
Цікавы, эксцэнтрычны, глыбокі... Менавіта так можна ахарактэрызаваць знакамітага мастака Аляксндра Пашкевіча, творчасць якога немагчыма назваць традыцыйнай альбо простай.
27 сакавіка ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбылося адкрыццё персанальнай выставўкі жывапісу і графікі «АДЛЮСТРАВАННЕ» сябра Беларускага саюза мастакоў Аляксандра Пашкевіча, прысвечанай 50-годдзю творчай дзейнасці аўтара.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 60 графічных і жывапісных работ мастака. Экспазіцыю складаюць творы з асабістай калекцыі аўтара і з фондаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея.
Праект атрымаў сваю назву дзякуючы адлюстраванню спектра эмоцый аўтара: думак, пачуццяў, светапоглядаў, нават адлюстраванне цэлага сусвету навокал і не менш насычанага, складанага сусвету ўнутры чалавека.

Эмоцыі і разважанні аўтара транслююць у асноўным не сюжэты, а багатыя, вельмі выразная каларыстыка, формы і аднолькава захапляючая дынаміка альбо статычнасць.
Карціны абстрактнага накірунку быццам бы маюць нейкую чароўную асаблівасць — чым больш глядзіш на іх, тым складаней адарвацца.
Формы, узоры, геаметрычныя лініі, тэкстуры і смелыя яркія колеры падкрэсліваюць настрой і пачуцці аўтара. Аляксандр Пашкевіч літаральна «счытвае» свет па-свойму, праз гаму ўласных адчуванняў.

Вельмі цікава звярнуць увагу на тое, якія розныя творы ў Аляксандра Пашкевіча. Адны – дакладная геаметрыя і лакальныя колеры, іншыя – пяшчотная дымка такіх знаёмых і родных беларускіх пейзажаў. Магчыма, менавіта ў гэтым можна ўбачыць адлюстраванне і кожнага з нас, бо ў розныя моманты жыцця мы адчуваем сабе моцнымі ці няўпэўненымі, прагматыкамі ці летуценнікамі, разумнымі дарослымі ці непаслухмянымі дзецьмі.

Уражвае, таксама, і часовы дыяпазон прадстаўленых работ. Экспазіцыя дае магчымасць прасачыць шлях мастака ад пачатку 70-х гадоў да сённяшняга дня і ўбачыць усе тыя змены, якія няўхільна адбываюцца ў яго творчасці з цягам часу. Мастацтва Алякандра Пашкевіча – гэта мастацтва са знакам шматкроп’я ў канцы.

Як мастак Аляксандр Пашкевіч далучае нас да абмеркавання таго, хто мы і які свет, створаны намі Ушчыльняючы сваю задачу ад агульнай да рэзка індывідуальнай, ён абвяшчае сваю творчасць не толькі пазнавальнай, а яшчэ філасофскай і дыялагічнай.

Аляксандр Пашкевіч скончыў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава. Дагэтуль навучаўся ў студыі выяўленчага мастацтва пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На працягу 13 гадоў выкладаў у мастацкай школе горада Маладзечна.

Творы мастака захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага саюза мастакоў, Мінскага абласнога краязнаўчага музея, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Нацыянальнай бібліятэцы Лондана і шматлікіх прыватных калекцыях. Мастак жыве і працуе ў горадзе Маладзечна.

Чым чапляе новы праект Андрэя Вераб’ёва і Аксаны Еўдакіменка?

21 сакавіка ў Палацы мастацтва адкрылі выстаўку «Terragraphica: Sacrum», у экспазіцыі якой прадстаўлена больш за 600 твораў тыражнай і арыгінальнай графікі.

Сакральнае (ад англ. sacral і лац. sacrum — святое, прысвечанае Богу) — у шырокім сэнсе - усё, якое мае дачыненне да боскага, рэлігійнага, нябеснага, тагасветнага, ірацыянальнага, містычнага, адрознае ад штодзённых рэчаў, паняццяў, з'яў. Выстаўка «Terragraphica: Sacrum» ахоплівае шырокі пласт чалавечага ўяўлення аб Сусвеце. Праз міфы, легенды, духоўныя практыкі і рэлігіі мы прыходзім да сакральнага сэнсу.
Сакральнае мастацтва — гэта не спрэчка аб паходжанні свету і сутнасці светабудовы, а хутчэй спроба канкрэтнага мастака даць адказ на вечныя пытанні аб прыродзе дабра і зла, граху і дабрадзейнасці.

Многія героі твораў не маюць адназначнай ацэнкі і з'яўляюцца персанажамі, якія сутыкаюцца з праблемай пастаяннага выбару і балансавання на мяжы правільнага рашэння і фатальнай памылкі. Гэтая тэматыка ніколі не страціць сваёй актуальнасці, бо з'яўляецца ключавой для разумення чалавека. Дзякуючы гэтаму, сакральнае мастацтва цікава і сучасным аўтарам.
— Гэты праект — вынік працы вялікай колькасці людзей, якія бралі ўдзел у падрыхтоўцы выстаўкі —адзначыў яе куратар Аляксандр Зінкевіч. — Спіс аўтараў шырокі, іх работы займаюць усе залы Палаца мастацтва, у тым ліку прастора галерэі Белгазпрамбанка «Арт-Беларусь». Адзначу, што дзякуючы падтрымцы банкам такіх ініцыятыў, тут мы можам убачыць шэдэўры беларускіх аўтараў, якія не даступны на іншых пляцоўках. Са сваёй карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанк прадаставіў для экспанавання чатыры жывапісныя біблейскія сюжэты Марка Шагала, «Малую падарожную кніжку» Францыска Скарыны».

Экспазіцыя складаецца з вялікай колькасці твораў: гэта афорты, ксілаграфія, літаграфія, арыгінальная графіка. Іх аснова — эвалюцыя поглядаў на рэлігію. Аўтары самыя розныя. З Беларусі — Леў Алімаў, Аляксандр Шаппо, Фёдар Шурмялёў, Усевалад Швайба. З Еўропы — Лукас Востэрман, Ота Дыкс, Альбін Бруноўскі, Хрысто Керын і інш. Сярод экспанатаў з аўтарскіх і прыватных калекцый няма падробак — яны ўсё арыгінальныя.
Спатрэбіўся год, каб сабраць работы для выстаўлення на ўсеагульны агляд.

Творы арганізатары размеркавалі па раздзелах, якія ўяўляюць сабой ланцужок эвалюцыі: ад міфаў да хрысціянства і іншых рэлігій свету.

У першай зале — выявы, тэксты, скульптуры міфалагічных персанажаў і істот. Напрыклад, можна ўбачыць калекцыю кентаўраў. Подзвігі Геракла прадстаўлены літаграфіямі Осіпа Цадкіна і афортамі Юліяна Іарданава.

Свет міфалогіі адлюстраваны ў карцінах беларускага мастака Валерыя Слаука. Унікальнасць яго работ у тым, што яны зроблены пры дапамозе гелевых ручак. Майстар прапанаваў 21 работу. Іх можна ўбачыць у асобнай зале, якая прысвечана непасрэдна творчасці жывапісца.

Творчасць заслужанага мастака Беларусі і знакамітага графіка такая казачная, што адразу прыкоўвае да сябе ўвагу. Палотны аўтара раскажуць вам пра казачныя персанажы, якія ў культуры народаў з часам забываюцца.

Работы ў другой зале пераносяць наведвальнікаў у Старажытны Егіпет. Ужо там можна прасачыць эвалюцыю ад міфалогіі да рэлігіі праз творы з адсылкамі да прарока Майсея і манатэізму (вучэння адзінства Бога).

Паверхам вышэй — работы з біблейскімі сюжэтамі. Але дакладнага падзелу на Стары і Новы Запавет няма. Хутчэй гэта агульнае ўяўленне пра жыццё пасля смерці.

Крыху далей – творы, прысвечаныя «Боскай камедыі» Дантэ. Па словах арганізатараў, гэта і ёсць разуменне жыхароў XIV ст. пекла і раю. Выяўляецца яно ў тэматычных зонах — Inferno (пекла), Purgatorio (чысцец) і Paradise (рай). Работы прадстаўлены скрыўленай лесвіцай — распутам для праведнікаў і грэшнікаў.

Але не толькі карціны ўвасабляюць сістэму пекла і раю змрочнага Сярэднявечча. Погляд чапляецца за чатыры ювелірныя ручкі. Тры з іх прысвечаны кожнаму раздзелу «Боскай камедыі». На чацвёртай, манахромнай, намаляваны ўсе героі твора.

Асобную прастору займае Біблія з ілюстрацыямі Сальвадора Далі. Яшчэ адзін важны экспанат — Біблія Доры, датаваная XIX стагоддзем. Арганізатары падкрэслілі: яны хацелі паказаць розныя падыходы да рэлігіі з пункту гледжання аўтарскага пераасэнсавання і вольнай трактоўкі. Усё гэта дэманструе змену ўспрыманняў і трактоўкі біблейскіх сюжэтаў.

Асобным месцам на выстаўцы прадстаўлены Марк Шагал, для якога сакральная тэматыка з'яўляецца асновай усёй творчасці. У праекце мастак прадстаўлены некалькімі серыямі: 3 серыі ілюстрацый да Бібліі, Кніга Зыходу (24 літаграфіі) і Калена Ізраіля (12 літаграфій).

Выставачны праект «Terragraphica: Sacrum» ахоплівае практычна пяць стагоддзяў развіцця графічнага мастацтва і ўключае работы знакамітых прадстаўнікоў Еўрапейскіх графічных школ.

Дзякуючы праекту наведвальнікі могуць прасачыць за гісторыяй развіцця мастацтва графікі, пазнаёміцца з большасцю графічных тэхнік і ўбачыць творы тых творцаў, якія сваёй працай фарміравалі асноўныя напрамкі развіцця гэтага віду мастацтва ва ўсім свеце.

