
На сённяшні дзень зусім сціплы працэнт людзей у гісторыі можа пахваліцца ўзростам, які перасягнуў адзнаку ў 100 гадоў, а тым больш, пасля гэтага пражыць яшчэ некалькі гадоў мала каму ўдаецца. Аднак такія прыклады існуюць.
Па статыстыцы, сярэдняя працягласць жыцця па свеце складае 72 гады. Лідарам па колькасці доўгажыхароў ужо многія гады з'яўляецца Японія — там у сярэднім людзі жывуць 84,3 гады. Менавіта японцы час ад часу папаўняюць Кнігу рэкордаў Гінэса па колькасці пражытых гадоў. Сярод іншых краін, дзе людзі жывуць даўжэй за ўсё — Швейцарыя (83.4 гады) і Паўднёвая Карэя (83,3 гады).
Паводле кнігі рэкордаў Гінэса, мяжу чалавечага жыцця паказала жыхарка Францыі Жана Луіза Кальман, якая нарадзілася 21 лютага 1875 года і памерла 4 жніўня 1997 года. Яна пражыла 122 гады і 164 дні.

Жана вяла актыўны лад жыцця: займалася плаваннем, гуляла ў тэніс, каталася на роліках і ездзіла на ровары да 100 гадоў. Ва ўзросце 85 гадоў яна захапілася фехтаваннем. Як прызнавалася францужанка, яна амаль не ўжывала алкаголь, затое любіла прысмакі.
Ва ўзросце 110 гадоў яна пераехала жыць у дом састарэлых. А ва ўзросце 114 гадоў Жана знялася ў фільме пра Ван Гога ў ролі самой сябе, стаўшы найстарэйшай кінаактрысай у гісторыі. Афіцыйна гэты рэкорд доўгажыхарства да гэтага часу не пабіты.
Японскі доўгажыхар Сігэціо Ідзумі лічыцца самым пажылым мужчынам у свеце, ён пражыў 120 гадоў і 237 дзён. Пасведчанне аб нараджэнні Ідзумі захавалася, і яно з'яўляецца дакументальным пацвярджэннем таго, што ён сапраўды быў самым пажылым мужчынам у гісторыі, узрост якога дакладна вядомы. Ідзумі працаваў да 105 гадоў настаўнікам у школе. Ва ўзросце каля 100 гадоў пахаваў 90-гадовую жонку. Сваё даўгалецце Ідзумі тлумачыў дабратворным уплывам Буды, Сонца і Вады.
Сара Кнаўс - амерыканская доўгажыхарка, найстарэйшая верыфікаваная грамадзянка ЗША. Яна пражыла 119 гадоў і 97 дзён. Сара любіла глядзець бейсбол, атрымліваць асалоду ад шакаладу і казала, што галоўнае ў жыцці - не злавацца па дробязях. Стрэс, на яе думку, "з'ядае" гады.

У 2025 годзе самымі пажылымі жывымі людзьмі з'яўляліся жанчыны з Іспаніі, Японіі і Бразіліі. Гэта іспанка Марыя Браўнас, год таму ёй было 117 гадоў. Вядома сваёй любоўю да музыкі і сонечных вандровак. Японка Фасуа Тацумі нарадзілася 25 красавіка 1909 года. У маладосці працавала ў сельскай гаспадарцы. Сёння аддае перавагу праводзіць дні за размовамі з персаналам і сям'ёй. Іна Канабара Лукас (Бразілія) нарадзілася 8 чэрвеня 1909 года. Усё жыццё пражыла ў сельскай мясцовасці. Выхавала некалькіх дзяцей, у старасці аддае перавагу слухаць радыё і піць каву.
Марыя Браўнас
Звесткі пра доўгажыхароў сустракаюцца ў дарэвалюцыйнай літаратуры, асабліва ў перыёдыцы 19 – пачатку 20 стагоддзяў. У выданні “Журнал Министерства внутренних дел” за 1839 год, які выходзіў у Санкт-Пецярбургу, гаварылася, што ў Цяльшайскім павеце Віленскай губерніі памёр селянін Міхаіл Кяўлейкіс, якому было 137 гадоў. У 19 гадоў ён ажаніўся і меў шмат дзяцей, але ў жывых засталася толькі адна старая дачка Ганна. Да апошняй хвіліны жыцця ён меў здаровы розум. Толькі за некалькі гадоў да смерці пачаў адчуваць слабасць здароўя і зроку. Ніколі моцна не хварэў, займаўся паляваннем. Мяса еў зрэдку, часцей рыбу. Гарэлку таксама піў зрэдку.
У 1841 годзе гэтае ж выданне паведаміла пра смерць ва Уладзімірскай губерні аднадворца Марціяна Фядотава, якому было 120 гадоў. Да канца жыцця ён захоўваў фізічныя сілы і разумовыя здольнасці.
У 1890 годзе газета “Минские губернские ведомости” пісала, што ў Самары памерла мяшчанка А. Т. Прыгункова ва ўзросце 125 год. Яе малодшаму сыну было 98 гадоў. Мела 10 унукаў і праўнукаў.
Шэраг паведамленняў такога кшталту прывёў беларускі этнограф К.Ц. Анікіевіч у сваёй кніжцы, прысвечанай апісанню Сенненскага павета Магілёўскай губерніі, якая выйшла ў 1907 годзе. Аўтар гаворыць пра старажыла, які жыў у г. Сянно разам з сынам і меў на той момант 104 гады. Раней ён працаваў кандытарам, потым памочнікам эканома. Ажанаўся ў 56 гадоў. Тытуню не курыў, а гарэлку пачаў піць толькі ў 98 гадоў. У жыцці яго нішто асабліва не турбавала, ніколі не ведаў зубнога болю. Штотыдзень хадзіў у лазню і любіў папарыцца. Меў добры апетыт, але еў вельмі павольна. У свае 104 гады мог падняць 5 – 6 пудоў.
У літаратуры ёсць паведамленне пра 130-гадовага жыхара вёскі Дамбрэжыцы (Домжарыцы), цяпер на тэрыторыі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Ён вельмі любіў расказваць пра мясцовы цудатворны абраз.
Паводле газеты “Наша ніва”, у 1908 годзе ў вёсцы Мажэйкі Кобрынскага павета (цяпер на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) жыў Сцяпан Кабец, якому было 111 гадоў. Ён быў моцным чалавекам, і яго абралі апекуном царквы. Старажыл любіў згадваць, як ён размаўляў з царом Аляксандрам І.
Матэрыялы пра доўгажыхароў ёсць і сярод архіўных матэрыялаў, асабліва сярод дакументаў губернскіх урачэбных упраў. Так, ёсць паведамленне, што ў Мікалаеўскай воласці Дзісненскага павета Віленскай губерні памерла ў 101 год ад запалення лёгкіх Агафія Ісаеўна Сіцкая. Яна была сярэдняга росту і сярэдняга целаскладу. Тры разы была замужам. Першы раз у 27 год. Ад першых двух шлюбаў у яе было 10 дзяцей, але выжылі трое. У трэцім шлюбе дзяцей не было. Удавой пражыла 20 гадоў. Хварэла рэдка, шмат працавала.
У 1911 годзе Мінскаму паліцмайстру ад начальніка Штаба Віленскай ваеннай акругі прыйшоў запыт даслаць звесткі пра жыхара горада па прозвішчы Шмідт, 137 гадоў ад роду, які з’яўляўся ветэранам Айчыннай вайны 1812 года і меў раненні. Мінскі паліцмайстар адказаў, што азначаны Шмідт ў горадзе ўжо не пражывае, але як бачна з паведамлення ў газеце “Минское слово”, ён цяпер жыве ў Пецярбургу, дзе лічыцца ў роце палацавых грэнадзёраў.
Паводле розных архіўных спісаў пра народанасельніцтва бачна, што ў канцы 19 стагоддзя практычна ў кожнай вёсцы былі адзін-два жыхары ва ўзросце 95 – 100 гадоў.

