Космас — гэта надзея і натхненне, адчуванне палёту за межамі рэальнасці, погляд праз час і фантастычныя персанажы… У Грузінскім доме ўвесь лістапад была прадстаўлена выстаўка «Касмічныя рытмы», дзе кожная карціна, як партал, праз які можна ўбачыць прыгажосць іншых вымярэнняў або адправіцца ў фантастычнае падарожжа па галактыкам.
Злучыць нябеснае і зямное, стварыць нешта незвычайнае, пафіласофстваваць аб месцы чалавека ў светабудове, прыўнесці хаця б часцінку гармоніі ў няпросты свет зямлян прапанавалі беларускія мастакі Дар'я Багаслова, Ксенія Місан-Быстрава, Андрэй Высокінскі і Ірына Гаспадарская.
Атмасфера выстаўкі створана была спецыяльна, каб слухаць музыку зорак, адчуваць хвалі касмічнага кахання, разгадваць пасланні з іншых планет і рабіць сэлфі з сімпатычнымі прышэльцамі.
Кожны з мастакоў вельмі індывідуальны, і ў той жа час усе творцы аб’яднаныя адной тэмай. Такі ход нібы магчымасць і самім мастакам пабыць разам, зразумець сябе ў калектыўнай працы. Удзельнікаў праекта аб'ядноўвае рэдкая здольнасць — ім пад сілу ўбачыць касмічную энергію ў звычайным прадмеце, пейзажы, у жаночых вачах.
Сваім цудоўным бачаннем яны дзеляцца з гледачом і натхняюць на разважанні аб месцы чалавека ў светабудове, прытрымліваючыся традыцыям мастакоў-касмістаў мінулага стагоддзя.
На выстаўцы сабраны карціны з філасофскім настроем, яны злучаюць у сабе нябеснае і зямное, вонкавае і ўнутранае. Да таго ж, фантазія мастакоў проста бязмежная — загадкавыя вобразы, на некаторых палотнах, літаральна зачароўваюць сваёй незвычайнасцю.
Мастачка Дар’я Багаслова ў жыцці стварае настрой не толькі жывапісам, але і музыкай. Яшчэ адзін з аўтараў, прадстаўленых на выстаўцы, Ксенія Місан-Быстрова — мастак, дэкаратар, педагог і тэолаг. Андрэй Высокінскі працуе ў жанры абстракцыі. А Ірына Гаспадарская — аўтар казачных і добрых персанажаў, а таксама складаных фармальна-абстрактных кампазіцый.
Мастакі з касмічным светапоглядам імкнуцца прыўнесці праз сваю творчасць гармонію і пазітыўныя вібрацыі ў навакольны свет. І ў іх гэта добра атрымліваецца.
Правакацыйны і эксцэнтрычны. Менавіта так можна ахарактарызаваць выставачны праект Андрэя Пічушкіна «Rave», прадстаўлены ў мастацкай прасторы ZAL#2 (Палац мастацтва).
Выстаўка адлюстроўвае ўспрыманне аўтарам постсавецкай рэчаіснасці ад пачатку дзёрзкіх 1990-х і трансфармацыю гэтай эпохі ў сённяшнім дні.
Стракатае святло, якое вырываецца скрозь цемру частак цела. Галовы з шалёным позіркам, напружаныя тулавы і расслабленыя рукі. Агульны энергічны імпульс натоўпу ў дэзарыентуючай прасторы. Усё гэта пра дадзены праект, глядзець які трэба вельмі сканцэнтравана і ўважліва. Тут шмат дэталізаваных элементаў, якія шмат у чым дэманструюць сэнс работ.
Чаму ўсё ж такі рэйв? Гэта не толькі тусоўка, але і «шумнае збавенне ад усеагульнай напругі. Прыемны хаос, які разліўся па целе», менавіта так адзначаюць арганізатары выстаўкі. Яшчэ рэйв — гэта сімвал бесклапотнасці, дзе пульсацыя басоў рыфмуецца з пульсам дзікага, але такога гарачага жыцця, свабоды і незалежнасці.
Андрэй Пічушкіін сімвалы той эпохі адлюстраваў ярка, камічна, гіпербалізавана, жыва і пазнавальна. Праз свае работы мастак спрабуе захапіць гледача эмоцыямі і адрэалінам, які адчуваецца ў кожнай мастацкай рабоце праекта.