Праект старажытнабеларускага сакральнага мастацтва адкрылі ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага

У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага напярэдадні Вялікага посту адбылося адкрыццё выставачнага праекта старажытнабеларускага сакральнага мастацтва «33 ступені». Праект арганізаваны Музеем гісторыі Мінска і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

Выстаўка знаёміць наведвальнікаў з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі сакральнага мастацтва, прысвечанымі евангельскім падзеям Крыжовага шляху Езуса Хрыста і святу Вялікадня.
У экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя творы іканапісу і скульптуры, створаныя ў XVII–XIХ стст. на тэрыторыі Беларусі.
Пасля закрыцця шматлікіх храмаў у 1960–1970-х гадах гэтыя творы былі выратаваны ад раскрадання і знішчэння.

Намаганнямі мастацтвазнаўцаў у ходзе навуковых экспедыцый помнікі сакральнага мастацтва беражліва збіраліся ў калекцыю Музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук БССР.

— Ідэя выстаўкі заключаецца ў тым, каб паказаць важныя падзеі ў жыцці беларусаў, якія мы можам параўнаць з сусветнай гісторыяй, — адзначыў на адкрыцці праекта загадчык аддзела Старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Барыс Лазука. — Трыццаць тры ступені як 33 гады жыцця Хрыста — гэта своеасаблівая алегорыя, якая адлюстроўвае і ступені ў жыццё кожнага чалавека ад нараджэння да канца жыцця. Як прайсці гэты жыццёвы шлях — гэта задача, якую даводзіцца вырашаць усім людзям.

На выстаўцы прадстаўлены розныя віды драўляных крыжоў праваслаўнай і каталіцкай канфесій з розных рэгіёнаў Беларусі.
Традыцыя ставіць драўляныя крыжы сыходзіць углыб часоў. Крыжы былі візуальным увасабленнем малітвы, а таксама падзякай за ацаленне, выратаванне ад гібелі.

Пазней распаўсюдзіліся драўляныя (выносныя) крыжы: як разьбяныя, так і ўпрыгожаныя тэмперным роспісам. Такія крыжы ўяўляюць сабой сапраўдны твор мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены таксама цудоўныя ўзоры драўляных «галгоф».
Выдатным узорам сакральнага мастацтва Беларусі з'яўляецца плашчаніца Ісуса Хрыста, прывезеная з Брэсцкай вобласці. Дэталёва адноўленая літаральна па нітачках плашчаніца займае сваё ганаровае месца на выстаўцы як неад'емная частка храмавага богаслужэння.

Выстаўку ўпрыгожаць узоры беларускага іканапісу і алтарныя палотны, якія паказваюць выяву Ісуса Хрыста і падзеі Евангелля. Асаблівасці беларускай школы з яе прыцягненнем да фальклорнай інтэрпрэтацыі класічных сюжэтаў даюць магчымасць адчуць нацыянальнае ўспрыманне сакральнага мастацтва.

У экспазіцыі прадстаўлены таксама творы народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага на біблейскую тэматыку. Гэта работы, прысвечаныя евангельскім падзеям з жыцця Ісуса Хрыста, пераасэнсаваныя мастаком і напоўненыя глыбокім філасофскім зместам.

Прадстаўленыя на выстаўцы работы, быццам з нябыту вяртаюцца да нас, даючы магчымасць усвядоміць значэнне духоўнай спадчыны для сучаснасці, вызначыць культурную ідэнтычнасць і ажывіць гістарычную памяць.

Ва ўрачыстым адкрыцці выстаўкі ўзяў ўдзел прадстаўнік агульнарасійскага грамадскага руху «Расійскі клуб праваслаўных мецэнатаў» Аляксандр Копелеў.

Завяршылася мерапрыемства выступленнем творчай групы «Цімпан» пад кіраўніцтвам хормайстра і музычнага кіраўніка Вольгі Крывашэевай. Выстаўка працягне сваю працу на працягу ўсёй Чатырохдзесятніцы і першых тыдняў пасля сустрэчы Светлага Хрыстовага Уваскрэсення.

Аўсяны кісель і раўгеня. Як выглядаў посны стол беларусаў у старажытныя часы?

Людзі, якія ведалі мастака Алега Усціновіча, наўрадці змогуць забыць яго неверагодную харызму, тонкае пачуццё гумару і ідэі, болшьшасць з якіх творца ўвасобіў у жыццё.

У сакавіку ў мастацкай гелерэі «Арт-фабрыка» адкрылі выстаўку жывапісу аўтара «У Бясконцасць», дзе прадстаўлены работы апошніх гадоў жыцця творцы. Алег Усціновіч вярнуўся да жывапісу пасля многіх гадоў працы ў дызайне, дзе ён не толькі дасягнуў поспеху і як аўтар, і як аўтарытэтны эксперт, і як арганізатар бізнесу, але і зразумеў, што яго шлях гэтым не вычэрпваецца. Разам з музыкай і каліграфіяй, жывапіс стаў для яго інструментам разумення таямніц быцця, ладам жыцця і месцам, дзе пасля сыходу з фізічнага плана засталася яго тонкая сутнасць.

Выстаўка «У бясконцасць» сканцэнтравана на дзвюх фундаментальных тэмах – жыццё і смерць – і прысвечана вывучэнню мастаком месца чалавека ў іх і паміж імі. Гэты праект з'яўляецца філасофскім разважаннем і пошукам здагадак. Выстаўка дэманструе разнастайнасць творчых інтарэсаў аўтара

—Да апошніх дзён ён нёс у сваёй душы званне вялікага матака, які разумеў, як і на чым будуецца свет, — адзначыла на адкрыцці праекта мастачка, сяброўка Алега Усціновіча Ілона Касабука. — З ім было вельмі камфортна ва ўсім: пагаварыць, памаўчаць, атрымаць падтрымку і добрае слова. Сёння складана нават уявіць, што яго няма побач, але дзякуючы яго работам, я ўпэўнена, што мастак нікуды не сыходзіць, ён з намі сваімі ідэямі і душой.

Часцяком работы Алега Усціновіча становяцца асновай для размовы аб гістарычнай, культурнай спадчыне чалавецтва і праблемах сучаснага грамадства. У глыбінныя духоўныя сэнсы палотнаў арганічна ўплятаюцца фрагменты розных эпох. У іх – адлюстраванне свету мастака, яго захапленне філасофіяй, гісторыяй мастацтва, містыкай і многім іншым.
Адмысловы каларыт і святло адлюстроўваюцца ў палотнах, ствараючы эфект пульсацыі малюнка, вібрацыі святла, якая дасягаецца накладаннем шматлікіх маляўнічых мазкоў.

На палатне, якое дала назву ўсёй выстаўцы, усяго два колеры: зялёны — жыццё, і чорны — тое, што за яе межамі. Гэта і ёсць адлюстроўванне таго, як плыве ў лодцы чалавек на карціне «У Бясконцасць».
Мастак пражыў яркае, насычанае падзеямі жыццё. У беларускай культурнай прасторы яго ведалі як чалавека слова і чалавека-ідэю. Дадзеная экспазіцыя – унікальная магчымасць пазнаёміцца з творчай спадчынай Алега Усціновіча і адкрыць для сябе грані яго светапогляду.

— Людзям, з якімі камунікаваў Алег, ён аддаваў вялікую частку свайго сэрца і сваёй увагі. — адзначыў на адкрыцці праекта сябар творцы, мастак-манументаліст Васіль Матусевіч. — Мне пашанцавала сустрэцца ў жыцці з Алегам, і я заўсёды захапляўся яго здольнацю быць чалавекам апантаным, у якога заўсёды складваецца любая справа, за якую ён бярэцца. Алег разумеў людзей з паўслова. Калі хтосьці звяртаўся да яго па дапамогу, ён не адкладваў, дапамагаў адразу. Браўся за любыя праекты, якія маглі дапамагчы іншаму чалавеку. Ён быў абсалютна ўнікальнай асобай і мастаком, з якім магчыма было здзейсніць любы праект, рэалізаваць самую неверагодную мару.

Алег Усціновіч (1966–2019) — нарадзіўся ў горадзе Сянно ў Віцебскай вобласці. Ён быў дызайнерам, жывапісцам, керамістам. З’яўляўся неаднаразовым пераможцай, лаўрэатам і членам журы міжнародных біенале графічнага дызайну і фестываляў рэкламы ў жанры плаката і фірмовага стылю, удзельнікам шматлікіх мастацкіх праектаў, выставак і пленэраў.


Бульба – адзін з галоўных прадуктаў на стале беларусаў. У XVIII стагоддзі бульба з’явілася на тэрыторыі Беларусі, а з XIХ стала адыгрываць важную ролю ў нацыянальнай кухні. Дзякуючы шматлікім сем’ям, у якіх захоўваюцца арыгінальныя рэцэпты, традыцыі прыгатавання страў з бульбы жывуць, шануюцца і маюць усе падставы для далейшага існавання.
Бульба — гэта не толькі дранікі ды бабка. Але яшчэ і шмат цікавых і нават трансфарміраваных да сучаснасці рэцэптаў. Напраклад, бульбяныя бліны з сырам і часнаком — смачная хатняя страва, якую можна падаваць у якасці гарніра альбо як самастойную вячэру.
Рэцэпт бульбяных бліноў прапануе блогер Святлана Карніцкая.
Інгрэдыенты для начыння

Часнок пачысціць, надзерці на тарцы або выціснуць пры дапамозе часночніцы, заліць вадой і адставіць у бок.

