спосаб арганізма справіцца са стрэсам або сысці ад рашэння надзённых задач.
Сам тэрмін «летаргія» выкарыстоўваў яшчэ Гіпакрат і азначаў ён «млявасць, забыццё і празмерную дрымотнасць», якія мелі неспрыяльны прагноз і не падлягалі лячэнню ў тыя часы.
З усведамленнем летаргіі як хваробы, прыйшлі фобіі. Сёння тафафобія, або страх быць пахаваным жыўцом – адна з самых распаўсюджаных у свеце. У сусветнай гісторыі можна знайсці нямала згадак аб няшчасных ахвярах летаргіі, якіх хавалі ў магілу, прыняўшы за нябожчыкаў. Гэтыя жудасныя гісторыі часта маюць пад сабой рэальную глебу.
У Англіі на пачатку 19 стагоддзя нават прынялі адпаведны закон, які дзейнічае да гэтага часу. Паводле яго, усе моргі абсталёўваюцца звонам з вяроўкай, каб «нябожчык», які абудзіўся ад сну, змог паклікаць на дапамогу.
У XIV стагоддзі ў Італіі ледзь было не пахавалі жыўцом знакамітага Петрарку. Ва ўзросце 40 гадоў ён цяжка захварэў і паглыбіўся ў стан летаргічнага сну. Ачоміўся паэт літаральна напярэдадні пахавання, пасля чаго пражыў яшчэ 30 гадоў.

Класік рускай літаратуры Мікалай Васільевіч Гогаль вельмі баяўся летаргіі і прасіў блізкіх хаваць яго толькі пры з'яўленні відавочных прыкмет раскладання цела. Аднак калі ў маі 1931 года астанкі пісьменніка былі эксгумаваны, апынулася, што чэрап нябожчыка павернуты набок. Папаўзлі чуткі. Але большасць спецыялістаў лічаць, што змяненне становішча чэрапа Гогаля было выклікана ціскам на яго падгнілага вечка труны.

Летаргічны сон заўсёды пачынаецца раптоўна, і прадказаць яго немагчыма. Чалавек проста засынае ці губляе прытомнасць па нейкіх прычынах – а затым таксама раптоўна прачынаецца. Звычайна летаргія доўжыцца нядоўга – некалькі гадзін або дзён. Але вядомыя выпадкі, калі чалавек "засынаў" на некалькі дзясяткаў гадоў.
З 1898 па 1918 год рускі фізіёлаг І. П. Паўлаў назіраў нейкага хворага Івана Качалкіна, які «ляжаў жывым трупам без найменшага адвольнага руху і без адзінага слова». Сілкавалі яго з дапамогай зонда. Качалкін моцна перажываў за палітычныя падзеі, якія адбываліся ў той час ў краіне, запаў у глыбокі сон на фоне моцнай занепакоенасці. Псіхіятры разглядалі гэта як форму шызафрэніі. Пасля 20-ці гадовага сну Іван Кузьміч пакрысе пачаў рухацца, затым зусім ачуняў і расказаў, што разумеў усё, што адбывалася вакол яго, аднак адчуваў такі цяжар ва ўсіх мускулах, што нават дыхаць яму было цяжка. Неўзабаве І. Качалкін памёр ад сардэчнай недастатковасці.
Таксама дваццаць год праспала жанчына Надзея Лябедзіна ў Днепрапятроўску ва Украіне. Яна заснула ў 1954 годзе пасля моцнай сваркі з мужам. Прачнуцца яе прымусіла навіна аб смерці маці, якая даглядала за ёй усе гэтыя гады. Надзея запэўнівала, што магла чуць усё, што адбывалася навокал, але паварушыцца не было сіл. Пакуль яна спала, знешне не змянілася, а калі прачнулася, і яе змясцілі ў бальніцу на рэабілітацыю, то імгненна састарэла. Валасы пасівелі, і з’явіліся маршчыны. Пражыла потым яшчэ 20 гадоў і памерла ў 74 гады.
У 1919 годзе нарвежская жанчына па імені Лінгард пасля няпростых родаў і пасляродавай дэпрэсіі заснула на 22 гады. Яна праспала ўсе ключавыя падзеі таго перыяду і ачуняла толькі тады, калі Нарвегія апынулася захопленая нацыстамі. Цікава, што за гэты час знешнасць маладой дзяўчыны не змянілася, прачнуўшыся, яна выглядала як сяброўка сваёй ужо дарослай дачкі. Але прырода ўсё роўна ўзяла сваё – праз год яна ўжо нічым не адрознівалася ад сваіх аднагодак, а праз 5 гадоў памерла.
Ганна Свэнпул з Аўстраліі праспала сваю маладосць. Дзяўчына ўвайшла ў летаргічны сон, калі ёй было 19, а расплюшчыла вочы толькі праз 31 год. Пасля абуджэння дзяўчына ў літаральным сэнсе страціла дар мовы. Ёй давялося зноўку вучыцца размаўляць. Навукоўцы лічаць, што гэты стан узнік у дзяўчыны ў выніку моцнага стрэсу – Ганна ўпала ў летаргічны сон пасля гібелі свайго жаніха.
42 гады – з 1876 па 1918 мабыць, адзін з самых доўгіх выпадкаў летаргічнага сну. Караліна Ольсан ва ўзросце 14 гадоў моцна стукнулася галавой і праз некалькі дзён заснула мёртвым сном. Пасля абуджэння пражыла да 88 гадоў.
У пачатку мінулага стагоддзя летаргія была неаднаразова зафіксаваная на беларускай зямлі. У Мінску яшчэ не так даўно можна было чуць легенду пра спячую панначку ў склепе на Кальварыйскіх могілках. Нібыта яе пахавалі ў летаргічным сне, і яна ніяк не магла выбрацца са склепа і стала з’яўляцца ў выглядзе прывіду. Прывід знік, калі разбурылі склеп.