— Часцей за ўсё я шукаю натхненне ў навакольным свеце, — падкрэслівае Андрэй Пічушкін. — Звычайна вонкавыя падзеі, якія рэзаніруюць з маімі адчуваннямі, становяцца асновамі для эскізаў. Сваім творчым рухавіком я лічу музыку. У працэсе працы над карцінай заўсёды ўключаю любімыя альбомы, часам аддаю перавагу новым кампазіцыям. Уласна, музыка аддрукоўваецца ў маёй творчасці і фізічна: часта назвы маіх карцін — гэта радкі з песень. За візуальнае натхненне адказваюць фільмы, звычайна дастаткова старыя, часам нават з залатога Галівуду.
Пра такія праекты як «Rave» звычайна кажуць — модная выстаўка.
Так і ёсць. Крышку тусовачных элементаў, крышку падыходзячай музыкі, інстаграмныя колеры. Але глыбіня праекта таксама значная. Мастак, не гледзячы на малады ўзрост, спрабуе разабрацца ў тэме, адшукаць нешта знакавае і знаёмае для кожнага чалавека.
Творчы стыль Андрэя Пічушкіна запамінальны. Яго колеравая палітра насычаная, на карцінах шмат ружовых элементаў і перакошаных твараў. Складваецца адчуванне, што ты патрапіў у кіно. І не заўсды зразумела жахлівае яно, драматычнае ці навак рамантычнае. Аднак даглядзець гэты фільм усё ж такі хочацца да канца.
Аўтару неабходна аддаць належнае, ён умее інтрыгаваць і ўцягваць гледача ў дыялог. Кожны чалавек праз прадстаўлены «Rave» адчувае розныя эмоцыі: хтосьці адразу рэагуе негатыўна і злосна, а камусьці праект кладзецца на душу без пытанняў. Усё залежыць не толькі ад мастацкага густу, але ж і ад уцягнутаці ў прадстаўленую тэму. Каб зразумець на якім баку вы, трэба абавязкова наведаць выстаўку.
Метафарычная мова творчасці. Выстаўку Марыі Сыракваш адкрылі ў Мінску
Чаму кошка жыве 15 гадоў, а такі ж па памерах апосум толькі тры гады? Чаму працягласць жыцця лятучай мышы 20 гадоў, а звычайнай мышы 4 гады? Чаму гіганцкая чарапаха жыве 150 гадоў, а слон толькі 70?
Навукоўцы тлумачаць гэта генетычным кодам, які змяшчае інфармацыю, якая вызначае фінішную мяжу жыцця, якую немагчыма перайсці. Максімальная працягласць жыцця запісана ў генах. І таму па меры набліжэння адведзенага тэрміна ўсе функцыі арганізма слабеюць.
Спецыялісты ў галіне малекулярнай біялогіі лічаць: «У пэўны момант у клеткі паступаюць загадкавыя сігналы, якія загадваюць ім перастаць выконваць свае ранейшыя функцыі. Існуюць гены, адказныя за старэнне і смерць клетак, і адпаведна ўсяго арганізма».
Старэнне — галоўны вораг чалавека, узброены хранічнымі захворваннямі. Калі медыцына заўтра пераможа рак, то працягласць жыцця можа вырасці усяго на некалькі год.
Над пытаннямі, чаму клеткі перастаюць дзяліцца і пачынаюць старэць, б'юцца біёлагі, якія вывучаюць працэс старэння.
Вядома, па сілах кожнаму чалавеку — здаровы лад жыцця, правільнае харчаванне, адмова ад алкаголю і курэння, фізічная і разумовая актыўнасць. Усё гэта проста і даступна, але недастаткова, каб стаць доўгажыхаром.
Неабходна прафілактыка па захворваннях. Прыём вітамінаў і мікраэлементаў, гэта абавязкова. Полівітаміны трэба прымаць усім, паколькі мы не даатрымліваем з ежай тых ці іншых рэчываў.
І кожнаму з нас хочацца старэць годна, у цвярозым розуме і цвёрдай памяці.
Людзі, якія рэгулярна ўжываюць зялёную гарбату, радзей пакутуюць ад старэчай прыдуркаватасці. Такую выснову зрабіла група японскіх даследчыкаў з універсітэта Тохоку.
Зялёная гарбата змяшчае кацехін, які прадухіляе прыдуркаватасць і падтрымлівае працаздольнасць розуму. Навукоўцы канстатавалі, што ў людзей, якія п'юць зялёную гарбату, небяспека парушэння мазгавой дзейнасці ўзнікае радзей.