Чысцім бульбу і ставім варыцца, у гэты час гатуем цеста.
Трэба ўзяць частку цёплага малака, выліць у міску да дрожджаў, змяшаць. Аўтар выкарыстоўвала замарожаныя дрожджы, таму яшчэ падагрэла малако з дрожджамі, яны павінны быць цёплымі.

Дадаем цукар, соль, пару лыжак мукі.

Інгрэдыенты змешваем калатоўкай, накрываем ручніком і ставім у цёплае месца на 25 хвілін.

Тым часам, калі зварылася бульба, зліваем ваду, і гатуем пюрэ, солім, дадаём сметанковае масла. Затым даводзім да кіпення астатняе малако ў мікрахвалеўцы і дадаем у пюрэ, змешваем.

Дадаем у пюрэ крыху прасеянай мукі, таксама змешваем.
Затым дастаем з цёплага месца рошчыну.

І дадаем наша пюрэ ў рошчыну.

Затым падсыпаем астатнюю муку і замешваем мяккае цеста. Накрываем і ставім у цёплае месца на 25 хвілін.

Гатовае цеста павінна павялічыцца ў 2 разы

Дзелім цеста на 5 частак, і робім з цеста шарыкі. Рэцэпт разлічаны на 5 вялікіх бліноў.

Раскочваем кожны шарык у круг па дыяметры вашай патэльні.

Разаграваем патэльню і смажым на ёй блін да залацістага колеру з абодвух бакоў.

Выкладваем блін на папяровы ручнік, змазваем яго часнаком.
Затым змазваем цёплы блін смятанай і пасыпаем цёртым сырам. Разаграваем ў мікрахвалеўцы, каб сыр расплавіўся.

Смачна есці!
📌 Гатуйце самі - гатуйце з намі!
Бліны з тушанай капустай і грыбамі

Беларуская кухня зарадзілася яшчэ ў далёкія паганскія часы, але сфарміравалася шмат у чым пад уплывам хрысціянства. Так як новая рэлігія загадвала выконваць пасты, узнікла шмат новых страў або відазмяніліся старыя рэцэпты, каб адпавядаць строгім правілам.
У беларускай кухні практычна кожная страва, за выключэннем мясных, мае посны варыянт. Усё таму што поснаму меню «пашанцавала» больш, а менавіта, калі палічыць усе пасты, плюс серада і пятніца, калі таксама варта ўстрымацца ад мясных прадуктаў, то выходзіць недзе 192-196 дзён у годзе.
Толькі не трэба думаць, што нашы продкі тым часам бедна харчаваліся, наадварот, яны клапаціліся, каб посны стол быў багатым. Ужывалі шмат зёлкавых культур, гародніну, садавіну, грыбы, рыбу, ядомыя дзікія расліны, прычым, нягледзячы на параўнальна невялікі пералік прадуктаў, посныя стравы адрозніваюцца вялікай разнастайнасцю. У многім гэта дасягалася за кошт прымянення некалькіх прыёмаў прыгатавання ежы.
Асабліва хацелася б спыніцца на забытых посных стравах з аўса і жыта, у аснове якіх ляжыць працэс ферментацыі: аўсяны кісель і раўгеня.

Ужо ўстаноўлена, што яго гатуюць у Віцебскай, Мінскай, Брэсцкай абласцях. Але гэта далёка не поўны спіс, даследаванне геаграфіі кісяля працягваецца. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці аўсяны кісель ядуць з узварам, які гатуюць з сухафруктаў, часцей з груш, а ад узвара ён адрозніваецца больш насычаным канцэнтраваным густам. Цукар, як правіла, не дадаюць, бо грушы самі па сабе вельмі салодкія.
Правільна смакаваць кісель, запіваючы узварам, такім чынам кіслы смак кісяля адцяняецца салодкім напоем.
Прыгатаваць аўсяны кісель нескладана і нядорага, трэба толькі цярпенне і час. Вазьміце аўсяную крупу, змаліце на кавамолцы, каб атрымалася мука грубага памолу. Заліце гарачай вадой (на 100-150 грам збожжа 1 літр вады), але не кіпенем, і пастаўце ў цёплае месца на суткі, а лепш на двое, да з'яўлення прыемнага кіслявага паху.

Затым працадзіце праз дробнае сіта ці марлю, жмых можаце выкінуць, а вось вадкасць (яна завецца цэжа) варыце на невялікім агні, памешваючы, да загусцення. Калі аўсяны кісель крыху астыне, дадайце мёд па смаку. Паспрабуйце не замяняць яго цукрам, не трэба псаваць такі каштоўны прадукт. Разліце кісель па талерках і пастаўце ў халоднае месца для застывання. Есці яго трэба за адзін прысест, не пакідаючы на заўтра, таму што ён пачне распластоўвацца і ўтворыцца непрыемная на выгляд вадзіца. Дарэчы, менавіта з-за гэтай уласцівасці стравы і з’явіламя прымаўка «Сёмая вада на кісялі».

Другая страва такая ж старажытная, як і кісель. Беларусаў часта папракаюць кансерватыўнасцю, але, у дадзеным выпадку, гэтая якасць дазволіла захаваць такі каштоўны рэцэпт нашых продкаў.
Раўгеня — напой, які раней замяняў квас або выконваў яго функцыю за кошт прыемнага кіславата-салодкага смаку. Страва гэтая была заўважана ў Браслаўскім, Мядзельскім, Пастаўскім, Вілейскім раёнах.
Рэцэпт просты і складаны адначасова. Трэбы заварыць кіпенем жытнюю муку, размяшаць, каб не было камякоў. Наступны этап – упарыць раўгеню, як кажуць дасведчаныя гаспадыні «каб зрабілася аж чырвоная». Робіцца гэта ў печы на малым духу ці ў духоўцы пры нізкай тэмпературы, і заняць можа нават суткі. Потым трэба развесці раўгеню вадой з разліку палову літра на вядро і паставіць квасіцца як мінімум на дзень. Раней, калі пяклі хлеб на заквасцы, было прасцей, дастаткова толькі адкласці крыху жытняга хлебнага цеста, развесці гарачай вадой і паставіць заквашвацца. На наступны дзень раўгеня была гатова.
У сучасным варыянце можна дадаць яшчэ і цукар. Гэты прыемны напой мог выкарыстоўвацца як асноўная страва або як дадатак да адварной бульбы. Часцей за ўсё раўгеню ўжывалі менавіта ў пост.
Пазнейшы рэцэпт раўгені ўключае ў склад яшчэ і адварную бульбу, калі запарваюць жытнюю муку з дробна перацёртымі адварнымі бульбінамі (3-4 штукі) і параць у печы цэлы дзень. Затым усё пераліваюць у драўляную дзежу, дадаюць воды і чакаюць, пакуль закісне. Таксама можна дадаць цукар, а лепш мёд.
Гэтыя стравы, аўсяны кісель і раўгеня, неверагодна карысныя за кошт таго, што праходзяць працэс ферментацыі і ўсе карысныя ўласцівасці ўзмацняюцца. Не трэба шукаць эліксір маладосці ці панацэю ад усіх хвароб, проста скарыстайцеся кулінарнай мудрасцю нашых продкаў.

У дні Вялікага посту нам усім не варта забываць, што хрысціянства — гэта ў першую чаргу праява сціпласці, адмова ад мірскіх задавальненняў і пераядання. Але ў той жа час у старых кулінарных кнігах мы знаходзім рэцэпты як простых, так і больш вытанчаных посных страў, якія гатавалі і ўжывалі манахі праваслаўных манастыроў у дні Вялікага посту. Сняданкі ў манастырах не дазваляліся — толькі абеды і вячэры. Прычым, у строгія посныя дні манахі абмяжоўваліся толькі адным прыёмам ежы. Яны ўвогуле не ўжывалі мяса, а галоўным каларыйным прадуктам трапезы манаха была рыба.
Хлеб, садавіна, гародніна і рыба — вось спіс асноўных прадуктаў для гатавання гэтых страў. Ды і гістарычна склалася так, што манахі заўсёды гатавалі сабе самі. І гатавалі яны тыя стравы, якія ведалі і любілі яшчэ з дзяцінства. Гэта былі тыя ж стравы, да якіх яны прывыклі яшчэ да таго, як прыйшлі ў манастыр. У гэтым сэнсе манастырская кухня стала аднымі з цэнтраў захавання старажытных кулінарных традыцый нашага народа. Яна заўсёды заставалася некалькі больш кансерватыўнай, чым свецкая. Таму сёння для многіх яна мае проста «музейны» характар. А смачнай ці не яна будзе для нашых сучаснікаў - гэта кожны вырашае для сябе сам. Бо, паняцці аб смачнай і здаровай ежы ў кожным стагоддзі свае.

Традыцыйна самымі строгімі лічацца толькі першыя пяць дзён Вялікага посту, калі выконваецца «сухаедства»: есці можна толькі посную халодную ежу без масла, піць — не падагрэтае пітво. У іншыя ж дні дапускаецца ўжыванне ў ежу і больш вытанчаных посных страў.
Не прамінула манастырская кухня і такі папулярны прадукт у рацыёне нашых продкаў, як грыбы. Іх сушылі, салілі, марынавалі і захоўвалі доўгі час, а затым выкарыстоўвалі для гатавання посных страў. Асабліва папулярныя былі пірагі з грыбамі. Для іх выкарыстоўвалася поснае дражжавое цеста.
Для папаўнення бялковай ежы ў адсутнасць мяса часта на посны стол у манастырах падаваліся стравы на аснове бабовых - фасолі, гароху, сачавіцы.