Паводле звестак намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Марыны Арцёменка, ва ўзросце больш за 90 гадоў у Беларусі пражываюць звыш за 41 тысячу чалавек. А ва ўзросце 100 гадоў і больш – каля 600 чалавек. Прычым, лідарам па доўгажыхарах традыцыйна з'яўляецца Мінск, іх у сталіцы 68 чалавек. Сярод доўгажыхароў практычна 90 % складаюць жанчыны.
На сёння самая ўзроставая жыхарка Беларусі па пашпарце (у ім стаіць адзнака 27 мая 1904 года) Марыя Канановіч. Цяпер доўгажыхарка жыве ў вёсцы Лістапады Валожынскага раёна, ана нарадзілася ў шматдзетнай сям'і ў Смаргонскім раёне. Доўгі час працавала там паляводам у калгасе. У апошні час бабуля пахавала і мужа, і дваіх сваіх сыноў, і ўсіх сясцёр і братоў. А унукаў у жанчыны не было. Засталіся ў яе толькі далёкія сваякі, таму даглядае Марыю Вікенцьеўну сацработнік. На пытанне, у чым сакрэт даўгалецця, Марыя Канановіч адказвае, што ніколі ні з кім не сварылася, заўсёды старалася ў спрэчных сітуацыях згладжваць куты, дзе трэба –саступаць.

Назавём яшчэ некаторых доўгажыхароў, якім, па звестках ад Мінпрацы на студзень 2025 года, было на той час больш за 100 год. Гэта жыхарка Барысаўшчыны Вера Шаткевіч, якая адзначыла тады 102-і год нараджэння. Дарэчы, доўгажыхароў у яе родзе нямала. Напрыклад, маці Веры Максімаўны пражыла 90 гадоў, сёстры і брат пераадолелі 80-гадовую мяжу. Усё жыццё яна прысвяціла медыцыне. Як толькі скончыла медвучылішча, а гэта было падчас вайны, юная выпускніца пайшла ваяваць у партызанскі атрад медсястрой-стралком. А калі адкрылася бальніца ў вёсцы Барань, перайшла туды.

Другая доўгажыхарка Ганна Каранеўская ў студзені 2025 адзначыла свой 102 год нараджэння. Яна таксама нарадзілася ў вёсцы ў шматдзетнай сям'і, рана засталася без бацькоў. Падчас вайны працавала ў шпіталі каля Слоніма – прала перавязачны матэрыял. Пасля вайны Ганна Аляксееўна вярнулася на малую радзіму, дзе стала працаваць у мясцовым калгасе паляводам. Выйшла замуж за мясцовага хлопца і нарадзіла траіх дзяцей. Нажаль, двое з іх памерлі ў маленстве. Цяпер жанчына жыве ў Барысаве з дачкой і зяцем. Але, нягледзячы на ўзрост і перанесеныя выпрабаванні, захавала бадзёрасць духу і цвёрдасць розуму. Доўгажыхарка да гэтага часу на сваіх нагах, можа і каля пліты пастаяць, каб парадаваць родных смачнай стравай.

Сямён Бераснёў нарадзіўся ў 1920 годзе, вучыўся ў Віцебску на механіка, з трэцяга курса быў прызваны ў армію. Пасля палкавой школы 22-гадовы юнак трапіў на фронт пад Наварасійск. Прайшоў праз мноства баёў, быў цяжка паранены, лячыўся, а потым служыў у запасным палку ў Сталінградзе. Баявыя заслугі Сямёна Еўдакімавіча адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга і медалямі. У мірны час ён працаваў на чыгунцы. Прысвяціў стальной магістралі амаль паўстагоддзя, за што носіць званне "Заслужаны работнік транспарту БССР", з’яўляецца ветэранам працы.

Так у чым жа сакрэт доўгага жыцця? – спытаеце вы. З артыкула можна зрабіць высновы, што ўніверсальнага рэцэпту даўгалецця няма. Але можна вылучыць агульныя рысы, уласцівыя доўгажыхарам: актыўны лад жыцця, уменне радавацца дробязям, умеранае харчаванне, штодзённыя пасільныя фізічныя нагрузкі. Галоўны сакрэт схаваны ў жыццёвым рэсурсе, які прырода загадзя ўклала ў пэўнага чалавека.

Пра мінскія Вайсковыя могілкі ў СМІ напісана нямала. У большасці выпадкаў пра іх расказвалі як пра месца апошняга прытулку класікаў беларускай літаратуры, слынных вучоных, педагогаў, музыкантаў, вядомых артыстаў ці знакамітых дактароў. Аднак публікацыі пра ваенную спадчыну гэтага месца сустракаюцца значна радзей. Таму на тэматычную прагулку па могілках мы выбраліся разам з даследчыкам некропаля Юрыем Тамковічам.

Умоўна гісторыю Вайсковых могілак можна падзяліць на некалькі ключавых этапаў: дарэвалюцыйны час, гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама дзесяцігоддзе пасляваваенных пахаванняў.
Старая частка могілак з’явілася ў 1850 годзе як месца пахавання мінскага вайсковага шпіталя і займала адносна невялікую плошчу (як правіла, тут знаходзілі апошні спачын толькі пацыенты і супрацоўнікі ўстановы). Аднак праз дзесяць год у Мінску размясцілі некалькі частак Рускай імператарскай арміі: 119-ы Каломенскі і 120-ы Серпухаўскі пяхотны палкі, а таксама 30-ю артылерыйскую брыгаду. Да канца 19 стагоддзя адведзеная тэрыторыя была запоўнена пахаваннямі, таму неўзабаве некропаль пашырыўся і ў гэты час упершыню пачаў называцца Вайсковымі могілкамі. Юрый Тамковіч гаворыць, што візуальная лінія ірва, які акружаў тэрыторыю пахаванняў і яшчэ стагоддзе таму аддзяляў ваенныя дарэвалюцыйныя магілы ад гарадскіх пахаванняў міжваеннай пары, сёння добра заўважаецца па ландшафце з боку вуліцы Казлова.
Пасля планавага пашырэння ўчастка на могілках сталі хаваць вайскоўцаў Мінскага ваеннага гарнізона. Статус некропаля павысіўся: калі раней у большасці выпадкаў тут хавалі салдат, цяпер месца супакою тут знаходзілі афіцэры, генералы і ваенныя чыноўнікі.
– Вайсковыя могілкі былі месцам суіснавання розных канфесій. Звычайна каталікоў і праваслаўных хавалі асобна, аднак тут можна сустрэць пахаванні прадстаўнікоў розных веравызнанняў, паколькі ваеннае ведамства стаяла асобна ад іншых інстытутаў грамадства. Так, у некропалі можна сустрэць магілы праваслаўных, каталікоў, лютэран і нават старавераў, – тлумачыць даследчык.
У 1896 годе на тэрыторыі могілак пачалі будаваць царкву. Першапачаткова на яе месцы задумвалася капліца, аднак сабраных сродкаў хапіла на храм у гонар Аляксандра Неўскага. Ён стаў своеасаблівым помнікам Аляксандру III, са смерці якога на той час прайшло толькі 4 гады. Храм стаў выконваць функцыі палкавой царквы. Да нашага часу тут захаваліся рэліквіі Каломенскага палка: перанасны ківот-капліца, металёвыя харугвы, напрастольнае Евангелле. Таксама ўнутры храма ўсталяваны дзве мармуровыя пліты з імёнамі воінаў, што загінулі ў руска-турэцкую вайну.

На могілках налічваецца да 60 надмагіляў з дарэвалюцыйнага перыяду. Самае старое з іх належыць Сцяпану Дабрышыну. Далей можна пабачыць помнік генералу Аляксандру Бястужаву і яго жонцы. Зверху каменя ёсць месца, дзе некалі змяшчаўся абраз. Медальён, фрагмент якога застаўся на помніку, лічыцца ўнікальным для Беларусі (іх колькасць абмяжоўваецца некалькімі дзясяткамі па краіне). Для пахаванняў Мінска медальён генерала таксама рэдкі аб’ект (па-сутнасці – адзіны, які захаваўся ў адносна добрай якасці!), паколькі на выяве захаваліся элементы формы Аляксандра Бястужава і подпіс мастачкі – ураджэнкі Віцебшчыны, што працавала ў Варшаве, Юзэфы Радзевіч. Сёння ў нашай краіне вядома ўсяго тры медальёны яе аўтарства.

Помнікі генерал-маёра Васіля Булаева з жонкай выкананы ў адным стылі. Надмагіллі адметныя тым, што зроблены ў Мінску майстрам Ігнаціем Мяхедкам, які жыў на Старажоўскай вуліцы (сёння – вуліца Кісялёва). Даследчыкі гісторыі горада заўважаюць, што пэўны час работы гэтага вытворцы былі папулярнымі, таму на Вайсковых ды іншых могілках захавалася шмат помнікаў з яго сігнатурай.

