У сярэднія вякі селядзец не ўяўляў асаблівай кулінарнай каштоўнасці і вялікім попытам карыстаўся толькі ў бедных слаёў насельніцтва – з-за сваёй таннасці.
Вядомы факт, што кароль Людовік IX Святы выкарыстоўваў яе як міласціну і накіроўваў у калоніі. Гэтая рыба змяшчае шмат костак, дрэнна вяліцца, пры доўгім захоўванні гарчыць, таму вынік яе прыгатавання не апраўдваў патрачаных намаганняў.
Усё змянілася, калі рыбак Якаб Бейкельс з Галандыі пачаў выдаляць жабры непасрэдна перад засолкай рыбы ў бочкі. Як аказалася, менавіта яны надавалі рыбе гаркаваты прысмак. І рабіў ён гэта прама на рыбалоўным судне.
Такім чынам, калі яно прыходзіла ў порт, рыба была ўжо прасоленая і гатовая да ўжывання. Такі спосаб захавання селядца хутка стаў вядомым у Еўропе і паклаў пачатак масаваму спажыванню гэтай рыбы, якое працягваецца і па сёння.
Карысць селядца
Селядзец не лiчыцца рыбай прэміум-класа, але, нягледзячы на сваю таннасць, валодае шэрагам карысных уласцівасцяў. Адной з іх з'яўляецца высокае ўтрыманне ў рыбе поліненасычаных тлустых кіслотаў сямействаў Амега-6 і Амега-3. Яны не ўтвараюцца ў арганізме чалавека, але пры гэтым дапамагаюць абараніць сасуды ад атэрасклерозу, умацоўваюць імунітэт. Цікава, што ўтрыманне карысных тлустых кіслотаў у звычайным селядцы такое ж, як і ў сёмзе ці фарэлі.
Параўнанне розных відаў рыбаў па ўтрыманні Амега-3 поліненасычаных тлустых кіслотаў
Рыба (на 100 г) | Утрыманне Амега-3 поліненасычаных тлустых кіслотаў (г) |
Вугор | 5,6 |
Скумбрыя | 0,8-7,5 |
Селядзец, кілька | 1,3-3,7 |
Фарэль, сёмга | 1,1-2,2 |
Макрэль, сардыны | 1,6-1,8 |
Палтус | 0,7-1,1 |
Траска, сайда, камбала | 0,1-0,5 |
Акрамя карысных Амега-3 поліненасычаных тлустых кіслотаў, селядзец багаты на вітаміны Е, А, В1, В12, В6. Паказана, што частата спажывання рыбы напрамую звязана з забяспечанасцю вітамінам D: порцыя ў 50 г селядца здольная забяспечыць насычэнне арганізма дадзеным вітамінам на 50-80% ад яго сутачнай патрэбы. Вясновая дэпрэсія? Магчыма, у вашым арганізме не хапае менавіта вітаміна D?
Селядзец таксама змяшчае мінеральныя рэчывы: кальцый, фосфар, магній, ёд і селен. Яны ўдзельнічаюць у абменных працэсах, што спрыяе павышэнню працаздольнасці арганізма. Бясспрэчную каштоўнасць маюць бялкі, якія ўваходзяць у склад гэтай рыбы. Яны ўтрымліваюць усе незаменныя амінакіслоты, а адсутнасць шчыльных злучальнатканкавых перагародак спрыяе іх лёгкаму засваенню.
Так за невялікія грошы можна набыць карысны і збалансаваны прадукт з прыемным смакам.
Рыбныя прэсервы – сакрэты вырабу
Зараз вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва карыстаюцца рыбныя прэсервы – гэта разабраны селядзец, расфасаваны ў пластыкавую ўпакоўку. Ён можа быць у алеі, марынадзе або падліўцы з рознымі прыправамі і дадаткамі.
Многія лічаць, што для размякчэння рыбных костак вытворцы ўжываюць шчолач, але гэта не так. Па нормах выкарыстанне шчолачы ў харчовай прамысловасці забаронена. Паводле ГОСТу на выраб рыбных прэсерваў, дазваляецца ўжываць толькі лімонную і воцатную кіслату. Яны дадаюцца ў спецыяльны расол, які называецца тузлук. Дзякуючы яму адбываецца працэс выспявання, у выніку якога размякчаюцца костачкі, а рыба набывае далікатны і прыемны смак.
Каб правільна выбраць рыбныя прэсервы, неабходна звярнуць увагу на ўмовы захоўвання ў краме.
Тэмпература ў халадзільніку, дзе знаходзіцца прадукцыя, не павiнна падымацца вышэй за нуль градусаў.
Таксама звяртайце ўвагу на саму ўпакоўку: яна павінна быць герметычнай. У якасным прадукце заліўка светлая і без дадатковых прымешак.
Колер селядца павінен быць сіне-сталёвым, без карычневых палос на брушку, якія сведчаць пра яе заляжаласць. Такая рыба можа выклікаць моцную алергічную рэакцыю, ажно да анафілактычнага шоку, з-за назапашанага гістаміну.
Калі рыба расфасаваная кавалачкамі, яны павінны быць цэлымі і мець роўныя зрэзы.
Рэкамендуем устрымацца ад куплі рыбы і рыбных прэсерваў з рук і ў месцах, не прызначаных для продажу, бо якасць і бяспеку прадуктаў вам ніхто не гарантуе. З вялікай верагоднасцю на момант продажу ўжо будуць парушаныя ўмовы транспарціроўкі і захоўвання такіх прадуктаў.
Як выбраць якасны селядзец
Калі ж вы набываеце рыбу цалкам, якасны селядзец павінен мець бліскучыя вочы, пругкую, бліскучую тушку без слізі, пры націску скура не павінна праціскацца, а сама рыба павінна мець прыемны водар.
Пры самастойнай засолцы памятайце, што на паветры пад уздзеяннем кіслароду карысныя Амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты хутка акісляюцца і з'яўляецца непрыемны смак і пах, а сама рыба набывае карычневую афарбоўку. Вось чаму саліць і захоўваць селядзец трэба цалкам пакрытым расолам або марынадам. На жаль, пагаршэнне смаку назіраецца не толькі пры пасоле.
Паколькі рыба – прадукт, які хутка псуецца, прагорклы смак можа з'явіцца і ў запечаным або смажаным вырабе нават пры кароткачасовым захоўванні ў халадзільніку.
У чым падвох?
Пры бясспрэчных вартасцях гэтага прадукту ёсць і галоўны недахоп – велізарнае ўтрыманне солі ў рыбных прэсервах або ў засоленай рыбе.
Устаноўлена, што ў 100 г слабасалёнага селядца змяшчаецца больш за 3 г солі, а гэта палова ад сутачнага запатрабавання здаровага чалавека (яно не павінна перавышаць 6 г у суткі), і практычна норма для людзей, якія пакутуюць на сардэчна-сасудзістыя захворванні (рэкамендуецца не больш за 3 г ). І гэта без уліку той солі, якую чалавек дадаткова ўжывае на працягу сутак з іншымі прадуктамі.
Прэсервы прамысловай вытворчасці ўтрымліваюць харчовыя дабаўкі: кансерванты (бензаат натрыю), антыакісляльнікі, узмацняльнікі смаку і водару (глутамат натрыю).
Як не нашкодзіць?
Несумненна, есці селядзец неабходна, але ва ўмераных колькасцях. Для дарослага здаровага чалавека непажадана спажываць больш за 100 г салёнай рыбы ў дзень. І, вядома, гэта прадукт не на кожны дзень. Людзям, якія пакутуюць ад павышанага ціску ці захворванняў нырак, неабходна з асцярогай ставіцца да селядца, бо празмернае ўжыванне солі можа спрыяць абвастрэнню захворванняў.
Ёсць і альтэрнатыва набытаму ў краме салёнаму селядцу – выкарыстанне замарожанай рыбы. Яе можна самому засаліць, выкарыстоўваючы меншую колькасць солі, а таксама пасмажыць ці запячы. Апошні спосаб падрыхтоўкі лічыцца найлепшым.
Навукова даказана, што пры запяканні захоўваюцца карысныя рэчывы, у тым ліку і Амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты, разбураюцца толькі вітаміны.
Словам, карысна і нядорага!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by