Зведанне нязведаннага, або Новыя захапленні мураша Грышкі
— Ай-ай-ай! Дружа Ягорка, ледзь не забыў. Памятаеш, я табе казаў пра Павука-хітруна, які перахаваў наш клад?
— Так, толькі то была твая спадчына.
— Няхай сабе.
— Што павукі не толькі бачаць і чуюць, але яшчэ і адчуваюць намеры іншай істоты і, нават чалавека.
— Усё дакладна. А чаму я адразу на яго падумаў? Таму што раней ўжо быў знаёмы з ім. Дык вось яны яшчэ і лоўкія фокуснікі. Вобраз аднаго такога франта ў чорным фраку і цыліндры да гэтае пары стаіць перад маімі вачамі.
Вось ён стаіць на крэсле і ўпэўнена робіць свае трукі, запрашаючы да сябе самых недаверлівых. Смялейшыя недаверкі, хто хацеў пераканацца ў тым, што ў фокусніка нічога няма падстаўнога, падыходзілі зусім блізка. Падыходзілі і не толькі назіралі за кожным рухам яго, але нават мкнуліся распрануць і зазірнуць падыспад.
Але і гэта не засмучала фокусніка: ён упэўнена працягваў сваю справу. У самага цікаўнага Шчаўкуна Павук-фокуснік дастаў з носа два жолуды. Публіка рагатала, а недаверак шчаўкун толькі вылупіў вочы.
Калі наперад выйшаў Жук-рагач усе сцішыліся: чакалі непрадбачанага. Але той не толькі агрэсіўны быў, наадварот, выглядаў палахлівым і нават разгубленым.
— Няўжо сапраўды?
— Так. Фокуснік распытваў у таго пра жыццё-быццё, усміхаўся, а яго лоўкія рукі размотвалі і размотвалі метры чырвонай ленты, што выцягваў з-за пазухі жука.
— Ну, а як Жук рэагаваў?
— Зусім быў збянтэжаны: міргаў вачамі, чырванеў. А прысутныя наадварот – заліваліся рогатам.
— Не можа быць!
— Але гэта так! Смеласць жука у адно імгненне некуды знікла. Потым фокуснік дастаў з яго кішэні і яйка, і нейкую хусцінку, і нават святлячка з-пад каўнерыка.
Калі ж над фокуснікам з’явілася сапраўднае воблака, якое нават няўзброеным вокам можна было бачыць, што саткана яно з павуцінак, усе ўсталі са сваіх месцаў.
Многія гледачы няўцямна праціралі вочы: “Дзе мы?”- пыталіся ў суседзяў і пільна сачылі за дзействам на сцэне. Не маглі паверыць, што такое магчыма Павуку, які жыве сярод іх.
У той сам момант я і падбег да Павука-фокусніка. Уручыў яму букет кветак. Ён падзякаваў і сказаў, што заўжды будзе са мною побач. І непрыкметна ад прысутных падараваў мне вось гэты наканечнік. Сказаў, што гэта абярэг ад злога і зайздроснага.
— Вось яно што!
— А то! Мне зараз нішто не страшна!
Воблачка, што павісла над Павуком -фокуснікам, нагадвала паветраны шар. Фокуснік спрытна прывязаў да яго зэдлік, а пасля сам жа сеў на яго.
Публіка не верыла сваім вачам. Гледачы, а іх была поўная зала, сядзелі ў здзіўленні, разявіўшы раты.
— Ура! – крычалі прысутныя. Самымі актыўнымі ў тым падзячным хоры былі камары: іх танюсенькія галасы пераўзыходзілі паравозыя гудкі ўсяе чыгункі.
— Ой-ой-ой! Я не падзякавала яму за хвіліны радасці”, - крычала Багоўка.
Услед шару выправіліся зялёныя Конікі. Яны таксама не ўправіліся сказаць фокусніку словы ўдзячнасці. “Пастойце, куды вы?” – крычалі палявыя скакуны.
Паветраны шар схаваўся з поля зроку.
Нехта са старэйшын нашага мурашніка распавядаў, што сустракаўся з Павуком, а ці з тым, ці не. Невядома.
Пэўна ж вядома, толькі адно: у лесе з’явіўся мужчына, а можа той павук перакінуўся ў мужчыну. Казалі, што дужа лоўкім быў.
Не проста па якіх там сваіх клопатах у лесе аб’явіўся, а збудаваў жыллё і пачаў жыць. І ў таго ляснога чалавека наймічкай была нейкая быццам прыблудная жанчына. Чалавек той быў быццам і чалавекам, і не зусім. Можа, нават ваўкалакам якім: сышоў ад людзей і жыў сабе з прыродаю. Бо і жанчына, казалі, была незвычайнай найміткай, а ведзьмаю.
— Во, як цікава, нейкі лясны чалавек? Як гэта?
— Як, як? А вось так: надакучыла аднаму чалавеку сярод людзей жыць, вось і сышоў ад іх. Вырашыў, як і старажытны люд жыць сваім розумам. А можа, падчаравалі яго. Што-што, а гэта даўней у нас умелі. Дый цяпер не-не ды пачуеш пра чараўнікоў.
— Незвычайныя намеры!
— Мажліва і так. Дык вось як усе пачыналася. Аднаго разу акурат пасля свята Сёмухі, на самым граным тыдні выправіўся той чалавек у лес — бярозавага галля на венікі ў лазню нарыхтаваць. Выправіўся, хаця ведаў, што бярозавы лісток яшчэ зусім кволенькі, няхай бы яшчэ крыху пасталеў, бо абсыпацца будзе. Але ж нешта як бы цягнула яго ў той лес.
Ідзе сабе ў лес ды прыпявае. Аж бачыць паперадзе паказаўся беразнячок, шчыльна стаяць адно дрэўца ад другога, нібы ў карагодзе якім . Ён быў ужо мінуў яго, яле, падалося, як бы адна бярозка загаварыла чалавечым голасам. Чалавек той, які бачыў і перажыў не адно лясное здарэнне, здранцвеў. Стаў і стаіць. Успомнілася яму, што гэта незвычайная бярозка, а хутчэй за ўсё тая, якая даўно да яго прыглядалася. “Напэўна, яна і ёсцека Русалка, - падумаў той чалавек. — А можа, і ўсе тыя бярозкі дзіўныя – маладыя русалкі. Што рабіць? Бегчы? Дарэмны клопат. Зловяць казытніцы і заласкочуць да смерці. Яны звычайна збіраюцца каля дрэў, карагоды водзяць. За рукі пабяруцца і скачуць. Нікога спадарожнага не мінаюць: у свой круг заманьваюць. Цікаўны каторы рот разявіць, а яны ўжо яго і пад рукі вядуць, і ціскаюць, і смяюцца – рагочуць ажно. Пры гэтым скачуць вакол таго разявы ды выкручваюцца-выгінаюцца, і спяваюць, адначасова і казычуць, і казычуць. І ніхто табе не дапаможа. Бо ніхто і не ўцяміць, што ў такім вясёлым карагодзе яшчэ і ты патрэбен”.
— Вось ты мне тут нагаворыш, што ў школе буду як не год усіх забаўляць, - казаў Ягорка.
— Можа хаця трохі меней часу будзеце бавіцца з дэвайсамі. Мазгамі сваімі думаць пачнеце. Слухай далей.
— Дык вось, разважаў той чалавек, нібыта ў сне, толькі яны, тыя бярозкі ўсе да аднае абступілі яго і скачуць і смяюцца. Некаторыя яшчэ і крыўляюцца. Адна дык і язык паказвае, спакушае яго. Пасля ўскочыла на дрэва, валасамі сваімі зялёнымі і доўгімі зачапілася да галін, уніз апусцілася і гутаецца-гутаецца, як на арэлях: туды-сюды – гутата-гутата… І страх яго апанаваў, альбо маўчы і злітуйся ці нягоды чакай.
Але ж той чалавек ведаў, што тым часам праз жыта толькі не хадзіць. Там і зусім быццам ў клетцы якой. Тут хоць прасвет нейкі як-быццам праблісне. Ды і тады ледзь вытрымаў, і ўжо бараніцца пачаў, як незнарок руку ў кішэню ўсунуў. І выцягнуў быццам бы нейкі дзіўны наканечнік і ўкалоў самую ўвішную ды распусную. Яна і сціхла. І заплакала-загаласіла немым голасам. Не вытрымаў – адпусціў. Як яна раптам заскакала, засмяялася, заспявала і ў лес.
— А як жа тая наймітка? - спытаў Ягорка.
— Калі чалавек вярнуўся, агледзеўся, што няма ў яго шалашы найміткі. Толькі паўсюль павучынне ды пасярод стала лапік скуры яе паганай ды мёртвае цела вялікага павука. - Пра гэта чамусьці мала хто згадваў, - падагуліў мураш. – Ну як, страшна было?
— Ды не! Хутчэй загадкава, - хлопчык перайшоў на шэпт.
— Казалі, што той нібыта чалавек злым Змеям быў, які пры нагодзе перакідваўся ў чалавека. А зыход бач які атрымаўся. Ніхто не хацеў заставацца пакорным, а кожны мкнуўся раздзімаць агонь. Бо ніхто з іх не хацеў давяраць іншаму, гаварыць праўду і заставацца сабой.
— Вось як! Ты сапраўды неблагі філосаф! Няхай сабе і лясны.
— Пераймай лепшае, хлопчык!
— Штосьці дужа сёння спякотна. А пайшлі на возера! – казаў Грышка.
— Ну, пайшлі, - з неахвотай адказаў Ягорка, які ўжо дастаў з кішэні тэлефон і штосьці тыцкаў пальцам.
— Толькі давай дамовімся, Ягорка, што тэлефон ты пакінеш дома. Няхай галава твая адпачне ад розных вашых пстрыкалак на незразумелых сайтах.
— Згода. Я і сам хацеў гэта зрабіць, але ўсё ніяк не рашаўся.
— Вось і добра! А цяпер зможаш. Бо з з такой цягай нядоўга і да гіперхондрыі, мой дружа, дайсці.
— Я зразумеў.
Зялёны Конік, шэры Авадзень, Камары і калматы Чмель ужо мчаліся да вадаёма. Яны стракаталі і гудзелі. Але калі падляцелі да азярка, адразу ж адважыліся і ўлезлі ў ваду. Праўда, хто як: Чмель з разгону нырнуў, а вось Конік спачатку забраўся на сцяблінку чароту, разгайдаўся і – шабулдых! – у ваду, зрабіўшы ў паветры трайное сальта.
— Бач, як ён уляцеў у ваду! – казаў здзіўлены Ягорка. – Не распырскаўшы пры гэтым ніводнай кропелькі.
— Я б яму за гэткі скачок таксама паставіў вышэйшы бал, - казаў мураш Грышка, пачуўшы як Камары шумна запляскалі ў ладкі.
— Усім вядома, калі скача ў ваду той, хто не ўмее скакаць, ён уздымае пырскі, як сапраўдная палівальная машына. А цяпер глядзі сюды!
І мураш нырнуў. Ды так спрытна, што адна маленькая адтулінка на вадзе засталася. Бо так ў ваду можа скакаць толькі жаба або выдатны спартсмен.
— Як цудоўна плавае той мураш! – хвалілі Стракозы, і нават Чмель з Камарамі. – Спартсмен! Ён мог бы нават з Конікам у спрыце паспрачацца!
Мураш Грышка тым часам не стрымліваў сябе ў задавальненні. Ён перавярочваўся на спіну, удыхаў у сябе паветра і ляжаў на вадзе. “Глядзіце, глядзіце, ён не плыве, а ўсё роўна не тоне!” – крычалі з чаратоў маленькія птушачкі Сітаўкі. Яны ўразіліся майстэрствам мураша і пільна назіралі за ім. А ён і рады паказаць сябе: заціснуў нос і некалькі разоў перакуліўся ў вадзе так, што толькі ногі мільгалі.
А далей - болей цікавостак паказваў мураш. Быццам бы якая яркая карціна з падсветкаю выходзіла пасля яго чарговых рухаў на вадзе. Быццам выява жар-птушкі.
— Глядзіце, што вытварае гэты Мураш! Ён жа малюе на вадзе! – крычалі ўжо нават Жабы, і ўсюдыісныя Камары. – Магія эбру!
— Сапраўды! Ён малюе на вадзе.
— Такім чынам гэтым відам старажытнага мастацтва мураш расслабляецца, - з веданнем знатака казаў калматы Чмель, – Перазагружаецца, як прынята зараз казаць. Глядзіце, колькі ён рухаў робіць, ды такіх, што толькі алоўкамі можна выканаць! А тут – сваім целам на вадзе! Вучыцеся, сябры! Эбру дапамагае наблізіцца да сябе сапраўднага. Шкада, што я такі няўклюдны і не змагу выконваць такія вольныя і гнуткія рухі.