Пліта з магілы падпалкоўніка Каломенскага палка Аляксандра Дзегцярова прываблівае погляд эпітафіяй, выбітай збоку: «Милый друг, твоя могила / Сколько слез мне принесла, / Сколько горя причинила, / В жизни радость отняла».

Побач з ім пахаваны начальнік 30-й пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнант Эдуард Жыржынскі. Ваенны быў палякам, але зрабіў кар’еру ў рускай арміі. Афіцэр памёр у Баварыі, аднак пахавалі яго на радзіме. Помнік на магіле і сёння звяртае на сябе ўвагу багаццем аздобы і асаблівасцямі афармлення.

Паводле метрычных кніг Серпухаўскага палка, з пахаваных тут больш за 120 вайскоўцаў, ідэнтыфікаванымі засталіся толькі некалькі надмагілляў. Напрыклад, за алтарнай часткай храма знаходзяцца брацкая магіла салдат імператарскай арміі. Нядаўна помнік, які ўсталявалі ў 1990-я гг., быў абноўлены. Цяпер надпіс на камянях сведчыць: «Тут пакояцца воіны рускай імператарскай арміі, якія загінулі пры абароне Айчыны ў 1915 годзе. Супакой, Госпадзі, іх душы».

Таксама ацалелі помнікі прапаршчыка Уладзіміра Каравацкага і капітана Мікалая Рудэнкі, якія загінулі за мяжой, але былі вернуты роднымі ў Мінск. Іх магілы – рэдкія для Мінска пахаванні людзей, што ваявалі на франтах Першай сусветнай вайны.

Юрый Тамковіч кажа, што па матэрыяле помніка, яго форме, шрыфце і месце змяшчэння сігнатуры можна ўстанавіць, рабоце якога майстра выраб належыць.
У дарэвалюцыйны час, напрыклад, адметнасцю подпісаў пра памерлага з’яўлялася пералічэнне яго рангаў («Капітан Каломенскага палка Мардарый Рамуальдавіч Гадыцкі-Цвірко», «Перакопскі ўезны воінскі начальнік падпалкоўнік Сцяпан Абрамаў», «карнет драгунскага Пскоўскага Гасударыні Імператрыцы Марыі Фёдараўны палка Барыс Пляханаў» ды інш.). Нярэдка прысутнічалі кароткія звесткі з біяграфіі (калі нарадзіўся, дзе служыў, у якім узросце памёр, якія ўзнагароды меў) або звароты блізкіх.
Пасля ўсталявання савецкай улады Ваенныя могілкі сталі гарадскімі. Тут пачалі хаваць грамадзянскае насельніцтва – чыноўнікаў, герояў працы, пісьменнікаў, выкладчыкаў, артыстаў і рабочых. Тады ж на тэрыторыі некропаля з’яўляецца адзін з першых савецкіх вайсковых мемарыялаў, прысвечаны савецка-польскай вайне: злева ад храма Аляксандра Неўскага быў ўзведзены помнік васьмі савецкім партызанам, якіх забілі ў 1920 годзе. У міжваеннай БССР свята 11 ліпеня (дня вызвалення Беларусі ад белапалякаў) было адным з самых важных для маладой краіны. У 1930-я гады ля пахаванняў праводзіліся мітынгі і выступалі партыйныя дзеячы.

Па словах Юрыя Тамковіча, найбольш тыповымі формамі надмагілляў міжваеннага перыяду з’яўляюцца самаробныя крыжы са звараных металічных труб, бетонныя падгалоўнікі і крыжы, інтэграваныя ў агароджы. У гэты час рэлігійная сімволіка часта змяняецца на камуністычную: на помніках з’яўляюцца чырвоныя зоркі, серп і молат. Таксама ў 1920–1950-я гг. асаблівасцю пахаванняў было перабіццё новых помнікаў з дарэвалюцыйных надмагілляў. Гэта абумоўлівалася тым, што пахаванні царскай эліты пры новым дзяржаўным ладзе страчвалі свой высокі статус і станавілся занядбанымі. Даследчык гаворыць, што ў такіх выпадках старыя надпісы счэсваліся, а з адваротнага боку каменя наносіўся новы подпіс. Сёння такія пераробкі спецыялісты ідэнтыфікуюць па кляйме майстра (сігнатуры) або па імху, які расце на счасаным баку. Таксама існавала адметнасць у афармленні магіл пасляваеннага часу. Паколькі людзі жылі небагата, адмысловыя помнікі і агароджы рабіліся са спадручных матэрыялаў – кавалкаў металу, рэштак старых надмагілляў і да т.п.
У 1941 годзе Вайсковыя могілкі хацелі закрыць, аднак пачатак Вялікай Айчыннай вайны адклаў гэту падзею. Паступова ў некропалі з'яўляліся пахаванні тых, хто загінуў ад бамбёжак, падпольшчыкаў, закатаваных у засценках, партызан ды інш. Так, Аляксандр Бялятка з дачкой Верай, трынаццацігадовы Міша Лабенскі, Ада і Валерый Рыцікавы загінулі падчас першай бамбёжкі горада 24 чэрвеня, калі немцы скідвалі фугасныя бомбы, каб пасеяць паніку (тады горад перажыў каля 18 налётаў). Тады ж пацярпелі і самі могілкі: гарэў дах храма Аляксандра Неўскага, быў пашкоджаны купал царквы.

Вялікая частка памятных знакаў належыць героям-падпольшчыкам. Ігнація Ганчарэнку закатавалі ў засценку на 2 годзе вайны.

Такі ж лёс у 1943 годзе напаткаў братоў-падпольшчыкаў Гвідона і Барыса Еўдакімавых, якія распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі зброю, перадавалі ежу ваенапалонным і хавалі людзей, на якіх палявалі нямецкія ўлады. Непадалёк можна ўбычаць помнік дваццацігадовай партызынкі Марыі Кулаковай, якая пасмяротна была ўзнагароджана ордэнам Айчынай вайны І ступені. У маі 1943 года дзяўчына ўсталявала сувязь са спецгрупай Народнага камісарыяту дзяржаўнай бяспекі БССР «Чацвёртыя», па заданні якой ўладкавалася на біржу працы тэхнічным сакратаром. Мінчанка займалася зборам разведдадзеных, здабывала бланкі для вырабу дакументаў. Улетку сышла ў лес. 25 сакавіка 1944 года пасля выканання задання дзяўчыну паранілі і схапілі фашысты. 2 ліпеня, за дзень да вызвалення Мінска, яна загінула ў фашысцкай турме.

Нельга прайсці, не звярнуўшы ўвагі, паўз помнік падпольшчыцы Лялі (Клары) Брук. Яе ў пачатку вайны разам з сям’ёй фашысты адправілі ў Мінскае гета. Там загінуў бацька, а Лялі ўдалося ўцячы да партызан. Пасля вызвалення яна вярнулася ў горад. У канцы ліпеня 1944 года павінна была адбыцца сустрэча партызанкі з матуляй і сястрой. Але ноччу дом, дзе начавала Ляля, разбамбілі. Дзяўчына загінула пад заваламі.

Галіна Магілеўчык была дачкой вядомага ў горадзе медыка Захара Магілеўчыка. У пачатку вайны доктар эвакуяваўся, а дзяўчына, застаўшыся ў Мінску, уступіла ў падполле. Калі іх групу раскрылі, Галя сышла да партызан. У 1943 годзе васямнаццацігадовая падпольшчыца загінула ў партызанскім атрадзе пры сутычцы з ворагам.

Барыс Гузарэвіч да вайны працаваў у Першай савецкай бальніцы (сёння 3-я гарадская клінічная бальніца імя Я. Клумава). У акупаваным Мінску як падпольшчык перадаваў медыкаменты ў партызанскія атрады. Калі ў 1943 годзе яго схапіла гестапа, ён, баючыся катавання, раскусіў ампулу з атрутай, каб нікога не выдаць. Цела перадалі сваякам, і тыя пахавалі яго на Вайсковых могілках. Развітацца з доктарам тады прыйшлі сотні мінчан.