Але не толькі легенды зафіксавалі хваравіты стан летаргіі або “маленькай смерці”. Газеты таго часу паведамлялі і пра рэальныя выпадкі летаргічнага сну на нашых землях.
У 1907 годзе ў газеце “Наша ніва” быў апісаны выпадак у вёсцы Лаўрынавічы Гродзенскай губерні. У паселішчы была эпідэмія тыфу, ад якога памерла шмат людзей. У адной з хат пасля смерці сына захварэў бацька. Хвароба прайшла, і ён стаў папраўляцца. Фельчар прапісаў яму штодня піць па чарцы віна. Нявестка віна не знайшла і прынесла гарэлку. Чалавек выпіў паўчаркі гарэлкі, а як нявестка пайшла карміць жывёлу, то ён выпіў яшчэ некалькі чарак і заснуў. Калі нявестка вярнулася, то ўбачыла свёкра мёртвым. Яна паклікала суседак. Разам яны абмылі нябожчыка і паклалі на стол. Так ён праляжаў ноч. Назаўтра стары паварушыўся, і ўсе разбегліся. Вестка імгненна абляцела вёску. Прыйшлі мужчыны. Тут нябожчык ачуняў і расказваў, як ён пабываў на тым свеце і бачыў там злодзеяў, якія пакутавалі
У 1909 годзе у Гародні ад удару маланкі загінула дзяўчына. Яе пахавалі, а ўначы вартаўнік са свежай магілы пачуў стогны. Ён не звярнуў на гэта ўвагі і пайшоў спаць. На наступны дзень у прысутнасці паліцыі магілу ўскрылі і выявілі цела з раздзёртым тварам і вырванымі космамі валасоў.
У 1913 годзе ў вёсцы Паташня Чавускага павета Магілёўскай губерні памерла 80-гадовая жанчына. Калі яе паклалі на лаўку і сталі галасіць, яна прачнулася, а людзі разбегліся. Жанчына папрасіла свечку ў руку і ў той жа час памерла. Святар спачатку адмаўляўся яе адпяваць, і толькі на трэці дзень небараку пахавалі.
Выпадак летаргічнага сну адбыўся ў адной з вёсак былога Навагрудскага ваяводства ў 1928 годзе. Падчас будаўніцтва дома аднаму чалавеку на галаву звалілася бэлька, і ён страціў прытомнасць. Фельчар канстатаваў смерць. Калі “нябожчыка” рыхтавалі да пахавання, адна з жанчын сунула яму пад нос бутэлечку з камфарай. Ён адкрыў вочы, вылез з труны, прайшоў па хаце і нават вымавіў некалькі слоў. Праз сем гадзін ён памёр па-сапраўднаму.
12 кастрычніка 1930 года на Міншчыне, у засценку Жураўка рыхтаваліся хаваць мясцовага жыхара З. Бычко, які не падаваў прыкмет жыцця ўжо некалькі дзён. Аднак у ноч перад пахаваннем ён ачомаўся, выбраўся з труны і падышоў да заснулай жонкі. Тая, убачыўшы перад сабой мужа-нябожчыка, памерла ад разрыву сэрца. 25-гадовы сын «памерлага», ухапіўшы сякеру, сабраўся прыкончыць шкодны прывід. Бычко-старэйшы выбег на двор і пачаў клікаць на дапамогу, кінуўся да суседзяў, але тыя, ледзь убачыўшы «прывід», памлелі са страху. Толькі камендант мясцовага ўчастка памежнай варты здолеў пераканаць вяскоўцаў, што перад імі не здань, а жывы чалавек, які абудзіўся ад летаргічнага сну.

Дуб — самае шанаванае дрэва ў міфалагічнай і культурнай спадчыне беларускага народу. Ён сімвалізаваў моц, мужнасць і стойкасць, таму ўяўляўся нашым продкам своеасаблівай сусветнай воссю, вакол якой рухаецца не толькі Зямля, але і ўвесь Сусвет, стаўся сімвалам неўміручасці і даўгалецця.
Нашыя продкі заўсёды ўшаноўвалі дубы. Відаць з-за таго, што гэтыя дрэвы жывуць вельмі доўга і з’яўляюцца галоўнымі асілкамі ў лесе, дуб лічылі сімвалам вечнага жыцця. Паводле міфалагічных уяўленняў, ён звычайна звязваўся з нейкім мужчынскім боствам. У асноўным, з богам навальніцы і маланкі Перуном. Каля дубоў і ў дубовых гаях здзяйснялі розныя рэлігійныя абрады, складалі ахвяры. Асабліва шанавалі дрэвы, спаленыя маланкай: на іх месцах узводзілі капішчы, дзе гарэў "вечны" агонь з дубовага дрэва — “зніч”. “Жывы” рытуальны агонь таксама здабывалі з дуба шляхам трэння кавалкаў драўніны. Асабліва шанаваліся дубы каля крыніц, валуноў і пры зліцці рэк.
На тэрыторыі Беларусі захаваліся такія назвы дубоў, як Дуб-Волат, Цар-дуб, Святы дуб, Дуб Вітаўта. Каля пасёлка Першамайскі ў Шчучынскім раёне Гродзеншчыны ёсць Каралеўская дубрава, каля Турава — Княжая дубрава, каля г.п. Васілевічы ў Рэчыцкім раёне Гомельшчыны — Залатая дубрава і інш.

Дуб сімвалізаваў сілу, моц і мужчынскі пачатак. Каб нованароджаны хлопчык быў моцным як дуб, яго пупавіну адразалі на дубовай дошцы або на тапарышчы, каб моцна трымаў сякеру і быў спрытным працаўніком. Ваду пасля купання нованароджанага хлопчыка вылівалі пад дуб. Малому тлумачылі яго з'яўленне на свет так: “Ты на дубочку сядзеў”. Таму жыццё дзіцяці залежала ад жыццёвай сілы пасаджанага дуба — на Палессі часта пры нараджэнні дзіцяці саджалі ў лесе малады дубок. Але толькі не каля дома, бо паводле павер’я дрэва “выжывала” з дому мужчын.
Дуб ушаноўваюць не толькі за моц і прыгажосць, але і за гаючыя ўласцівасці. Напрыклад, кару дуба нашы продкі прыкладалі да хворага месца. Сёння гэтая кара ўваходзіць у склад розных лячэбных збораў і дапамагае ў тэрапіі розных захворванняў скуры і ўнутраных органаў. У ёй знойдзена мноства ўнікальных біялагічна актыўных рэчываў: флаваноідаў, бялкоў, крухмалу, што стымулюць працэс рэгенерацыі клетак і тканак. Яна валодае гаючым эфектам, стымулюе працэсы аднаўлення слізістых і зніжае запаленчы працэс.
І сам дуб — магутны донар лячэбнай энергіі, таму невыпадкова яго шырока выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне. Каб пазбавіць дзіця ад такіх цяжкіх хвароб, як эпілепсія, рахіт, малярыя, бессань, яго “прапускалі праз дуб” — адтуліну ў дрэве, якая ўтварылася пасля ўдару маланкі. Потым расколатае дрэва моцна звязвалі. Дуб паступова зрастаўся — дзіця дзень за днём набірала сілу. Так, каля вёскі Упірэвічы Барысаўскага раёна Мінскай вобласці праз дупло дуба працягвалі хворых дзяцей. Пры гэтым іх распраналі, адзенне спальвалі, а потым апраналі ва ўсё новае.

Але так лячылі не толькі дзяцей, але і дарослых. Хворага распраналі, працягвалі праз дупло і апраналі ў новае, ці проста ў чыстае адзенне. Да нашых дзён у шматлікіх месцах захавалася традыцыя вешаць на галіны дубоў ручнікі і стужкі, а побач з дрэвам пакідаць кавалачкі хлеба. Гэтак нашы продкі дзякавалі за пазбаўленне ад хвароб. Прыкладам, каля вёскі Паромец Вілейскага раёна Мінскай вобласці, каля ракі Нарачанка, яшчэ нядаўна на дуб вешалі ручнікі, стужкі, а побач клалі хлеб. Раней каля дуба стаяў крыж і праходзілі маленні.
У другой палове 19 стагоддзя на Палессі быў шырока вядомы Яўгенін Дуб, які рос на кургане пры ўпадзенні ракі Ствігі ў Прыпяць. Паводле падання, у гэтым кургане была пахаваная княгіня Яўгенія. Лічылася, што пакуль расце дуб, то не будзе эпідэміі на скаціну. А на захадзе Беларусі раней, калі набліжалася пошасць ці сухмень, то ў лесе высякалі малады дубок, упрагалі ў яго хлопца і такім чынам абворвалі вёску, а потым з дуба рабілі ахоўны крыж і ставілі пры ўездзе ў вёску.
Ахвяры клалі і ў дупло. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў глухім лесе на беразе ракі Поні на тэрыторыі былога Барысаўскага павета ў дупле старога дуба сяляне знайшлі два невялікія паганскія ідалы — адзін са срэбра, а другі бронзавы. Крыху пазней на гары паблізу в. Лук'янаўка Добрушскага р-на Гомельшчыны пад старым дубовым пнём знайшлі злітак срэбра вагой 2 кг.
У 1945 годзе ў Лельчыцкім раёне Гомельшчыны у вёсцы Дзяржынск, якая раней мела назву Радзілавічы, здарылася эпідэмія тыфу. Туды з Турава накіравалі групу медыкаў. Каля вёскі быў вялікі стары дуб, абвешаны стужкамі і ручнікамі. Ён лічыўся ахоўнікам вёскі. Жыхары не пускалі медыкаў у вёску і патрабавалі, каб тыя пакланіліся дрэву і паднеслі яму ахвяраванні. Інакш пагражалі гвалтам. Прыйшлося, нават і партыйным, пакланіцца народнаму ахоўніку.

