15.08.2023
15.08.2023

Магія без чараўніцтва. Рэцэнзія на аповесць Генадзя Аўласенкі «Як зубраня “Зубраня” наведала»

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Лета – час адпачынку для ўсіх школьнікаў, і адпачынак гэты бывае розным. Нехта цешыць сваёй прысутнасцю бабулю з дзядулем, а нехта выпраўляецца ў летнік.

У казачнай аповесці Генадзя Аўласенкі «Як зубраня “Зубраня” наведала», якая пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура», асноўнае дзеянне разгортваецца акурат у знакамітым беларускім летніку для школьнікаў «Зубраня».

Да самой ідэі падрабязна распавесці ў мастацкім творы, як уладкаваны адпачынак у папулярным беларускім дзіцячым лагеры, можна было б паставіцца з пэўнай доляй скепсісу. Усё ж такі захаваць баланс паміж захапляльнасцю сюжэту і апісаннем распарадку дня ў летніку даволі цяжка. Аднак аўтар здолеў уплесці канкрэтыку ў займальную, амаль дэтэктыўную, гісторыю так удала і нязмушана, што ўрэшце атрымаўся сапраўды вельмі цікавы твор.

Як зубраня "Зубраня" наведала

Такім чынам, «аднойчы ў Белавежскай пушчы нарадзілася зубраня», – так пачанаецца аповесць. Аднак твор зусім не пра жывёл, як можна падумаць спачатку.

Галоўны герой – зубраня Банцік (так яго назвалі людзі, супрацоўнікі нацыяльнага парка; сам ён не ведае значэння гэтага слова, але спадзяецца, што «банцік – гэта штосьці вялікае і магутнае»). Зубраня нарадзілася не ў пару, кволым і хваравітым. І ў жывёльным свеце гэта, вядома ж, вызначыла б яго незайздросны лёс.

Ды толькі самая вялікая нечаканасць казачнай аповесці ў тым, што небарака зубраня Банцік… стаў прыгожым і спрытным падлеткам Міколам Бандзікам.

Тут, вядома, не абыйшлося без чараўніцтва. Аднойчы Банцік са сваім сябрам зайчаняткам Вушасцікам выратавалі ад ваўка вавёрку. Адвага, якую праявілі сябры, зусім не адвавядала іх рэальнай ролі ў жывёльным свеце, але можам лічыць, што гэта пачатак дзівосных прыгод. Аказалася, што ў абліччы вавёркі хавалася лясная фея Белавежскай пушчы – «маленькая дзяўчынка ў прыгожай бліскучай сукенцы і з празрыстымі крылцамі».

За сваё выратаванне фея прапанавала Банціку і Вушасціку выканаць па адным іх самым запаветным жаданні. І калі Вушасцік прастадушна пажадаў пяць сакавітых морквінак, то Банцік паставіўся да прапановы надзвычай адказна. Бо ў яго сапраўды было запаветнае жаданне.

Рээнзія 2

З самага таго дня, як ён выпадкова пачуў ад адной дзяўчынкі падчас экскурсіі па Белавежскай пушчы пра дзіцячы летнік «Зубраня», ён марыў туды трапіць. Летнік уяўляўся яму, так бы мовіць, месцам сілы, ідэальным асяродкам менавіта для зуброў.

Лясная фея вымушаная была расчараваць Банціка, расказаўшы яму, што «Зубраня» – гэта дзіцячы летнік, дзе адпачываюць дзеці, а зуброў там, ні вялікіх, ні маленькіх, няма. Аднак замест таго, каб пакінуць Банціка з разбітай марай, яна прапанава сябрам місію-прыгоду, і выканаць яе трэба было акурат на тэрыторыі лагера «Зубраня».

Воўк, ад якога сябры выратавалі фею, аказаўся злым чараўніком. Ён пераўтвараў добрых людзей у злых, якія не любяць прыроду, «усё ў ёй псуюць, ламаюць, паляць». У дзіцячы летнік чараўнік адправіў чатырох ваўчанят у чалавечым абліччы з нейкім заданнем, вядома ж, шкодніцкім. А Банцік і Вушасцік павінны былі выявіць сярод астаніх падлеткаў пярэваратняў і з дапамогай адмысловага заклінання вярнуць іх назад у пушчу, пазбавіўшы чалавечага аблічча, пакуль яны не паспелі зрабіць нічога дрэннага.

Зубраня

З Банціка атрымаўся «хударлявы цёмнавалосы падлетак» Мікола Бандзік, а з Вушасціка – гарэза-весялун Рыгор Зайкоўскі, вышэйшы за Банціка на цэлую галаву. Абодвум па 13 гадоў, і яны зусім нічога не ведаюць пра тое, як быць… дзецьмі, тым больш – падлеткамі ў пераходным узросце.