Якая на смак беларуская гарбата? Традыцыі заварвання і ўжывання травяных збораў
Навукоўцы падкрэсліваюць — недахоп у арганізме вітаміна В12 прыводзіць да прыдуркаватасці, дэменцыі. Недахоп гэтага вітаміна выклікае сур'ёзныя змены ў галаўным мозгу, а таксама павялічвае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Праца мозгу і сэрца залежыць ад бесперапыннага забеспячэння кіслародам крыві ў арганізме. А кісларод дастаўляюць жалеза і вітамін В12.
Недахоп В12 спрыяе ўзрастанню канцэнтрацыі гомацыстэіна — шкоднай амінакіслаты.
Сімптомы дэфіцыту вітаміна В12:
Вітамін В12 у таблетках ўсмоктваецца лепш разам з В9 — фалійнай кіслатой. Гэты ўнікальны вітамін эфектыўны пры лячэнні анеміі, захворваннях печані, неўралгіі, мігрэні, склерозе, скурных захворваннях. Вядома, прымаць яго трэба пасля візіту да ўрача.
Сінтэз гэтага вітаміна ў прыродзе ажыццяўляецца мікраарганізмамі, галоўным вобразам бактэрыямі. У арганізме чалавека вітамін назапашваецца ў нырках, печані, сценках кішачніка. В12 паступае ў арганізм з прадуктамі жывёльнага паходжання. З печані жывёл вырабляюць лячэбныя прэпараты, якія змяшчаюць В12.
Інтэрнэт напоўнены паведамленнямі, рэцэптамі з прадуктаў, якія нібыта спыняюць дэменцыю, не паддавайцеся на гэтыя запэўненні, а лепш наведайце ўрача, здайце аналізы. А потым бяжыце ў аптэку і набудзьце каробачку з усёмагутным вітамінам В12, які супакоіць нервы, падорыць энергію, добры настрой і выдатную памяць.
Калі вам падабаюцца класічныя пейзажы прыроды, абавязкова завітайце на выстаўку «Вольная прастора» беларускага мастака Антона Вырвы ў мастацкую галерэю «АРТ Фабрыка». Тут вы зможаце не толькі прасачыць за калейдаскопам прыроды, але і ўбачыць прафесійны жывапіс аўтара, які ўражвае сваёй пяшчотнай каларыстыкай.
Мастак Антон Вырва, вядомы сваім лірычным і рамантычным жывапісам, ён умее здзівіць гледача унутраным адчуваннем прыгожага. Яго работы — гэта светаўспрыманне, імпульс, формула завуаляванай памяці. Яны выклікаюць цікавасць з розных ракурсаў: як з пункту гледжання гісторыі стварэння, так і тэхнікі выканання.
Карціны, пейзажы таленавітага жывапісца дыхаюць, ззяюць фарбамі, искрацца снегам і маляўнічай палітрай восені, глыбінёй і прыгажосцю ўсіх адценняў і тонаў неба, жывуць прыроднай урачыстасцю розных пор года. І цешаць гледачоў сваёй праніклівай, дасканалай, сапраўднай прыгажосцю!
Мастак заўсёды знаходзіцца ў пошуках прыгажосці. Яму цікава яе абыгрываць кантраснасцю, формай, эстэтычнымі элементамі. Аўтар у асноўным фарміруе сваю індывідуальнасць у рэчышчы выключна рэалістычных традыцый. Працуе Антон Вырва ў жанры нацюрморта, партрэта, тэматычнай карціны, рэалістычнага пейзажа.
Змрок лесу, зямля, засыпаная снегам, шэрае і нават белае неба, летнія і восеньскія дні... Усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў палотнах, напісаных упэўненай рукой мастака. Антон заўсёды працуе толькі з натурай. Выязджае ў розныя куткі Беларусі. Калі гэта зіма, абувае валёнкі, прарабляе дзірачку ў цёплых рукавіцах, каб адчуваць пэндзаль, і працуе на холадзе па некалькі гадзін. На яго думку, такія краявіды максімальна перадаюць убачанае мастаком і адлюстроўваюць эмоцыі. Адно з любімых месцаў аўтара — малая радзіма, горад Крычаў. Менавіта там мастак чэрпае натхненне і часта любуецца пейзажамі.
Антон Вырва развівае знакамітыя традыцыі нацыянальнай школы жывапісу і творчы метад Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, які характарызуецца светлатой агульнага тону карціны, адсутнасцю яркіх кантрастаў, серабрыстай, жамчужна-перламутравай гамай колераў, якую лічаць адной з вызначальных у нацыянальным каларыце беларускага мастацтва. Пабудова прасторы па законах паветранай перспектывы, гармонія тонаў, стрыманасць святлоценявых кантрастаў — усе гэтыя падыходы ўласцівыя творчасці аўтара.