Вялікі пост прыпадае на вясну, а гэта перыяд авітамінозу. Для таго каб падбадзёрыць арганізм карыснымі мікраэлементамі, манастырская кухня рэкамендавала не забываць пра гародніну. Яе ўжывалі ў ежу як у сырым выглядзе, так і гатавалі розныя посныя стравы.
Нагадаем, самы доўгі ў царкоўным календары і самы строгі ў плане абмежаванняў Вялікі пост завершыцца адным з галоўных хрысціянскіх свят — Вялікаднем. Светлае Хрыстова Уваскрэсенне праваслаўныя адзначаюць сёлета 5 мая. Так што, калі вы прынялі рашэнне пасціць, варта добра прадумаць свой рацыён.
Мачанка, зацірка, наліснікі … Топ-8 фактаў, чаму беларускую кухню нельга лічыць аднатыпнай

У мінскай арт-гасцёўні «Высокае месца» адкрылі выстаўку скульптуры і жывапісу «Перл». На ёй прадстаўлены больш за 40 работ майстроў з Магілёва. Філасофскія разважанні знайшлі ўвасабленне ў скульптурах Андрэя Вараб'ёва і на палотнах Аксаны Еўдакіменка.

Выстаўка рознапланавая. У ёй аб'яднана скульптура, якая ў асноўным закранае дзве тэмы — аўтапартрэт і тэму кахання. У жывапісе Аксаны Еўдакіменка прадстаўлена на вельмі многіх работах яе дачка Адэлаіда, а таксама адлюстраваны пейзажы і абстрактныя работы.
Большасць карцін выкананы ў аднойкаляровай гаме, ад гэтага яны становяцца яшчэ цікавей, бо нягледзячы на іх агульны візуальны канцэпт, усё роўна адрозніваюцца. І ў кожнай рабоце наведвальнікі могуць разгледзець штосьці ўласнае, патаемнае.
Перл – неверагодна шматзначнае слова. Паходзіць ад французскага perle – жамчужына. Андрэй Вераб’ёў і Аксана Еўдакіменка налічылі больш за 10 яго значэнняў. Два з іх лепш за ўсё адлюстроўваюць канцэпцыю выстаўкі.
Перл – гэта каханне мужчыны і жанчыны, якое матэрыялізавалася ў новай асобе, па-свойму падобнай да абодвух, іх улюбёнае дзіця, лепшае за іх, як ім падаецца. Перл – гэта мастацкі твор, жывапісны альбо скульптурны, які прайшоў стадыі пакут, пошукаў, сумненняў, побытавых праблем, тэхналагічных працэсаў, але здзейсніўся.

Андрэй Вераб’ёў – выпускнік Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сам мастак пра сваю творчасць кажа так: «Аўтапартрэт для мяне – нагода паразважаць пра жыццё. Пра маё жыццё і пра жыццё кожнага чалавека. Пра хуткаплыннасць гэтага жыцця, пра яго непаўторнасць, тонкасць і прыгажосць».

Па словах скульптара, лінія кахання – гэта разважанні пра з’яднанне ў адно цэлае, пра святасць, пра палёт, пра прыгажосць, пра гармонію двух падобных і адначасова супрацьлеглых істот. Апроч тонкіх філасофскіх і пачуццёвых работ Андрэй Вераб’ёў знакаміты шэрагам гарадскіх скульптур, якія палюбіліся жыхарам Магілёва, Быхава, Шклова і іншых гарадоў. Магілёў упрыгожваюць каля дзясятка скульптур Андрэя Вараб'ёва, а таксама мемарыяльныя дошкі ў гонар вядомых дзеячаў культуры.

У кожную работу скульптар уклаў часцінку сваёй душы. Прыдумляючы сюжэт кампазіцыі, ён разважае як чалавек мастацтва, які бачыць прыгожае нават у самых штодзённых рэчах.

У мастачцы Аксане Еўдакіменка спалучаюцца знешняя далікатнасць і ўнутраная сіла, жаночы і мужчынскі пачаткі. І сама аўтар, і яе работы захапяюць пяшчотнасцю з першага погляду. Лёгкія, нібыта празрыстыя сны, жывапісныя творы выпускніцы мастацка-графічнага факультэту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя П.М. Машэрава быццам пранізаны ўнутраным святлом, няспешным сузіраннем рухаў душы. Пейзажы мастачкі выклікаюць адчуванне тайны і чараўніцтва, а абстрактныя карціны дэманструюць рухлівую, насычаную, жывую каларыстыку.

Выставачны праект мастакоў атрымаўся не толькі цёплым і прыгожым, але яшчэ і філасофскім. Творцы разам вылучаюць моцную энергію дабрыні, якая прасочваецца ў кожнай дэталі, у кожным колеры. Іх сумесная выставачная дзейнасць заўсёды ввклікае вялікую цікавасць і ажыятаж у аматараў мастацтва.


Вясна, кветкі і шчасце… Гэта і ёсць асноўныя тэматычныя кампаненты новай выстаўкі «Схаваныя ў кветках» у мастацкай галерэі «Арт-фабрыка», якая аб’яднала работы чатырох беларускіх мастачак — Таццяны Грыневіч, Вольгі Бычко, Дзіяны Шолк, Марыны Хадаровіч.

На выстаўцы прадстаўлены работы, якія апяваюць межы адлюстравання жаноцкасці ў жывапісе. Так, увабраўшы прыгажосць праз вочы, магчыма, кожны глядач зможа наблізіцца да разгадкі магічнай і неверагоднай жаночай прыроды. Калі гэта ўвогуле магчыма…

Прыгажосць, музыка, жыццё і каханне — што агульнага ў гэтых слоў? Усе яны жаночага роду. Непераходныя паняцці аб тым, дзеля чаго наогул варта жыць, невыпадкова замацаваны ў мове менавіта ў жаночым родзе. Жанчына - і маці, якая дае жыццё, і каханая муза, якая даруе азарэнні, і яна ж - мудрая асоба, якая разумее цыклы жыцця і смерці. На палотнах мастачак гэтая тэма рагледжана ў дробязях. Так цікава назіраць, як кожная з аўтараў спрабуе вобраз жаноцкасці зрабіць непаўторным, моцным і ў той жа час утульным.

У кожнай з мастачак свой акадэмічны і творчы шляхі, творцы прадстаўляюць розныя пакаленні, маюць розны асабісты і прафесійны досведы, у кожнай — свой стыль і мастацкая мова. Пры гэтым тэма прыгажосці, жаноцкасці, вытанчанасці і далікатнасці раскрываецца ва ўсіх сабраных работах.

— У вобразах мастачак вы можаце назіраць відавочную эксперсію, — адзначыла на адкрыцці куратар выстаўкі Ганна Вярынская. — Тут можна прасачыць тэму глабальных пытанняў, якія перажываюць і пражываюць жанчыны. Што да мастачак, я старалася знайсці баланс, каб у кожнай з аўтараў была прадстаўлена свая мастацкая мова, вобразнасць і каларыстыка.

Таццяна Грыневіч — жывапісец, які належыць да пакалення маладых мастакоў. Ярка выяўленае жаноцкае, пачуццёвы пачатак творчасці Таццяны знаходзіць адлюстраванне ў яе ўласным унікальным стылі. Арыгінальную жывапісную манеру творцы адрозніваюць пластычнасць і мяккасць ліній, каларыстычная гармонія, натуральнасць святла. Яе палотны, якія ствараюцца ў традыцыйнай тэхніцы алейнага жывапісу, пазбаўлены шчыльнасці і матэрыяльнасці, характэрнай для гэтай тэхнікі. Яе кампазіцыям уласціва такая празрыстасць і бязважкасць, як быццам самі стыхіі жыцця — паветра і вада — не толькі прысутнічаюць тут у якасці сімвалічных матываў, але і выкарыстоўваюцца непасрэдна ў стварэнні карціны як тэхнічныя сродкі.

У стылі Вольгі Бычко адлюстравана пяшчотнасць і адначасова экспрэсія. Мастачка здольная выаесці гледача за межы рэальнасці і прыцягнуць у свет фантазіі, разважанняў, ідэй. Яе работы нібы самастойна дыхаюць і заклікаюуць нас натхніцца іх свежым паветрам.

Кожны штрых пэндзля або алоўка Дзіяны Шолк па палатне, кожны колер, які яна змешвае, і кожны цень, які стварае, — гэта вынік яе пачуццяў. У сваёй творчасці яна стварае сімфонію адчуванняў, якая напаўняе натхненнем і адначасова тугой. Яе мастацтва — гэта не толькі прадукт розуму, але і адлюстраванне душы. Што такое мастацтва без сенсацый? Проста безжыццёвае палатно або чысты ліст паперы. Магія творчасці ажывае толькі праз органы пачуццяў

Работы Марыны Хадаровіч таксама ўражваюць дэтальнасцю і глыбінёй. Адчуваецца, што ў мастачкі развіта ўважлівасць, і яна спрабуе знайсці ў сваіх персанажах самае важнае, цікавае і асаблівае. Стыль аўтара, безумоўна, жаноцкі і ў тую ж чаргу вельмі асэнсаваны, моцны. Цікава назіраць, як Марына ўмее праз творчасць запрашаць гледача да камунікацыі.

У кожнага мастака свае погляды і ўяўленні аб прыгажосці. Для высаўкі аўтары напісалі шмат вобразаў: тут і партрэты, і сюжэтныя карціны, і жаночыя вобразы на фоне краявідаў. Усе яны пастараліся паказаць у экспазіцыі жанчыну закаханай і апантанай. Бо менавіта ў гэтым яе галоўная сіла.

Эфектная пластыка. Чым работы Вольгі Сямашка і Ганны Амбросавай здольныя зачапіць гледача?