У многіх месцах лічылі, што дастаткова схіліцца перад дубам, крыху пастаяць каля яго і сказаць: «Дуб! Дубочак! Дай мне сілы!». Каб спіна была моцнай, існаваў звычай пры першым громе або пры з’яўленні першай вясновай птушкі церціся спінай аб дуб. А каб спіна не балела падчас жніва, затыкалі за пояс дубовую галінку. Таксама каля дубоў загадвалі жаданні. Зусім нядаўна ў вёсцы Чаша Клецкага раёна Мінскай вобласці лічылі, што ад іх дуба (на жаль, ён загінуў у 2016 годзе) можна было наталіцца станоўчай энергіяй. Для гэтага варта было босым пастаяць каля дрэва. Калі дзяўчына хацела хутчэй пабрацца шлюбам, то павінна была дакрануцца да кары дуба і на працягу года ён выдаваў яе замуж. Многія маладыя людзі менавіта каля гэтага дуба імкнуліся зрабіць дзяўчыне прапанову. А калі жанчына хацела мець шмат дзяцей, то дастаткова было толькі дакрануцца да дрэва.
Дарэчы, на ўскрайку вёсцы Каменка, што за чатырнаццаць кіламетраў ад Навагрудка, на лузе расце дуб, які “дае” дзяцей. Побач з ім пашарпаны часам шэры драўляны крыж. Так мясцовыя жыхары абазначылі святое месца. Адметнасць дрэва ў тым, што ў яго ёсць наросты на кары, якія паўтараюць пэўныя мужчынскія формы. Жанчына, якая хоча мець дзяцей, або не можа па нейкай прычыне зацяжарыць, павінна пацерці адростак рукамі. І ў хуткім часе, як кажуць мясцовыя, у яе сям’ю прыйдзе папаўненне.

Яшчэ на пачатку 20 стагоддзя ў Мінску на беразе Свіслачы, насупраць сённяшняга стадыёна Дынама, на Лодачнай вуліцы існавала язычніцкае капішча, дзе рос дуб Волат. Людзі з малітвамі хадзілі ў храмы, але лячыцца ішлі на капішча, якое ў сярэдзіне 19 стагоддзя яшчэ дакладна функцыянавала. Святарамі на гэтым святым месцы былі бацька і сын, абодва Савасцеі. Дубу ахвяравалі ручнікі, вышытыя сваімі рукамі. Для лячэння бясплоддзя ручнікі вешалі на дуб на 33 дні.

Лекавым быў не толькі сам дуб, але і жалуды з яго. Адзін жолуд каштаваў у бацькі і сына Севасцеяў адно курынае яйка. Жыхары Лодачнай вуліцы ўспаміналі, што аднойчы Савасцей Старэйшы замест жалудоў са Святога дуба, даў жалуды з іншага дуба, які рос за агароджай малельні, і людзі нават пабілі святара. Такой вялікай была вера ў лекавую сілу жалудоў з дуба на мінскім капішчы.
Таму не здзіўляюць і некаторыя павер’і, звязаныя ўвогуле з жалудамі. Напрыклад, калі бясплодная пара знайшла здвоены жолуд, то хутка ў сям'і чакаецца папаўненне. А калі выпадкова выявіць плод дуба каля дома — гэта да здабыцця сямейнага шчасця і дабрабыту, раздушыць каля ўваходу — да страт і смутку.
Шмат звестак пра тое, што пакланенне дубам працягваецца па сёння. Так, Святы дуб паміж вёскамі Гнезна і Касцевічы ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці і сёння "лечыць" розныя хваробы. Паводле легенды, некалі на дрэве аб'явіўся абраз. Каля дрэва стаіць металічны крыж. З дуба саскрабаюць кару і ўжываюць у якасці лекаў.
Гэта і Заручальны дуб у Лошыцкім парку на паўднёвай ускраіне Мінска.

Ён знаходзіцца на крутым беразе пры ўпадзенні ракі Лошыцы ў раку Свіслач. Паводле легенды, князь Друцкі ў 1580 годзе ў гонар заручын сваёй дачкі пасадзіў тры дубы: адзін, каб маладыя любілі адзін аднаго, другі, каб былі здаровымі яны і іх нашчадкі, а трэці, каб ва ўсім спадарожнічаў поспех. Да нашых дзён захаваўся адзін дуб, які нібыта валодае магічнай сілай. Ён дае людзям каханне, здароўе і натхняе на творчасць. Для гэтага да дуба трэба падысці басанож і пакланіцца да самай зямлі. Толькі, на жаль, у 2010 годзе маланка дабіла апошняга з волатаў. Дуб страціў вонкавую прыгажосць, але, як кажуць, не пазбавіўся сілы — можна прыязджаць і прасіць здзяйснення жаданняў…

Зразумець гісторыю сваей краіны можна праз многае: мову, дыялекты, традыцыйную кухню, абрады і, вядома, адзенне. Беларуская нацыянальная вопратка — не проста частка нашай культуры, гэта сапраўднае мастацтва, якое праяўляецца як ў маштабных аб’ектах, так і ў тонкіх дэталях.
Магчымасць пазнаёміцца дастаткова глыбока з беларускімі нацыянальнымі касцюмамі дае выстаўка «Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм», якая зараз праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі.

Гэта маштабны праект, які паказвае рэгіянальныя асаблівасці народнага касцюма. На выстаўцы прадстаўлены аб'екты з шасці этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі: Заходняга і Усходняга Палесся, Падзвіння, Падняпроўя, Панямоння і Цэнтральнай Беларусі.
На выстаўцы прадстаўены творы традыцыйнага беларускага ткацтва з калекцыі дэкаратыўна-прыкладнога народнага мастацтва, а таксама беларуская арыгінальная і тыражная графіка, беларускі жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея. Дапоўняюць экспазіцыю ўнікальныя работы з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры, Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Віцебскага абласнога краязнаўчага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Сенненскага Дома рамёстваў, Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, а таксама экспедыцыйныя фотаздымкі Міхася Раманюка з прыватнай калекцыі
На жаль, з-за таго, што, напрыклад, на Віцебшчыне і Гродзеншчыне рана адмовіліся ад традыцыйнага адзення, многія камплекты былі страчаны назаўжды. Таму, каб годна прадставіць багацце кожнага рэгіёна, арганізатары звярнуліся ў Віцебскі цэнтр народнай творчасці і Гарадоцкі і Сенненскі Дамы рамёстваў — так куратары змаглі адрадзіць некаторыя веды і рэканструяваць унікальныя тэхнікі ткацтва. Але гэта адзінкавыя выпадкі. Пераважная большасць касцюмаў (а іх на выстаўцы ўсяго 78) — гэта аўтэнтычныя рэчы канца XIX — пачатку XX стагоддзяў.