— Пра тэрапеўтычныя ўласцівасці малявання ведаюць многія, - азвалася зялёная Жаба. - Нездарма кажуць, што мастацтва лечыць. І эбру не выключэнне, калі разбуральны стан перажыванняў змяняецца на стваральны стан удзячнасці.
— Гэта свайго роду сеанс супертэрапіі, - дадаў зялёны конік Цвыркун.
— А ну, давай да мяне! – мураш клікаў Ягорку. Ён не чуў таго, што казалі навакольныя, а ўсё хацеў заманіць да сябе сябра.
Той не адважыўся лезці ў ваду, толькі ногі памачыў. Але Грышка не сунімаўся, а ўсё настойлівей зваў сябра.
— Калі ты зараз жа не прыплывеш нашлю на цябе якуюсь Русалку або нават злую Ведзьму!
Хлопчыку нічога не заставалася, як выканаць прапанову. І ён распрануўся. Акунаў ў ваду кончыкі пальцаў ног, затым нахіліўся і абцёр вадою цела. Затым сабраўся з духам і нырнуў. Ён доўга не з’яўляўся на паверхні вады, відаць трохі хітраваў, што не ўмее плаваць. Для таго, каб праплыць пэўны час пад вадой, патрэбна ўмець затрымліваць дыханне. А тут на раз-два!
Мураш быў весялейшы за птушак, што паўсюль распявалі свае песенькі.
Ягорка ж вынырнуў з вады і паплыў, як сапраўдны плавец, разразаючы грудзьмі ваду. Мураш Грышка не адставаў.
— Глядзіце, глядзіце! Мураш абганяе хлопчыка! Вось гэта дзіва! – зараз ужо крычалі ўсе, хто быў непадалёку ад азярка.
Ох, як яны забаўляліся! І ныралі ў спаборніцтве на час пад вадою, і мчаліся кролем на адлегласць і вытрымку, і на спіне плавалі, і …
Калі ўволю накупаліся і вылезлі з вады, то ўбачылі, што многія вадаплаваючыя птушкі з сем’ямі падплылі да іх. Таксама, відаць, захацелі пазабаўляцца. Акрамя сям’і белых Лебедзяў са сваімі шэрымі камячкамі-маланятамі былі і дзікія Качкі розных парод – і краквы, і мандарынкі, і ныркі, і чыркі. Усім хацелася свята і весялосці.
Грышка, чаго зусім не чакаў Ягорка, смачна пацягнуўся і выказаўся: “Мне б, дружа, цяпер на востраў канарэек!”
— На які востраў?
— Канарэек!
— Такога ў прыродзе няма. Ёсць Канарскія астравы, але Канарэйкі там не жывуць. Гэта міф, мой сябар. Усяго толькі міф. Калі хочаш ведаць, у перакладзе з лацінскай мовы ён называецца востраў Цюленяў.
— Ну і што? Яшчэ лепей – на Цюленях можна і пакатацца. А канарэек толькі спевы слухаць.
— Толькі і Цюлені там незвычайныя, а – манахі.
— Чаму манахі?
— Таму што адметныя ад звычайных, белабрухія.
— Ну і няхай.
— Там яшчэ можна пабачыць, як плачуць Чарапахі.
— А яны насамрэч плачуць?
— Так, плачуць, але толькі не ўсе, адзін від, прабач, забыўся назву яго. -Можа, Зялёная марская ці Суповая яе іначай завуць, бо людзі спажываюць у ежу да сённяшняга часу. А можа Чарапаха Біса? А вось белахвосты лаўровы Галуб дакладна ёсць, як і Спінарогі, і гіганцкія Яшчаркі ды вушастыя Кажаны.
— Маніш зноў?
— Ды не! Ведаю, што слёзы ў Чарапах гэта не праяўленне эмоцый як у людзей, а звычайнае выдзяленне соляў з арганізма, якую атрымліваюць яны з марской ежай.
— І ўсяго толькі? Я ж спадзяваўся, што гэта штосьці больш цікавае і загадкавае.
— У прыродзе, дружа, усё настолькі проста, наколькі і складана, і загадкава, але і збалансавана.
Павінен вам сказаць, што нашыя героі вызначаліся сваім цвёрдым словам. Забавы-забавамі, але ж не забываліся яны і на свае абяцанкі. Ягорка з Грышкам успомнілі, што раней выказваліся да маланятак у летніку наведацца. Слова – закон.
Дзяцей там было поўным-поўна. У лесе, на беразе ракі Віліі, летнік знаходзіўся. Месца цудоўнейшае! Як толькі ўзыходзіла сонейка, летнік заліваўся іскрыстымі і зіхатлівымі промнямі. І ўсё радавалася, зіхацела-пералівалася, быццам хто сыпаў і сыпаў з неба рознакаляровыя бліскучыя канфеці. Праменьчыкі, што адбіваліся ад вокнаў будынкаў разносіліся тысячамі копій і клаліся на дрэвы, слізгалі па вадзе, забаўляліся на тварах мітуслівых дзяцей.
Мураша тут ведалі ўсе. Як толькі ён пераступіў парог летніка, аўдыторыя зашумела-загула: “Мураш Грышка! Мураш Грышка!” І Пчолка-выхавацелька гэта падцвердзіла, толькі дадала: “Вядомы артыст і ілюзіяніст”.
Уявіце сабе, як здзівіліся дзеці, калі пачулі, што Мураш яшчэ і ілюзіяніст.
Пачуліся гукі музыкі і Мураш распачаў выступленне. Першым нумарам была доўгая-доўгая белая стужка, якая выцягвалася артыстам з цыліндра свайго капелюша і якую гледачы правяралі на трываласць, а некаторыя цікавіліся і капелюшом.
Калі ж выскачыў з таго ж капелюша маленькі шэранькі трусік, малыя гладзілі яго, цягалі за вушы. Ён жа пазіраў на іх і ўсё прасіў, каб гладзілі пад брушкам.
Зала смяялася. Але і охала і ахала, калі ілюзіяніст назваў таго, хто замінае ўсяму летніку па начах адпачываць.
— І хто ж? – раздаваліся галасы самых цікаўных.
Ілюзіяніст выцягнуў са сваёй кішэні нейкае колца. І на яго паляцелі Камары. Тучай паляцелі. Тады Мураш усіх да аднаго пасадзіў у вялікую бочку і накрыў вечкам. “З гэтай хвіліны ў вашым летніку не будзе ніводнага назалякі!”
— Так ужо і ніводнага?
— Так. Ніводнага! Так і запішыце!
— Ура! У нас будзе спакой і цішыня! - засвяцілі сваімі ліхтарыкамі Святлячкі.
Калі зала сцішылася, Мураш-цыркач падышоў да Жука-рагача і выцягнуў з-за пазухі пухнаты чырвоны кашалёк. Жук збялеў як прасціна.
— Чый кашалёк? – спытаў артыст. – Па колеры відавочна, што жаночы.
— Я сёння яго знайшоў, - амаль шэптам адказаў і ажно затросся Жук. – У сталоўцы...
— Гэта мой кашалёк! – азвалася Муха-цакатуха – Заўчора з-пад падушкі знік. Дарэчы, там усе мае зберажэнні!
Жук-рагач яшчэ мабыць і хацеў штосьці сказаць у сваё апраўданне, але не змог, бо ў яго адняло мову. І ён пакінуў залу пад свіст і смех гледачоў.
А Мураш працягваў выступленне, раз-пораз звятаючыся да гаспадароў летніка:
— Дарэчы, мая інтуіцыя падказвае, што і вашыя абеды таксама псуе менавіта ён, Жук-рагач.
— Ах, нягоднік! Дык вось хто шкоды нам панарабіў! – казалі Пчолы-выхавацелькі.
Грышка размаўляў з публікай, і па-заліхвацку выконваў усё новыя нумары. “Раю вам камеры відэаназірання ўсталяваць, - казаў ён. – І будзеце бачыць усіх, хто вам замінае спакойна адпачываць і жыць.
Тым часам аўдыторыя здзіўлялася вялізнай пірамідзе, якая з’явілася з жалезных колцаў, і на якіх перакульваўся-балансаваў ды яшчэ і жангліраваў булавамі цыркач Грышка. Пры гэтым весела напяваў нейкую песеньку.
— Ай-яй-яй! Усё ён умее! Усё паспявае!– здзіўляліся адны.
— Брава, Мураш! Брава Грышка! – крычалі іншыя.
Але цыркач не расслабляўся і да свайго рамяства ставіўся вельмі сур’ёзна. І была ў летніку радасць! І было ў летніку свята!
Ну, а цяпер настаў галоўны момант. Наш цыркач быў асабліва сканцэнтаваным, бо ўжо не напавяў вясёлую песеньку, а толькі глядзеў у неба, папраўляў свой фрак і раз-пораз кідаў пільны погляд у залу. Затым паклікаў Ягорку, штосьці прашаптаў яму на вушка.
— А зараз я пакажу вам смяртэльны нумар! – нарэшце аб’явіў.
— Ух ты! Гэта ж так страшана!
— Увага! Увага! – раздалося ў дынаміках. - Гэты паветраны трук Грышка выконвае ўпершыню.
Ён становіцца на тумбу, падскоквае і чапляецца за канат, які падымае яго як не да казачных зорак. Пераходзіць на гарызантальны канат між аблокамі, і без аніякіх страховак бяжыць па канаце, як па звычайнай лясной сцежцы. І раптам знікае ў сіняве. Праходзіць хвіліна, другая, трэцяя… Няма нашага цыркача. І раптам над летнікам зашумела-загуло. Але тут-жа сонейка яснае засвяціла, зарадавалася наваколле. Ажно прама на летнюю сцэну вялізны Коршак прызямляецца. І ў Мураша перакідваецца.
— А вось і я! – смяецца Грышка.
— Во дык дзіва! Во дык нумар! – вырачыўшы вочы охаюць гледачы. – Гэта ж немагчыма!
— Магчыма. І не вельмі складана, - спакойна і нават упэўнена адказаў маленькі зялёны Конік. – Трэба толькі моцна захацець. Настроіць сябе, як струну. Сабрацца…
— Малы, усё ў цябе проста. А каб гэта ўзяў і сам паспрабаваў, га?
— Іншым разам, - засмяяўся, выкараскаўшыся з гэтае гісторыі, Конік знік.
— Чулі, гэта мой будучы вучань! - патлумачыў цыркач Грышка. – Калі вернецца.
Зала рассмяялася.
Як Ягорка знайшоў сабе сябра сярод мурашоў. Частка 4 (казка) + аўдыё
Прыўнесці ў мастацкі твор часцінку ўласнае душы, ды яшчэ прымусіць карціну адгукацца на перамены ў навакольным свеце — пра тое мараць многія творцы. І, пэўна, мастаку Міколу Бушчыку, заўсёды гэта ўдаецца.
27 чэрвеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылося адкрыццё выстаўкі аўтара «Жарсць колеру», якая дэманструе наколькі «эфект каларыстыкі Бушчыка» у нашым мастацтве моцны і захапляльны. Мастак-экспрэсіяніст, прадстаўнік айчыннага авангарда працуе ў жанры пейзажа, тэматычнай карціны, нацюрморта, партрэта. Піша алеем і ў тэхніцы акварэлі.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 40 жывапісных палотнаў, якія рознабакова адлюстроўваюць творчыя этапы станаўлення аўтарскай манеры пісьма Міколы Бушчыка і дэманструюць мастацкія пошукі аўтарам «свайго жывапісу», што вызначыла яго прыхільнасць да абстрактнага мастацтва і асацыятыўнай, метафарычнай мовы жывапісу.
Вялікі раздзел выстаўкі прысвечаны акварэлям, якія займаюць значную частку ў творчасці мастака. Экспазіцыя выстаўкі прадстаўляе больш за 60 акварэлей.
Гэта самая маштабная рэпрэзентацыя графікі Міколы Бушчыка за апошнія 26 гадоў.
Аснову выстаўкі алейнага жывапісу і акварэлей складаюць творы з прыватнай калекцыі аўтара і збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Мікола Бушчык — адзін з тых мастакоў, якія ў 1980-х гг. стаялі каля вытокаў абнаўлення пластычнай і каларыстычнай мовы беларускага жывапісу, карыстаючыся законамі авангарда.
Карціны мастака – яскравыя і адметныя, складаныя па фактуры і колеры, віртуозныя па ўменні спалучаць адносіны паміж матэрыяльным навакольным сусветам і светам духоўным – эмоцыямі, перажываннямі, мроямі і надзеямі.
З дапамогай экспрэсіўнай рытмікі мазкоў пэндзлю, свабоднай кампазіцыі, напружанай лініі жывапісец увасабляе на палатне свае адчуванні і ўласнае разуменне жыцця, праз абстрактныя вобразы і насычаную колерам палітру стварае творы разважліва-філасофскія і глыбока асацыятыўныя, пазнавальныя па аўтарскай пластыцы, адметныя па атмасферы асаблівых мастацкіх пошукаў творцы, напоўненыя святлом і невычарпальнай энергіяй жыцця.