Пасля рыбалкі кацяняты пачалі разважаць пра прыродныя цікавасці і адметнасці беларускай краявідаў.
— Паглыбіцца ў прыроду – гэта вельмі захапляльна і карысна! – адным з першых выказаўся Зефір. – Арганізм патрабуе змены абстаноўкі! Асабліва, такі далікатны, як мой.
— І адпачынку душэўнага! – падтрымаў яго Пірат.
— От, хлопцы! От працаўнікі! – нібыта згаварыўшыся выказаліся заўжды спакойныя Злата з Марусяю. – Вам бы толькі адпачываць ды забаўляцца. Хаця жаданне зразумелае – пасля вучобы вырвацца з мітусні, каб зусім у іншай атмасферы сярод цішыні і свежасці атрымаць зарад бадзёрасці.
Былі прапановы здзейсніць рамантычную прагулку на паветраным шары або на скутэрах. Аднак ахвотных узняцца ў неба, і з вышыні птушынага палёту пазнаёміцца з наваколлем, не знайшлося. Прычыны вядомыя: многія жывёлы, як і каты баяцца вышыні. За птушкаю каторы можа забрацца на высокае дрэва, а вось долу самастойна злезці ўжо будзе страшнавата. Штораз на дапамогу прыходзіць чалавек.

На скутэрах таксама небяспечна, многія чатырохногія аматары не адчуваюць хуткасці. Надоечы Пірат за чужым сабакам пагнаўся, абараняючы сваіх сябровак. Ды так задаў газу, што таго сабакі і след прастыў, а ён шчэ мчаўся кіламетраў з пяць. Пераблытаў дзе тормаз, а дзе газ. Добра, што камень быў невялікі, які раптам узнік на дарозе: адным фінгалам і збухтаваным калясом не абышоўся б.
— Акурат для гэтага падыходзіць вадзяны паход, – прапанавала, як заўжды, зухаватая Аліса.
Яе прапанову падтрымаў сам Гаспадар. – Гэта і сучасна, і незвычайна цікава. І крэатыўна! А за капітана прапаную Алісу. Усе згодныя?
— Усе! – раздаліся галасы.
— Дзякуй за давер. – Мы разам, а значыць справімся, ці не так?
— Т-а-ак! – яны з радасцю згадзіліся, не перастаючы дзякаваць Гаспадару.
— Вось і цудоўна! Дарэчы, на стаянках будзе магчымасць паслухаць як мясцовыя легенды, так і аўтэнтычныя песні тутэйшых мясцін, – дадала Аліса. – Можам нават сыграць вяселле для Базыля і Марусі.

— Так, так! Добра, што ты ў нас капітан, Аліса! – раздаліся галасы. – Можна і сыграць. Тыдзень на прыродзе ды ў такой кампаніі – цудоўна!
— І сіл для новых спраў набрацца, – дадаў Зефір. Толькі Базыль з Марусяю пераглянуліся, але змаўчалі, злёгку ўсміхнуліся адно аднаму.
— Згода! – дружна закрычэлі, запішчэлі іншыя. Іх вочы засвяціліся радасцю, заскакалі, загаманілі, быццам ніколі не былі на волі.
Дарагі юны дружа! Ты таксама напэўна бачыў, што браты нашыя меншыя здольныя іспытваць вялікую гаму пачуццяў і эмоцый. Яны сумуць, хвалююцца, перажываюць, радуюцца таксама, як і мы з табою. Могуць нават плакаць. Калі доўга гаспадароў няма дома, яны не проста з нецярпеннем іх чакаюць, але і жадаюць быць побач, забаўляцца і гарэзнічаць з імі. А яшчэ яны вельмі любяць бываць з гаспадарамі на свежым паветры, а вось вяртаюцца дахаты з вялікім незадавальненнем. Ці не так? А вось вясковым, наадварот – поўная воля.
Прабач, я трошкі адхіліўся ў сваіх развагах. Тым часам Аліса ўскочыла на самы вялікі камень, што аказаўся побач, і працягвала свой зычлівы зварот да сяброў:
— Тады давайце дамовімся наступным чынам, – казала яна. – Мы павінны быць гатовымі да ўсялякай незвычайнай сітуацыі. Таму кожнаму неабходна ўзяць тры камплекты адзення: адзін – рабочы, у чоўне, другі – у час стаянкі, трэці – на вячэрні час. Дажджавікі, акуляры ад сонца, прынады гігіены ды рэпеленты ад кляшчоў. Правіянт, медыцынскую аптэчку і вуды я падрыхтую. Яны будуць у носе чоўна.
— Аліса, а чаму пра човен згадала? – здзівіўся Пірат.

— А ты хацеў Венецыянскую гандолу? Човен чаму? Таму што баюся за вас, у байдарках патопіцеся, чаго добрага! Што я адкажу Гаспадару? А так – шасцёра на вёслах, чацвёра падменных. Увага! Да ўсялякай незвычайнай сітуацыі ўсе павінны быць здольнымі! Грак – за вахценнага памочніка капітана. У яго абавязкі – весці судовы журнал, а пры неабходнасці – падмяняць любога матроса. Паўтараю: у запасе – Васька, Маруся, Злата і Мілка. Усе пры справе, усе навідавоку.
— Пытанні ёсць?
— Няма! – пачуўся дружны адказ.
— Тады – усе за справу!
Раніца наступнага дня не паспела наступіць, а каціны атрад ужо ладаваў у човен свой багаж. Працавалі наўздзіў моўчкі і зладжана.
Як толькі чырвоны сонечны шар пачаў расфарбоўваць наваколле, вясёлы турыстычны човен з дванаццацю кацянятамі, задаволенымі навізною і незвычайнасцю падарожжа, слізнуў па вадзяным люстэрку.
Весляры напачатку далікатна, не заглыбляючы ў ваду, а літаральна напалову вёслаў грэблі, роўна трымалі курс пасярод ракі. Там не было ні трыснягу, ні чароту, што магло замінаць руху чоўна.
— Вось гэта любата! – першым азваўся белабокі гараджанін Май. – Я і не марыў каб вось так, з самага ранку, аказацца на рацэ, ды яшчэ ў такой кампаніі. Нават калі я быў адзіным гадаванцам у ранейшай сям’і, то ніколі не бачыў такой прыгажосці, як не адчуваў ласкавых адносін. Ніколі на вуліцу не выпускалі. Дзеці толькі і ведалі, што за хвост цягаць. А як павырасталі тыя жэўжыкі, мяне зусім выгналі. Без падзякі. А тут – згода і сяброўства!
— Радуйся, дружа, радуйся! Не тое заўтра-паслязаўтра смерч які наляціць, дык толькі хвасты нашыя на дрэвах будуць вісець, – пасміхаўся Пірат.

— Адставіць размовы! Грэбсці роўна! Адначасова і раўнамерна заглыбляць вёслы! І-і – ра-а-з, і-і – два, і-і – тры! – скамандавала Аліса.
Весляры толькі моўчкі пераглянуліся, не сказаўшы ні слова. Нават каторы ўслых не ўсміхнуўся. Толькі іх вясёлыя вочы выдавалі адабрэнне дзеянняў свайго капітана. Яны дакладна выконвалі яе каманды. Човен ішоў роўна, разразаючы вадзяное люстэрка.
— Глядзіце якая прыгажосць! Якое паветра! – казала Аліса. – Вось дзе адпачынак!
— А мы думаем, ад чаго гэта Пірат прыціх! – падаў голас Базыль. – Аказваецца, яго раздражняльнасць, ад атрыманага фінгала, змякчылася пад уздзеяннем зялёнай расліннасці.
— І прыемных пахаў, красак лугоў, ды палёў, – дадала Злата.
— Матросы, не стаміліся? Ці можа катораму патрэбна замена? – пыталася Аліса
— Пакуль што не патрэбна, – за ўсіх адказаў Пірат.
— Тады кіруемся далей. Адначасова паслухайце пра старажытнае пасяленне, якое тут знайшлі геолагі. Гэта вельмі цікава!
– Многа–многа вякоў таму на тэрыторыі Беларусі ўзніклі курганныя пахаванні. У іх хавалі памерлых продкаў нашых сённяшніх гаспадароў – людзей. Яны зваліся паўднёва-заходнімі крывічамі ці палачанамі. Дык вось, сябры, у гэтых буйных курганных пахаваннях крывічоў ва Ўсходняй Еўропе знаходзяцца парэшткі старажытных людзей. Геолагі знаходзілі шмат розных гаспадарчых прылад і інвентар. Тыя людзі ў свой час займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй і рамяством.
— Цікава, а чым яны зямлю абраблялі? – спытаў здзіўленым голасам, паўнашчокі ў бялюткім футры і з доўгімі вусамі, каток Май.
— Майстравалі з дрэва, з каменя прыспасобы. Пазней пачалі ладзіць жалезныя. А жытло для сябе будавалі зусім не падобнае на сённяшняе. Было яно слупавой канструкцыі, а ў цэнтры жылля ладзілі ачаг, заглыблены ў падлогу.
— Нічога сабе! І не мерзлі? – усё ніяк не сунімаўся былы гараджанін Май.
— Тады клімат на гэтай тэрыторыі быў, як зараз, як у Афрыцы – круглы год лета.
— Мне б туды! – уздыхнуў Май.
— Ты б добра падсмажыўся і мясцовыя жыхары на абед спажылі, – рассмяяўся Пірат. І ўсе дружна захахаталі.
— Увага! – скамандавала Аліса. – Хутка пачнуцца перакаты! Праз кіламетры два будзе першае на нашым шляху возера. На яго беразе зробім прывал.