Самае цікавае і каштоўнае ў экспазіцыі — гэта тое, як прадстаўлены касцюмы. Дзякуючы навукоўцам, якія прысвяцілі ўсё сваё жыццё вывучэнню касцюма, стала магчымым паказаць такую вялікую колькасць спосабаў нашэння жаночых галаўных убораў.
Напрыклад, у заходніх рэгіёнах ткалі тонкае, кужэльнае палатно, а ў Падняпроўі і Падзвінні была «моднай» грубейшая ільняная тканіна і меней выбеленая.

Для Заходняга Палесся характэрныя былі шырокія фартухі, з двух пашытых «паліц» па 30-40 сантыметраў. А фартухі Падняпроўя былі вузкія. І так было ва ўсім: ад рэгіёна да рэгіёна сілуэт касцюма мяняўся, крой мяняўся, тэхніка і матывы вышыўкі таксама.

Адных толькі спосабаў завівання наміткі, традыцыйнага жаночага галаўнога ўбору беларусак, налічваецца каля пяцідзесяці, а далёка не ўсе вядомыя. У руках майстрыхі галаўны ўбор ператвараўся і ў аб'ект прыгажосці, станавіўся маркерам прыналежнасці да вызначанай агульнасці — жанчыну з Турава заўсёды можна было адрозніць ад гарадзенкі ці віцяблянкі.
Праз выстаўку куратары імкнуліся паказаць таксама эвалюцыю касцюма. Мода ніколі не стаяла на месцы, таму многія рэчы ўдасканаліліся згодна з густам часу, абнаўляліся, але ні ў якім разе не выкідваліся.
У традыцыйнай культуры ўсё шанавалася і перадавалася па спадчыне ад прабабулі да праўнучкі. І калі ўважліва разгледзець некаторыя кашулі, можна прасачыць як рэчы відазмяняліся з цягам часу.

Традыцыйны комплекс жаночага касцюма абавязкова ўключаў кашулю, спадніцу, фартух і галаўны ўбор — гэта непарушная традыцыя. Усё астатняе мянялася ад рэгіёна да рэгіёна. Узнікалі нават лакальныя строі, калі ў пэўнай мясцовасці было сваё разуменне таго, што прыгожа і модна. Так з'явіліся непаўторныя Неглюбскі, Дамачаўскі, Маларыцкі, Турава-Мазырскі строі…

Іх не зблытаеш з іншымі дзякуючы абсалютна ўнікальным дэталям, прыдуманым мясцовымі майстрыхамі ў адпаведнасці з іх уяўленнем пра прыгажосць, гармонію, сакральнасць і практычнасць.
У традыцыйным касцюме ўсе яго функцыі злучаны. Немагчыма было захаваць толькі нешта прыгожае ці практычнае. Абярэгавая, сакральная функцыя адзення была вельмі магутнай. Адзенне павінна было берагчы і закрываць жанчыну ад холаду. Невыпадкова пояс заўсёды завязвалі ў раёне пупка. А выйсці з непакрытымі валасамі з дому для замужняй жанчыны азначала наклікаць на ўвесь род непрыемнасці.

У традыцыйнай культуры кожная рэч унікальная, ніводная не паўтараецца: за кожным касцюмам стаіць гісторыя цэлага роду і кожнай майстрыхі. Для іх рукадзелле было спосабам праявіць сябе і паказаць свае ўменні і ўнутраны свет. Напрыклад, на выстаўцы ёсць пояс, на якім майстрыца выткала такія словы: «Просячы Васільева вышывала хустачку, не ведала, каму далі. Пойдзе міленькі ў салдаты, будзе слёзы выціраць. Два сэрцы адзін дух, кахай, сябар, адну, а не двух».

Асаблівай тонкасцю і беллю кужэльнага палатна, прастатой геаметрычных арнаментальных матываў вылучаецца Мотальскі строй Іванаўскага раёна. Філігранная тэхніка зборак палатна каля каўняра і ў ніжняй частцы рукавоў, а таксама дэкаратыўныя злучальныя швы, выкананыя ніткамі чорнага колеру, падкрэсліваюць асаблівасці мужчынскіх і жаночых кашуль і з'яўляюцца іх характэрнай рысай.
Калі ж звярнуць увагу, напрыклад, на Маларыцкі строй, то там ужо будзе лаканічны сілуэт, багацце дэкору. Жаночы касцюм упрыгожвалі тканым і вышытым арнаментам.
Калінкавіцкі строй і яго гарсэты з баскай — візітная картка рэгіёну. Іх багата ўпрыгожвалі тасьмой і металічнымі бляшкамі, гузікамі, бісерам. Жанчына павінна была блішчаць і ззяць сваёй прыгажосцю! Пры гэтым у касцюме кожнай майстрыхі была нейкая ўнікальная, прыдуманая ёю модная дэталь. Праз дзясяткі гадоў ты бачыш яе касцюм і дзівішся фантазіі і майстэрству аўтара.

Сённяшнія модніцы часта падчас экскурсіі спыняюцца каля Неглюбскага строю і вока не могуць адвесці ад шыйнага ўпрыгожвання з пацерак «гарлячкі». Такую насілі толькі ў Няглюбцы.
Шыйныя ўпрыгожванні — яшчэ адна таямніца беларускага касцюма.

У альбоме Раманюка, напрыклад, можна звярнуць увагу не толькі на шыйныя ўпрыгожанні, але і на джгуты ды вяровачкі…. Той жа сподні крыж у розных мясцовасцях насілі па-рознаму. У Неглюбцы і Маларыце — па-над касцюмам. У экспазіцыі ўсяго дзве пары аўтэнтычных народных караляў са шкла і каменя. Яны прыехалі на выстаўку з Музея народнага побыту і архітэктуры ў Строчыцах.

Падняпроўе — па-свойму ўнікальны этнаграфічны рэгіён, што абумоўлена ў тым ліку і блізкім знаходжаннем яго да некаторых абласцей Расіі і Украіны. Асабліва гэта выявілася ў жаночым гарнітуры, у якім у пачатку ХХ ст. існавалі розныя комплексы, якія адрозніваліся ў асноўным відамі паяснога адзення: з андаракам, са спадніцай-андаракам, з андаракам, пашытым з безрукаўкай. У галаўных уборах тут пераважаюць хусткі.

У экспазіцыітаксама можна ўбачыць і вытрымкі з альбома «Беларускі арнамент Палесся» 1957 года Леаніда Баразны. Даследчык ствараў яго, калі ездзіў у экспедыцыі і фіксаваў свае знаходкі з першых вуснаў на паперы-міліметроўцы. Сёння гэта вельмі дапамагае вучоным і музейшчыкам у рабоце па рэканструкцыі касцюмаў мінулага. Побач размешчаны аўтэнтычныя ўзоры тканін, з якіх шылі андаракі. А калі крыху памяняць курс, то заўважыце адзенне з зімовых вобразаў.
Напрыклад, зімовыя паліто, у якіх калядаваць прыходзілі, прычым адразу можна прасачыць, як мяняўся крой ад класічных мадэляў да модных куртак.