Кліменцій Лісоўскі быў рабочым. Нягледзячы на няпросты лёс (яго сын стаў ахвярай рэпрэсій), ён не азлобіўся і падчас вайны не супрацоўнічаў з немцамі. Кліменцій стаў дапамагаць партызанам: у сваёй майстэрні ён вырабляў зброю і пасля перапраўляў яе ў лес. Акрамя таго, ён хаваў у сябе яўрэяў. Пасля смерці ён, як і маці братоў Еўдакімавых, быў удастоены звання Праведніка народаў свету.

Дарэчы, было ў старой частцы могілак і месца, дзе падпольшчыкі і партызанскія сувязныя збіраліся па начах. Калі некага трэба было пераправіць да партызан ці існавала неабходнасць перадаць важныя звесткі пра справы ў горадзе – сустрэчы прызначаліся ля магілы паэта Паўлюка Труса.

Пасля вызвалення Мінска Вайсковыя могілкі пашырыліся апошні раз. На новым участку з 1944 па 1946 гг. хавалі гараджан, а таксама перахоўвалі тых, хто раней быў пахаваны ў брацкіх магілах горада. Пазней тут усталявалі помнік героям і з'явіліся магілы ваенных. На тэрыторыі некропаля ў 35 агульных і 329 адзіночных магілах пахаваны 750 байцоў: беларусы, рускія, украінцы, літоўцы, ураджэнцы сярэднеазіяцкіх рэспублік.

Ідучы па розных алеях, можна сустрэць пахаванні Герояў Савецкага Саюза – камандзіра супрацьтанкавай артылерыйскай батарэі Барыса Міхайлава, гвардыі палкоўніка Аляксея Юрына, гвардыі старшага лейтэнанта лётчыка Барыса Акрэсціна ды інш.
Помнік героя Савецкага Саюза Яўгена Філіпскіх знаходзіцца побач з помнікам яго жонкі – ветэрана Вангі Філіпскіх. У гады вайны Яўген Фёдаравіч узначальваў партызанскую брыгаду. У лясах ён пазнаёміўся з падрыўніцай Вангай. Маладыя людзі разам ваявалі, атрымлівалі ўзнагароды, стварылі сям’ю. Яўгена не стала ў 1953 годзе. Ванга працягвала працаваць у бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі, атрымала званне Заслужанага работніка культуры БССР.

Інжынер Фёдар Вайткевіч у пачатку вайны разам з жонкай хірургам Ефрасінняй Брэус пайшоў на фронт. Маладыя людзі ваявалі разам, у адным шпіталі. Фёдара не стала 17 лютага 1945 года: загінуў у Германіі ад асколка. Ефрасіння дабілася, каб яго цела эвакуіравалі ў Мінск. Доўга не дазвалялі, але яна дайшла да маршала Ракасоўскага, па распараджэнні якога выдзелілі самалёт. Іх гісторыя ўскосна ўвекавечылася ў надпісе «Федзечка, я пахавала цябе на роднай зямлі. Жонка». Дарэчы, другі раз замуж Ефрасіння Брэус не выйшла.

Да вайны Платон Саевіч служыў міністрам асветы БССР. На фронт яго накіравалі ў якасці палітработніка. У пасляваенны час ён уступіў у канфлікт з Лаўрэнціем Цанавам і ў хуткім часе быў асуджаны на 25 гадоў турмы. У 1953 годзе ваеннага выпусцілі, аднак здароўе яго было падарвана, і ў 1956 годзе Платона Васільевіча не стала. Адна са сваякоў Платона Саевіча Ніна Аляксандраўна Саевіч была капітанам медыцынскай службы і таксама ўдзельнічала ў баях. Пасля вайны яна абараніла кандыдацкую дысертацыю, працавала на кіруючых пасадах у Міністэрстве аховы здароўя БССР.

Непадалёк ад магіл Янкі Купалы і Якуба Коласа размешчана магіла генерал-маёра Антона Якімовіча, чыя машына падарвалася на супрацьтанкавай міне ў жніўні 1944 года падчас вызвалення Польшы. Раніцай пасля пахавання салдаты, што суправаджалі цела камандзіра, выязджалі на фронт. Перад тым, як вярнуцца, яны зайшлі на магілу генерала і далі развітальны залп.
Генерал-палкоўнік Нікандр Чыбісаў – таксама адзін з вядомых ваеначальнікаў, пахаваных у некропалі. У 1943 годзе ён як камандуючы арміяй удзельнічаў у вызваленні Кіева. Яго байцы адзначыліся ў баях за Днепр. Там жа ён быў узнагароджаны Залатой зоркай. Менавіта Нікандр Яўлампіевіч стаў прататыпам галоўнага героя рамана Георгія Уладзімава «Генерал і яго армія».

Да канца 1950-х гадоў у некропалі хавалі вядомых жыхароў горада: пісьменнікаў, урачоў, артыстаў, музыкантаў, навукоўцаў і педагогаў. Тыповым помнікам гэтага часу стала каменная стэла з фотаздымкам памерлага. Інскрыпцыі на іх працягваюць традыцыю 1930-х: змяшчаюць інфармацыю пра чын памерлага, яго прафесію, гады нараджэння і смерці.
У 1959 годзе масавыя пахаванні на Ваенных могілках спынілі. Аднак з таго часу ў знешнім выглядзе некропаля адбываюцца змены: аднаўляюцца помнікі, дабраўпарадкуецца тэрыторыя. І даследчыкі-краязнаўцы ўсё часцей звяртаюць ўвагу на гісторыі людзей, лёсы якіх пішуць летапіс аднаго з месцаў баявой славы сталіцы.

Як выглядала медыцына стагоддзе таму, калі месячнае лячэнне ў бальніцы каштавала амаль як месячны заробак некваліфікаванага рабочага, а першая матарызаваная карэта хуткай дапамогі прыехала ў Мінск з Вены? Тэма аховы здароўя на рубяжы XIX–XX стагоддзяў застаецца маладаследаванай у айчыннай гістарыяграфіі, хаця менавіта тады закладваліся падмуркі сучаснай сістэмы медыцынскай дапамогі.

