26.12.2023
26.12.2023

Цудоўныя кнігі ў падарунак пад ялінку. Вобраз цмока ў беларускай літаратуры

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Згодна ўсходняму календару, наступны год міне пад знакам Зялёнага Дракона. Аднак беларусам варта не забывацца, што і тут мы маем «імпартазамяшчэнне»! Легендарны Цмок, герой казак, легендаў і паданняў, можа апярэдзіць Зялёнага Дракона, паўстаць на парозе вашай хаты ў навагоднюю ноч і строга спытаць: «А што, даражэнькія браткі і сястрыцы, вы пра мяне ведаеце?».

Азнаным цмакаведам — па торбе скарбаў! Невукам — вогнены хук!

Але да Новага года яшчэ маем час, таму згадаем што-кольвек пра адметнасці і асаблівасці характару беларускага цмока.

*Цмок высмоктвае, выпівае ваду «смокча, цмокае» — і тады ў небе запальваецца вясёлка. Таму беларусы называюць цмока гаспадаром вясёлкі. Там-сям на Беларусі «цмокам»  і ў наш час называюць саму вясёлку, якая нібы высмоктвае ваду з возера ці рэчкі.

Кнігі ў падарунак

*Жыве беларускі Цмок найчасцей ля вады ці ў вадзе.

*У кожнага рэгіёна Беларусі «свой» цмок — яго нават апісваюць па-рознаму. Часцей за ўсё згадваюць вялізныя крылы, падобныя на крылы кажана. Часцей за ўсё цмокі жывуць у вадаёмах і маюць магутныя плаўнікі і луску — трывалую, як даспехі. Яна пераліваецца і ззяе на сонцы.

*Сустракаюцца ў нас цмокі а трох, шасці, дзевяці ці нават дванаццаці галавах. Але часцей, усё ж, пападаюцца аднагаловыя цмокі.

*Цмокава галава падобная адначасова на галаву змяі і лані, вочы — жоўтыя, зялёныя ці сінія.

*Цмокі вельмі арыстакратычныя і ахайныя. Беларускі этнограф і фалькларыст Мікалай Нікіфароўскі пісаў пра тое, што Цмок любіць  купацца, ходзіць у лазню і штодзень мыецца.

*Беларускі цмок мае досыць лагодны нораў. Гаспадару, які выгадаваў яго і корміць, носіць скарбы. Але ж, угневаўшыся, можа так хукнуць агнём, што спаліць цэлую вёску.

*Цмокі ўмеюць перакідвацца ў людзей і заляцаюцца да дзяўчат і кабет.

Больш даведацца пра фаварыта наступнага, 2024 года, можна, пачытаўшы беларускія казкі, легенды і паданні, звярнуўшыся да твораў беларускіх пісьменнікаў. І сёння ж са сваёй кніжнай паліцы я дастаю кнігі, дзе гаспадарыць — або проста жыве  — Цмок.

Перш-наперш разгарну зборнік«Бяздоннае багацце» (легенды, паданні, сказы) Вацлава Ластоўскага. Уважліва чытайма апавяданне «Цмок» — у ім нават парады па развядзенні цмокаў даюцца. Перакажу іх збольшага.

Па-першае, трэба займець чорнага пеўня і дачакаць, калі ён знясе яйка. Пасля гэтае яйка прывязаць пад паху і тры гады насіць яго там, ды так, каб ніхто не ўбачыў. Пасля таго, як цмок вылупіцца, карміць і паіць яго. У падзяку ён будзе насіць скарбы свайму гаспадару...

Але ж, як ужо пісалася вышэй, калі яго раззлаваць — і спаліць можа. Пра гэта і Ян Баршчэўскі піша ў «Шляхціцы Завальне…» у апавяданні «Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага петухом…».

Раман Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» пачынаецца са згадкі пра цмокаў: «Не толькі людзям, а і звярам, і гадам, і пачварам падводным даводзілася ў той год цяжка. Якраз тады выдахлі ў Сенненскіх азёрах цмокі, пра якіх пісаў яшчэ прападобны Амбражэй Куцеянскі; якіх цмокаў ён калісьці закляў і загнаў у возера, каб не палохалі людзей. Вальнадумцы і ерэтыкі казалі, што ўсё гэта байкі, бо ніхто тых цмокаў, акрамя п'янюг начных, не бачыў. Што ж, і п'янюгам трэба верыць. Які гэта цвярозы богабаязны чалавек палезе ўначы на лясное возера з дрэннаю славай?!

І яшчэ казалі вальнадумцы, што каб цмокі былі — яны б народ хапалі, лапалі. І гэта ерась! Па-першае, прападобны Амбражэй тых цмокаў закляў, а па-другое, забылі яны, што ніколі ў тыя часы не аддавала Лепельскае возера трупаў...»

Цмок — папулярны герой кніг сучасных беларускіх аўтараў.  Валерый Гапееў «Ноч цмока». «Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.

Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…» — апавядае анатацыя да кнігі. Знайсці і спасцігнуць ролю Цмока ў творы — задача рупліваму чытацкаму воку.

Сподачак для Цмока У казачніцы Надзеі Ясмінска ёсць вельмі сімпатычная кніга для дзяцей «Сподачак для цмока».

«Што рабіць, калі пад тваім ложкам жыве пачвара? Баяцца яе? Ці самому напалохаць? А можа, патэлефанаваць у Службу Змагання з Кузуркамі? Юзік па мянушцы Гузік паспрабаваў усё, пакуль не вырашыўся на перамовы. Ён пакінуў каля ложка сподачак з малаком, і гэта стала пачаткам дзіўнага сяброўства».

Толькі-толькі ўбачыла свет кніга выдатнай казачніцы Наталлі Бучынскай «Лета з цмокам Цвыркуном».

Гэтая казка раскажа  «…пра эксперымент “выжыванне ў дзікіх умовах”. Каго можна сустрэць у пячоры? Хто малюе наскальныя малюнкі? Ці ўмее цмок чытаць? Чым  харчуецца? Дзе хавае скарбы? Цс-с-с... Таямніцу ён наўрад раскрые. Затое навучыць Стася пацешнаму ўменню і зладзіць фаер-шоў», — абяцае анатацыя.

«Гіпермаркет у падарунак» – другая гісторыя з кнігі. У ёй —мноства загадак. Адна з іх – дужа актуальная напярэдадні свята і пары навагодніх падарункаў. «Колькі цацак трэба для шчасця?» — задаецца пытаннем аўтарка.

Чытайма, каб дазнацца адказ на яго і, натуральна, бліжэй пазнаёміцца з Цмокам, які пракраўся ў нашу сучаснасць.

Названыя кнігі можна ўзяць у бібліятэках. Да таго ж, «дарослыя» – Уладзіміра Караткевіча і Валерыя Гапеева — ёсць у сеціве. «Лета з цмокам Цвыркуном» Наталлі Бучынскай і «Сподачак для цмока» Надзеі Ясмінска ёсць у продажы.

Спяшайцеся набыць цудоўныя кнігі ў падарунак пад ялінку!

Часу на тое, каб вывесці персанальнага цмока, мы ўжо не маем – на гэтае не адзін год патрэбны. А вось магчымасць прыручыць яго, дэталёва даследуючы нораў і звычкі – можам.

Дзеля гэтага варта чытаць патрэбныя кнігі! Тады, магчыма, і здарыцца цуд: год Цмока-Дракона пачне прыносіць нам жаданыя скарбы.

Феномен Язэпа Драздовіча. Якія кнігі дапамогуць даведацца цікавыя факты пра жыццё і творчасць мастака?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама