29.11.2024
29.11.2024

«Тое, што тваё, ніколі не ўцячэ». Гісторыя маладога музыкі і журналіста Антона Смаленскага

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Антону Смаленскаму 21 год. Ён нарадзіўся і вырас у горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці. Зараз хлопец працуе літаратурным рэдактарам і кампазітарам да спектакля «Палачанка» (па матывах А. Дударава) у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача.

– Па начах я пішу музыку да спектакля, нешта прадумваю і разумею: тэатр – гэта вялікая прыступка для развіцця майго творчага патэнцыялу і тое месца, куды мне пашчасціла трапіць. Менавіта тут людзі пастаянна знаходзяцца ў творчых пошуках.

Антон скончыў музычную школу па класе баяна і фартэпіяна, займаўся ў харавым ансамблі, але зразумеў, што яму там «цесна». Пасля заканчэння навучальнай установы ён развіваў свае навыкі ў вакальным калектыве роднага горада, займаўся ў нядзельнай школе, дзе спяваў і атрымліваў духоўную падтрымку. Юнак кажа, што яго заўсёды цягнула да музыкі і першыя кампазіцыі ён напісаў, калі яму было 12 гадоў.

– Антон, што вас натхняе і матывуе?

Гэта можа быць пэўная жыццёвая дробязь, на першы погляд, нязначная, так і нешта больш глабальнае. Напрыклад, творчасць іншага чалавека.

– Пасля якіх жыццёвых момантаў нараджаецца ідэя для напісання песні?

– Пасля таго, што можна змясціць у адно слова – перажыванне, бо ўсе мы сутыкаемся з пакутамі і радасцямі, якія праходзяць праз наш унутраны свет.

–Музыка робіць вас шчаслівым?

– Яна можа прабраць з галавы да пят. Прычым у абсалютна любым выглядзе: вакал, інструмент або нават штучнае гучанне.

Сярод рэчаў, якія робяць хлопца шчаслівым, не толькі музыка, але і складанне вершаў, напісанне прозы, чытанне кніг, якое ён лічыць не вольным часам, а працай. Цікава, што ў літаратуры Антон знайшоў мастацкі вобраз-фаварыт – жанчына, якая шукае сваё месца ў жыцці.

– Яны моцныя і трагічныя, – кажа хлопец.

Увосень 2024-га года Антон разам з блізкай сяброўкай Юкай запусцілі праект «NEDVA». Праект накіраваны на згуртаванне з іншымі маладымі людзьмі, на тое, каб адчуваць і чуць адно аднаго, калі выконваецца трохгалоссе. «NEDVA» – гэта пра супрацоўніцтва і адчуванне беларускай музычнай прасторы.

– У 2024 годзе я паспрабаваў узяць удзел у тэлевізійным праекце Фактар.by. Гэта дало мне вопыт, паказала памылкі і недахопы, якія трэба выправіць. У першую чаргу, буду спраўляцца з хваляваннем, бо яно з’яўляецца адной з галоўных прычын занявольвання чалавека самім сабой.

У падлеткавы перыяд у жыцці хлопца здарыўся пераломны момант, калі ён вырашыў, што больш не будзе займацца музыкай, а звяжа сваё жыццё з журналістыкай.

Прычынамі вучыцца на журфаку юнак называе выкладчыцкі склад і амбіцыйных людзей побач. Антон лічыць, што прафесія журналіста – гэта не нешта вузкаспецыяльнае, бо яна дае магчымасць бачыць шырэй і чытаць глыбей.

– Мае аднагрупнікі да 4 курса не ведалі, што я спяваю і займаюся музыкай. Тое, што сапраўды тваё, ніколі не ўцячэ, а вернецца зноў. Зараз у маіх планах атрымаць вышэйшую музычную адукацыю.

Нароўні з такімі суперздольнасцямі, як лётаць, чытаць думкі іншых людзей і тэлепартавацца, Антон марыць не спаць наогул, каб рабіць у два разы больш! А пра ўласны дэвіз па жыцці хлопец кажа так:

– Вылучыць фразу, якая апісвала б мае жыццёвыя арыенціры, практычна немагчыма. На сённяшні момант любімай стала гэта: «Чалавек вытканы з супярэчнасцяў. Калі спазнаеш абсурднасць тых ці іншых жыццёвых правілаў, не заўсёды варта ад іх адмаўляцца. Гэта нармальна – у бессэнсоўнасці шукаць сэнс».

Спявачка Ірына Вярковіч «Ніколі не ўзнікала думкі — застацца жыць за мяжой»

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Асобы i лёсы"