Мінская губернія існавала з 1793 па 1921 гады. Яна была падзелена на 45 урачэбных участкаў і на кожны прыпадала па 52 тысячы жыхароў. На медыцынскай земскай службе знаходзілася 69 дактароў (у гарадах — 28, у паветах — 41) і 210 фельчараў (пры бальніцах — 83 і пры самастойных пунктах — 13). Апроч таго было 114 валасных фельчараў, якіх насельніцтва ўтрымлівала сваім коштам.
У канцы 19 стагоддзя стацыянарную ўрачэбную дапамогу гараджане атрымлівалі ў губернскіх, павятовых і гарадскіх бальніцах Прыказу грамадскага догляду, яўрэйскіх і прыватных бальніцах. Бальніцы Прыказу грамадскага догляду абслугоўвалі пераважна вайскоўцаў і работнікаў дзяржаўных устаноў.
Кошт лячэння ў бальніцах Мінскай губерні складаў 7 руб. 20 кап. Для параўнання, некваліфікаваны рабочы ў тыя часы атрымліваў каля 15 рублёў у месяц.
З-за нястачы грошай сетка лячэбных устаноў у гарадах развівалася марудна. На медыка-санітарныя патрэбы ў 1892 годзе ў гарадах Беларусі вылучалі каля 1 % усіх гарадскіх сродкаў. І хоць да 1901 года выдаткі па медыцынскай, санітарнай і ветэрынарнай частцы павялічыліся амаль у 5 разоў, іх удзельная вага ў агульнай суме выдаткаў гарадоў заставалася невялікай — 3,2%.
У канцы 19 - пачатку 20 стагоддзяў у гарадах атрымала развіццё амбулаторная медыцынская дапамога.
Ініцыятыва ў яе арганізацыі сыходзіла ад медыцынскіх таварыстваў, якія прапаноўвалі адчыняць бясплатныя амбулаторыі. Першая такая лякарня была створана ў 1870 годзе Таварыствам віцебскіх лекараў.
Чальцы Таварыства магілёўскіх лекараў спрыялі адкрыццю ў 1895 годзе лякарні таварыства Чырвонага Крыжа і зладзілі ў ёй бясплатны прыём.
Выпуск курсаў сясцёр міласэрнасці Мінскага аддзела Таварыства Чырвонага Крыжа. 18 красавіка 1904 года.
У 1879 годзе Таварыства мінскіх лекараў адкрыла амбулаторную лякарню, якая працавала два гады.
У 1899 годзе ў Мінску на Ніжняй Ляхаўцы адкрылася першая фабрычна-завадская амбулаторыя.
Яе штат складаўся з двух лекараў, аптэкара і фельчара. Спачатку амбулаторыя праводзіла бясплатны прыём, але праз 2, 5 года была ўстаноўлена плата ў памеры 20 кап. Малазаможныя асобы плацілі 10 кап. Бедных прымалі бясплатна.
Для атрымання бескаштоўнай медыцынскай дапамогі працоўныя павінны былі прад'явіць завадскую квітанцыю. Карыстацца паслугамі амбулаторыі маглі працоўныя толькі тых прадпрыемстваў, уладальнікі якіх уносілі за іх аплату.
У 1903 годзе на Нова-Маскоўскай вуліцы адкрылася 2-я Гарадская амбулаторыя. У тым жа годзе была адкрыта Востра-Заразная бальніца на 60 месцаў, хутка пашыраная да 100. З жыхароў паветаў і з работнікаў чыгункі бралі плату, а астатніх лячылі бясплатна.
Востра-Заразная бальніца 1913 г. Мінск.
У 1904 годзе пачала працаваць амбулаторыя пры земскай губернскай бальніцы Мінска. У 1908 годзе Таварыства бабруйскіх лекараў адкрыла сваю амбулаторыю.
У перыяд паміж канцом 19 і пачаткам 20 стагоддзя ў Мінскай губерні развівалася і ўдасканальвалася акушэрская дапамога. Так, у 1895 годзе ў Мінску на Вясёлай вуліцы быў адкрыты Радзільны прытулак на 19 месцаў. У штаце быў доктар і тры акушэркі. На ўтрыманне прытулку паступалі грошы ад вышэйшых апякунак, ад Упраўлення Лібава-Роменскай чыгункі, ад рэдакцыі газеты “Минское слово” і са скарбонкавых збораў. Дапамогу ў стацыянары атрымлівалі толькі 12-14% усіх парадзіх Мінска. Аднак да 1905 г. у Менску ўжо 75 % родаў працякала пры акушэрскай дапамозе.
Дарэчы, ранейшая Вясёлая вуліца цяпер называецца Першамайскай. А называлася так яна раней з-за таго, што там жылі “вясёлыя” паненкі. Для такіх кабет быў асаблівы нагляд і свая медыцына. Смяротнай хваробай у тыя часы былі пранцы. Толькі за 1890 год было зарэгістравана больш за 1100 выпадкаў венерычных захворванняў.
Па ініцыятыве графа Караля Чапскага ў 1898 годзе ў Мінску адкрываюць бальніцу з аптэкай для прастытутак. Прадпрымальны кіраўнік стварае ў сваім доме першы радзільны прытулак па вуліцы Захар'еўскай. Там бясплатна выдавалі бялізну, харчаванне, надавалі медыцынскую дапамогу.
Па меддапамогу жанчыны маглі звярнуцца і ў прыватныя бальніцы.

Так, у Мінску з 1904 года дзейнічаў прыватны радзільны прытулак акушэркі Б. Л. Цукерберг на 2 месцы. У 1909 годзе быў заснаваны прыватны радзільны прытулак і лякарня па жаночых хваробах дактароў Б. Д. Іоэльсана і М. А. Паляка на 9 месцаў з платай ад 2 да 5 руб. за суткі.
Да паслуг жанчын былі і іншыя прыватныя лякарні з платай ад 1,5 да 10 руб. за суткі. Прыватная акушэрска-гінекалагічная лякарня на 4 месцы працавала і ў Пінску.
У павятовых гарадах спецыялізаваная медыцынская дапамога жанчынам не атрымала шырокага распаўсюджвання. Жанчыны звярталіся па дапамогу ў гарадскія бальніцы, а таксама да прыватных акушэрак і бабак-павітух.
У Мінску галоўнай і адной з самых старажытных бальніц была Губернская бальніца на Траецкай гары — пазней Другая Савецкая бальніца.
У 1913 годзе тут было праведзена 1793 аперацыі не толькі для жыхароў Мінска, але і для пацыентаў з розных паветаў губерні. Некалі гэта была гарадская земская бальніца.
Земская гарадская бальніца была народным хітом. Пачыналася ўсё з аддзялення для псіхічных хворых, тэрапіі і прытулку. Пазней тут ствараюць хірургію і амбулаторыю. Сюды прывозяць першы рэнтген, дэзінфекцыйную камеру, адчыняюць бактэрыялагічную лабараторыю, тут дзейнічае аптэка і праводзяць найскладаныя аперацыі па ўсіх кірунках. Земская бальніца стала кузняй медыцынскіх устаноў па ўсім горадзе. Да 1903 года лячэнне было платным, і далёка не кожны мог сабе яго дазволіць. Так, месячнае знаходжанне пацыента на 1897 год каштавала каля 11 рублёў.
У 1903 годзе ў Мінску з’явілася абшчына Чырвонага крыжа. Яе медыцынскія сёстры даглядалі хворых у бальніцах і на прыватных кватэрах. У 1910 годзе абшчына арганізоўвала санітарныя атрады для барацьбы з пошасцямі халеры, воспы, скарлаціны. Пры абшчыне была адкрыта лячэбніца на 40 месцаў і арганізавана наданне хуткай дапамогі з выездам санітарнай карэты. У час Першай Сусветнай вайны абшчына Чырвонага крыжа сфарміравала і адправіла на фронт шпіталь на 200 месцаў, які потым разгарнуўся на 800. Апроч таго ў Мінску было адкрыта тры лазарэты на 100 ложкаў кожны. Аперацыі рабілі пад навакаінам.
Першымі матарызаваную карэту хуткай дапамогі прывезлі з Вены ў Мінск сёстры міласэрнасці Чырвонага крыжа ў маі 1912 года. З таго часу пачаліся выезды да хворых. Канешне, дазволіць сабе такі візіт маглі толькі заможныя мінчане.
Летапіс Чырвонага крыжа стагоддзе таму браў свой пачатак на скрыжаванні Падгорнай і Серпухаўскай, цяпер Маркса і Свярдлова. На месцы Камітэта дзяржкантролю па адрасе Карла Маркса, 1 знаходзілася абшчына сясцёр міласэрнасці. Заснаваў яе ініцыятыўны губернатар Трубяцкі у 1903 годзе. Тут выкладалі азы медыцынскай дапамогі. Выпускнікі абшчыны стануць медсёстрамі падчас Першай сусветнай вайны, а таксама будуць аказваць дапамогу хворым на халеру і воспу.
Віцебскія сёстры міласэрнасці 1915 год. Фота з архіва А. Самовіча.
Медыцына ў XIX стагоддзі была ў большай меры катэгарыяльнай. Лячылі не па ўзросце, а па нацыянальнасці і родзе дзейнасці. Так, у чыгуначнікаў былі ўласныя бальніцы з пастаянным медыцынскім персаналам. Служачыя чыгункі атрымлівалі медыцынскую дапамогу ў трох амбулаторыях Лібава-Роменскай і ў амбулаторным прыёмным пакоі Аляксандраўскай чыгунак у Мінску, прыёмным пакоі Лібава-Роменскай чыгункі ў Бабруйску, Палескай дарогі ў Пінску.
Бальніца для чыгуначнікаў 1914 г. Мінск.
Пытанне аб арганізацыі бясплатнай медыцынскай дапамогі для работнікаў асобных ведамстваў магло вырашацца на гарадскім узроўні.
Так, у 1905 годзе ў адказ на прашэнне служачых гарадской управы Пінска да яе старшыні выдаткі на іх лячэнне і членаў іх сем'яў былі ўскладзены на гарадскі бюджэт. У 1913 годзе ў Менску пры паштова-тэлеграфнай канторы функцыянавала амбулаторыя, у якой лячыліся бясплатна службоўцы канторы і іх сем'і.
У мястэчку Рубяжэвічы (цяпер на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна) існавала лячэбніца для сіфілітыкаў на 15 месцаў. Сярод спецыялізаваных бальніц ў асноўным былі жаночыя і зубныя лячэбніцы.
З канца 18 стагоддзя будаваліся шпіталі для лячэння ваенных. Для іх нават распрацоўваліся спецыяльныя праекты. У Бабруйску шпіталь быў на 150 ложкаў. Потым пры гэтым шпіталі заснавалі вялікі Батанічны сад.
Вайсковы шпіталь 1830-я гады. г.Мінск.
Габрэі, па сведчанні лекараў таго часу, былі лепш забяспечаны медычнай дапамогай, чым астатняе насельніцтва. Гэта было звязана з большай распаўсюджанасцю прыватнай ініцыятывы і дабрачыннасці ў яўрэйскім асяроддзі.
Яўрэйскае насельніцтва Мінска, дзякуючы прыватнай дабрачыннасці на Губернатарскай вуліцы мела сваю бальніцу, ў 1912 – 1913 гадах ператвораную ў Клінічны гарадок, дзе зрабілі Псіхіятрычнае аддзяленне на 70 ложкаў. Потым узвялі будынкі для аптэкі, амбулаторыі і канторы, усталявалі свой рэнтген.
Габрэйская бальніца 1828 г. Мінск.
У Мінску існаваў шэраг грамадскіх лячэбных устаноў – Прытулак Таварыства цвярозасці і пры ім амбулаторыя для алкаголікаў з лячэннем гіпнозам. Было шмат прыватных невялікіх лякарняў, асабліва жаночых і зубаўрачэбных, тры прыватных рэнтгенкабінеты. З аптэк былі Першая Гарадская, Першая ад Лібава-Роменскай чыгункі і 11 прыватных. Выходзіў часопіс “Минские врачебные известия”. Існаваў і шэраг медычных школ: Зубаўрачэбныя доктара Шапіры і доктара Дземіхоўскага, Акушэрска-фельчарская школа Гутцайта, Школа сясцёр міласэрнасці Чырвонага крыжа, Акушэрская школа Таварыства абароны жанчын. Дактары былі ў асноўным выпускнікамі Медыка-хірургічнай акадэміі ў Вільні і Медыцынскага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта.
Паветы былі горш забяспечаны медыцынскай дапамогай. Павятовымі бальніцамі кіравалі саветы пад старшынствам павятовых маршалкаў дваранства. У кожным павеце быў гарадавы і павятовы доктар.
У Пінску было 4 шпіталі –гарадскі, турэмны і 2 яўрэйскія. На ўвесь Пінскі павет на 120 тысяч насельніцтва было 4 дактары, 9 валасных фельчараў і адзін вольнапрактыкуючы фельчар.
У Бабруйску існавалі Амбулаторыя медыцынскага Таварыства і Бабруйскае аддзяленне Лігі для барацьбы з сухотамі.
Бальніцы існавалі і ў некаторых маленькіх гарадах — у Нясвіжы лячэбніца Радзівілаў, у Глуску, у Баранавічах лячэбніца з амбулаторыяй Рубанава і лячэбніца Казубоўскага; у мястэчках — Целяханы і нават у вёсках — Асарэвічы на тэрыторыі былога Рэчыцкага павета.
У 1889 годзе ў мястэчку Пясочнае (цяпер вёска ў Капыльскім раёне) памешчык Я. А. Наркевіч-Ёдка адпусціў пляц пад будаўніцтва бальніцы. Ён унёс 70 рублёў для пачатку будаўніцтва бальніцы, аформіў дакументы з абяцаннем, што будзе забяспечваць бальніцу ацяпленнем і харчаваннем. Жыхары мястэчка пачалі збор грошай, і з цягам часу бальніца была ўзведзена.
Такім чынам, у канцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў павялічылася колькасць лячэбных устаноў (дзяржаўных, грамадскіх і прыватных, у тым ліку дабрачынных), медыцынскіх работнікаў у гарадах. Атрымалі развіццё такія віды медыцынскай дапамогі, як амбулаторная і стацыянарная, на платнай і бясплатнай аснове, а таксама платная хуткая медыцынская дапамога. Станоўчыя зрухі назіраліся ў аказанні акушэрскай дапамогі жанчынам за кошт развіцця стацыянарнага і амбулаторнага абслугоўвання, павелічэння колькасці медперсаналу. Быў пакладзены пачатак фабрычна-завадскому і ведамаснаму медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва ў гарадах Беларусі.
Доктар зямлі Браслаўскай. Якім чалавекам быў Станіслаў Нарбут?