Дарэчы, у зборы Музея старажытнабеларускай культуры і Музея архітэктуры і побыту куратары адшукалі элементы дзіцячага касцюма — а гэта вялікая рэдкасць.

Выстаўка ў музеі будзе працаваць да сярэдзіны снежня. На ёй вы зможаце не толькі пазнаёміцца з асаблівасцямі народнага касцюма, але і па-іншаму раскрыць вобраз беларускай жанчыны, ну і, вядома, майстрыцы. Насамрэч, гэта праца была вельмі трудаёмкай і складанай, трэба было мець шмат фантазіі і жадання, каб ствараць такія ўнікальныя рэчы. Безумоўна, усе апісаныя факты заслугоўваюць увагі і магчымасці захавацца ў свядомасці гледача.

Беларускія ручнікі. Сюжэтнасць і адметнасці рэгіянальнага ткацтва

Адгадаць з падарункам, прыгатаваць сняданак, звадзіць на рамантычную вячэру – і пры гэтым ні ў якім разе не змарыцца на палове дарогі і не паказаць сваю стомленасць або дрэнны настрой...
Спіс патрабаванняў да мужчыны на 8 Сакавіка велізарны. Напружанне – параўнальнае са здачай экзамену на ступень магістра.
Нервавацца з нагоды святочнай падзеі пачынаюць і жанчыны: «Павіншуе ці не? Што падорыць? Як менавіта прадэманструе свае пачуцці?». Не дзіўна, што менавіта ў гэтыя святочныя дні на жаночых форумах мільгаюць слёзы і крыўды, аповеды пра тое, як усё павінна было быць і якое расчараванне атрымалася ў выніку.
Замест прыемнага вясновага дня свята рызыкуе ператварыцца ў поле бою для высвятлення адносінаў і падлікаў таго, хто для каго больш стараецца. Усё гэта прыводзіць да таго, што многія вырашаюць наогул выкрасліць «23 лютага» і «8 Сакавіка» з катэгорыі «свята».
Ці важна для мужчын адзначаць Дзень жанчын? Адчуваюць яны радасць ад гэтага свята ці толькі суцэльную павіннасць? Як мужчыны рыхтуюцца да гэтага дня і ці лёгка ім выбіраць падарункі? Як правесці гэты дзень максімальна прыемна для дваіх?

Пра гэта разважаюць нашы эксперты:
Відэа – Святлана Стахоўская, Генадзь Сукач.

5 сакавіка 2026 года спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння выдатнага класіка беларускай літаратуры, драматурга, сатырыка, лінгвіста і перакладчыка Кандрата Крапівы.
Яго жыццё, багатая падзеямі і поўная творчых пошукаў, пакінула глыбокі след у культуры Беларусі.
Кандрат Атраховіч, вядомы ўсяму свету пад псеўданімам Кандрат Крапіва, нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў сялянскай сям'і ў вёсцы Нізкі. З ранніх гадоў ён выяўляў цягу да ведаў, атрымаўшы пачатковую адукацыю ў царкоўнапрыходскай школе, а затым працягнуўшы вучобу ва Уздзенскім народным вучылішчы затым у гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах.
Дарэчы, менавіта, у чатырохкласным гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах аднакласнікам Кандрата стаў Іосіф Міцкевіч. Малодшы брат Язэпа, Канстанцін Міцкевіч, вядомы нам пад псеўданімам Якуб Колас.
На перапынках Іосіф чытаў вершы малодшага брата, чым вельмі ўразіў аднакласніка. Можа быць, дзякуючы пачутаму і з'явіўся новы беларускі паэт? Бо спачатку Атраховіч захапляўся Лермантавым і быў упэўнены, што паэзія — гэта запар «сусветная туга», пачынаў пісаць на рускай мове. Кандрат і Іосіф сябравалі, вялі перапіску нават праз сем дзясяткаў гадоў. І, як пацвярджаюць землякі, у пасляваенны час знакаміты байкапісец не раз наведваў былога аднакласніка ў Стоўбцах.
Затым Кандрат адвучыўся ў гарадскім вучылішчы ў Койданава (сёння — Дзяржынск). Экстэрнам здаўшы экзамены на званне народнага настаўніка. У 18 гадоў ён пачаў педагагічную дзейнасць.
Першая Прафесія Кандрата Атраховіча - народны настаўнік. Юнага настаўніка адправілі ў народную земскую школу ў вёску Мнішэна. Паспеў год адпрацаваць, а ў 1914-м пачалася вайна... Аднак да прафесіі вяртаўся. Калі ў 1924 годзе працаваў настаўнікам у Астраўцы, сябры–пісьменнікі па «Маладняку» нават пачалі хвалявацца, каб прыяцель не «заглух» у вёсцы, а то нешта захапіўся працай, стаў радзей публікаваць вершы. Агітавалі пераехаць у Менск, прапаноўвалі ўладкаваць на працу.
— Настаўнікам Крапіва быў па прызванні, - лічыць унучка класіка Алена Атраховіч. — Ва ўніверсітэце ён жа скончыў педфак. Сваё крэда сфармуляваў так: «Мною валадала не» сусветная туга», а жаданне вярнуцца ў жыццё i тое – сёе ў ім паправіць".
На магільнай пліце класіка на Усходніх могілках Мінска выбіты гэты дэвіз. Сапраўды, умяшаўся і паправіў і ў навуцы, і ў літаратуры. І ў сям'і таксама любіў кіраваць, адказваў за ўсе важныя сямейныя справы. Праўнучку Варвару вучыў чытаць, з іх гульняў са словамі нават кніга атрымалася — «Загадкi дзеда Кандрата».
Шлях Крапівы быў цесна звязаны з гістарычнымі падзеямі таго часу.
Вось з першага вядомага здымка Кандрата Атраховіча на нас засяроджана глядзіць малады салдат у пакамячанай шынялі, мабыць, толькі што выдадзенай. Гэта 1916 год. Маладога настаўніка мабілізавалі па месцы працы, у Мнішэна. Як чалавека адукаванага адправілі ў гатчынскую школу прапаршчыкаў.
Скончыў гэтую школу ў пачатку 1916 года. Атрымаў малодшы афіцэрскі чын, і цяпер па статусе да яго павінны былі звяртацца «ваша высакароднасць», хоць быў такім жа селянінам, як яго салдаты. Навучаў апалчэнцаў у Асташкаве, якое паміж Санкт–Пецярбургам і Масквой, а ўвосень 1916–га адправілі на Румынскі фронт. Там зведаў усе нягоды вайны.
Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся да настаўніцкай дзейнасці, але зноў быў прызваны ў армію, дзе служыў камандзірам да 1923 года. Паралельна з ваеннай службай і выкладаннем, Крапіва атрымаў вышэйшую педагагічную адукацыю ў БДУ, скончыўшы яго ў 1930 годзе.
Даслужыўся Кандрат Крапіва, дарэчы, да чыну паручніка, пры шаблі, пры залатых пагонах. А затым былому афіцэру з сялян давялося паваяваць і ў Чырвонай Арміі.
У 1946 годзе Кандрат Крапіва ўдзельнічаў у складзе дэлегацыі БССР у працы 1–й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Гэта была гістарычная падзея. Беларусь стала адной з краін — заснавальніц ААН. Па ініцыятыве БССР на сесіі была прынята адна з першых рэзалюцый - аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў. Кандрат Крапіва апублікаваў рэпартаж са сцен Вэстмінстэра.
У мемуарных «Запіскі Савецкага дыпламата» кіраўнік дэлегацыі, народны камісар замежных спраў БССР Кузьма Кісялёў распавядае, што 9 студзеня 1946 года англійскі кароль Георг VI зладзіў у Сент – Джэймскім палацы абед у гонар удзельнікаў першай сесіі Генеральнай Асамблеі. І камісару прыйшлося згодна этыкету заказваць цыліндр, фрак, лакаваныя чаравікі. Падобна на тое, фарсіў у фраку і Кандрат Крапіва.
Кандрат Крапіва ў складзе беларускай дэлегацыі на 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
Творчы шлях Кандрата Крапівы пачаўся з эпіграм, якія ён пісаў яшчэ ў вучылішчы. Яго востры назіральны погляд і ўменне дакладна прыкмячаць чалавечыя недахопы знайшлі сваё адлюстраванне ў сатырычных творах. Ён пісаў вершы, байкі, фельетоны, а пазней – і п'есы. У сярэдзіне 1920-х гадоў выйшлі яго першыя зборнікі «Асцюкі» і «Крапіва».
Асаблівае месца ў творчасці Крапівы займала сатыра. Ён валодаў унікальным талентам высмейваць заганы грамадства, пры гэтым яго творы часта мелі дваісты характар, спалучаючы ў сабе вастрыню і глыбокі сэнс. Яго п'есы, такія як «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці», «Зацікаўленая асоба», сталі класікай беларускай драматургіі і да гэтага часу ставяцца на сцэнах тэатраў.
Да жанру байкі Кандрат Крапіва звярнуўся рана — у 1922 годзе. У 1927 г. творы выйшлі асобнай кніжкай, зборнік так і называўся — «Байкі».
І ўжо тады пра Крапіву загаварылі не толькі як пра таленавітага, надзвычай адоранага байкапісца, але і як пра аўтара самабытных, менавіта беларускіх твораў. Максімальна набліжаючы праблематыку байкі да рэальнага жыцця, да канкрэтных падзей, Кандрат Крапіва само дзеянне твора пераносіў у беларускую рэчаіснасць, найчасцей у вёску, у сялянскі побыт і звязаныя з ім абставіны. І сюжэты баек ён чэрпае якраз з гэтых карцін — у большасці выпадкаў з самога жыцця ці з народнай творчасці, асабліва з прыказак.
Кандрат Крапіва ўзняў беларускую байку на вельмі высокі ўзровень. Вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў яго творы ў гэтым жанры высяцца самымі зіхатлівымі вяршынямі.
У сваю чаргу, байка зрабіла пісьменніка ўсенародна вядомым і прызнаным. Байка стала нязменнай спадарожніцай і саюзніцай усяго творчага жыцця пісьменніка. Да яе моцнай, выпрабаванай зброі ён звяртаўся ва ўсе перыяды сваёй літаратурнай працы.
Лепшыя байкі Кандрата Крапівы перажылі свой час. Кандрат Крапіва асабліва плённа працаваў у жанры байкі з сярэдзіны 1920-х гадоў. Ён стварыў у беларускай літаратуры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Выразнасці маўлення Крапіва дасягае ўжываннем разгорнутых метафар, стварэннем метафарычнага кантэксту на аснове папярэдняга параўнання (байка «Жаба ў каляіне») ці на вобразнай аснове фразеалагізма.