Аўтар гаворыць са сваім гледачом на мове абстрактнага мастацтва, пераводзячы ў жывапіс усё, што бачыць, што адчувае: прыгажосць прыроды, гармонію свету, музыку.
Магчыма, таму мастацтвазнаўцы назвалі светлую, рытмічную, яркую творчасць аўтара «музыкай ў колеры».
Мікола Бушчык нарадзіўся ў вёсцы Дзераўная, што ў Слонімскім раёне Гродзеншчыны. Вучыўся ў мастацкай школе ў Краснадары, у Тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску. Як сапраўдны мастак-патрыёт шмат твораў прысвяціў Радзіме. «Беларуская вёска», «Бабулькі ў Гродне», «Слуцкая брама ў Нясвіжы», «Вечар у Віцебску», «Звонкі вечар у Слоніме» — на стварэнне гэтых ды іншых карцін яго натхніла родная прырода, памятныя падзеі з гісторыі краіны.
Многія з яго карцін захоўваюцца сёння ў дзяржаўных галерэях і прыватных калекцыях, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Мастацкім музеі Латвіі, Карціннай галерэі Патсдама…
Юдаль Пэн і Якаў Кругер. Як мастакі паўплывалі на станаўленне партрэтнага жывапісу Беларусі?
Кабачкі, запечаныя з памідорамі, маянэзам і сырам — гэта вельмі далікатнае і летняе спалучэнне. Лустачкі кабачкоў атрымліваюцца смачнымі і сакавітымі. Замест маянэза можна выкарыстоўваць смятану ці грэцкі ёгурт.
Практычна на 95% кабачкі складаюцца з вады, пры гэтым яны досыць сытныя, а гэта значыць, што гэтая гародніна выдатна падыходзіць для нізкавугляводных рацыёнаў, а таксама іх можна есці пры дыябеце II тыпу.
Падрыхтуйце неабходныя інгрэдыенты. Уключыце духоўку для папярэдняга разагравання да 200 градусаў.
Кабачок вымыйце, абрэжце краі, і пачысціце калі неабходна. Парэжце кабачок кружочкамі, не вельмі тоўста, вельмі тонка таксама не трэба.
Памідоры мыем, выразаем месца прымацавання пладаножкі. Наразаем памідор тонка.
Цвёрды сыр трэба надзерці на буйнай тарцы.
Бляху змазваем сланечнікавым алеем. Затым выкладваем наш кабачок.
Перчым і солім па смаку.
Затым раскладваем лустачкі памідораў на кожны слайс кабачка. Пад канец аўтар разрэзала на дробныя кавалачкі памідоры і накрывала ім кабачок.
Часнок чысцім і і прапускаем праз ціскалку, альбо дробна рэжам дробна. І размяркоўваем на памідоры.
Добра змазваем кабачкі зверху маянэзам.
І размяркоўваем зверху цёрты сыр.
Ставім у духоўку на 200 градусаў на 25-30 хвілін, глядзім па гатоўнасці, калі кабачок будзе мяккі, можна даставаць.
Кладзём на талерку, і адразу ж атрымліваем асалоду ад смаку.
Смачна есці!
Вёска Заказель — месца, цікавае ва ўсіх сэнсах. Апошнія гады сюды прыязджаюць як беларускія, так і замежныя турысты, каб пазнаёміцца з асаблівасцямі рэгіёна, цікавымі фрагментамі яго гісторыі і, вядома, ўбачыць неверагодныя архітэктурныя славутасці.
Першае згадванне аб гэтым паселішчы прыпадае на трынаццатае стагоддзе. І звязана яно, вядома, з родам Ажэшкі — прадстаўнікі гэтага роду менавіта ў трынаццатым стагоддзі атрымалі тут свой маёнтак. У сям'і былі як дзяржаўныя дзеячы на высокіх пасадах Рэчы Паспалітай і ВКЛ, гэтак жа і прадстаўнікі прафесій, звязаных з культурай. Напрыклад, да яе належала Эліза Ажэшка — вядомая польская пісьменніца, якая шмат часу праводзіла ў Заказелі.
Першае дакументальнае пацвярджэнне згадкі Заказелі, знойдзенае на сённяшні дзень, знаходзіцца ў метрычных кнігах Брашэвіцкай каталіцкай парафіі.
Менавіта ў іх, пачынаючы з 1771 года, можна прачытаць пра двор Заказелье. Запіс сведчыць аб тым, што ў Брашэвіцкім касцёле быў заключаны шлюб паміж шляхецкімі эканомамі Ажэшкі.
У 1839 годзе Ажэшкі, якія вырашылі асесці ў Заказел'і сур'ёзна і надоўга, пабудавалі ў парку побач са сваім домам капліцу. На фоне выкананага ў даволі простых класічных формах маленькага аднапавярховага палаца гэтая рамантычная фантазія на тэму сярэднявечнай готыкі глядзелася асабліва кантрасна. Капліца і сёння ўяўляе сабой выдатны ўзор гістарызму ў архітэктуры.
Выключна гарманічны будынак выконваў функцыю не толькі сядзібнай царквы, але і фамільнага магільнага склепа.
У размешчанай пад зямлёй крыпце было пахавана некалькі пакаленняў знакамітага роду Ажэшка, і нават пры продажы маёнтка іх спадчыннікі асобна абгаварылі ўмову захавання пахаванняў у недатыкальнасці. Нажаль, у выніку ўсё прыйшло ў зусім спустошаны стан.
Страта маёнтка якраз была звязана з імем пісьменніцы Элізы Ажэжка, а дакладней, з яе мужам. Ён меў дачыненне да паўстання 1863 года, за што праз два гады яго саслалі ў Пермскую губерню.
Маёнтак пасля быў прададзены спачатку графіні Бабрынскай, якая нямала зрабіла для эканамічнага развіцця будынка. А ў міжваенны час новым уладальнікам стаў Караль Талочка, у якога Заказель адабралі з прыходам Саветаў.
Калі асноўныя аб'екты маёнтка былі зроблены пры дапамозе мясцовых спецыялістаў, то капліца — гэта адзіная пабудова, для якой усё ж такі запрасілі вядомага архітэктара. Гэта быў Францішак Яшчольд, які стварыў праект у стылі неогтыкі — яго і рэалізавалі ў 1849 годзе.
Капліца па праве лічыцца адной з самых ранніх неагатычных пабудоў на тэрыторыі Беларусі.
Капліца была часткай сядзібнага комплексу. Тут знаходзілася палеская рэзідэнцыя роду. Акрамя маёнтка, была пабудавана вінакурня, мноства гаспадарчых пабудоў. Некаторыя захаваліся і сёння. І да гэтага часу выкарыстоўваюцца ў адміністрацыйна-вытворчых мэтах. Капліцу пабудавалі у модным на той перыяд стылі неаготыкі. Па сваёй прыгажосці і велічы яна перасягнула нават сядзібны дом.
Калісьці яе вокны ўяўлялі сабою прыгожыя вітражы з ажурнымі металічнымі рашоткамі — зараз ад іх не засталося і следа. Але затое захаваліся прыгожыя вежы са стрэламі, крыж, раскошны ўваход, а таксама гербы сям'і Ажэшка. У сярэдзіне ёсць кавалачак збору столі з уражлівым аздабленнем. Пад капліцай размяшчаецца месца пахавання членаў легендарнага роду. Туды можна спусціцца.
Да вёскі Заказель можна дабрацца двума шляхамі: самы хуткі вядзе па ўжо знаёмай нам трасе Брэст-Бранск, другі — па прасёлкавых дарогах, праз вёску Асаўцы, дзе захаваўся помнік народнага дойлідства - царква Святога Міхаіла Арханёла (пабудавана ў 1780 годзе і з'яўляецца адным з найстарэйшых драўляных храмаў нашай краіны).
Унікальны ўзор беларускай неаготыкі. Чаму трэба наведаць Троіцкі касцёл у Гервятах?
19 чэрвеня майстру ваеннай прозы Васілю Быкаву споўнiлася б 100 гадоў. Часам праверана: ягоныя творы ўвайшлі ў гісторыю сусветнай літаратуры. Гуманізм, экзістэнцыйны выбар чалавека ў экстрэмальных абставінах, праўдзівае апісанне ваенных падзей — гэта заўсёды будзе актуальна.
Імя Васіля Быкава шырока вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Беларускі пісьменнік атрымаў сусветнае прызнанне дзякуючы ўменню паказаць лёс чалавека ў гады ваеннага ліхалецця. Пра Вялікую Айчынную вайну 1941-1945 гадоў пісалі многія, але толькі яе непасрэдныя ўдзельнікі (былыя франтавікі Канстанцін Сіманаў, Юрый Бондараў, Рыгор Бакланаў, Віктар Астаф'еў) з'яўляюцца аўтарамі самых рэалістычных твораў.
Васілю Быкаву ў гэтым спісе адведзена адно з першых месцаў, бо яго проза — лепшы здабытак сусветнай мастацкай літаратуры аб вайне. Быкаў пісаў пра яе народную праўду, тое, што бачыў і перажыў сам, што пачуў ад людзей. Народным пісьменнікам ён быў не толькі па званні, такім быў прызнаны чытачамі.
Давайце ўспомнiм некалькi важных і цікавых фактаў пра класіка беларускай літаратуры.
У юнацтве Васіль Быкаў хацеў стаць мастаком, паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню. Аднак неўзабаве быў вымушаны пакінуць вучобу праз пагаршэнне матэрыяльнага становішча сям’і і адмену дзяржаўных стыпендый.
Пасля вучыўся ў фабрычна-завадской вучэльні. Праз шмат гадоў прызнаваўся, што сумаваў па мастацтве: «Часам увечары падыходзіў да мастацкага вучылішча, заглядваў у нізкія вокны… Было сорамна і балюча».
І тым не менш Васіль Быкаў не кінуў улюбёнага занятку, маляваў нават на фронце. А пасля Другой сусветнай вайны быў час, калі пісьменнік працаваў мастаком у майстэрнях. Малюнкі знакамітага пісьменніка не ствараліся для мастацкай каштоўнасці, яны занатоўваліся Быкавым дзеля ўспамінаў, а часам і проста на злобу дня.
Пісьменнік машынальна маляваў у нататніках накіды падчас размоў. А некаторыя замалёўкі, зробленыя яшчэ ў вайну, паслужылі вокладкай для кнігі Васіля Быкава «Мёртвым не баліць», якая пабачыла свет у 60-х гадах. Дарэчы, гэтую кнігу пісьменнік лічыў галоўнай у сваёй творчасці.
Васіль Быкаў успамінаў сваё дзяцінства як час, калі часта не было чаго паесці і апрануць. Ён дапамагаў бацькам па гаспадарцы, трэба сказаць, што па меры магчымасці і пазней праяўляў клопат аб родных, дапамагаў ім матэрыяльна. «Радасць – прырода і кнігі» – так выказаўся пазней Быкаў пра свае дзіцячыя гады.
Васіль рана навучыўся чытаць, у шэсць гадоў пайшоў у школу. Чытанне стала для яго адным з любімых заняткаў, яшчэ ў школе ён пазнаёміўся з творчасцю Міхася Лынькова, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Янкі Маўра, чытаў рускіх пісьменнікаў – Льва Талстога, Фёдара Дастаеўскага, Антона Чэхава, Максіма Горкага, замежную прыгодніцкую класіку – Жуля Верна, Майна Рыда, Джэка Лондана, Вальтэра Скота і іншых аўтараў.
Васіль Быкаў добра вучыўся ў школе. Адзін з настаўнікаў прыкмеціў таленавітага вучня і сярод вучэбнага года перавёў яго з трэццяга класа ў чацвёёрты. Але бацька Васіля палічыў, што маляўцы, калі ён сконча гэты клас, будзе цяжка хадзіць за тры кіламетры ў сярэднюю школу. Таму прыйшлося хлопцу паўторна вучыцца ў чацвёртым класе. «Мне было ўсё роўна, толькі б вучыцца» — менавіта так казаў пра гэтую сітуацыю пісьменнік.
Бацькі Васіля Быкава былі простымі сялянамі. Бацька пісьменніка Уладзімір Фёдаравіч служыў у царскім войску, быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. Маці Ганна Рыгораўна паходзіла з простай сям'і, з вёскі Завулак, якая знаходзілася на тэрыторыі Польшчы.
У Вiцебскае мастацкае вучылішча Васiль Быкаў адправiўся па парадзе бацькi: каб не галадаць у вёсцы. Перасадка была ў Полацку. Гэта першы горад, убачаны Васiлём Быкавым. Вясковы падлетак хадзiў па вулiцах узрушаны, усё падавалася незвычайным і цікавым
Музей пад адкрытым небам. Якія месцы ў Полацку вы дакладна не забудзеце?
У час вайны Быкаў быў ва Украіне. Спачатку ён займаўся абароннымі працамі, затым пачаўся адступ. Калі дайшлі да Белгарада, Быкаў паспрабаваў набыць правізіі і з-за гэтага адстаў ад сваіх.