Чэрвень – пачатак лета, сярэдні месяц года, мае 30 дзён. Назва яго тлумачыцца з`яўленнем чарвякоў, а таксама чырвоным колерам, які набываюць некаторыя ягады менавіта ў гэтую пару.

У гэтым месяцы самы доўгі дзень года – 22 чэрвеня (працягласць болей 17 гадзін) – і самая кароткая ноч. У чэрвені асноўны занятак селяніна — нарыхтоўка сена. Вось якія парады давалі гаспадары на гэты конт: касі траву, пакуль луг не адкрасуе, бо пазней трава зацвярдзее і не будзе з яе карысці для жывёлы; да Пятра высушыш траву пад кустом, а на Пятра не сохне і на кусце. А каб звесці ў хлявах мух, якіх у чэрвені надта многа, рэкамендавалася, напрыклад, прыручыць ластавак, а таксама вешаць на сценах, пад стропам невялікія пучкі папараці: мухі садзіліся на зеляніну, а вечарам іх струшвалі ў мяшкі. Людзі прыкмячалі: калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж – увесь месяц будзе сухі.
«Слушна» прапаноўвае нашым чытачам народны каляндар но кожны дзень чэрвеня.
У некаторых мясцінах лічылася, што менавіта сёння трэба загаворваць зямлю ад усякага ліха: непагоды, суроцаў і шкоднікаў. На гэты дзень у нашых продкаў было некалькі прыкмет. Калі ідзе дождж, лета будзе цёплым, а калі холадна – наступныя 40 дзён будуць халоднымі. Сачылі таксама за крумкачамі: калі яны ўсе садзяцца дзюбамі ў адзін бок – будзе моцны вецер.
У народзе гэты дзень называлі Фалалей Агурочнік, таму што ў многіх раёнах саджалі агуркі: «Прыйшоў Фалалей, дасейвай агуркі хутчэй». Раней казалі, што да гэтага дня няма лета, але пасля яго ўжо не бывае зімы.
Былі такія прыкметы: шмат шышак на елках – да ўраджаю агуркоў; пчолы лётаюць вялікім роем – будзе дождж, лётаюць па адной – будзе суха; калі раніцай шмат расы, то наступны дзень будзе халодным.
У даўнейшыя часы людзі называлі гэты дзень Алена Лёнасейка, бо сяўбу хлябоў завяршалі, пачыналі сеяць лён. Апраналі чыстае адзенне, каб і лён вырас чысты. У кашолку з насеннем клалі вараныя яйкі, якія, прыехаўшы на ніву, сейбіт падкідаў угару, каб лён быў высокі, з буйнымі галоўкамі.
Былі такія прыкметы: калі ў гэты дзень непагадзь, то і восень будзе непагодлівай; калі дождж з градам, то будзе снег 3 снежня.
Васіліск – салаўіны дзень – так называлі сённяшні дзень у старыя часы. Па народным павер'і, у гэты дзень на свет з'явіўся цар змей Васіліск. Таму нашыя продкі імкнуліся нічога не рабіць ні ў хаце, ні на двары. А яшчэ 4 чэрвеня лічылася святам пявучых птушак.
Былі такія прыкметы: у гэты дзень нельга было працаваць у полі і гародзе, каб з зямлі не выраслі васіліскі; шмат аваднёў – да добрага ўраджаю; моцная раса – таксама азначала добры ўраджай сёлета.