— Штосьці у жываце засмактала, – азваўся карэнасты Базыль.
— Пачакай крыху, матрос. Усё па распарадку! – супакоіла капітан Аліса.
Сонца прыпякала ўсё мацней. Разносіўся пах жыта. Спелая ніва часам ціха калыхалася, шаптала. Тады кацяняты прыслухоўваліся, рабіліся больш уважлівымі, нібыта знаходзіліся ў засадзе на мышэй.
— Многія птушкі такім часам перастаюць спяваць. Толькі шэранькая перапёлачка радуе сваёй песенькай, – заўважыла Маруся.
— Прыемны галасок! – казала Злата, прымацоўваючы на пераноссі акуляры ад сонца.
Цёплае паветра пералівалася на сонцы. Часцей лёталі і гудзелі авадні. Па абодва берагі ракі навыперадкі насіліся трактары з прычэпленымі касілкамі. Следам за імі ішлі меншыя трактары з варушыламі, каб разбіць свежыя пакосы. Пачаўся сенакос.
— Бачыце! – ва ўнісон усклікнулі Попел і Вугельчык. – Хутка копы вырастуць! Ах, як мы любім на іх пазабаўляцца!
— А хто не любіць? Усе гэтай забавай пацяшаюцца, – як бы між іншым прамовіла Маруся, і таксама дастала акуляры.

А сонейка прыпякала.
— О, акуляры! Калі ласка, падайце і нашыя. А тое нябеснае свяціла зайшло наперад, акурат у вочы свеціць, – прамовіў Пірат.
— Вось так лепей! – заключыў, прымацоўваючы на пераноссі свае акуляры Пірат.
Човен чарціў роўную лінію, астаўляючы за кармою белапенны след. Ад якога па абодва бакі разыходзіліся невялікія хвалі і лізалі прыбярэжны пясок, а калі асвяжалі аер і чараты. Тады з іх уздымаліся перапалоханыя шыза-зялёныя стракозы і рэдкія матылькі. Калі нечакана і жаба бултыхнецца.
— Вось на такія матылі плотка добра бярэцца! – заключыў пільны Базыль.
— Так! А на такіх тлустых жабак – вусатыя ракі спаўзаюцца. Неяк мы з дзедам на жабу ў адным шатры паўсотні ракаў паднялі, – хваліўся Пірат.
— Калі гэта было? – раздаўся галасок Златы.
— Калі, калі? Тыдні са тры таму! – парыраваў Пірат.

Пацягнула лесавым пахам і прахалодаю. Нарэшце вось і лес.
— Прашу замену. Нешта я прытаміўся, – прамовіў узмакрэлы Зефір.
На яго месца хуценька, без напаміну, сеў Попел. Турыстычны карабель не збочыў з курса нават на сантыметр. Па твары Алісы прабегла толькі адабральная ўсмешка.
Удалечыні паказалася невялікае азерца. Весляры, як і раней, суладна працавалі і нават не агледзеліся як іх човен аказаўся сярод ланцуга ўзвышшаў, а на сярэдзіне яго – круглае люстра вады. Ва ўпадзіне. Наўкола — лес. І дрэвы навіссю над тым люстрам.
— Кіруемся правей, да берага, – закамандавала Аліса. – На турыстычную стаянку. Аддаць швартовы! І выкінула на бераг вяроўку, якую спрытны Пірат злавіў, выскачыўшы першым, і завязаў за тоўстую лазовіну.
— Прывал тры гадзіны! Абед, адпачынак і – далей сплаўляемся на Нарач. На шляху наведаем дэндрасад, экалагічную сцежку “Блакітныя азёры”, – гэта асабліва карысна для тых, хто стамляецца, – зазначыла Аліса. – Каб думкі ад акаляючых пейзажаў былі яснымі, душа мудрая, а сэрца дабрэйшым.

— Чуеце! А наша капітан яшчэ і філосаф! – падмеціў маўклівы рыжы Васька.
Але ніхто ўжо не прыслухоўваўся. Імгненна было скінута аддзенне, і ўжо за сотні метраў раздаваліся зычныя раскаты вясёлага, бесклапотнага смеху– ха! ха! ды хі! хі!
— Хвілінку увагі! У незнаёмых водах няма бяспечных бродаў! – з берага папярэдзіла капітан Аліса. – Патануць ля самага берага – памерці двойчы. Будзьце ўважлівымі!
Але кацяняты мала што пачулі. Яны працягвалі забаўляцца: залазілі адно аднаму на карак і давалі нырца, плавалі навыперадкі, дурэлі, абліваючыся вадой і скакалі адзін цераз аднаго. Калі нават і па двое адразу залазілі, тады ніжні зашываўся, як той пічкур, у пясок. І, калі вылазіў на паверхню, чмыхаў, але і смяяўся.
Паджарыя браты Попел з Вугельчыкам наладзілі сапраўдныя цыркавыя нумары: падскоквалі як не вышэй за самыя гонкія яліны, і ў паветры сальта-мартале рабілі. І так гэта было захапляльна, што нават пралятаўшы непадалёку стары Крумкач і той перапыніў свой палёт, каб падзівіцца на чацьвераногіх артыстаў.

— Вось гэта сапраўдныя артысты! – здзіўляўся Крумкач. – Возера ветла прымае падарожнікаў, але трэба быць пільнымі. Вада ў ім чысцюткая і дно – белае. Толькі там-сям плёсы рэдкім чаротам засеяны, а ўсё ж пільнуйцеся.
Злата з Марусяй купаліся ля берагу. Неспадзявана для самой сябе Злата асмелілася і нырнула, а калі з’явілася на паверхні – у яе лапах трапятаўся вялікі сазан.
— Рыба! Тут процьма рыбы! Яна зусім ручная! – закрычала ўсхваляваная рыжанькая кошка Злата. – Толькі стала на дно, як пачалі казытаць за ногі, ледзь вытрывала, каб не засмяяцца. А па самым дне – так і шнуруюць адзін за адным: шчупакі, судакі, плоткі, нават вёрткі сіг між імі віляе. І прыгожанькую фарэльку бачыла. Але яна, відаць, пабаялася заставацца ў такой драпежнай кампаніі, і збегла ў больш спакойны і прахалодны ручай.

Наляцелі кацяняты і пачалі адзін за другім даваць нырца. Толькі блізняты Попел з Вугельчыкам адплылі бліжэй да берага, да чаратоў. І па чарзе ныралі, штораз выцягваючы з-пад састарэлых чаратовых каранёў тлустых мянтузоў ды шчупакоў. Бывала, з глыбокага глею падчаплялі кіпцюрамі нават сома, але той заўжды ўмудраўся выслізнуць.
— Аліса, Аліса! Мы таксама спаймалі! І вуды не спатрэбіліся! Бач, які вялікі шчупак! – размахвалі вялікай рыбінай Базыль з Піратам.
Капітан Аліса толькі пасміхалася, задаволеная спрытам малодшых сяброў, сама ж рыхтавала абед. Ды й Злата з Марусяю выскачылі са сваёю здабычаю і ўжо рупіліся ля вогнішча.
Хутка да агульнага стала далучыліся і весляры. Кожны цягнуў па некалькі вялікіх рыбін.
— Вось гэта панскі абед будзе! – казала Аліса. – Што малайцы, то малайцы!
— Якая смаката! – казалі браты Попел з Вугельчыкам, абіраючы дзве вялікія рыбіны.
— І на вячэру хопіць! – усміхнуўся маўклівы Грак.
— Так. Але ж патрэбна і пра дзень заўтрашні меркаваць, мяў-ў! – па - гаспадарску разважаў бухматы Базыль. – Невядома ці зловім што ў вялікіх азёрах. А калі нічога? Там жа адпачываючых процьма!
— Вось і я кажу: патрэбен запас, – падтрымаў Май. – Я ж так рыбку люблю! Асабліва азёрную!
— Тады так: перадыхнем і – за працу! – сказала, як адрэзала, капітан Аліса.
Толькі яны спусціліся з квяцістага лугу на пясчаны бераг, як пачуўся неспадзяваны плёскат. Затаіліся за густым і высокім чаротам. Праз колькі хвілін з новай сілаю раздаўся плёскат. Ажно хвалі падняліся. Прыгледзеліся: Мядзведзь панадзіўся на рыбалку.
— Неверагодна! Нездарма ён мне сніўся! Трэба штосьці рабіць! – прамовіў Пірат. – Прапаноўваю прагнаць касалапага.
— Не спяшайцеся! Давайце пачакаем, – прамовіла Аліса. – Можа ў яго малыя? Няхай і яны рыбкай пачастуюцца. Усім хопіць.
— Ён толькі распудзіць рубу! – падтрымаў Пірата Базыль.