Яго затрымалі і знайшлі ў кішэні схему руху калоны — наіўны хлопец маляваў яе па дарозе, і гэтым ледзь не падпісаў сабе смяротны прысуд: яго прынялі за варожага шпіёна. Быкава замкнулі ў падвале, потым прывялі туды, дзе расстрэльвалі зняволеных. Ён упаў у такі адчай, што чырвонаармеец пашкадаваў яго і дазволіў Васілю ўцячы.
У войска Васіля Быкава прызвалі ў 1942-ым годзе. У пачатку 1944-га ён браў удзел у Кіраваградскай наступальнай аперацыі, дзе быў сур'ёзна паранены. Яго запісалі ў спіс загінуўшых. На самой справе Быкава адправілі ў шпіталь. Там ён праляжаў некалькі месяцаў, ад раненняў і вярнуўся на фронт.
Гэтыя падзеі ляглі ў аснову аповесці «Мёртвым не баліць».
Цяпер яна рэкамендавана школьнікам Міністэрствам адукацыі. Але тады пасля першай публікацыі яе прынялі ў штыкі: уладам не спадабалася, што пісьменнік без прыкрас апісаў стаўленне вышэйшых чыноў да простых людзей.
Першую сваю жонку, Надзею Андрэеўну Кулагіну, выкладчыка рускай мовы і літаратуры, пісьменнік сустрэў у Гродне. Пышнага вяселля не было, маладыя паведамілі пра шлюб сваім сем'ям лістамі, знялі кватэру і пачалі жыць разам. У шлюбе ў іх нарадзілася двое сыноў — Сяргей і Васіль. Стаўшы асабістым сакратаром Васіля Быкава, Надзея Андрэеўна ахвяравала працай, навучылася друкаваць на машынцы і прысвяціла сябе праўцы і апрацоўцы тэкстаў мужа.
Пасля трыццаці гадоў сумеснага жыцця Васіль Быкаў сутрэў Ірыну Міхайлаўну Сувораву, якая стала яго другой жонкай.
Першай экранізацыяй «Беларусьфільма» па Быкаву стаў фільм «Трэцяя ракета» рэжысёра Рычарда Віктарава, ён выйшаў на экраны ў 1963-м годзе. Далей былі «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), «Узыходжанне» (1977), «Знак бяды» (1985) і іншыя..
Чытаючы творы Васіля Быкава заўважна, што беларускасць з’яўляецца першаасновай яго творчасці: родная мова найбольш поўна адлюстроўвае аўтарскую задуму, раскрывае трагічны лёс герояў, большасць якіх родам з Беларусі.
Пісьменнік сам перакладаў амаль усе свае асноўныя творы на рускую мову, каб дакладна перадаць сэнс і задуму літаратурных ідэй.
Яго часта называюць земляком Шагала і Малевіча. Беларускага скульптара і графіка Аляксандра Шаппо ведаюць як знакамітага аўтара тонкіх філасофскіх работ, які ўмее не толькі перадаваць і адлюстроўваць сэнс задумы, але ж і паглыбляць гледача ў глыб гісторыі, фарміраваць яго погляд на розныя падзеі і сітуацыі. Скульптар нарадзіўся і вырас у творчай сям’і, ён змог знайсці свой творчы стыль і стаць пазнавальным.
На мінулым тыдні ў галерэі «Арт-фабрыка» у межах маштабнага гадавога мастацкага праекта «Шаппо-24» адкрылі персанальную выстаўку Аляксандра Шаппо «Solar sonata», у экспазіцыі якой многія работы творцы прадстаўлены ўпершыню.
Графіка мастака вельмі насычаная дэталямі, якія, часам, здаюцца складанымі, а скульптура наадварот выклікае пачуццё спакаю, расслаблення. Вельмі зачароўваюць гледачоў менавіта скульптуры, у якіх мы бачым жанчын: іх пластычныя ступні і цела быццам ўзносіцца ў паветра і жыве там сваім асобным жыццём.
— Я заўсёды любіў і люблю скульптуру. Гэта справа майго жыцця, — тлумачыць творца. — Я не люблю спяшацца, люблю абдумваць кожную дэталь, аналізаваць, як зрабіць свет. Многае ў маім творчым жыцці зроблена, але над многім яшчэ трэба падумаць імногае зрабіць.
Мастак у друкаванай графіцы спецыялізуецца ў літаграфіі, займаецца экслібрысам. Як скульптар працуе ў галіне мемарыяльнай і паркавай скульптуры. Яго творчасць для гледачоў не толькі цікавае і якаснае мастацтва, але ж і свята, якое кожны раз адчуваецца, калі трапляеш на выстаўку Аляксандра.
На выстаўцы ў графіцы аўтара можна ўбачыць персанажаў грэцкай міфалогіі, сусветнай літаратуры, Бібліі, гістарычных асоб, якія ўступаюць у барацьбу з непераадольнай сілай абставін, з рокам. Аляксандр Шаппо праз творчасць зноўку «пражывае» гісторыі сваіх персанажаў, ён спрабуе зразумець іх матывы, і чаму тыя здзяйснялі тыя ці іншыя ўчынкі. На адкрыцці праекта сям'я мастака жартавала: «Калі вы хоць адзін раз убачыце Дзюймовачку вачыма Сашы, не зможаце больш ніколі ўспрамаць гэту казку як раней».
Работы Аляксандра Шаппо, звернутыя да легенд, магіі і містыкі, раскрываюць глыбокі, пласт духоўнасці. Творчасць мастака выказвае фантасмагарычныя ўяўленні, якія мелі нашы продкі пра навакольны свет, пра саміх сябе, і ў яго графіцы і скульптуры заўсёды ўздымаецца тэма культурнага пачатку.
Эпілог у фарбах. Выстаўка кантрасных твораў Паўла Шаппо працуе ў Мінску
Нават калі ідзе гаворка пра розныя жанры, у якіх працуе Аляксандр Шаппо, ён падкрэслевае рэнесансныя ідэалы ўласнай творчасці. У яго работах канцэптуальнасць мастацтва і эратызм узаемазвязаны. Прадстаўленая выстаўка сапраўды абвяргае ўстояныя стэрэатыпы ўспрымання свайго наваколля
Мастак адзначае, што натхненне да яго прыходзіць самымі нечаканымі шляхамі, часам гэта паэтычны імпульс. Магічнае мастацтва Аляксандра Шаппо нясе жывыя імпульсы натуральнасці і прыгажосці існавання, якія пераадольваюць акасцяненне і ўнутранны застой развіцця чалавека.
Ідэйна-вобразныя канцэпцыі Антона Шаппо. Асаблівасці творчага почырка мастака
Вялікая Айчынная вайна – адна з тых тэм, якая нікога не пакідае абыякавым. Гэта боль ўспамінаў ветэранаў, якія былі яе непасрэднымі удзельнікамі. Гэта памяць аб героях, падзеях, якія нельга забываць, у творах сучасных аўтараў. Беларускія мастакі гавораць пра Вялікую Айчынную вайну пранізліва, з болем, з пачуццём падзякі да тых, хто вынес усе нягоды на сваіх плячах.
20 чэрвеня ў Палацы мастацтва адкрылі выставачны праект «Колеры Вялікай Перамогі», прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праект арганізаваны Беларускмі саюзам мастакоў пры падтрымцы і непасрэдным удзеле Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза архітэктараў.
Удзельнікі выстаўкі «Колеры Вялікай Перамогі» – творцы з розных рэгіёнаў Беларусі. Яны ўзнімаюць у сваіх работах тэму болю, які прыносіць народу вайна, крохкасці міру, тэму памяці пра тых, хто загінуў на франтах, хто вярнуўся і ўзнімаў жыццё на скалечанай зямлі. У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, тэкстыль, дэкратыўна-прыкладное мастацтва, плакаты і фотаздымкі і і макеты манументаў і мемарыялаў, ад Хатыні да «Чырвонага Берага», ад Брэсцкай крэпасці да «Ямы» на месцы гібелі вязняў Мінскага гета і манумента «Праклён фашызму» ў вёсцы Шунеўцы.
Класікі і сучаснікі размясціліся побач, аб'яднаныя адной тэмай і адным болем: Леў Гумілеўскі, Леанід Левін, Анатоль Анікейчык ці Віктар Мурашоў, і аўтары, якія знаходзяцца на піку творчага росквіту — Аляксандр Шаппо і Максім Пятруль.
Асобны праект выстаўкі — «Азарычы. Чорныя зоры», прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення вязняў нацысцкага лагера смерці «Азарычы». 19 сакавіка 1944 года чырвонаармейцы 65-й арміі пад камандаваннем генерала арміі П. Батава вызвалілі вязняў канцэнтрацыйнага лагера ў Калінкавіцкім раёне. Лагер праіснаваў усяго 10 дзён. За гэты кароткі тэрмін тут загінулі больш як 20 тысяч старых, жанчын, дзяцей. Усяго ж гітлераўцы сагналі ў балоцістае месца непадалёк ад вёскі Азарычы больш за 50 тысяч людзей, якія знаходзіліся ў нечалавечых умовах.
— Прынцыпова важна паказаць і сённяшніх творцаў, як яны мысляць, як адчуваюць тэму вайны, — патлумачыла на адкрыцці выстаўкі Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — І я разумею, наколькі гэта важная і складаная задача. Таму што ветэрану ці чалавеку, які перажыў нават маленькім жахі вайны, было прасцей выказацца. Маладому мастаку значна складаней. Аднак трансфармацыя мастацкай мовы, асэнсаванне вайны маладымі, мабыць, будуць цікавыя гледачу. На выстаўцы мастакі выказваюцца яшчэ пра адну важную тэму — трагедыю жанчын, матуль, якія адправілі на вайну сваіх дзяцей, бо заўсёды ў беларускім мастацтве галоўны — чалавек. Гэта і ёсць наш уклад у творчае асэнсаванне тэмы 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Праект аб'яднаў творчую групу гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў. У ім панарамна разгорнутая тэма выкрыцця генацыду. Жывапісныя і графічныя работы не толькі раскрываюць старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ад якіх нават у самых стойкіх прадстаўнікоў чалавецтва, стыне кроў, але і захоўваюць памяць, заклікаюць не дапусціць паўтарэння здарэння. Уражанне ўзмацняецца дакументальнымі матэрыяламі: фатаграфіямі, успамінамі былых вязняў. У выставачным праекце ўзялі удзел прадстаўнікі трох пакаленняў мастакоў Гомельшчыны.
Тэма вайны на выстаўцы цесна пераплятаецца з тэмай міру: побач са стратамі, подзвігам і горкай памяццю — тое, чаго пазбавіліся, калі ў 1941-м грымнула сусветная бура, і тое, за што ваявалі, што здабылі.
У экспазіцыі выстаўкі можна пазнаёміцца таксама з работамі класікаў беларускага мастацтва з калекцыі Беларускага саюза мастакоў, прысвечаным тэме самаадднанай барацьбе жанчыны на франтах вайны, подзвігу ў тыле.
У рамках праекта прадстаўлены работы секцыі «Традыцыя», сярод сябраў якой шмат дзяцей ваеннага часу. Асобная экспазіцыя распавядае пра помнікі ваеннага часу (мемарыяльныя комплексы, манументальныя аб’екты, памятныя знакі), створаныя скульптарамі, сябрамі Беларускага саюза мастакоў, і архітэктарамі, сябрамі Беларускага саюза архітэктараў. Мастакі тэатра, кіно і тэлебачання прадставілі эскізы і макеты да фільмаў і тэатральных пастановак, знятых у апошняе дзесяцігоддзе па тэме Вялікай Айчыннай вайны.
Важным складальнікам выстаўкі з’яўляецца і агульная экспазіцыя сучасных аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі. На ёй можна пазнаёміцца з тэматычнымі карцінамі, краявідамі, партрэтамі, скульптурнымі кампазіцыямі, творамі керамікі, шкла і тэкстылю, арт-аб’ектамі. У гэтых работах гучыць памяць аб мінулай вайне, заклік да забароны ўсіх форм генацыду ў сучасным свеце.
У студзені 2022 года быў прыняты закон Рэспублікі Беларусь «Аб генацыдзе беларускага народа» ў мэтах захавання памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Гэта даніна павагі загінуўшым, бязвінна знішчаным грамадзянам нашай краіны.
Праект «Колеры Вялікай Перамогі» таксама гаворыць пра памяць, выяўляючы гэту тэму сродкамі мастацтва.
Сёння амаль не засталося мастакоў, якія самі перажылі вайну, генацыд ці халакост. Тое, з чым працуюць у наш час аўтары, – гэта памяць пакалення, якое жыло да іх. Гэта – метафары, рэфлексіі на тэму гісторыі вайны, аповяд аб болі і душэўных траўмах, якія яна нясе. Работы нашых сучаснікаў часта валодаюць складанай сэнсавай нагрузкай, а іх назвы адсылаюць да літаратурных твораў.