Яны дапамагаюць мастаку ў стварэнні асаблівых лірычных матываў, прасякнутых любоўю да бацькоўскай хаты, роднай зямлі.
Творца нарадзіўся ў горадзе Крычаве Магілёўскай вобласці. З 2001 па 2005 год вучыўся ў Магілёўскім дзяржаўным вучылішчы культуры. У 2011 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Яго выкладчыкамі былі Май Данцыг, Фёдар Кісялёў, Уладзімір Тоўсцік … З 2004 года Антон Вырва з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскіх і міжнародных выставак, лаўрэатам шматлікіх конкурсаў па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ў Беларусі, Польшчы, Расіі.
Работы мастака захоўваюцца ў зборах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Гродзенскага літаратурнага музея ім. М. Багдановіча, Аршанскай карціннай галерэі, Магілёўскага абласнога мастацкага музея ім. П. Масленікава.
Душэўная палітра адценняў. Новы праект Васіля Пешкуна адкрылі ў галерэі «Aрт Фабрыка»
Нават калі нехта з беларусаў у школьныя гады быў зацятым прагульшчыкам альбо лавіў варон на ўроках, і тое будзе ведаць імя — Францыск Скарына! Першадрукар, перакладчык, паэт, мовазнавец, педагог, астраном, філосаф, медык, батанік…
У «Зале сарака» аднаго з найстарэйшых універсітэтаў — Падуанскім, дзе навучаўся наш славуты зямляк — сорак партрэтаў слаўных з найслаўнейшых. Сярод іх другі ад покуці, каля кафедры Галілея, — Францішак Скарына.
Жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны вывучае комплексная навуковая дысцыпліна — скарыназнаўства…
Скарына — паўсюль! Ён — як ахоўная грамата беларусам. Калі знаходзяцца ахвотныя прынізіць нашыя культуру, літаратуру, гісторыю, варта згадаць аднаго толькі слаўнага палачаніна, Францыска Скарыну, каб перастаць пераймацца. Усё з намі ў парадку!
У нашай сямейнай бібліятэцы, якую пачалі збіраць бацькі-філолагі, нямала кніг па скарыназнаўству. Я раскажу толькі пра дзве, адрасаваныя дзецям. Яны — як цаглінкі ў падмурку будучых грунтоўных ведаў. Што істотна — добра выкладзенае для дзяцей звычайна лёгка ўспрымаецца і запамінаецца дарослым. Таму раю да прачытання ўсім узроставым катэгорыям!
Вось «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» Анатоля Клышкі, выдадзеная ў 1983 годзе «Юнацтвам».
«Менавіта са Скарынавых рук без мала пяцьсот гадоў таму назад усходняе славянства атрымала першую друкаваную кнігу», — піша аўтар.
Ён расказвае не толькі пра самога Скарыну і эпоху, у якую ён жыў, але і пра даўнейшыя кнігі. На чым яны пісаліся, калі не было паперы; чым пісаліся; як ад папіруса і кніг з драўлянымі старонкамі чалавецтва рухалася да вынаходніцтва друкавальнага станка…
Экскурс у мінулае дае ўбачыць месца старажытнага Полацка і самога Скарыны не толькі ў кантэксце еўрапейскай, але і сусветнай гісторыі.
Вельмі цікавыя дыялогі малога Францішка са сваім дзедам.
«У Вялікім княстве Літоўскім пасля сталічнай Вільні Полацк быў другім з найбольшых гарадоў.
Другім? Пасля Вільні?! Гэта вы скажыце каму другому, толькі не Францішкаваму дзеду. Той нікому не мог саступіць першынства Полацка.
— Вільня, праўда, горад вялікі, нічога не скажаш,— як бы згаджаўся Міхалка.— Але хто старэйшы? Пра Вільню толькі, можа, дзвесце гадоў, як пачалі гаварыць, калі з яе сталіцу зрабілі. А пра Полацк ужо шэсцьсот гадоў,— дзед паўтарыў: — шэсцьсот гадоў слава грыміць... Аб ім у скандынаўскіх сагах упамінаюць, у «Слове пра паход Ігаравы» гаворыцца... Каб не гэтыя мечаносцы ды крыжакі — гэта ж як арда другая на нас лезе — о, каб не яны, наш горад і цяпер самым вялікім тут быў бы,— лаяў дзед нямецкіх рыцараў».