Кандрат Крапіва быў не толькі пісьменнікам, але і актыўным грамадскім дзеячам і выбітным навукоўцам-лінгвістам.
Ён працаваў рэдактарам літаратурных часопісаў, выступаў за чысціню і развіццё беларускай мовы.
У пасляваенныя гады ён займаў кіруючыя пасады ў Акадэміі навук БССР, быў віцэ-прэзідэнтам і ўнёс неацэнны ўклад у распрацоўку слоўнікаў беларускай мовы.
Творчасць Крапівы ахоплівае шырокі спектр жанраў. Ён займаўся перакладчыцкай дзейнасцю, пераклаўшы на беларускую мову творы Шэкспіра, Пушкіна, Гогаля і многіх іншых. Адзіны раман пісьменніка,» Мядзведзь", адрозніваецца ад яго іншых прац трагічным матывам.
На працягу ўсяго свайго жыцця пісьменнік быў удастоены мноства ўзнагарод, уключаючы дзве сталінскія прэміі СССР, Дзяржаўную прэмію СССР і Дзяржаўную прэмію БССР ім. Янкі Купалы. Ён быў Героем Сацыялістычнай Працы і ўладальнікам шматлікіх ордэнаў.
Кандрат Крапіва памёр 7 студзеня 1991 года, але яго спадчына працягвае жыць. Яго імя носяць вуліцы, школы і навуковыя ўстановы. А фраза, напісаная на яго магіле: «Мною валодала… жаданне ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім паправіць», – як нельга лепш адлюстроўвае яго жыццёвую пазіцыю і творчае крэда.
У 1983 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» быў зняты фільм, прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка – «Кандрат Крапіва».
Як гучыць беларускае слова ў дзіцячых кнігах? Разглядаем «Кніжную паліцу» Алены Масла

Пра пару, калі зіма павінна саступіць месца вясне, у народзе гаварылі: «Люты вады падпусціць, а сакавік падбярэ». Аднак давярацца лагоднасці першага веснавога месяца было б неабачліва, паколькі зіма ў гэты час яшчэ не здалася. Таму невыпадкова ў народзе казалі: «Марац кусае за палец».
Калі зямля ў пачатку месяца вызвалялася ад снежнага покрыва і агаляла азіміну ў той час, як прыціскалі маразы, селянін мог разлічваць на небагаты ўраджай. Птушкі пачыналі віць свае гнёзды на сонечным баку – да халоднага лета.
Сучасная беларуская назва трэцяга месяца года і першага месяца вясны паходзіць ад слова «сок». У гэтую пару сок пачынае цячы з дрэў.
Як беларусы сустракалі сакавік, якія святы і традыцыі шанавалі, пра што клапаціліся ў гэтым месяцы, давайце даведаемся разам.