Нашы мастакі інтэрпрэтуюць гэтыя вобразы, падзеі, якія вызначаюць вельмі значную для беларускай гісторыі дату – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысціх захопнікаў.
Пранізлівая праўда ваенных часоў. Цікавыя факты з прэм’еры спектакля «Горкі хлеб»
У 2024 годзе спаўняецца 170 гадоў з дня нараджэння мастака Юдаля Пэна і 155 гадоў з дня нараджэння Якава Кругера, мастакоў-педагогаў, заснавальнікаў прафесійнай мастацкай адукацыі на тэрыторыі Беларусі, заснавальнікаў прыватных школ малюнка і жывапісу ў Віцебску і Мінску. Для многіх сваіх вучняў гэтыя творцы сталі першымі і найважнейшымі педагогамі ў іх жыцці.
З гэтай нагоды ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылі выстаўку «Ю. Пэн, Я. Кругер. Мастацкія школы Беларусі», якая створана на аснове жывапісных, графічных, скульптурных твораў са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
Экспазіцыя ўяўляе сабой рэпрэзентацыю, у першай яе частцы, творчай спадчыны двух яркіх беларускіх жывапісцаў Юдаля Пэна і Якава Кругера, а ў другой частцы – творы цэлай плеяды іх вучняў: Марка Шагала, Осіпа Цадкіна, Давіда Якерсана, Алены Кабішэр-Якерсан, Саламона Яўхіма Раяка, Льва Зевіна, Заіра Азгура, Саламона Юдовіна, Льва Лейтмана, Лазара Рана, Ісаака Бароўскага, Пятра Явіча, Мішэля Кікоіна, Міхаіла Станюты, Ісаака Мільчына і іншых – прадстаўнікоў самых розных мастацкіх плыняў і напрамкаў, якія стварылі «партрэт» — нацыянальным багаццем Беларусі.
У 1906 годзе Якаў Кругер заснаваў у сталіцы Малявальную школу мастака Кругера. Ён працаваў у бытавым і партрэтным жанрах, вядомы як аўтар інтымна-псіхалагічных партрэтаў прадстаўнікоў беларускай і яўрэйскай інтэлігенцыі. Сярод яго вучняў — Іван Ахрэмчык і Хаім Суцін. Дарэчы, гэта адзіны мастак, які тройчы выстаўляўся ў Мінску ў пачатку мінулага стагоддзі. Ён першы атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.
Сам сябе Якаў Кругер называў «мастаком Мінска». І сапраўды, куды б ні закідваў яго лёс, як бы ні вабілі перспектывамі далёкія краіны, ён заўсёды нязменна вяртаўся ў родную Беларусь.
Пабываў у Кіеве, Пецярбургу, Казані, пабачыў Варшаву, Лондан і Берлін, дэманстраваў свае палотны на выстаўках у самім Парыжы, аднак апошнія свае дні пражыў у Мінску.
Якаў Кругер нарадзіўся 14 траўня 1869 года ў сям'і небагатага мінскага рамесніка. Яго імя ад нараджэння было Янкель, імя па бацьку — Мардухавіч. Усяго ў Кругераў было шасцёра сыноў, а значыць, шанцы на атрыманне годнай адукацыі ў іх былі надзвычай малыя, але Якаву пашанцавала: на грошы дабрачынцаў у 14-гадовым узросце ён быў адпраўлены на вучобу ў Кіеў. Усяму «віной» стаў партрэт пісьменніка Тургенева пэндзля юнага мастака, які ўразіў дырэктара мінскай гімназіі.
Дзякуючы некалькім аўтапартрэтам пэндзля Кругера можна ўявіць, як выглядаў мастак у маладосці (рыжавусы, поўны сіл малады чалавек).Прынята лічыць, што адна з лепшых яго карцін «Дзяўчынка ў чырвоным» спісана з дачкі Соф'і. Пазіравала мастаку і яго жонка па імені Фрума-Злата. Але найбольшую вядомасць яму прынеслі партрэты двух беларускіх класікаў — Якуба Коласа і Янкі Купалы, выкананыя ўжо ў савецкі час.
Мадэлямі Кругера сталі героі новага часу — пралетарскія пісьменнікі і паэты, навукоўцы і палітычныя дзеячы, перадавікі вытворчасці. Заваяваўшы афіцыйнае прызнанне ўладаў, Якаў Кругер стаў адным з тых, хто ствараў стыль савецкага параднага жывапісу.
Юдаль Пэн адкрыў у 1898 годзе прыватную Школу малявання і жывапісу — першае яўрэйскае мастацкае вучылішча, якое потым яго вучань Марк Шагал пераўтварыў у Віцебскае мастацкае вучылішча. У сваіх работах жывапісец рабіў асноўны акцэнт на жыцці простых яўрэяў, ажыўляючы карціны за кошт разнастайнасці дэталей. Гледзячы на яго творы, можна пагрузіцца ў рэаліі пачатку ⅩⅩ стагоддзя. У дачыненні да яго творчасці некаторыя мастацтвазнаўцы выкарыстоўваюць тэрмін «яўрэйскі рэнесанс».
Ён выхаваў цэлую плеяду геніяльных яўрэйскіх мастакоў: Марка Шагала, Эля Лісіцкага, Іосіфа Цадкіна і многіх іншых. Але ў адрозненне ад сваіх вучняў, сам Юдаль Пэн пражыў сціплае жыццё. Ва ўзросце 82 гадоў ён быў па-зверску засечаны сякерай — раўнівым камісарам, раззлаваным, што яго жонку намалявалі ў стылі ню.
З многімі сваімі вучнямі Юдаль Пэн заставаўся ў сяброўскіх, блізкіх адносінах усё жыццё, і яны ніколі не забываліся, хто даў ім пуцёўку ў жыццё. Так, да 25-гадовага юбілею працы Пэна ў Віцебску ў адной з маскоўскай газет з'явіўся артыкул Марка Шагала на ідышы, пазней ён быў перакладзены і на рускую мову. Шагал пісаў: «25 гадоў стараннай працы на фабрыцы ці заводзе звычайна ўзнагароджваюцца ордэнам працы. Пра гэты подзвіг дакладваюць, пішуць і даводзяць да ведама. Хіба не заслугоўвае хаця б увагі, што ў горадзе Віцебску з году ў год бесперапынна вось ужо 25 гадоў сціпла і сумленна працуе мастак. З аднаго боку, ён выхоўвае ў сваёй першапачатковай майстэрні-школе дзясяткі юных будучых мастакоў Віцебска, з іншага боку, ён сам, як можа, стварае работв, з якіх некаторыя павінны ўвайсці ў гістарычны аддзел Габрэйскага музея ў цэнтры і ў музей Віцебска, у прыватнасці. Юрый Майсеевіч Пэн — мастак-рэаліст старой школы, выхадзец са старой рускай акадэміі. Ён усё ж застаўся самім сабой, захаваўшы вялікую дозу сваёй шчырасці. Яго майстэрня, аблепленая з падлогі да столі яго работамі, і ён сам за мальбертам з ужо аслабленым зрокам, — вельмі цікавая карціна для назірання. Нельга не шанаваць гэтыя згаданыя заслугі, і думаю, што аб такім працаўніку, аб такім у сваім родзе «пралетарыі» павінны ведаць людзі. Віцебск жа асабліва павінен памятаць яго».
Школа Пэна праіснавала да 1918 года — пасля ўсе прыватныя ініцыятывы былі зачыненыя. Аднак неўзабаве Марк Шагал арганізаваў Народную мастацкую вучэльню, і кіраваць ёй запрасіў свайго першага настаўніка. Калі вучылішча было рэарганізавана ў інстытут, Пэн не толькі выкладаў у ім, але і выконваў абавязкі прарэктара па вучэбнай частцы. Увесь гэты час праводзіліся пастаянныя выстаўкі Пэна і яго вучняў, яго работы адбіраліся на выстаўкі Акадэміі мастацтваў і выстаўкі Петраградскага таварыства мастакоў.
Выстаўка «Ю. Пэн, Я. Кругер. Мастацкія школы Беларусі» — унікальная магчымасць пазнаёміцца не проста з творамі мастацтва аўтараў і іх вучняў, а таксама ўбачыць карціны, якія вядомыя шырокаму колу аматараў жывапісу і з’яўляюцца каштоўнасцю сусветнага мастацтва.
Закаханы ў жыццё. Цікавыя факты пра лёс Марка Шагала ( да 135-годдзя з дня нараджэння)
Паводле старадаўніх народных ўяўленняў, галаўны боль — гэта вынік псавання і сурокаў або парушэння пэўных табу. Асабліва шырока распаўсюджана вера ў негатыўную сілу «кепскага вока» ці слоў або думак у бок іншага чалавека.
Прычынай галаўнога болю лічыцца і парушэнне розных забаронаў, у тым ліку мыццё галавы ў дзень Івана-Галавасека — свята Усекнавення галавы Іаана Хрысціцеля (11 верасня). На Палессі ў гэты дзень варылі кісель з каліны, каб цэлы год не балела галава.
Немалаважную ролю ў прычынах узнікнення галаўнога болю мелі… валасы чалавека! Паводле старажытных вераванняў, яны з’яўляюцца жыццядайным асяродкам, дзе злучаны фізічныя і духоўныя сілы. Таму прычынай галаўнога болю таксама магло быць парушэнне забароны выкідвання на вуліцу астрыжаных ці вычасаных валасоў, нельга было расчэсваць валасы на Раство, спальваць іх у печы. Агульнаславянская забарона выкідання валасоў тлумачыцца тым, што з іх птушка, мыш або жаба могуць зладзіць сабе гнёзды, а гэта ў сваю чаргу выкліча ў чалавека жудасны галаўны боль.
Верылі, што калі з носа цячэ кроў і кропля ўпадзе на падлогу ці на зямлю, то нельга яе пакідаць. Таму што, калі гэтую кроў паліжа сабака, у чалавека будзе дужа балець галава. Таксама забаранялася круціць шапку на кулацэ ці вакол рукі.
У славян існаваў абрад-помста закладвання дома «на чыю-небудзь галаву», г. зн. на смерць чалавека або жывёл, якія ад гэтага не будуць весціся ў гаспадарцы.
Існавала вялікая колькасць перасцярог ад галаўнога болю. Пачуўшы першыя грымоты куляліся праз галаву або трэба было тры ці дзевяць разоў стукнуць жалезам, каменем ці кулаком па галаве і прамовіць «Жалезная галава». Мазалі лоб і скроні латук-травой, клалі на галаву капусныя лісты, мылі галаву адварамі зёлак, сабраных у дзень Святога Юр’я і на Купалле. Каб не балела галава, у народзе раілі насіць пярсцёнкі з рога лася, бурштыну і каралаў. На ўзыходзе сонца мыліся расой, і пры гэтым трэба было стаяць тварам да сонца. Калі балела галава, то да яе па чарзе прыкладалі тры каменьчыкі ўзятыя на ростанях — скрыжаванні дарог.
Таксама, каб пазбыцца галаўнога болю, клалі галаву або шапку на лекавыя камяні ў святых месцах. Асабліва вартыя ўвагі камяні каля вёсак Вялікі Поўсвіж Лепельскага і Сорагі Слуцкага раёнаў.
У Вялікім Поўсвіжы лекуе дажджавая вада з ямкі на камені. Акрамя галаўнога болю тут лечаць хваробы вачэй, малярыю, бародаўкі ў чалавека і жывёл. Камень два метры ў папярочніку. На ім выразна акрэсліваюцца два слядкі чалавека і некалькі слядоў лап невялікіх жывёл. Паводле старадаўняй легенды, камень скінуў з неба сам Бог. Другая легенда даводзіць: «Некалі сонца так пякло, што сваімі гарачымі промнямі расплавіла нават камяні, і яны зрабіліся мяккімі. У гэты момант ішла па зямлі Ева (па іншая версіі — Божая Маці). Ад спёкі яна стамілася і не заўважыла, як ступіла на камень. Ззаду за ёй беглі кот і сабака, якія таксама ступілі на камень». Таму да сёння камень называюць Божым.
На камені каля в. Сорагі тры слядкі. Большы слядок лічаць следам Бога, меншыя: адзін — следам ката, другі — сабакі. Самую маленькую ямку на камені лічаць знакам ад кіёчка, на які абапіраўся Бог. Лекавым тут з’яляецца пясок каля каменя. Яго заліваюць вадой і п’юць ад галаўнога болю.
Каб пазбавіцца галаўнога болю, хадзілі, а шмат дзе і цяпер ходзяць да святых крыніц і дрэў. Прыкладам, галаўны боль лечаць крыніцы: паміж вёскамі Горна і Ізбішча Лагойскага раёна, пад Юр’евай гарой у Віцебску, каля аграгарадка Сухары паблізу Магілёва, каля вёскі Выдранка Краснапольскага раёна ды інш.