Лявонаў дзень. Нашы продкі лічылі, што сёння нельга заглядацца на чужую працу, бо свая не заладзіцца. Былі такія прыкметы: калі трава раніцай моцна пахне, будуць зацяжныя дажджы; калі каля мурашніка шмат мурашак, будзе яснае надвор'е.
У Сымонаў дзень у старыя часы за наваколлем назіралі пчаляры. Цёплае надвор'е і вылет пчол сёння азначаў багаты медазбор. Таксама лічылася, што ў гэты дзень пачынала цвісці шыпшына.
Былі такія прыкметы: калі ягаднікі цвітуць, то будзе шмат сыраежак; калі сёння шмат камароў, то ў ліпені будзе засуха; калі птушкі лётаюць нізка, то лета будзе дажджлівым.
Ферапонт-худыя росы, Іванаў дзень. Нашы продкі лічылі, што ў ноч на 7 чэрвеня зямля замірае і выпадае на лугі падзь – салодкая на смак, але мёртвая, ад якой кветкі губляюць свае фарбы. Жывёлу ў гэты дзень выганялі толькі ў сонечнае надвор'е. Босымі па траве таксама не хадзілі.
Былі такія прыкметы: калі шмат расы, то будзе добры ўраджай; калі на рабіне шмат цвету, то ўродзіць авёс; калі рабіна не цвіце яшчэ – восень будзе ранняй і доўгай.
У старыя часы гэты дзень называўся Алфей-гліннік. У гэты дзень гаспадыні выветрывалі з посуду задуху. Для гэтага выносілі гладышы, кваснікі, гаршчкі з бабінага кута пад кусты квітнеючых галінак парэчкі, агрэсту альбо шыпшынніку.
Лічылася, калі сёння шмат камароў, то надвор'е будзе добрым.
Дзень Хвядоры. «Хвядора – на язык калючая». У гэты дзень сяляне забаранялі жанчынам і дзяўчатам балбатаць паміж сабой – гэта абяцала вялікую бяду. Таксама казалі, што 9 чэрвеня нельга сварыцца, бо «Хвядора стаіць за кутом ды хоча даведацца аб таемным».
Стараліся не месці ў хаце ў гэты дзень – верылі, што дамавік залазіць пад венік, і яго можна вымесці разам са смеццем, а значыць, сваё шчасце страціць.

У гэты дзень раней пад курэй падкладалі яйкі гусей. Цяжарныя жанчыны ў гэты дзень хадзілі ў поле, каб дзіця было моцным, як малады колас.
Былі такія прыкметы: ціхі дзень – да добрага ўраджаю; калі жанчына пачне нараджаць сёння на хлебнай ніве, то роды пройдуць лёгка, а дзіцё будзе здаровым.
Хвядота. Як казалі ў народзе, «Хвядосся-каласяніца – жыта каласіцца». У гэты дзень жывёле давалі хлебны корм, каб яно лепш пладзілася. З дня Хвядоссі дзецям дазвалялася качацца на арэлях: да гэтага гэта строга забаранялася – лічылася, што такая забава можа занепакоіць зямлю, якая выношвае ўраджай.
Былі такія прыкметы: стаіць туман – будзе нізкі ўраджай хлеба; жыта закаласілася – будзе шмат грыбоў.
Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень гадзюкі і вужы ватагамі поўзаюць па лясах. У старыя часы казалі так: «На Ісака адбываюцца змяіныя вяселлі». Верылі, калі 12 чэрвеня ўкусіць змяя – ні адзін шаптун не зможа загаварыць. На гародзе ў гэты дзень саджалі бабы і фасолю.
Сёння забаранялася стрыгчыся, плесці, вязаць, вышываць, а таксама працаваць на зямлі, бо яна ў гэты дзень лічылася імянінніцай, якую нельга турбаваць. Таксама нельга было купацца, лічылася, што русалкі могуць уцягнуць у ваду.
У старыя часы гэты дзень называўся Ерамей-распрагальнік. Для сялян – гэта час заканчэння сяўбы. Сейбіты і аратыя пасля працы каталіся па траве, каб падужэць. Прыходзіў час падумаць пра коней, якіх распрагалі і вялі на раку купацца, пасля чаго прытомленых на ворыве адпускалі пасвіцца на лузе.
Прыкмецілі, калі ў гэты дзень зязюля куяе – будзе добрае надвор'е; ідзе дождж – будзе кепскае надвор'е.
У гэты час сяляне звычайна аглядалі свае пасевы, што і адбілася ў прыказцы: «Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон – лён». Былі такія прыкметы: пахмурная раніца ў гэты дзень – да ўраджаю ярыны; дождж – да добрага ўраджаю ільну.

Нічыпар-дубадзёр, зялёныя святкі. З гэтага дня пачыналі дзерці новую кару – «дзерці лыка». Бяросту ў старыя часы выкарыстоўвалі для вырабу летняга абутку, каробак, кошыкаў і іншых гаспадарчых прылад. Дзяўчаты ў гэты дзень плялі з травы і кветак вянкі, прыкладалі да іх дубовыя галінкі, упрыгожвалі хаты бярозкамі і вадзілі карагоды.
На гэты дзень былі такія прыкметы: калі вераб'і б'юцца, то будзе добрае надвор'е; сплесці вянок сёння – да шчаслівага сямейнага жыцця; ад сёння можна акучваць бульбу.
У старыя часы нашы продкі назіралі за ветрам і па ім спрабавалі дазнацца, якім будзе бліжэйшае надвор'е. А ад гэтага залежала, за якую працу брацца селяніну.
«На Лук'яна не кладзіся спаць рана, а даглядай, адкуль вецер дзьме». Цягне вецер з поўдня – яравому кліну добры рост; дзьме вецер з гнілога кута (паўночны захад) – чакай непагадзі. Але ж больш за ўсё баяліся паўночна-ўсходняга ветру, які быццам бы прыносіў бесперапынныя дажджы, шкодныя пры наліванні жыта.
Раней, калі лета выдавалася гарачае, на Мітрафана гукалі паўднёвы вецер і прасілі яго прыгнаць дождж, а ў дажджлівы час прасілі, каб вецер разагнаў хмары. З гэтага дня пачыналі вывозіць гной на паравое поле, а таксама сеялі лён і грэчку.
Былі такія прыкметы: паўночны вецер на Мітрафана прадказваў кепскае надвор'е; калі ўжо паспелі суніцы, тады пара сеяць грэчку. Таксама нашы продкі лічылі, што ад сённяшняга дня лён пачынае расці на ўсю моц.
Дарафееў дзень. У народзе верылі, што на Дарафея сняцца прарочыя сны і квітнее сон-трава. Калі знайсці такую кветку, то яна можа ад бессані выратаваць, бо сцішае душэўны непакой, дае сэрцу роўнае біццё.
Былі такія прыкметы: калі на Дарафея цёпла – зерне будзе буйным; калі ў першай палове дня выпалаць пустазелле (траву на гародзе), то яно болей не вырасце.
У старыя часы дзень называўся Ларыён-прапольнік. З гэтага дня звычайна пачыналася праполка палёў і гародаў. Казалі: «Прыйшоў Ларыён – благую траву з поля вон». У народзе лічылі, калі 19 чэрвеня пустазелле не вырваць, то ў будучыні прыйдзецца ўвесь час з ім змагацца.
Былі прыкметы: калі на Ларыёна яснае і цёплае надвор'е, то зерне ўродзіцца; калі дзень Ларыёна выпадае на поўню (поўны Месяц), то змагацца з пустазеллем бессэнсоўна.

Менавіта з 20 чэрвеня людзі, нарэшце, пачыналі хадзіць на вадаёмы і купацца — да гэтага дня было нельга, бо лічылася, што злыя духі могуць пацягнуць чалавека пад ваду.
У гэты дзень нашы продкі прыкмецілі, што калі ідзе дождж – будзе дрэнны наліў коласа; цёплы дзень – да добрага ўраджаю; грыміць гром – непагадзь надоўга.
Хведар (Тодар) Калодзежнік. «На Тодара раса – лета сухое і ўраджайнае». Людзі наймалі ў гэты дзень калодзежнікаў, якія капалі і чысцілі студні. Капальнікі вечарам прыкмячалі месца, дзе пар з зямлі моцна ўздымаўся, і пакідалі там патэльні, перакульваючы іх. На другі дзень, калі сонца за поўдзень пакоціцца, патэльні здымалі. Так правяралі тры разы: на тым месцы, дзе была вільготная ўсярэдзіне патэльня, капалі калодзеж.
У старыя часы людзі верылі, што сабраныя сёння травы — гаючыя (лячэбныя), а загаданыя сёння жаданні — збудуцца.
Гэта астранамічны пачатак лета, дзень летняга сонцастаяння. На Кірылу – канец вясне, пачын лету – лічылася ў Беларусі ў мінулым. Казалі так: «З Кірылавага дня – што сонейка дае, то ў мужыка ў свірне». У гэты дзень надыходзіў час касіць ды сена сушыць.
Былі такія прыкметы: калі жыта цвіце, то прыйшоў час касіць і сушыць сена; вароны часта крычаць – хутка пойдуць дажджы.
Нашы продкі лічылі, што сёння любыя знакі і прыкметы не абяцаюць нічога добрага. Казалі, што шчаслівая тая вёска, дзе ніводнаму чалавеку нічога не здасца ў гэты дзень. «На Цімафея знакі – да галоднага года».
Былі такія прыкметы: калі на таку заўважылі мышэй, то год будзе галодным; калі дзень сухі – ураджай будзе няўдалым; калі ў поле прыходзілі ваўкі – будзе знікаць жывёла.
У старыя часы людзі верылі, што гэта дзень цудаў, чараўнікоў і вядзьмарства. Таму забаранялася ірваць траву, бо лічылі, што па ёй апоўдні качаецца невядомая сіла, якую нельга турбаваць і якая праз траву можа перадаць чалавеку ліха.
Былі такія прыкметы: на Варнаву ні ў якім разе нельга ірваць траву; таксама нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень нячыстая сіла спутвае хамуты і лейцы, таму з імі трэба было быць вельмі асцярожнымі. Была яшчэ такая прыкмета: калі ў гэты дзень туман стаіць, то будзе шмат грыбоў.