Раней лічылі, што гэта адзін з самых складаных дзён у годзе. Таму трэба было «адкупляцца» ад хвароб і няшчасця. Кепскай прыкметай лічылася падняць нешта з зямлі ў гэты дзень: на дарозе, на могілках, на скрыжаваннях.
Некалі з 1 сакавіка пачынаўся Новы год, і яшчэ ў ХIХ стагоддзі ў некаторых мясцінах захоўваўся звычай не працаваць у гэты дзень.
Продкі казалі, што ў гэты дзень Ярыла з сахой-бараной ходзіць. Таму саху і барану ў двор выцягвалі, каб праверыць, ці гатовыя яны да веснавога прыпару. Казалі, што народжаны ў гэты дзень не сядзеў склаўшы рукі, ён добра ведаў, як трымацца за сошку, як за бараной хадзіць.
2 сакавіка ў даўнейшыя часы людзі асабліва назіралі за небам: калі аблокі плывуць хутка і высока, значыць, будзе добрае надвор'е.
На Архіпа жанчынам належала цэлы дзень правесці на кухні. Нашы продкі лічылі, што чым больш яны нагатуюць усякай ежы, тым багацей будзе хата. Таксама ў гэты дзень у вёсках пяклі аўсянічкі – піражкі з аўсянай мукі. Так людзі шанавалі птушачку аўсянку – звястунку хуткага цяпла.
Нашы продкі лічылі, што з гэтага дня можна пачынаць рыбалоўны сезон. Была такая прыкмета: калі ўвечары маленькія зоркі бачныя не надта ярка або мігцяць, значыць, быць ветру.
Нашы продкі верылі, калі хто захварэе ў гэты дзень, то хвароба будзе доўгай і цяжкай. Лічылася, што 4 сакавіка патрэбна дзяліцца хлебам з суседзямі, з сіротамі і ўдовамі: «не будзь госцю скупы, а будзь яму рады».
Даўней была такая прыкмета: калі ў гэты дзень было сонечнае надвор'е, старыя выходзілі на прызбу, грэліся на сонейку, смешныя гісторыі ды казкі ўспаміналі.
У даўнія часы бабулі пяклі ў гэты дзень абрадавае печыва, якое называлася какуркі (гэта круглыя калабкі на сметанковым масле). Калі ў гэты дзень сяляне спрабавалі ўзяць у каваля агонь з горна, то каваль ні агню, ні вуголляў з кузні не даваў, каб кузня не астыла.
Былі такія прыкметы раней: калі гракі і галкі спачатку высока ўзлятаюць, а затым стралой спускаюцца да зямлі, значыць, яшчэ быць снегу.

Гэты дзень у народзе называўся Цімафей-веснавей. Па Цімафею вясну глядзелі: які Цімафей – такая і вясна. Народжанаму ў гэты дзень – лёс клапаціцца і рупіцца аб сваіх бацьках. На яго плечы выпадаў ганаровы абавязак – не пакідаць старых і хворых.
У гэты дзень, лічылі нашы продкі, трэба было абавязкова напячы бліноў. У іх дадавалі жменю апошняга намалочанага збожжа як падзяку за ўраджай мінулага году.
Калі даўней яшчэ ляжаў снег, то нашы продкі ў гэты дзень яго аглядалі: снег шурпаты – да ўраджаю, гладкі – да неўраджаю.
У даўнія часы ў гэты дзень часта здараліся завеі і маразы. Казалі, што зіма часова вяртаецца ў свае ўладанні.
Былі такія прыкметы: густы туман 8 сакавіка – лета будзе непагодлівым; гучна спяваюць сініцы – неўзабаве ўсталюецца цёплае надвор'е.
Гэты дзень нашы продкі называлі «Паўраценне». Гэту назву тлумачылі тым, што мядзведзь у бярлозе ў гэты дзень паварочваецца на другі бок. У гэты дзень сяляне назіралі за паводзінамі птушак: «на Паўраценне птушка завівае гняздо, а пералётная ляціць з выраю».
Яшчэ былі прыкметы: калі рожкі месяца вострыя, значыць, будзе моцны вецер.
Тарасій-кумашнік забараняе з гэтага часу спаць днём, інакш нападзе кумоха, гэта значыць ліхаманка. «Хоць па сценцы хадзі, а днём спаць не кладзіся». У нашых продкаў было павер'е аб кумосе – нячыстай сіле, якая па першым вясновым сонейку спрабавала ўхапіць сыты кавалачак ад добрага здароўя чалавека.
Нашы продкі лічылі, што 10 сакавіка павінны прыляцець гракі. Калі так здарыцца, то праз месяц растане ўвесь снег. А яшчэ лічылі: калі хатнія жывёлы чхаюць, значыць, пацяплее.

У даўнейшыя часы людзі ў гэты дзень аналізавалі прыродныя з'явы і спрабавалі прадказаць надвор'е на бліжэйшы час. Таксама хадзілі на рыбалку, разлічваючы на добры клёў. Лічылася, што яшчэ не час спяшацца пачынаць палявыя працы – могуць ударыць маразы.
Раней былі такія прыкметы на 11 сакавіка: куры капаюць снег – да пацяплення, а рыпанне дзвярэй і завесаў – да непагадзі.
Сёлета 11 сакавіка ў славян пачынаецца тыдзень Масленіцы.
Дзень называўся «Пракоп-дарогабурыльнік». Раней казалі так: «Пракоп санкавы шлях бурыць». Нельга было ў гэты дзень выязджаць з хаты, не прыклаўшы вуха да зямлі. Нашы продкі хацелі спачатку пераканацца: ці надзейная снегавая дарога. І толькі пасля гэтага займаліся гаспадарскімі справамі. Народжанаму ў гэты дзень наказвалі не спяшацца, з розумам за справы брацца.
Была такая прыкмета: калі вераб'і корпаюцца ва ўласным пер'і, значыць, быць пацяпленню. Асабліва добра, калі яны гэта робяць пад дахам хаты.
Раней лічылася, што менавіта ў гэты дзень заўсёды бывае адліга. «На Васіля-капельніка са стрэх капае». Прасці лён і пяньку нельга таму, што, маўляў, можна «адслініць замураваную зіму», у выніку чаго зноў надыдуць халады.
У нашых продкаў была такая прыкмета: калі сабака доўга адмаўляўся ад ежы ці быў млявым, а ў гэты дзень аджыў, значыць, адчувае, што хутка будзе цёпла.
Нашы продкі называлі гэты дзень Аўдоцця-вясноўка. Лічылася вялікім святам. У вёсках у гэты дзень дзяўчыны і дзеці пачыналі «гукаць вясну», для гэтага залазілі на дахі будынкаў або збіраліся на пагорках і выкрыквалі вяснянкі. Хлопцы збіралі з усёй вёскі розную старызну і распальвалі вогнішча.
У даўнія часы была такая прыкмета: калі прылятаюць гракі, значыць, лета будзе мокрым і сырым.
Мяцеліца ў гэты дзень падавала селяніну знак на няўдалы сенакос улетку: «На Фядота занос – усё сена знясе». У гэты дзень чакалася апошняя адліга. Вецер на Фядота то дах з хлява сарве, то вогнішча разверне.
На гэты дзень была такая прыкмета: калі гусі змазваюць пёры, чысцяць іх – быць дрэннаму, дажджліваму надвор'ю.