Крыніца паміж вёскамі Ізбішча і Горна лічыцца гаючай і лечыць не толькі галаўны боль, але і хваробы вачэй. Над крыніцай зроблены паўмятровы памост. Легенда тлумачыць з’яўленне крыніцы тым, што некалі на гэтае месца ступіла Святая Панна, і з яе следу пачаў біць фантан вады. Пасля тут праходзіў сляпы старац. Ён таксама ступіў на гэтае месца і зрабіўся відушчым. З таго часу і сталі прыходзіць сюды людзі.
Юр’еўская крыніца ў Віцебску прысвечана Ярылу — богу плоднасці і ўрадлівасці. Легенда распавядае, што калісьці Вялізны Цмок скраў у людзей ваду і замарозіў яе. Ярыла забіў Цмока дзідай і вызваліў ваду. У тым месцы, куды трапіла дзіда Ярылы, з’явілася крыніца.
Крыніца ў аграгарадку Сухары знаходзіцца каля маста праз раку Рэста. Побач каплічка, купель і паклонны крыж. Раней там быў скіт манахаў. Крыніца не замярзае нават у лютыя маразы. Вада ўтрымлівае іоны срэбра, радон і мінаральныя солі. Непадалёк — Успенская царква.
Каля вёскі Выдранка бруяць две крыніцы, якія лечаць галаўны боль. Адна на рацэ Калпіта — завецца крыніцай Дзмітрыя Растоўскага. Там месцяцца страдаўні храм і капліца. Паводле легенды, некалі мясцовай пані Марыі Бараноўскай у сне быў знак — каб вылечыцца ад хваробы, трэба пабудаваць у вёсцы храм. Жанчына пабудавала храм, прысвечаны Святому Дзмітрыю Растоўскаму, і цудоўным чынам вылечылася. Другую крыніцу называюць Панская або Крыніца пана Бараноўскага ці Крыніца Серафіма Сароўскага. Каля крыніцы ўсталявана некалькі альтанак. Вада ў гэтым месцы праходзіць праз старажытныя крэйдавыя адклады, таму вельмі празрыстая і мае мяккі прыемны смак. Крыніца здаўна лічылася святой, а вада ў ёй — гаючай.
Вельмі архаічныя абрады лячэння здзяйсняюць каля крыніц паблізу вёсак Грабяні Докшыцкага і Ляды Дубровенскага раёнаў. Пасля малітваў з просьбай пра пазбаўленне ад галаўнога болю гэтым крыніцам абавязкова трэба ахвяраваць менавіта грабеньчык.
Лячыць галаўны боль ідуць і да Святой хвоі ў лесе каля вёскі Цвермы Лідскага раёна. Гэтая сасна лічыцца адным з сямі цудаў Лідчыны. Вернікі, якія пакутуюць на галаўны боль, вымяраюць сваю галаву ніткай, якую потым вешаюць на дрэва. На галінкі высахлага дрэва таксама павязваюць стужкі і палатняныя фартушкі, на якіх вышываюць крыжыкі і ўдзячныя надпісы. Гэтыя ахвяраванні не можна здымаць, пакуль яны самі не спарахнеюць.
Зубр Валер… Ён сціпла стаяў непадалёк ад нас і ўдаваў з сябе самага рахманага і дабразычлівага зубра ў свеце.
Што рабіць? Прафесійны вядоўца мусіць пераадольваць свае страхі. Хоцькі-няхоцькі, Адэля на хісткіх нагах накіравалася да Валера. Здымачная група і я – за ёй.
Нагадаю, што вобраз менавіта гэтага прыгажуна вітаў гасцей міжнароднага чэмпіянату свету па хакеі. З плакатаў, цішотак, сувеніраў – адусюль годна і рашуча пазіраў самы знакаміты зубр нашага часу. Адэля пра гэта таксама памятала. Таму звярнулася да Валера ветліва і пачціва.
– Вітаю! – пачала Адэля. – Ах, Валер! Вы адзіны, хто можа ратаваць сітуацыю!
Валер прыветна хітнуў галавой і няспешна запытаўся:
– Чым магу дапамагчы?
Голас маладога зубра быў хрыпаты і нізкі. І адразу стала зразумела, што гаварыць яму даводзіцца не надта часта. Але Адэля хутка скеміла, што зубр, які некалі згадзіўся пазіраваць мастакам і фатографам, відаць, і ёсць самы гаваркі ў статку.
– Майце на ўвазе, да вас звяртаецца зорка тэлебачання! Мяне завуць Адэля. Наўрад ваша слава пераўзыходзіць маю, таму можам размаўляць на роўных! – адразу задзерла нос авечачка. – Я задам некалькі пытанняў. Адкажыце на іх як мага больш шчыра. Вельмі прашу!
Валер згодна кіўнуў. Адэля зручней ухапіла мікрафон капыткамі, зіркнула на аператара… і расплылася ў чароўнай усмешцы:
– Перад вамі, дарагія тэлегледачы, самы знакаміты зубр-сучаснік. Знаёмцеся: гэта Валер! Яго выявы яшчэ нядаўна віталі нас усіх на Міжнародным чэмпіянаце свету па хакеі, што праходзіў у нашай сталіцы – Мінску. Скажыце, – Адэля звярнулася да зубра, – як змянілася ваша жыццё з таго моманту, як вы сталі вядомым на ўсю краіну?
Валер ледзь заўважна паціснуў плячыма.
– Не думаю, што некалькі выяў здольныя некага праславіць. І ў маім жыцці нічога не змянілася.
– Ну як жа, – не разгубілася Адэля. – На Чэмпіянаце толькі лянівы не фоткаўся з выявай зубра. Няўжо вас не апаноўваюць натоўпы фанатаў, каб атрымаць аўтограф ці сфатаграфавацца?
– Як бачыце, не. І гэта вельмі добра. Інакш статку давялося б яшчэ далей заглыбіцца ў пушчу. А цяпер менавіта тут найлепшы выпас.
– І што, статак не мог бы патрываць дзеля самага знакамітага зубра краіны?
– Патрываць? – Валер амаль усміхаўся. – Вы блытаеце зуброў з кімсьці.
– А няўжо не хацелася самому прысутнічаць на спаборніцтвах, эмблемай якіх вас выбралі? Толькі ўявіце, колькі ўвагі вы атрымалі б! – не здавалася Адэля. Што зробіш: для яе пытанне знакамітасці было адным з найгалоўных.
– Бадай што не, – на імгненне завагаўся Валер. – Па-за пушчай многа тлуму, мітусні. Там час сплывае так хутка, што цэлыя эпохі праносяцца міма шалёнай віхурай.
Ого! Мы ўсе застылі ад нечаканай філасофскай высновы.
– А адкуль вам пра гэта вядома? – недаверліва запыталася Адэля. – Вы хоць раз з пушчы нос вытыркнулі?
– А мне – навошта? – удакладніў Валер. – Дастаткова паслухаць старэйшын, каб зразумець, што ў нашай пушчы пануе ВЕЧНАСЦЬ.
– А хіба гэтага дастаткова для шчасця? – Адэля з усіх сілачак старалася не паказаць сваёй разгубленасці.
– Зубрам – даволі! – пераканаўча выдыхнуў Валер.
– Чакайце! Атрымліваецца, што вы ўсё жыццё праводзіце ў сваёй пушчы?
– Так. Амаль усе мы. Толькі адзінкі вымушаныя пускацца ў падарожжы. Шмат у якіх землях, дзе калісьці жылі нашы суродзічы, зуброў зусім не засталося. Таму на вандроўнікаў ускладзеная вельмі адказная місія ўзнаўлення зубрынага роду.
– Слухайце, Валер! – абурылася Адэля. – Вы ж яшчэ зусім малады зубр, а разважаеце, як стары. Няўжо вам не хочацца проста атрымліваць асалоду ад кожнага дня, а не думаць пра высокія місіі і вечнасць?
– Калі я быў малы, дурэў і скакаў, як яны, – Валер перавёў погляд на зубранят. – Але з узростам мера адказнасці мяняецца! Цяпер я вучуся слухаць ВЕЧНАСЦЬ і жыць з ёй у згодзе.
– Як гэта – слухаць вечнасць? – удакладніла Адэля.
– Па-рознаму. Назіраць за высокімі зорамі, адчуваць пошум ветру ў вершалінах векавых дрэў, любавацца бясконцымі струменямі вады ў рацэ…
– І што, усе зубры такія філосафы? – ускіпела Адэля. Тое, што яна чула ад Валера, не стасавалася з яе ўяўленнямі пра зуброў. – А як тады патлумачыць зубрыныя бойкі? Чаму, ледзь што якое, зубры адзін на аднаго кідаюцца?
– Гэта нораў, – незадаволена засопшы, прызнаўся Валер.
– Нішто сабе нораў! – абурылася авечка. – Хай бы патаўкліся трошкі дзеля прыліку. Дык не! Да ранаў, да крыві бойкі ўсчыняеце. Нават на вадапоі! Нават ля кармушкі! Куды знікае ваша станавітасць і міралюбства? А калі такія наравістыя, дык чаму не змаглі абараніцца ад вынішчэння?
Зубр Валер насупіўся. Ён высалапіў цёмны язык і колькі разоў нервова аблізнуў пысу. А гэта ўжо не жартачкі. Гэта – дакладная прыкмета таго, што зубр знаходзіцца ў вялікім узрушэнні. Не дзіва – Адэля кранула за самае балючае. Ён не стаў чакаць, пакуль авечка зразумее, што схібіла, крута развярнуўся, і падаўся у гушчар.
– Чакайце! – апомнілася вядоўца. – Я ж яшчэ хацела запытацца, ці ёсць у зуброў ворагі ў прыродзе? І ці падвяргаецца моладзь уціску старэйшын? І яшчэ…
Але Валер нават не азірнуўся! Услед за ім рушыў увесь статак. Хаця Валер не быў важаком. Статак звычайна водзіць самая сталая і вопытная зубрыца. Але падаць сігнал трывогі можа любы зубр. Таму ўсе: і малыя і дарослыя зубры моўчкі падтрымалі свайго суродзіча, якому словы тэлевядучай падаліся зняважлівымі. Амаль бязгучна волаты зніклі у пушчы.
Вось так рэзка і нечакана абарвалася інтэрв’ю з зубром. Можа, нехта і быў расчараваны, але толькі не я! Я стала сведкай незабыўнай падзеі!
А вось Адэля атрымала вымову ад рэжысёра за непрафесійныя паводзіны. Яна галасіла і закочвала вочкі, надрыўна блеяла і пускала слязу. Праз нейкі час нам удалося крышку супакоіць і Адэлю, і рэжысёра. Падзякавалі егеру за суправаджэнне, пагрузіліся ў аўтобус і рушылі ў зваротную дарогу. І цяпер ужо Адэля не пазбягала маёй кампаніі. Яна ўселася ў крэсла побач і з гаротным выглядам прытулілася да майго пляча. Здымачная група на чале з рэжысёрам сабралася вакол аператара. Яны раз за разам пракручвалі зняты матэрыял, абмяркоўвалі яго і рабілі заўвагі. А я супакойвала прыяцельку.
– Адэлька, досыць ужо перажываць. Ты і так малайчынкай сёння выявілася! Як адважна ты падыйшла да таго вялізнага зубра, што не захацеў з намі размаўляць! І як лёгка паразумелася з зубрыцай.
– Ага, – паныла хліпала авечачка. – А вось жа не ўзяла ў зубраняці інтэрв’ю…
– Дык ён жа зусім малы! Што ён табе расказаў бы? Што зубрам смачнейшае – трава ці лісце раслін? Дык пра гэта ты і сама ў “Чырвонай кнізе Беларусі” можаш прачытаць.
– Ага, спадарыня Наталля... Я так і не даведалася, за што зуброў выбралі сімвалам Беларусі. Выходзіць, што яны для гэтага не зрабілі НІ-ЧО-ГА! НІЧАГУСЕНЬКІ!!! – мая прыяцелька зноў відавочна пачала нервавацца.
– Затое ад Валера мы ўведалі, што зубры умеюць адчуваць ВЕЧНАСЦЬ… Слухай! – узрушылася я. – Гэта ж таму зубр і ёсць сімвалам! Бо ў кожным народзе жыве мара пра вечную славу сваёй зямлі! А зубры такія далёкія ад штодзённай мітусні, што міжволі верыш ў іх знітаванасць з ВЕЧНАСЦЮ!
Напэўна, маё хваляванне не спрыяла даходліваму тлумачэнню. Бо Адэля глядзела на мяне дакорліва.
– Ат, пані Наталля, вы зноў са сваімі ўражаннямі! А мы, між іншым, мае праблемы абмяркоўваем!
– Ну якія праблемы, Адэлю? Сама падумай! Інтэрв’ю ты ўсё ж узяла. І магчыма, гэта было першае зубрынае інтэрв’ю ва ўсім свеце.
– Праўда? – ажно заззяла авечачка. – Вы дакладна ведаеце?
Я пераканаўча заківала галавой.