«Як памятка даўняй славы і цяпер яшчэ ўзвышаўся з адзінаццатага стагоддзя Сафійскі сабор — галоўны будынак горада. Полацкая Сафія, казалі, трэцяя сястра Кіеўскай і Наўгародскай.
— Трэцяя? — не вельмі згаджаўся дзед.— А можа, унуча, другая. Яе разам з Наўгародскаю пачалі, а нават, можа, у Полацку і на год раней. Толькі кончылі крыху пазней».
«Дзед расказваў Францішку, што і ўзводзіў яе князь Усяслаў, каб паказаць, што Полацк ужо раўня Кіеву ды Ноўгараду. I дзед апавядаў, як некалі тут прымалі замежных паслоў, як абвяшчалі вайну і мір... У гэтым саборы знаходзілася княжацкая казна. Тут была, апавядаў дзед, вялікая бібліятэка, тут пісаўся летапіс. От каб прачытаў яго — усё чыста ведаў бы, што з году ў год дзеялася ў Полацку».
У кнігі Анатоля Клышкі «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» шчаслівы лёс. Яна перавыдаецца, вывучаецца ў школе. Кнігу можна ўзяць у бібліятэках альбо набыць у кнігарнях. Паспяшайцеся прачытаць і набыць у асабістыя бібліятэкі.
А вось – навінка ад выдавецтва «Тэхналогія». «Скарына дзеткам» ад творчага дуэта аўтаркі Таццяны Сапегі і мастачкі Марыі Каралёвай.
Кніга адрасавана дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Яна знаёміць чытачоў з гісторыяй асобы беларускага дзеяча — сам першадрукар у ёй раскажа, дзе ён нарадзіўся, навучаўся, як зацікавіўся кнігадрукам і пачаў друкаваць кнігі сам. Заданні пасля кожнай часткі дапамогуць дзеткам замацаваць набытыя веды, а таксама весела прабавіць час.
У невялікай па аб’ёму, але багатай на інфармацыю ды інтэрактыў кніжцы можна аформіць тытульную старонку, намаляваць скарынаўскае «Сонца маладзіковае», размаляваць гравюру, разгадаць крыжаванку… Ніякіх шанцаў у чытачоў, каб забыцца на тое, што прачыталі ў кніжцы!
Мастачцы Марыі Каралёвай удалося вельмі важнае – яна нібы абтрэсла бронзу і пазалоту з легендарнага Скарыны і прапанавала дзецям яскравы вобраз жывога, рухавага першадрукара — нібы ён сапраўды аджыў, збегшы з п’едэсталу.
Кніга выдадзеная нядаўна, яна яшчэ ёсць у продажы. Хочаце праверыць свае веды, альбо пачынаць напаўняць скарбонку ведаў пра Беларусь — набывайце! Адукоўвайцеся разам з дзецьмі, каб веды пра сваю зямлю — а, значыць, і пра нас саміх — трывала замацаваліся ў свядомасці.
Прапанаваныя сёння кніжкі будуць цудоўна працаваць у звязцы, працягваючы распачатую Скарынам больш за 500 гадоў таму справу: адукоўваць, пашыраць далягляд, шукаць і знаходзіць сваё месца сярод людзей на ўсёй зямлі і тут, на радзіме.
Уражлівыя факты кнігі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»
Зразумець гісторыю сваей краіны можна праз многае: мову, дыялекты, традыцыйную кухню, абрады і, вядома, адзенне. Беларуская нацыянальная вопратка — не проста частка нашай культуры, гэта сапраўднае мастацтва, якое праяўляецца як ў маштабных аб’ектах, так і ў тонкіх дэталях.
Магчымасць пазнаёміцца дастаткова глыбока з беларускімі нацыянальнымі касцюмамі дае выстаўка «Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм», якая зараз праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі.
Гэта маштабны праект, які паказвае рэгіянальныя асаблівасці народнага касцюма. На выстаўцы прадстаўлены аб'екты з шасці этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі: Заходняга і Усходняга Палесся, Падзвіння, Падняпроўя, Панямоння і Цэнтральнай Беларусі.