Вырашылі такім чынам. Адзін будзе на варце, Злата і Маруся будуць адцягваць яго ўвагу, забаўляючыся ля берагу. Пірат ускоквае на мядзвежы карак і што ёсць сілы капцюрамі “чэша” яго спіну. Робіць яму спартыўны масаж. Шчыра робіць, каб ён не мог стрываць. Астатнія – ловяць рыбу.
Як толькі касалапы ўбачыў двух незнаёмых істот у белых хусцінках, якія моцна гаманілі ды забаўляліся, Мядзведзь здзівіўся: што за цуд! Узняў сваю калматую галаву і разявіў пашчу. Невядома пра што ён у той момант думаў, але ў такой позе стаяў доўга. Вось іменна стаяў. Бо, калі на яго спіне дужы “масажыст” у асобе Пірата пачаў сваю работу, касалапы затанцаваў напачатку вальс. А як толькі з яго загрыўку пасыпалася поўсць, кінуўся ў бадзёрую польку, трымаючы ў лапах не даму сэрца, а перапужаную рыбіну.
Хаця і добра прытаміўшыся, звер круціўся і калаціўся ад злосьці. Ажно пена з пашчы фантаніравала. Ён і крычаў, і смяяўся чалавечым голасам, і роў, і воўкам выў. А як убачыў колькі навокал малых, але дужа “злых і страшных звяроў” – падаўся прэч. Так-сяк дабрыў да берагу – і толькі паспеў на развітанне крыкнуць: “Маёй тут нагі больш не будзе, звяр’ё!”
Больш таго Мішку ніхто не бачыў. Казалі, нібыта служак займеў і цяпер харч яму да самага логавішча носяць. Паесь і – на бакавую. Ляжыць сабе касалапы – кум-каралю. А ўсё ж калі-нікалі ды й не сцерпіць: залезе ў ваду ці забрыдзе на людскі падворак ды панашкодзіць.
— Вось дык пазабаўляліся! – сказаў Пірат і рассмяяўся. – А цяпер можна смела рыбаліць.
Цікава, але рыба не сышла пасля мядзвежых вадзяных ваннаў, наадварот спякота вымусіла яе падысьці бліжэй да берагу. Кацяняты толькі паспявалі ныраць ды хапаць яе сваімі спрытнымі лапамі.
— Не адзін я разамлеў, – казаў прытомлены спякотаю Зефір. – Рыба і тая да берагу мкнецца. Усе цягнуцца ў цянёк, адпачыць.
— Не лянуйся, гараджанін! Давай нырай! Вунь побач з табою сазаны зараз шорты здымуць, – падштурхоўваў сябрука да актыўнай талакі, прыжмурыўшыся ад сонца, заўжды спакойны Май.
І той нырнуў. А калі вылез з вады – у лапах трымаў па два шырокія і пляскатыя срэбрыя сазаны.
Аліса ледзь паспявала парадкаваць свежую азярную здабычу. Якой толькі не было рыбы! І кожная хоць адразу – на выставу!

Налавілі яны рыбы як не дзве бочкі, ды прылеглі адпачыць.
Ноччу ў лагер Барсук прыцягнуўся. Ужо і на вечка бочачкі лясны таўстун ўскараскаўся. Стаміўся, прыглядаўся як ямчэй тое вечка падняць. Але чуйная вартавая, кім была кемная і адказная капітан Аліса, імгненна прымусіла парушальніка пакінуць месца злачынства, так і не паспрабаваўшага дармавой рыбкі.
А той цяльпук не толькі спужаўся, а зваліўся з перапуду з бочкі і нос свой падрапаў. А пасля як даў лататы, што сыты азадак тросся мацней за асінавы лісток падчас бурану. Прабяжыць колькі, ды ўсё нос чэша. Відаць, шчыра прывеціў вартавы незванага госця.
Раніцою, як толькі першыя промні пачалі выбівацца з-за далягляду, падарожнікі рыхтаваліся да апошняга этапу вадзянога падарожжа.
Ранішняе прахалода надавала бадзёрасці. Матросы лоўка і суладна грэблі вёсламі. Човен па-ранейшаму чарціў роўны след.
— Ото ж і прыгажосць! От паветра, дык паветра! Гэта ж, здаецца, чэрпаў бы і чэрпаў бы вёдрамі, каб такая магчымасць была яго назапасіць! – радавалася ранішняму золаку Маруся.
Птушкі ўсё смялей і смялей распявалі свае мелодыі. Да іх чароўных гукаў прыслухоўвалася ўсё жывое: і кацяняты, і дзве казулі, што прытаіліся на другім беразе і ўглядаліся на іх човен, і тыя людзі, што выходзілі на бераг.
Але раптам аднекуль раздаўся мілагучны жаночы галасок.
— Ціха! Ці чуеце? – насцярожылася і прыўстала заўсёды разважлівая і сціплая Мілка. – Жанчыны спяваюць. Неверагодна!
А песня лілася. Яна авалодвала душамі падарожнікаў. Не стрымаўся і каток Май. Ён зайграў на сваёй дудачцы. І ўсе адразу, як па камандзе, быццам слодыч нейкая ўлілася ў іх нутро, збегліся ды панесліся па крузе. І давай скакаць. І данёсся чароўны голас, што рассыпаўся пошчакам па вадзяным люстэрку, адбіўся і панёсся па наваколлі.
—Дзеўка – ад вады,
Казак – да вады;
Пастой, дзеўка, пастой, красна,
Дай каню вады!

Скачуць каты, скачуць кошкі – усе радуюцца ды весяляцца. Разам з пасажырамі гойдаецца і падскаквае човен.
І так забавіліся, што зусім забыліся пра бяспеку на вадзе. Раптам човен нахіліўся на адзін бок і зачарэпнуў вады.
— Адставіць! – аддала каманду капітан Аліса.
Аднак яе ніхто не чуў. Усе танчылі, радаваліся і сонцу, і вадзе, і народным мелодыям – радаваліся жыццю.
Раптам човен нахіліўся на другі бок і зноў зачарэпнуў вады. І пачаў садзіцца ўсё ніжэй і ніжэй…

На сёння ўсё, мой дружа. А што адбылося з тваімі любімымі героямі – кацянятамі – даведаешся іншым раз. Не прапусці працяг гэтай неверагоднай гісторыі.
Папярэднія часткі казкі:
Аліса і неверагодныя забавы. Частка 1 (казка) + аўдыё
Аліса і неверагодныя забавы. Частка 2 (казка) + аўдыё
Аліса і неверагодныя забавы. Частка 3 (казка) + аўдыё
Аліса і неверагодныя забавы. Частка 4 (казка) + аўдыё

Вольга Сямашка і Ганна Амбросава — мастачкі, якія захапляюць ідэямі і канцэпцыямі жывапісных твораў. Іх работы заўжды прыцягваюць дэталямі і тонкім майстэрствам. У сакавіку ў галерэі «Мастацтва» прайшла выстаўка аўтараў «ЧБ», на якой можна было пазнаёміцца з разнастайнасцю тэм творцаў.

Чорна-белая тэма ў работах майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў тэхналогіі керамікі зацікавіла псіхалагізмам і філасофскай сімвалічнасцю. Стыльныя творы мастачак вяртаюць нас у беларускую восень і ў той жа час нагадваюць аб вясне. Камерныя, нягучныя работы «Рух», «Жахi», «Сонца ў чоўне» напоўнены глыбокім чалавечым сэнсам.
Малая пластыка ў кераміцы нячаста песціць людзей і мінскія выставачныя прасторы. Гэта робіць праект аўтараў яшчэ больш каштоўным. Увогуле, мастачкі праз выстаўку прадэманстравалі свой патэнцыял, ідэйнасць і арыгінальнасць. Іх творчасць нібы экперымент дэманструе, што глядач можа знайсці аднасчасова цікавага ў чорным, і белым кантэксце.

Работы Вольгі Сямашка і Ганны Амбросавай зроблены ў розных тэхніках, але аб'яднаны адным стылем, сярод іх можна пабачыць разнастайнасць матэрыялаў і тэхнік. Мастацкасць і густ іх работ, безумоўна, надае экспазіцыі нотку экспрэсіі.

Праз шмат стагоддзяў пасля свайго з'яўлення кераміка не страціла актуальнасці. Наадварот, яна стала яшчэ больш запатрабаванай. Матэрыял каштоўны не толькі сваёй прыгажосцю і функцыянальнасцю, але і высокай экалагічнасцю. Наватарскія па сваёй задуме і выкананні звычайныя гліняныя збаны, кашпо вырастаюць у сапраўдныя арт-аб'екты і скульптурныя кампазіцыі.

У зале прадстаўлена каля двух дзясяткаў работ, выкананых у стылі старажытных беларускіх тэхналогій — дрывянога абпалу, абвару і дымлення. Без дапамогі ганчарнага круга, вырабы ствараліся выключна ручной фармоўкай. Яшчэ адна навамодная тэхналогія, якая дазваляе стварыць дадатковыя эфекты, не кантраляваныя самім аўтарам, атрымала назву — пітфайрынг. Спецыфіка метаду складаецца ў тым, што пасля абпалу ў майстра ёсць толькі адна хвіліна, каб паэксперыментаваць з работай і зрабіць яе ўнікальнай. Літаральна захаваць імгненне, напрыклад, адбітак падаючага пяра.

Спецыфіка стварэння керамічных вырабаў — час. Праца над адным творам можа заняць ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Падрыхтоўка гліны, лепка, сушка, абпал і толькі затым фінальная справа — дэкор.
У наш час кераміка выйшла за рамкі прымітыўных уяўленняў і ўспрымаецца як самастойны аб'ект.

У адрозненне ад манументальных скульптурных работ, работы аўтараў камерныя, бліжэйшыя да гледача: іх можна дэталёва разгледзець паблізу, вывучыць пластычныя і тэхналагічныя знаходкі , адчуць, як аб'ект арганізоўвае вакол сябе прастору, і ўстанавіць прамы кантакт з стваральнікамі.

На выстаўцы прадстаўлены эфектныя работы, выкананыя з фантазіяй. Работы невялікія, іх можна ўпісаць у інтэр'ер - і захапляцца імі за кубачкам ранішняй кавы, І яшчэ адна ўласцівасць керамікі — якую б думку ці выяву яна не выяўляла, якімі б колерамі не была аздоблена, яна вылучае цеплыню. І гэта зразумела: гліна абпальваецца ў печы. Але ёсць нешта найбольш істотнае: яна апрацавана цеплынёй чалавечых рук.

Прафесійная графіка ад легендарнага жывапісца. Леанід Шчамялёў, якога мы не ведалі

Пясок — рэчыва, якое спрадвеку знаходзіла шырокае прымяненне ў народных вераваннях і медыцыне беларусаў. У лекавай магіі пясок, сабраны ў пэўных месцах, выконвае функцыі спынення і ачышчэння. Разам з тым ён выступае і сродкам шкодніцкай магіі, і сімвалам смерці.