У нашых продкаў быў такі абрад: сяляне праходзілі поле крыж-накрыж. Гэтым яны нагадвалі сонцу, што няма калі адпачываць, трэба, маўляў, адталай вадой поле паіць. Народжаны ў гэты дзень славіўся знаўцам шляхоў – яго са шляху не звярнуць, у цёмным лесе яму не заблукаць.
У сакавіку, 16 дня, калі певень крычыць звонка і задзірыста, значыць, лета будзе цёплым.
Даўней гэты дзень называлі Герасім гракоўнік – дзень прылёту гракоў. Нашы продкі пяклі хлябы ў выглядзе птушак. Былі такія прыкметы: гракі сядзяць ужо ў гнёздах – на добрую вясну, калі зусім іх не відаць – вясна будзе халодная; гракі крычаць – будзе дождж.
Таксама сёлета 17 сакавіка славяне адзначаюць провады Масленіцы.
У гэты дзень, памаліўшыся ранкам, гаспадары ішлі да жывёл, выводзілі іх у двор, а самі выносілі гной: «гной таптаць – усякі цяжар у нагах збываць». Нашы продкі настойвалі: нават калі на Конана-агародніка на дварэ зіма – усё адно пачынай араць агарод, тады гародніны будзе шмат.
У нашых продкаў былі такія прыкметы: калі надвор'е сонечнае, летам не будзе граду; пасля сённяшняга дня будзе яшчэ 40 ранішніх прымаразкаў; калі пачаць сёння працаваць на агародзе, то гародніна добра ўродзіць.
Нашы продкі называлі гэты дзень Кастусёвы кругі, або Дар'я Брудныя Палонкі. «На Дар'ю палонкі каламуцяцца». У гэты дзень бабы і мужыкі абыходзілі студні кругамі, каб калодзежная вада была салодкая і чыстая і дапамагала ад усіх хвароб. З гэтага дня пачыналі бяліць палотны.
З 19 сакавіка чакаўся прылёт буслоў. Нашы продкі прыкмецілі: «Калі вясновая вада на Дар'ю ідзе з шумам – трава добрая будзе, а калі ціха – дрэнная».
З Васіля вясна ідзе – лічылі нашы продкі. У старыя часы з гэтага дня пачынаў актыўна раставаць снег. Але маразы яшчэ маглі вярнуцца, таму людзі казалі так: «З дахаў капае, а за нос цапае».
Былі такія прыкметы: калі прыляцелі 20 сакавіка практычна ўсе птушкі – чакай багатага ўраджаю хлеба; калі ў гэты дзень раптам будзе мароз, то наперадзе яшчэ 40 маразоў; калі дзень пахмурны, то ў бліжэйшыя дні ізноў пахаладае.

Дзень вясновага раўнадзенства – нашы продкі лічылі, што з гэтага моманту пачынаецца вясна, новы год.
У даўнейшыя часы былі такія прыкметы: калі аблокі высока і плывуць хутка – да добрага надвор'я; калі жаўрукі прыляцелі – вясенняе цяпло будзе раннім.
У гэты дзень адзначалі Саракі. Многія лічаць, што гэта самае старажытнае свята сустрэчы новага года па сонечным календары, якое захавалася да нашага часу. Прынята было выпякаць булачкі ў форме птушачак – жаўрукі. Дзеці насілі іх у поле, насоўвалі на вілы і клікалі вясну, звяртаючыся да «жаўрука»: «На табе зіму, а нам лета! На табе санкі, а нам калёсы!». Таксама выпечанае крышылі на зямлі, каб прыцягнуць птушак.
З даўніх часоў дайшло павер'е, што «Васіліса ў гэты дзень па высокіх грудах ходзіць і вясновую ваду ад хат, ад гумнаў ды ад скляпоў адводзіць». Казалі, што людзі, народжаныя ў гэты дзень, асаблівыя: баявыя, звонкія, але характарам няпростыя, як і вясновыя воды.
У нашых продкаў былі такія прыкметы на 23 сакавіка: сінія аблокі плывуць па небе – будзе дождж і цёплае надвор'е; стаіць туман – будзе добры ўраджай; моцныя вятры – год будзе галоўным.
Нашы продкі называлі гэты дзень Зара-зязюля. Верылі, што сёння можна ўбачыць, як зара гарыць, зязюляй па галінках дрэў лётае. Народжанаму 24 сакавіка выпадае быць моцным, напорыстым, жыццё яго – зарой гарыць, ён сваімі планамі жыве.
Нашы продкі лічылі, што з гэтага дня пачынаецца рух бярозавіка. У гэты дзень пачыналі працаваць у садзе.
Раней казалі: «Феафан наганяе туман». На тых палях, дзе туман асабліва густы, лічылася, што вырасце высокі лён. Таксама прываблівалі птушак да родных хат, да град ільняным ды канапляным насеннем.
У гэты дзень трэба было вельмі пільна даглядаць коней, нельга было, каб яны заставаліся галоднымі. Кепскай прыкметай было пасварыцца сёння – увесь год няшчасце будзе. Незамужнім дзяўчатам забаранялася ламаць галіны бярозы, бо суджанага не сустрэнуць. Таксама продкі лічылі, што лепей 25 сакавіка не пазычаць рэчы, бо кепскія людзі могуць сурочыць, з той самай прычыны нельга было нічога бясплатна браць.

З гэтага дня пачынаецца Міжблагавешчанне (ад 26 сакавіка да 7 красавіка). Нашы продкі лічылі, што ў гэты час трэба быць асцярожным, каб не наклікаць ваўкоў на статак кароў. Таксама лічылі, што ў гэты дзень лепей не хадзіць у лес, а вось рыбалка сёння ўдалая.
У даўнія часы былі такія прыкметы на сёння: калі прыляцелі гусі – будзе ўраджай; жаўрукі – хутка пацяплее; стаіць туман – лета будзе дажджлівым.
27 сакавіка
Раней гэты дзень называлі Хведар-жывёлавод. Гаспадары ў гэты дзень выводзілі жывёлу ў двор, чысцілі яе, ветрылі хлявы, выкідвалі гной. «Бяры венік – ідзі да цяляці. Бяры дзяркач – каровін бок паскрабі!» Таксама спяшаліся звезці ў двор рэшту сена і саломы, якія захоўваліся з летняй пары ў стагах.
Нашы продкі лічылі, што мароз у гэты дзень азначае, што халодна будзе цэлы тыдзень; грыміць гром – год будзе ўраджайны. Некаторыя лічылі, што сёння нельга глядзецца ў люстэрка, а таксама калоць дровы.
Па-старадаўняму гэты дзень завецца ляснічым. Нашы продкі жылі ў адзінстве з лесам, з яго жывёламі. «Да лесу – з мірам, і лес – з дабрынёй». Народжанаму ў гэты дзень прадракалі быць надзейным лесніком з моцным, як у звера, слыхам. На Аляксандра, лічылі старыя людзі, прылятаюць першыя чайкі.
Даўней 28 сакавіка былі такія прыкметы: калі чайкі купаюцца, будзе халодна; калі вераб'і расчырыкаліся – пацяплее.
Раней у гэты дзень пачыналі рыхтаваць вазы, таму што «прыйшла пара каню цягнуць воз са двара». Казалі: «На Савіна санкі пакінь, калёсы пасунь».
Нашы продкі лічылі гэты дзень днём рыбака. Трэба было напрасці нітак і сплесці з іх сетку, існавала перакананне, што такая прылада будзе лавіць шмат рыбы.
Аляксей лічыцца цёплым днём і з ім звязана нямала народных прыкмет. «На Ляксея вол павінен з лужы напіцца». «На Аляксея лёд такі слабы, што і рыба хвастом разаб'е». У гэты дзень пілі святочнае пітво – мядова-бярозавы адвар. Чакалі таксама прылёту жураўлёў ці буслоў.
31 сакавіка Старыя людзі лічылі, што ў апошні дзень сакавіка бруд прыліпае да адзежы тых людзей, чые намеры не досыць чыстыя. Лічылася, што надвор'е ў гэты дзень непрадказальнае – пасля вясенняй адлігі маглі ўдарыць маразы, хоць і невялікія.
Нашы продкі верылі, што ў гэты дзень непажадана выязджаць з дому, нельга хадзіць у госці, бо можна згубіць сваю ўдачу. Таксама лічылі, што калі 31 сакавіка зацвіце падбел, вельмі хутка стане цёпла.
Як прынята праводзіць Масленічны тыдзень? Гісторыя і традыцыі свята
One fine body…