На выстаўцы прадстаўены творы традыцыйнага беларускага ткацтва з калекцыі дэкаратыўна-прыкладнога народнага мастацтва, а таксама беларуская арыгінальная і тыражная графіка, беларускі жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея. Дапоўняюць экспазіцыю ўнікальныя работы з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры, Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Віцебскага абласнога краязнаўчага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Сенненскага Дома рамёстваў, Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, а таксама экспедыцыйныя фотаздымкі Міхася Раманюка з прыватнай калекцыі
На жаль, з-за таго, што, напрыклад, на Віцебшчыне і Гродзеншчыне рана адмовіліся ад традыцыйнага адзення, многія камплекты былі страчаны назаўжды. Таму, каб годна прадставіць багацце кожнага рэгіёна, арганізатары звярнуліся ў Віцебскі цэнтр народнай творчасці і Гарадоцкі і Сенненскі Дамы рамёстваў — так куратары змаглі адрадзіць некаторыя веды і рэканструяваць унікальныя тэхнікі ткацтва. Але гэта адзінкавыя выпадкі. Пераважная большасць касцюмаў (а іх на выстаўцы ўсяго 78) — гэта аўтэнтычныя рэчы канца XIX — пачатку XX стагоддзяў.
Самае цікавае і каштоўнае ў экспазіцыі — гэта тое, як прадстаўлены касцюмы. Дзякуючы навукоўцам, якія прысвяцілі ўсё сваё жыццё вывучэнню касцюма, стала магчымым паказаць такую вялікую колькасць спосабаў нашэння жаночых галаўных убораў.
Напрыклад, у заходніх рэгіёнах ткалі тонкае, кужэльнае палатно, а ў Падняпроўі і Падзвінні была «моднай» грубейшая ільняная тканіна і меней выбеленая.
Для Заходняга Палесся характэрныя былі шырокія фартухі, з двух пашытых «паліц» па 30-40 сантыметраў. А фартухі Падняпроўя былі вузкія. І так было ва ўсім: ад рэгіёна да рэгіёна сілуэт касцюма мяняўся, крой мяняўся, тэхніка і матывы вышыўкі таксама.
Адных толькі спосабаў завівання наміткі, традыцыйнага жаночага галаўнога ўбору беларусак, налічваецца каля пяцідзесяці, а далёка не ўсе вядомыя. У руках майстрыхі галаўны ўбор ператвараўся і ў аб'ект прыгажосці, станавіўся маркерам прыналежнасці да вызначанай агульнасці — жанчыну з Турава заўсёды можна было адрозніць ад гарадзенкі ці віцяблянкі.
Праз выстаўку куратары імкнуліся паказаць таксама эвалюцыю касцюма. Мода ніколі не стаяла на месцы, таму многія рэчы ўдасканаліліся згодна з густам часу, абнаўляліся, але ні ў якім разе не выкідваліся.
У традыцыйнай культуры ўсё шанавалася і перадавалася па спадчыне ад прабабулі да праўнучкі. І калі ўважліва разгледзець некаторыя кашулі, можна прасачыць як рэчы відазмяняліся з цягам часу.
Традыцыйны комплекс жаночага касцюма абавязкова ўключаў кашулю, спадніцу, фартух і галаўны ўбор — гэта непарушная традыцыя. Усё астатняе мянялася ад рэгіёна да рэгіёна. Узнікалі нават лакальныя строі, калі ў пэўнай мясцовасці было сваё разуменне таго, што прыгожа і модна. Так з'явіліся непаўторныя Неглюбскі, Дамачаўскі, Маларыцкі, Турава-Мазырскі строі…
Іх не зблытаеш з іншымі дзякуючы абсалютна ўнікальным дэталям, прыдуманым мясцовымі майстрыхамі ў адпаведнасці з іх уяўленнем пра прыгажосць, гармонію, сакральнасць і практычнасць.
У традыцыйным касцюме ўсе яго функцыі злучаны. Немагчыма было захаваць толькі нешта прыгожае ці практычнае. Абярэгавая, сакральная функцыя адзення была вельмі магутнай. Адзенне павінна было берагчы і закрываць жанчыну ад холаду. Невыпадкова пояс заўсёды завязвалі ў раёне пупка. А выйсці з непакрытымі валасамі з дому для замужняй жанчыны азначала наклікаць на ўвесь род непрыемнасці.
У традыцыйнай культуры кожная рэч унікальная, ніводная не паўтараецца: за кожным касцюмам стаіць гісторыя цэлага роду і кожнай майстрыхі. Для іх рукадзелле было спосабам праявіць сябе і паказаць свае ўменні і ўнутраны свет. Напрыклад, на выстаўцы ёсць пояс, на якім майстрыца выткала такія словы: «Просячы Васільева вышывала хустачку, не ведала, каму далі. Пойдзе міленькі ў салдаты, будзе слёзы выціраць. Два сэрцы адзін дух, кахай, сябар, адну, а не двух».