Акурат з таго моманту, калі сябры трапляюць у летнік «Зубраня», пачынаецца самае цікавае. Вядома, казачны антураж тут захоўваецца: штоноч падлеткі Мікола і Рыгор зноў становяцца Банцікам і Вушасцікам, бо менавіта ноч – той час, калі ім трэба сустрэцца з ваўчанятамі – пасланцамі злога чараўніка. Аднак на гэтым казачна-містычным фоне разгортваецца і іншая гісторыя.

Аўтар уводзіць чытача ў свет складаных, імпульсіўных, часам супярэчлівых узаемаадносін паміж падлеткамі. Мікола і Рыгор знаёмяцца з дзяўчатамі Марылькай і Арынкай, намацваюць свае першыя спробы ў называнні эмоцый і пачуццяў, атрымліваюць задавальненне ад спартыўнага азарту. Акрамя таго, сапраўднае выпрабаванне праходзіць і іх сяброўства: яны вучацца давяраць, дараваць, падтрымліваць адзін аднаго (нават калі вельмі страшна) і браць на сябе адказнасць за свае ўчынкі (нават калі вельмі сорамна).

Зубраня 5

Праз пэўны час сябры заданне ляной феі выканалі: вярнулі назад у пушчу ваўчанят-шкоднікаў (на здзіўленне, імі аказаліся не такія ўжо і дрэнныя хлопчыкі, з якімі ў чалавечым абліччы Мікола і Рыгор весела бавілі час на спартыўнай пляцоўцы). Праўда, для чацвёртага ваўчаняткі яны зрабілі выключэнне, і да канца змены ўсё ж пакінулі ў летніку.

Тут сюжэт атрымаў нечаканы паварот: чацвёртым ваўчаняткам выявілася Марылька. Менавіта яе з трыма братамі злы чараўнік адправіў у дзіцячы асяродак, каб заразіць яго «хцівасцю, зайздрасцю, хлуснёй і асабліва нянавісцю», а не для таго, каб навучыць іншых дзяцей курыць і парушаць дысцыпліну, як уяўляў Банцік.

Пісьменнік, думаецца, нездарма зрабіў акцэнт менавіта на гэтых чатырох праявах сацыяльнай камунікацыі. Часам чым больш відавочнай здаецца ісціна, тым менш сур’ёзна яе ўспрымаюць. Падлеткі востра рэагуюць на несправядлівасць, аднак жаданне быць як усе і падабацца аднагодкам часам схіляе да несумленных учынкаў.

Марылька растлумачыла, чаму яна і яе браты не змаглі стаць адданымі служкамі злога чараўніка. Спачатку яны і сапраўды былі «злымі, агрэсіўнымі, нават бязлітаснымі да ўсіх тых, хто за іх меншы альбо слабейшы». Ды толькі паступова з імі пачалі адбывацца змены: цеплыні і святла ў душы станавілася больш, чым злосці і нянавісці, а любіць і сябраваць хацелася нашмат больш, чым шкодзіць і насміхацца. Такая вось магія сапраўднага сяброўства, і, вядома, чары лясной феі тут зусім ні пры чым. Хаця яе незвычайныя здольнасці дапамаглі Міколу, Банціку і Марыльцы ў іншым, у тым, чаго ім зараз хацелася больш за ўсё на свеце: застацца ў чалавечым абліччы назаўсёды!

Так, у жывёльным свеце кволага зубраняці чакала вельмі няпэўная будучыня: статак яго не прыняў. А Мікола Бандзік хутка знайшоў сяброў і аказаўся вельмі смелым хлопчым. Пісьменнік нібы падводзіць чытача да думкі, што сярод людзей павінны панаваць іншыя законы: чалавечыя, а не жывёльныя, права годанасці, а не права сілы.

Зубраня

Напрыканцы гісторыі з’яўляецца цудоўная рамантычная нотка, якая нібы знітоўвае Банціка і Бандзіка. Дзяўчынкай, якая некалі падчас экскурсіі ў Белавежскую пушчу пачаставала маленькае нягеглае зубраня булачкай і ад якой Банцік пачуў пра загадкавае для яго «Зубраня», была Арынка – новая сяброўка Міколы.

Асобна варта адзначыць ілюстрацыі Веранікі Шпак. У кнізе Г. Аўласенкі надзвычай арыгінальнае, запамінальнае мастацкае афармленне, якое служыць не дадаткам да тэксту, як часта бывае ў дзіцячых кнігах, а яго арганічным складнікам.

https://bel.24health.by/adkazy-na-pytanni-suchasnasci-u-belaruskaj-litaratury-top-10-knig-na-use-chasy/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, літаратурны крытык.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"