– А што ж вы думалі, – да Адэлі імгненна вярнулася яе самаўпэўненасць, – выбітная тэлезорка і не на такое здольная! Я магу разгаварыць каго заўгодна! Шкада, што зрок у зуброў не надта востры. Наўрад яны змаглі разгледзець маю прыгажосць. І хоць гэты зубр Валер быў не самым прыемным суразмоўцам…
– Ты зноў выправішся ў пушчу, каб зрабіць яму падарунак?
– А вось і не! Усё значна прасцей! Я даручыла егеру перадаць зубру Валеру кепку з яго выявай і значок – з маёй!
– Здорава, – ухваліла я Адэльчыну ідэю.
– Дні вечнасці падобныя адзін да другога як дзве каплі вады! Дык няхай хаця б нейкі з іх будзе асабліва запамінальным, – падсумавала Адэля.
Праз некалькі дзён я ўлучыла Адэліну тэлеперадачу. Анонс паведамляў:
Увага! Першае зубрынае інтэрв’ю ў свеце! Самы знакаміты зубр нашай краіны дае інтэрв’ю!
На экране Адэлька красавалася побач з пушчанскім асілкам Валерам. Здымачная група выдатна папрацавала, інтэрв’ю было знята вельмі ўдала. Авечачка выглядала такой мізэрнай у параўнанні з маладым волатам! А той трымаўся так спакойна і годна, яго хрыпаты голас гучаў так пераканаўча! Асабліва там, дзе Валер разважаў пра вечнасць. Нават сцэна, калі зубр раптоўна развярнуўся, спыніўшы нашу сустрэчу, была пададзена як рэжысёрская задумка.
– Вядома, – расказвала Адэля пасля відэарэпартажу, седзячы ў тэлестудыі перад камерай, – у мяне было яшчэ шмат пытанняў да Валера. Напрыклад, ці ведае ён, што зубрыныя выявы выкарыстоўваюцца не толькі на паштовых марках, а яшчэ і на юбілейных манетах. Але я зразумела, што зубры ані не дбаюць пра сваю папулярнасць, – крыху пафасна пабедавала вядоўца. – Што ж, кожнаму сваё. Няхай зубры злучаюць штодзённасць у ВЕЧНАСЦЬ. І лепш лішні раз ім не назаляць!
Мошчы – парэшткі, ці асобныя косткі людзей, далучаных пасля смерці да ліку святых. Яны з’яўляюцца аб’ектамі ўшанавання ў хрысціянскай царкве. На землях Усходняй Еўропы ў першыя стагоддзі распаўсюджвання хрысціянства ў абрадзе асвячэння храмаў галоўную ролю мела залажэнне мошчаў святых у прастоле ў спецыяльнай скрынцы. Такой традыцыі прытрымліваліся доўгія стагоддзі.
У некаторых храмах у часы сярэднявечча, і нават крыху пазней, пакланяліся бальзамаваным нябожчыкам, труны якіх стаялі ў падзямеллях. Напрыклад, так было ў Заслаўі. Тут у канцы 16 – пачатку 17 стагоддзяў на былым дзяцінцы пабудавалі кальвінскі збор, які потым быў пераасвечаны ў касцёл, а ў 1865 годзе ў праваслаўны храм ў гонар Праабражэння Гасподня. У сутарэннях храма стаялі труны Сапегаў, якія гаспадарылі ў Заслаўі ў 17 стагоддзі. У сярэдзіне 19 стагоддзя тут яшчэ захоўваліся тры бальзамаваныя муміі. Ва ўсім наваколлі верылі ў іх лекавую сілу, і па пэўных днях да іх па ацаленне сцякаліся тысячы паломнікаў, прыносілі разнастайныя ахвяраванні. Але праз некаторы час мінскі губернатар загадаў муміі закапаць, а ўваход ў склеп замураваць.
У 18—19 стагоддзях вялікую лекавую сілу мелі ў народзе мошчы Пінска-Тураўскага епіскапа Іяакіма, які пасля смерці ў 1719 годзе быў пахаваны ў агульнай пахавальні Успенскага сабора ў Жыровіцкім манастыры. У 1870-я парэшткі ўладыкі Іяакіма былі перапахаваныя каля галоўнага ўваходу ў гэты сабор у Жыровічах, знутры з правага боку, у каплічцы, пад харамі ў склепе. Паданне кажа, што цела ўладыкі Іяакіма было знойдзена ў непарушным стане. У падзяку за лячэнне паломнікі неслі ахвяраванні: халсты, воўну, грошы, бараніну і інш.
У 19 – пачатку 20 стагоддзя ў Мінску ў Спаса-Праабражэнскім манастыры, якія знаходзіўся на сучаснай Інтэрнацыянальнай вуліцы, стаяў храм Святой Варвары, і там захоўваліся яе мошчы, да якіх хадзілі лекавацца.
У часы Першай сусветнай вайны у манастыры размяшчаўся ваенны лазарэт. Пасля пажара 1944 года храм Святой Варвары быў зруйнаваны, а пра лёс мошчаў дагэтуль нічога невядома.
Да нашага часу шырока ідзе слава пра мошчы полацкай княжны 12 стагоддзя Еўфрасінні Полацкай. Нарадзілася Еўфрасіння паміж 1100 і 1104 г. і была прапраўнучкай князя Уладзіміра, які хрысціў Русь, і ўнучкай полацкага князя Усяслава Чарадзея. Дзяўчынкай-падлеткам Прадслава — такое свецкае імя было ў Еўфрасінні, пайшла ў манастыр. Яна вучыла грэчаскую мову, перапісвала кнігі, а ў 20 гадоў заснавала жаночы манастыр непадалёк ад Полацка. Еўфрасіння пісала летапісы і малітвы, знаходзіла словы для прымірэння варагуючых.
Еўфрасіння Полацкая памерла ў час паломніцтва ў Іерусаліме, а яе мошчы доўгі час знаходзіліся ў Кіева-Пячорскай лаўры. У 1910 годзе іх урачыста перавезлі ў Полацк, у адну з заснаваных ёю абіцеляў. З самай смерці пачалося яе шанаванне. Ужо ў 13 стагоддзі Папа Рымскі Рыгор Х прылічыў спадзвіжніцу да ліку святых. Дарэчы, Еўфрасіння — першая на нашых землях жанчына, прыяднаная да ліку святых. Яе часта называюць нябеснай заступніцай Беларусі.
У архіўнай літаратуры захаваліся апісанні шматлікіх цудаў ацалення хворых ад мошчаў Еўфрасінні Полацкай, якія здараліся ў пачатку 20 стагоддзя, калі іх пераносілі на тэрыторыю Беларусі. Нямым вяртаўся голас, сляпыя рабіліся відушчымі, хворыя на рожыстыя запаленні, катар страўніка і параліч цудоўным чынам вылечваліся.
Цяпер парэшткі святой прападобнай Еўфрасінні змешчаны ў раку, што стаіць у полацкім Крыжаўзвіжанскім саборы па левы бок ад алтара. Скрыня багата ўпрыгожана срэбрам і бронзавай інкрустацыяй. Сюды прыязджаюць вернікі, каб прасіць у прападобнай патаемнага. Кажуць, добрая Еўфрасіння дапамагае і ў збавенні ад хвароб, і ў здабыцці сямейнага шчасця.
Паводле архіўных дадзеных і публікацый у царкоўнай літаратуры, у 19 – пачатку 20 стагоддзяў вялікай лекавай сілай валодалі мошчы Случчыны, якія знаходзіліся ў Спасскай царкве Свята-Троіцкага мужчынскага манастыра ў Слуцку і ў касцёле Святой Барбары ў вёсцы Замосце Слуцкага раёна.
У Спасскай царкве з правага боку ад ўваходу стаяў саркафаг, дзе ляжалі мошчы гістарычнай асобы — княгіні Соф’і Юр’еўны Алелькавіч, па мужу Радзівіл (1585 – 1612), або Соф’і Слуцкай. Соф’я памерла пры родах і была пахаваная ў манастыры. Пасля смерці, хаця яна і не была кананізаваная, яе сталі лічыць апякункай жанчын, у асноўным заступніцай парадзіх. Мошчы знаходзіліся ў драўлянай труне, якая была ўстаўлена ў цынкавую, а наверсе быў зроблены футарал з дубовага дрэва. Штогод жанчыны, якія спадзяваліся з дапамогай Соф’і атрымаць здароўе, абракаліся на «Сафійку». Паломніцы ў складчыну куплялі шаўковую ці атласную тканіну і шылі сукенку, галаўны ўбор і пантофлі. Потым абраныя жанчыны ў пэўны дзень пераапраналі мумію. Мужчыны не мелі права прысутнічаць пры гэтым абрадзе. У архіве манастыра захоўвалася кніга запісаў цудаў, атрыманых ад мошчаў.
У 1848 годзе ў Слуцку лютавала страшэнная пошасць халеры. Мяшчане горада дамагліся дазволу пранесці мошчы Святой Соф’і праз горад, крыж-накрыж. Эпідэмія хутка спынілася.
Вось яшчэ адзін цуд, звязаны са Святой Сафіяй. Аднойчы ў сялянскага хлопчыка Самуіла Шыловіча з вёскі Міхейкі патрапіла маланка, і ён перастаў хадзіць. Урачы не маглі дапамагчы. Аднавяскоўцы казалі бацькам: «Нічога не будзе з вашага Самуся, так і праляжыць». Але здарыўся цуд. Да роспачнай маці ў сне з'явілася Сафія і загадала прывезці дзіця ў Свята-Троіцкі манастыр. Дадому ён пайшоў сам! І гэта пасля чатырох гадоў паралічу.
У той жа самай слуцкай царкве, з левага боку, насупраць труны Соф’і Слуцкай, знаходзіліся мошчы хлопчыка Гаўрыіла, якога ў народзе называлі Гаўрыла Беластоцкі, Гаўрыла Заблудаўскі ці Гаўрыла Слуцкі. На зіму іх пераносілі ў невялічкую цэркаўку побач з будынкам, дзе жылі манахі.
Па павер’ях, «Гаўрылка лячыў дзяцей». Паводле паданняў, хлопчык Гаўрыіл, сын сялян Пятра і Анастасіі, у канцы 17 стагоддзя з рытуальнымі мэтамі быў забіты іўдзеямі. Яго мошчы захоўваліся ў вясковай Звяркоўскай царкве на Беласточчыне. У 1746 годзе царква згарэла, і мошчы перанеслі ў мястэчка Заблудаў ў Троіцкі манастыр, а ў 1755 годзе забралі ў Слуцк, які ў тыя часы быў буйным цэнтрам праваслаўя. У 1820 годзе Гаўрыіл быў кананізіраваны і акрамя лекара дзяцей стаў яшчэ і апекуном горада Слуцка.
У канцы 19 стагоддзя для мошчаў Гаўрылкі зрабілі срэбную раку, а старую драўляную з часткамі мошчаў перавезлі ў Супрасль у Дабравешчанскі манастыр. У пачатку 20 стагоддзя ў дзень памяці пакутніка Гаўрыіла (20 красавіка па старому стылю) царква арганізоўвала шматлюдныя хрэсныя хады.
Асабліва вялікая хада адбылася ў 1914 годзе. Былі арганізаваныя нават дармавыя паездкі па чыгунцы да станцый Замір’е і Урэчча. Асноўная плынь паломнікаў ішла ад станцыі Замір’е і да яе па дарозе далучаліся людзі. Ва ўсіх населеных пунктах, праз якія рухалася хрэсная хада са святыняй, яе сустракалі з вялізным натхненнем. Людзі стараліся схіліць галовы пад раку з мошчамі, некаторыя клаліся пад яе самі на зямлю або клалі хворых. У многіх месцах да асноўнай хрэснай хады далучаліся малыя хрэсныя хады. А на мяжы з Бабруйскім паветам яе сустракала яшчэ адна шматтысячная хрэсная хада. Пад вечар дабраліся да мястэчка Урэчча, адкуль на наступны дзень пасля ўрачыстага набажэнства святыня цягніком кіравалася ў Гродзенскую губерню.
У выніку 17 красавіка пад 7 гадзін вечара працэсія з 7 тысяч чалавек прыйшла ў Нясвіж, дзе іх сустрэлі з аркестрам. Да 11 вечара быў малебен, а потым паломнікаў жыхары забіралі на начлег. Па павер’ях, гараджане такім чынам далучаліся да маленняў за здароўе сваіх дзяцей. На наступны дзень у 6 гадзін раніцы, пасля малебну, працэсія рушыла далей. Насустрач паломнікам са Слуцка выйшла хрэсная хада на чале з епіскапам Мінскім і Тураўскім Мітрафанам. Аб’яднаная калона накіравалася ў манастыр, дзе адбыўся малебен і пачалося пакланенне мошчам Гаўрыіла.