Асаблівай тонкасцю і беллю кужэльнага палатна, прастатой геаметрычных арнаментальных матываў вылучаецца Мотальскі строй Іванаўскага раёна. Філігранная тэхніка зборак палатна каля каўняра і ў ніжняй частцы рукавоў, а таксама дэкаратыўныя злучальныя швы, выкананыя ніткамі чорнага колеру, падкрэсліваюць асаблівасці мужчынскіх і жаночых кашуль і з'яўляюцца іх характэрнай рысай.
Калі ж звярнуць увагу, напрыклад, на Маларыцкі строй, то там ужо будзе лаканічны сілуэт, багацце дэкору. Жаночы касцюм упрыгожвалі тканым і вышытым арнаментам.
Калінкавіцкі строй і яго гарсэты з баскай — візітная картка рэгіёну. Іх багата ўпрыгожвалі тасьмой і металічнымі бляшкамі, гузікамі, бісерам. Жанчына павінна была блішчаць і ззяць сваёй прыгажосцю! Пры гэтым у касцюме кожнай майстрыхі была нейкая ўнікальная, прыдуманая ёю модная дэталь. Праз дзясяткі гадоў ты бачыш яе касцюм і дзівішся фантазіі і майстэрству аўтара.
Сённяшнія модніцы часта падчас экскурсіі спыняюцца каля Неглюбскага строю і вока не могуць адвесці ад шыйнага ўпрыгожвання з пацерак «гарлячкі». Такую насілі толькі ў Няглюбцы.
Шыйныя ўпрыгожванні — яшчэ адна таямніца беларускага касцюма.
У альбоме Раманюка, напрыклад, можна звярнуць увагу не толькі на шыйныя ўпрыгожанні, але і на джгуты ды вяровачкі…. Той жа сподні крыж у розных мясцовасцях насілі па-рознаму. У Неглюбцы і Маларыце — па-над касцюмам. У экспазіцыі ўсяго дзве пары аўтэнтычных народных караляў са шкла і каменя. Яны прыехалі на выстаўку з Музея народнага побыту і архітэктуры ў Строчыцах.
Падняпроўе — па-свойму ўнікальны этнаграфічны рэгіён, што абумоўлена ў тым ліку і блізкім знаходжаннем яго да некаторых абласцей Расіі і Украіны. Асабліва гэта выявілася ў жаночым гарнітуры, у якім у пачатку ХХ ст. існавалі розныя комплексы, якія адрозніваліся ў асноўным відамі паяснога адзення: з андаракам, са спадніцай-андаракам, з андаракам, пашытым з безрукаўкай. У галаўных уборах тут пераважаюць хусткі.
У экспазіцыітаксама можна ўбачыць і вытрымкі з альбома «Беларускі арнамент Палесся» 1957 года Леаніда Баразны. Даследчык ствараў яго, калі ездзіў у экспедыцыі і фіксаваў свае знаходкі з першых вуснаў на паперы-міліметроўцы. Сёння гэта вельмі дапамагае вучоным і музейшчыкам у рабоце па рэканструкцыі касцюмаў мінулага. Побач размешчаны аўтэнтычныя ўзоры тканін, з якіх шылі андаракі. А калі крыху памяняць курс, то заўважыце адзенне з зімовых вобразаў.
Напрыклад, зімовыя паліто, у якіх калядаваць прыходзілі, прычым адразу можна прасачыць, як мяняўся крой ад класічных мадэляў да модных куртак.
Дарэчы, у зборы Музея старажытнабеларускай культуры і Музея архітэктуры і побыту куратары адшукалі элементы дзіцячага касцюма — а гэта вялікая рэдкасць.
Выстаўка ў музеі будзе працаваць да сярэдзіны снежня. На ёй вы зможаце не толькі пазнаёміцца з асаблівасцямі народнага касцюма, але і па-іншаму раскрыць вобраз беларускай жанчыны, ну і, вядома, майстрыцы. Насамрэч, гэта праца была вельмі трудаёмкай і складанай, трэба было мець шмат фантазіі і жадання, каб ствараць такія ўнікальныя рэчы. Безумоўна, усе апісаныя факты заслугоўваюць увагі і магчымасці захавацца ў свядомасці гледача.
Беларускія ручнікі. Сюжэтнасць і адметнасці рэгіянальнага ткацтва
Як насамрэч пахне прыродны газ? Якія сімптомы ў людзей і жывёл указваюць на ўцечку газу? Ці можна адчыняць вокны і ўключаць святло пры паху газу? Праверце свае веды – магчыма, гэта выратуе вам жыццё.