З гэтым днём у народным календары звязвалі паспяванне на ўзвышшах суніц. Таксама было прынята сеяць да абеду якое-небудзь белае зерне, а па абедзе – чорнае. Верылі – гэта гарантавала поспех.
Былі такія прыкметы: калі стаіць спёка, будзе добры ўкос сена; калі ідзе дождж – касіць давядзецца ў мокрае надвор'е. Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень сонца паварочваецца на зіму, а лета – на спёку.
У старыя часы людзі называлі гэты дзень Акуліна-задзяры хвасты. З гэтага часу жывёла ад сляпнёў ды аваднёў моцна пакутуе і часам бегае, высока задраўшы хвост, адмахваючыся ад надакучлівай машкары. Таму стараліся выганяць жывёл на папас як мага раней, а як толькі сонца пачынала прыграваць – вярталі ў хлявы.
Былі такія прыкметы: калі на Акуліну папіць малака, то можна нашкодзіць свайму здароўю; калі на Акуліну шмат машкары – добрае надвор'е будзе трымацца яшчэ доўга.
У гэты дзень, калі стаяла спёка, ірвалі ў канавах крапіву і секлі яе. Гэта быў абрад для выкліку дажджу, які гарантаваў ураджай. З іншага боку, дажджлівае 27 чэрвеня абяцала сем тыдняў непагадзі.
Існавалі і іншыя прыкметы на гэты дзень. Рыба гуляе ў рацэ – ноччу можа быць навальніца. Шмат камароў – ураджай на ягады, а шмат мошак – на ўраджай грыбоў.

У гэты дзень нашы продкі казалі так: «Прарок Амос цягне ўгару авёс».
Таксама прыкмецілі, калі 28 чэрвеня будзе дождж – гэта дрэнна для жыта. Стараліся ў гэты дзень з рук у рукі нічога не перадаваць, на зямлю не кідаць, каб шчасце не знікла. Таксама людзі лічылі, што сёння нельга выпускаць у поле скаціну, каб не аб'елася сочнай зелянінай.
Дзень завяршэння сяўбы жыта і пачатак вывазу гною. У народзе Ціхан (гэтаму святому прысвячалі нашы продкі гэты дзень) асацыяваўся з ціхім днём: «На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае».
У гэты дзень талакой чысцілі хлявы, двары, а потым садзіліся абедаць усе разам – ладзілі свята для працаўнікоў, якія ўгнойвалі палі.
Нашы продкі казалі, што на дзень прарока Манулы сонца застойваецца, гэта значыць, марудзіцца ў зеніце. У даўнія часы людзі лічылі, што ў апошні чэрвеньскі дзень бывае марыва, якое ў моцную спякоту паднімаецца выпарэннем ад зямлі, вагаецца і выклікае ў людзей мроі.
Былі такія прыкметы: калі ўсход яркі, ураджай будзе багатым; вячэрняя вясёлка азначае добрае надвор'е назаўтра; чырвоны захад сонца – чакайце ветраў і непагадзі.

1 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. У лістападзе 1949 года гэтае свята было афіцыйна зацверджана ў Парыжы рашэннем кангрэса Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын.
А ў першы раз адзначылі яго ў 1950 годзе. Менавіта пасля гэтага традыцыя стала штогадовай. Дарэчы, у свята ёсць і свой сцяг. На ім намаляваны зямны шар, вакол якога, ўзяўшыся за рукі, стаяць дзеці.
Паводле звестак Белстата агульная колькасць дзяцей на 1 студзеня 2026 года ў Беларусі налічвалася 1 716 303 дзіцяці — кожны пяты жыхар краіны.
На 1 000 хлопчыкаў прыпадае 951 дзяўчынка.

На думку намесніка начальніка ўпраўлення выхаваўчай і сацыяльнай работы Міністэрства адукацыі Беларусі Алены Сімаковай, абарона дзяцей – гэта, у тым ліку, стварэнне ўмоў для годнага выхавання, знаходжання дзіцяці не толькі ў сям'і, але і ў розных дзяржаўных і недзяржаўных установах і арганізацыях.
У 1990 годзе наша краіна ратыфікавала Канвенцыю ААН пра правы дзіцяці. Такім чынам, Беларусь пацвердзіла сваю прыхільнасць да ўдзелу ў дзейнасці па стварэнні для дзяцей бяспечных і паўнавартасных умоў для жыцця і кіруецца пры гэтым міжнароднымі стандартамі. Кожныя пяць гадоў у рэспубліцы прымаецца Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і абароне іх правоў.
Яна дадала таксама, што ў нашай краіне дзейнічае Нацыянальная камісія па правах дзіцяці, мэта якой – кантроль выканання правоў і законных інтарэсаў дзяцей.
Кожнае дзіця мае права на атрыманне даступнай і якаснай адукацыі. Напрыклад, толькі дашкольную адукацыю ў нашай краіне ў мінулых гадах навучальным годзе атрымалі больш за 95% дзяцей ад 3 да 6 гадоў.
Нямала робіцца і для таго, каб адукацыю маглі атрымаць дзеці з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Так, акрамя дашкольных і агульнаадукацыйных устаноў, дзе могуць навучацца такія дзеці, створана сетка ўстаноў прафесійнай адукацыі, у якіх дзеці з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця вывучаюць асновы прафесіі.
Выхаванне дзяцей у няпоўнай сям'і: міфы і рэальнасць
У краіне рэалізуюцца мерапрыемствы па арганізацыі безбар'ернага асяроддзя для дзяцей-інвалідаў. Тым самым для такіх дзяцей і іх бацькоў паляпшаецца даступнасць адукацыі, спорту і паслуг аховы здароўя.
Зрэшты, у юных беларусаў ёсць магчымасць атрымліваць не толькі асноўную адукацыю. Сістэма дадатковай адукацыі аб'ядноўвала 347,7 тыс. дзяцей у 224 цэнтрах і палацах, а таксама 115,9 тыс. навучэнцаў у 356 дзіцячых школах мастацтваў.

Значная ўвага надаецца і аздараўленню дзяцей. Таму больш за трэццюю частку ўсіх дзяцей школьнага ўзросту адпачывае ў аздараўленчых установах адукацыі. За лета 2025 года ў 5 549 лагерах адпачылі 394,6 тыс. дзяцей. У 75 санаторыях аздаравіліся 108,1 тыс. дзяцей, у 13 дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах — 69,8 тыс.
Калі і як фарміруецца адказнасць у дзяцей? Меркаванне неўролага і псіхолагаў
Менавіта ў сям'і дзіця вучыцца адказнасці, любові і павазе, узаемадапамозе і прыхільнасці і таму захаванне сям'і з'яўляецца адным з важных напрамкаў у абароне правоў дзяцей.

Медыцынскую дапамогу дзецям аказвалі 30 дзіцячых бальніц і 16 радзільных дамоў. У педыятрыі працавалі 4362 урача. Гэта 25,4 спецыяліста на 10 тыс. дзяцей.
Ахоп прышчэпкамі ад адзёру, паратыту і краснухі склаў 98,1%, ад коклюшу, дыфтэрыі і слупняка — 97,7%, ад туберкулёзу — 97,7 %.
One fine body…