У замовах беларусаў жоўтыя пяскі маркіруюць локус іншасвету, куды выганяюцца розныя хваробы. Таксама жоўты пясок ператвараецца ў сродак пазбаўлення ад немачы: «Там ідзе Божа Мацер, Ісус Хрыстос, Сын Божы і Дух Святэй. Яны ішлі і жаўтыя пяскі бралі, і змяіныя раны прысыпалі, і вужыныя жалы, і такому чалавеку помачы давалі».
Абціранне пяском асэнсоўвалася як сімвалічнае ачышчэнне. Убачыўшы першую ластаўку, стараліся хутчэй абцерці твар пяском, або зямлёй з-пад сваіх ног. Па павер’ях, такім чынам можна было пазбегнуць рабаціння і загару. Пяском сціралі бародаўкі і рожу, кідалі праз левае плячо пры замовах ад зубнога болю.
У пахавальным абрадзе славянскіх народаў прысутнічае абсыпанне магілы пяском. Таму пяску, узятаму з магіл, прыпісваецца адметная магічная сіла, асабліва таму пяску, які ўзялі з трох магіл знахараў. Такі пясок прыкладалі да хворага месца, націралі ім грудзіну, размешвалі з вадой і паілі хворага.
Маці, у якой дзеці доўга і цяжка хварэлі, павінна была апоўначы прыйсці на могілкі, узяць жменю пяску са свежай магілы або магілы сваяка і, не азіраючыся, бегчы дадому. Потым гэты пясок трэба было зварыць, і ў вадзе, дзе варыўся пясок, выкупаць дзяцей. Верылі, што калі было наканавана хвораму памерці, то пасля такога купання ён хутчэй сканае, а калі наканавана выздараўленне — хутчэй пойдзе на папраўку. Пасля зробленага пясок абавязкова трэба аднесці на тое месца, дзе яго бралі.
Здаўна ў беларускіх сонніках пісалі, што той, хто пабачыць пясок ува сне, хутка памрэ. А каб сапсаваць жыццё маладым або выклікаць іх бясплоддзе ці смерць, на Палессі могілкавы пясок кідалі ім пад ногі. Пясок з пахавання самагубцы выкарыстоўвалі ў магічных практыках, звязаных з гвалтам і прымусам.
Да нашага часу лекавым лічыцца пясок, узяты з-пад паклонных камянёў, каменных крыжоў і ў іншых святых мясцінах.

На полі каля дарогі Волашава–Сорагі ў Слуцкім раёне ляжыць камень-следавік, які завуць Божы След, або Каменьчык. На ім чатыры выемкі. Мясцовыя жыхары лічаць, што самае большае паглыбленне — гэта след левай ступні дарослага чалавека, і звязваюць яго са следам Бога.
Адно з паглыбленняў называюць следам сабакі, а іншае — следам кацяняці. Самую маленькую ямку прыпісваюць следу ад кія, на які апіраўся Бог, вандруючы па нашай зямлі. Побач з каменем пастаўлены два металічныя крыжы. Раней да каменя людзі ішлі на Юр’я, Дзявятнік, Купалле, Сёмуху і асабліва на Макавей і Пакроў. Калі хто хварэў, то прасілі аб выздараўленні. Лічылі, што дажджавая вада са слядкоў дапамагае ад галаўнога болю, хвароб вачэй і ліхаманкі. У якасці лекаў бралі і пясок каля гэтага каменя. У сухмень тут маліліся і прасілі паслаць дождж.

У вёсцы Хотамель Столінскага раёна Брэстчыны ў капліцы на могілках знаходзіцца цудадзейны каменны крыж. Раней ён стаяў на могілках і каля яго бралі пясок, які, паводле павер’яў, лячыў многія хваробы. Пра гэты каменны крыж існуе шэраг легендаў. Паводле адной з іх, у 18 стагоддзі араў адзін мужык поле і выпадкова сахой зачапіў і вывернуў з зямлі нейкі камень. У тое ж імгненне, яго валы аслупянелі і зваліліся на зямлю. Спалохаўся араты пабег у вёску, склікаў народ. Прыйшлі людзі, дзівяцца на паралізаваных валоў і не ведаюць, як іх падняць. Раптам адзін з вяскоўцаў заўважыў вывернуты з зямлі камень, падышоў да яго, расчысціў, а гэта крыж каменны аказаўся. Параіліся жыхары вёскі і вырашылі, што крыж гэты на месца вярнуць трэба. Як толькі крыж укапалі назад у зямлю, валы ажылі і падняліся з зямлі, быццам нічога і не было. З таго часу гэты каменны крыж мясцовыя жыхары абгарадзілі і сталі яго шчыра шанаваць.
А яшчэ распавядаюць, што ў 1938 годзе сляпой ад нараджэння жыхарцы суседняй вёскі прысніўся сон, што недзе за 30 кіламетраў стаіць у полі цудатворны крыж, які можа вылечыць яе ад слепаты. У той самы дзень жанчына выправілася да крыжа. Пакланіўшыся яму, жанчына стала відушчай. З таго часу гэты крыж і славіцца як цудатворны, і да гэтага часу да яго едуць паломнікі з усіх канцоў Беларусі і нават з-за мяжы.

Яшчэ не так даўно сашкрабалі пясчынкі з каменнага крыжа ў царкве на могілках каля вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна. Гэты крыж называюць Чэсны, Божы, Жыватворны крыж або Каменна Божа Мацер. Паводле падання, крыж прыплыў па Прыпяці супраць плыні і ляжаў на беразе. У тыя часы здарылася так, што святар Ананій аслеп на два вокі і не мог правіць богаслужэнне. Аднойчы ўва сне ён пачуў голас, які казаў, што трэба крыжу знайсці прыстойнае месца. Святар пабудаваў капліцу і паставіў там крыж. Неўзабаве да яго вярнуўся зрок.
Яшчэ і ў наш час у якасці лекаў ад жаночых хвароб і ад хвароб вачэй бяруць пясок з ямкі на Прошчы каля вёскі Шчыткавічы Старадарожскага раёна. Паводле падання, неяк у правадную нядзелю старой Алене, калі яна збірала грыбы ў бары, з’явілася Божая Маці з Дзіцяткам на руках. Жанчына аслепла. Праз тыдзень яна аднесла на гэтае месца каравай і адразу ж стала відушчая. На другі год Алена па ўказанні мясцовага святара паставіла на месца аб’яўлення Божай Маці крыж і самае месца назвалі Прошчай. Потым некаторыя з вернікаў пад уплывам гэтай гісторыі зрабілі тут капліцы. І ў кожную маладзіковую нядзелю да Прошчы на пакланенне сталі сцякацца тысячы багамольцаў. Святар здзейсніў абедню ў царкве, і з хросным ходам сюды сталі хадзіць і служыць малебны. Вернікі, якія пакутывалі на розныя хваробы, на каленях сунуліся вакол капліц, маліліся, бралі жменямі лекавы пясок з ямкі каля старой сасны, дзе, паводле падання, ляжала Дзіцятка. Верылі, нібыта гэты пясок дапамагае ад розных хвароб. Раней на Прошчу хадзілі ў маладзіковыя нядзелі. Сёння сюды ходзяць на Радаўніцу.

У якасці лекаў выкарыстоўваюць і пясок, які сашкрабаюць з сакралізаваных валуноў. Яго таксама разбоўтваюць у вадзе і п’юць. Такім пяском з каменя каля вёскі Дабучын Пружанскага раёна нібыта пазбаўляліся ад зубнога болю.
Ад хвароб сашкрабалі пясок і на камянях каля вёсак Верасніца Жыткавіцкага і Раменікі Іўеўскага раёнаў.

Яшчэ не так даўно пры ўкусах шалёнага сабакі ішлі за пяском з каменя каля вёскі Малыя Грыдзюшкі Шаркаўшчынскага раёна. Гэты валун у народзе нават атрымаў назву — Шалёны Камень.
Як народная медыцына лечыць бародаўкі ды іншыя хваробы скуры?

Бярозавы сок — пажыўны і духмяны напой, вядомы кожнаму з дзіцячых гадоў. Гэты каштоўны прадукт з'яўляецца прыродным энергетыкам, які не толькі выкарыстоўваецца як напой, але з’яўляецца дапаможнікам у медыцыне, і ў касметалогіі.
Кожная гаспадыня мае свае сакрэты нарыхтовак, але не ўсе ведаюць як правільна кансервіраваць драўняны сок бярозы. Класічныя рэцэпты нарыхтоўкі бярозавага соку дазволяць без лішніх клопатаў захаваць напой да самай зімы, а аўтарскія варыянты прыгатавання — парадаваць сябе і навакольных непаўторным смакам. Максімальная колькасць вітамінаў і мінералаў захоўваецца ў нарыхтоўках, якія не падвяргаюцца кіпячэнню. Акрамя гэтага бярозавы сок лічыцца нізкакаларыйным напоем, а ўзровень калорый гэтага прадукта можна самастойна кантраляваць пры даданні цукру.
Пакрокавы рэцэпт нарыхтоўкі бярозавага соку прапануе блогер і гаспадыня харчэўні ў Тураве Алена Браніславаўна.

Інгрэдыенты
Спосаб прыгатавання
Галінкі смародзіны трэба парэзаць так, каб яны памяшчаліся ў слоік. Абдайце іх крутым кіпенем і пакіньце так на 10 хвілін.
Слоікі трэба добра памыць, не стэрылізаваць, пакласці ў кожны слоік па галінцы.

Накрыўкі пракіпяціць.

Сок працадзіць і давесці да кіпення. На 3 літры соку дадаць 1 чайную лыжку без горкі лімоннай кіслаты і 100 гр. цукру.

Гарачы сок разліць па слоіках, закатаць.
Слоікі перавярнуць, пакінуць да поўнага астывання.
Каму неабходна піць бярозавы сок? Карысць прадукта + 5 рэцэптаў кансервацыі
One fine body…