У часы Першай сусветнай вайны, тая частка мошчаў Гаўрылкі, што знаходзілася ў Супрасльскім манастыры, бежанцамі была вывезена ў Маскву, і размешчана там у Пакроўскім саборы. Асноўная частка мошчаў заставалася ў Слуцку. У Слуцкім Траецкім манастыры мелася спецыяльная кніга, у якой запісвалі вядомыя духоўным і цывільным уладам цудоўныя выпадкі, звязаныя з мошчамі Гаўрыіла.
У 1930 годзе мошчы вывучала спецыяльная камісія з Мінска. Яе ўзначальваў дырэктар Інстытута судовай экспертызы Народнага камісарыята юстыцыі доктар В. Ф. Чарвакоў. Праз два гады ён надрукаваў кніжку «Слуцкія муміі», дзе падрабязна апісаў працу камісіі і стан мумій. Гаўрылку вызначылі ўзрост 4 – 6 гадоў.
Пасля заканчэння даследаванняў мошчы Соф’і Слуцкай перавезлі ў Мінск ў Анатамічны музей медыцынскага факультэта БДУ, а ў час нямецкай акупацыі ў 1941 годзе іх перанеслі ў Свята-Духаўскі сабор, дзе яны знаходзяцца і цяпер. Соф’я была кананізаваная толькі ў 1984 годзе.
Мошчы Гаўрыіла заставаліся ў Слуцку і ў 1944 годзе былі перавезены ў Гродна ў Свята-Пакроўскі сабор. У 1992 годзе іх перадалі вернікам Беластока і змясцілі ў Свята-Мікольскі сабор.
Паслухаць класіку ці джаз у замкавым двары, патусавацца з байкерамі на беразе возера, адзначыць Купалле і на ўсю ноч акунуцца ў рэйв на пляжы. Мы зрабілі для вас падборку розных фестываляў цёплага сезона-2024 ў Беларусі.
Калі: 28 - 30 чэрвеня
Месца правядзення: Брэская вобласть, г.Пружаны. Стадыён «Мухавец»
Гэты рок-фэст пройдзе ў 2024 годзе ўпершыню. І, мяркуючы па даступнай на сёння інфармацыі, гэта будзе нешта па-сапраўднаму феерычнае!
Калі сумняваецеся, то вось вам падборка асноўных хэдлайнераў «Сонцастаяння»: «Кня Zz», «Парк Горкага», «Браты Грым», «Чыж і Ко», «Сэнсавыя галюцынацыі», «Маральны кодэкс», «СерГа» і іншыя. А яшчэ ў ліку выступоўцаў будзе нават Джо Лін Тэрнер – былы ўдзельнік знакамітага гурта Deep Purple!
Арганізатары абяцаюць, што, апроч выступаў культавых артыстаў, вас чакае прыгожае мястэчка побач з возерам, вялікі фуд-корт, а галоўнае – незабыўныя эмоцыі.
Калі: 28 - 30 чэрвеня
Месца правядзення: Баранавіцкі раён, бераг возера «Лясное»
Байк-рок-фэст на беразе возера «Лясное» ў Баранавіцкім раёне сёлета з 28 па 30 чэрвеня адзначыць дзесяты юбілей. Раней на ім выступалі LINDA, «Воплі Відоплясова», Глеб Самойлаў & The Matrixx, «Без Квітка», «Крамбамбуля» і іншыя гурты.
Акрамя канцэрта арганізатары абяцаюць «Парад агнёў», конкурс на лепшы матацыкл, квэсты, спаленне машыны, мазгабойню, паласу перашкод, армрэслінг, амерыканскі футбол, пеннае шоу і дыскатэку.
Калі: 29 чэрвеня і 13 ліпеня ў 21.00
Месца правядзення: Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, г.п. Мір, вул. Чырвонаармейская, 2. Мірскі замак
Праект, здаецца, прыйшоў на змену «Музычным вечарам у Мірскім замку». 29 чэрвеня з удзелам салістаў і сімфанічнага аркестра Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра там правядуць музычнае шоу «У стылі кінахіт».
13 ліпеня гасцей чакае канцэрт з удзелам салістаў і сімфанічнага аркестра тэатра «Чароўны свет аперэты». Абодва мерапрыемствы пачнуцца ў 21.00.
Калі: 5 - 6 ліпеня
Месца правядзення: Мінская вобласць, г. Нясвіж, вул. Ленінская, д. 19. Замак Радзівілаў
Джазавы фэст пройдзе ў двары замка Радзівілаў пад адкрытым небам з 5 па 6-ае ліпеня другі раз. З найлепшымі і папулярнымі сусветнымі джазавымі кампазіцыямі выступяць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я.Фінберга і салісты аркестра.
Калі: 5 ліпеня
Месца правядзення: Гродзенскі раён, Гродзенская вобласць, г. Скідзель
Фларысты будуць ствараць свае работы на вачах у публікі, а адметнасцю свята стане «Парад кветкавых кампазіцый».
У праграме: тэатралізаванае адкрыццё, канцэрт артыстаў і калектываў Гродзенскага раёна, тэматычныя выстаўкі, фотазоны, гульнявыя праграмы і мноства іншых актыўнасцей.
Калі: 9 - 15 ліпеня
Месца правядзення: г. Віцебск, праспект Фрунзе 13. Летні Амфітэатр
Міжнародны фестываль мастацтваў праводзіцца ў Віцебску з 1992 года. У праграме фестывалю — канцэрты, спектаклі, выстаўкі, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы.
У 2024 годзе на фестывалі выступяць танцавальныя праекты і ўдзельнікі міжнародных дзіцячых музычных конкурсаў, пакажуць спектаклі, пройдзе канцэрт каўказскіх выканаўцаў. Сярод анансаваных спектакляў — два на беларускай мове. Большасць выканаўцаў прыедуць з Расіі. Гэта Filatov & Karas, Алег Газманаў, Марыям Мерабава, Яраслаў Сумішаўскі, Любоў Успенская, Ані Лорак і іншыя.
У канцэрце «Залаты хіт» (музыка 1990−2000-х) заяўлены ўдзельнікі з Малдовы, Іспаніі і Даніі.
Больш падрабязна пра праграму фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» - 2024 чытайце тут.
Калі: 19 - 21 ліпеня
Месца правядзення: Брэсцкая вобласць, вёска Булькава. Парк "Палянка"
Пераходзім да чарговай навінкі. Першы музычны фестываль электроннай музыкі Lotus Music Fest пройдзе з 19 па 21 ліпеня 2024 года ў вёсцы Булькава пад Брэстам. Чароўныя дыджэйскія сэты перанясуць вас у іншыя вымярэнні і дапамогуць растварыцца ў незямной музыцы. Сярод выступоўцаў на фестывалі будуць Dmitry Molosh, Kostya Outta, Upteka, Toa Maeh, Andy Stock і інш.
А хэдлайнерам праекта стане таленавітая і натхняльная Amonita, якая ўпершыню наведае Брэст сёлета.
Мерапрыемства дапоўняць і іншыя забавыі. Будуць арганізаваны розныя тэматычныя зоны, фестываль стрыт-фуду, ёга, фрысбі, зарадкі, забегі і іншыя актыўнасці для здароўя цела і духу. Так што можаце рыхтавацца да ўзрушаючага ліпеньскага ўікэнду!
Калі: 20-21 ліпеня
Месца правядзення: Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, вёска Пціч. Музейны комплекс «Дудуткі»
У другой палове ліпеня правядуць найбуйнейшы гістарычны фэст у гонар Грунвальдскай бітвы, які праходзіць з 2008 года. Фестываль адбудзецца ў музейным комплексе «Дудуткі» пад Мінскам.
У праграме нас чакаюць фаер-шоу, батлейка, рыцарскія выступленні, канцэрт з удзелам Івана Кірчука (лідэр гурта «Троіца»), гуртоў «Стокс», Nevrida, «Рокаш», «Вока чарота» ды іншых.
Калі: 26 - 28 ліпеня
Месца правядзення: г. Брест, ул. Энгельса, 3. Стадыён «Альянс
Мотафестываль пройдзе з 26 па 28 ліпеня на картынгавым стадыёне «Альянс» у Брэсце, ён будзе прымеркаваны да дня горада.
У межах падзеі таксама пройдзе кубак Брэста па шашэйна-кальцавых гонках, будзе магчымасць пакатацца па лясной трасе для мота-кроса на спецыяльных матацыклах ад Dropstop Brest.
Апроч канцэрта ў лагеры абяцаюць насычаную праграму і па самім Брэсце. З музыкі пакуль анансавалі выступленні беларускіх гуртоў KaS, «Аганьчык Бэнд» і Dj KirRojal.
Калі: 28 ліпеня
Месца правядзення: Віцебская вобласць, г. Браслаў, вул. Рыбхозная 15a. Каля базы адпачынку "Дрывяты"
Па традыцыі, фестываль пройдзе на Цэнтральным пляжы Браслава, у асяроддзі выдатных Браслаўскіх азёр з 26 па 28 ліпеня. На іх маляўнічых берагах — мноства турыстычных баз, месцаў для рыбнай лоўлі і пляжнага адпачынку.
На сцэне галоўнага музычнага фестывалю краіны выступіць МакSім, HOLIDAYBOY, Kristina Si, Клава Кока, Алег Маямі, Лёша Свік і іншыя вядомыя калектывы і сольныя артысты Беларусі і Расіі. Дапоўняць імпрэзу розныя прыемныя актыўнасці: конкурсы, майстар-класы, спартыўныя гульні.
Калі: 3 жніўня
Месца правядзення: г. Мінск, вул. Кірава 8/4. Стадыён «Дынама»
Новы гарадскі фестываль Festiwow пройдзе на стадыёне «Дынама» 3 жніўня, але настройвацца на яго можаце пачынаць ужо зараз! Вас чакае шмат музыкі, фуд-корт, актыўнасці і забавы на працягу ўсяго дня.
Сярод выступоўцаў будуць гурты «Тры дні дажджу», Dead Blonde і «Мая Мішэль», а таксама таямнічы супергосць, імя якога пакуль трымаюць у сакрэце, і іншыя папулярныя музыканты розных напрамкаў – ад рока да дыска. Так што сумаваць не давядзецца нікому!
Калі: 2 - 4 жніўня
Месца правядзення: Магілёўская вобласть, г. Мсціслаўль. Замкавая гара
З 2 па 4 жніўня на Замкавай гары ў Мсціслаўлі адбудзецца рыцарскі фэст. Традыцыйна наведвальнікаў мерапрыемства будуць чакаць турнір лучнікаў, манеўры, конны турнір і паказальныя выступленні наезнікаў, тэатралізаваны штурм замка, канцэрт, вогненнае шоу, рынак майстроў і рамеснікаў, майстар-класы.
Калі: 4 жніўня
Месца правядзення: Гродзенскі раён. Станцыя Парэчча
Станцыя ў Парэччы, дзе размешчаны самы стары ў Беларусі чыгуначны вакзал, 4 жніўня ператворыцца ў святочную пляцоўку. Цягнік, які прывязе артыстаў і гасцей, на пероне ўрачыста сустрэне ўзорны духавы аркестр Парэцкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў.
На сцэнічнай пляцоўцы выступяць калектывы Гродзенскага раёна. Гасцей чакае фестываль фарбаў і пеннае шоу, інтэрактыўныя лакацыі для дзяцей і дарослых, фотавыстаўка «4 сезоны вакзала», інтэрактыўная фотасушка, «чытальны вакзал», дзіцячыя атракцыёны, выязны гандаль і многае іншае.
Калі: жнівень
Месца правядзення: Мінскі раён, Ждановіцкі сельсавет. Мінскае мора, пляж № 5
Фестываль электроннай музыкі на пятым пляжы Мінскага мора, аформленым як зона аазіса ў стылі фестывалю Burning Man (пустыня Блэк-Рок, Невада, ЗША), адбудзецца ў другія выходныя жніўня.
На тэрыторыі будуць расстаўлены арт-аб'екты і інсталяцыі, госці змогуць прыйсці у спецыяльна падрыхтаваных касцюмах. У 2023 годзе гэта было 12 гадзін музыкі да раніцы на дзвюх танцпляцоўках і вогненнае шоу, мы ўпэўнены, сёлета праграма фэсту будзе яшчэ больш насычаная.
Калі: 24 жніўня
Месца правядзення: Гродзенскі раён, Гродзенская вобласць. Аўгустоўскі канал (шлюз “Дамброўка”)
Гасцей фестывалю будуць чакаюць майстар-клас па бытавых танцах. На лаундж-пляцоўцы арганізатары паклічуць танчыць, выконваць папулярныя хіты і чэленджы з Tik-Tok пад воблакам пены і вясёлкай фарбаў. Таксама госці фестывалю змогуць пабудаваць, устанавіць і размаляваць шлюзы, байдаркі і лодкі. Адна з частак свята — гонкі на катамаранах. Завершыцца фестываль дыскатэкай пад адкрытым небам. У межах фестываля адбудзецца касцюміраванае шэсце да галоўнай сцэны.
One fine body…