Прыродны газ не мае паху, смаку і колеру. Але перад падачай у газаразмеркавальную сістэму да яго дадаюць спецыяльнае рэчыва (адарант) меркаптан, якое насычае газ непрыемным пахам.
Гэта робіцца для таго, каб спажыўцы маглі своечасова адчуць уцечку.
Непрыемны пах. Самая першая прыкмета ўцечкі газу – пах серы або тухлага яйка.
Самаадчуванне. Пры ўцечцы прыродны газ можа выклікаць галавакружэнне, галаўны боль, млоснасць і страту каардынацыі (пры нізкай канцэнтрацыі).
Калі ўцечка не была заўважана своечасова і канцэнтрацыя газу ў закрытым памяшканні стала высокай, то магчыма ўдушша з-за дэфіцыту кіслароду ў паветры. Парушэнні рухаў, страта прытомнасці, ваніты папярэджваюць аб магчымым удушшы.
Зрэшты, чалавек можа не адчуваць гэтыя сімптомы і страціць прытомнасць ці моцна заснуць. Нажаль, падобныя выпадкі нярэдка смяротныя.
Жывёлы. На небяспеку могуць указаць і хатнія гадаванцы. Калі ў вашай жывёлы змяніліся паводзіны, яна адмаўляецца ад ежы, з цяжкасцю дыхае, дэзарыентавана, вочы пачырванелі або слязяцца, пачалася ваніты, то гэта сур'ёзная нагода западозрыць уцечку газу.
Расліны. Пакаёвыя расліны не толькі выпрацоўваюць кісларод, але і спажываюць яго. Таму недахоп кіслароду ў памяшканні прывядзе да іх гібелі. Расліны былі своечасова палітыя, але раптам усе завялі? Абавязкова праверце газаправод.
Старонні гук. Невялікая ўцечка газу можа не мець паху. Падстава насцярожыцца – свісцячы або нізкі сіплы гук паблізу газавай трубы (газаправода). Гэта значыць, што газ выходзіць хутка.
Прыбор уліку. Калі вы працягваеце карыстацца газам у звычайным рэжыме, але лічыльнік паказвае імклівае павелічэнне спажытага прыроднага газу, то абавязкова разбярыцеся з прычынай. Магчыма, газаправод пашкоджаны і далей знаходзіцца ў доме небяспечна.
Туман. Аб уцечцы газу звонку, па-за памяшканнямі можа сведчыць нізкая белая смуга, дробны туман або воблака пылу побач з газаправодам. Гэта значыць, што падземны трубаправод пашкоджаны і газ выцякае вонкі.
Пры з'яўленні ў памяшканні паху газу ці іншых прыкмет уцечкі трэба:
⦁ неадкладна перастаць выкарыстоўваць газавае абсталяванне: выключыце пліту, воданагравальнік і іншыя прылады, якія працуюць на газе;
⦁ адключыце кацёл і перакрыйце кран на газаправодзе;
⦁ шырока адкрыйце вокны, каб праветрыць памяшканне;
⦁ выведзіце вонкі людзей і жывёл;
⦁ апынуўшыся ў бяспецы, выклічце аварыйную газавую службу па тэлефоне «104»;
Да ліквідацыі ўцечкі газу ні ў якім разе:
⦁ не запальвайце агонь,
⦁ не паліце,
⦁ не ўключайце і не выключайце святло і электрапрыборы,
⦁ не карыстайцеся тэлефонам і электразванком.
Прылады, якія працуюць на прыродным газе, павінен усталёўваць толькі сертыфікаваны спецыяліст.
Усталюйце ў жылых памяшканнях дэтэктар газу з трывожным сігналам – гэты невялікі прыбор падніме трывогу, своечасова папярэдзіўшы аб уцечцы.
Таксама можна ўсталяваць дэтэктар угарнага газу (СА). Угарны газ не мае колеру і паху, і яго ўцечка можа стаць смяротнай.
Ацяпляльныя газавыя катлы і воданагравальнікі павінны мінімум раз у год праходзіць тэхнічнае абслугоўванне ў ліцэнзаванай кампаніі.
Калі вы плануеце адсутнічаць дома некалькі дзён, перад ад'ездам зачыніце запорную прыладу газаправода перад газавым лічыльнікам.
Не абагравайце памяшканне з дапамогай газавай пліты – гэта зніжае канцэнтрацыю кіслароду ў памяшканні і вельмі небяспечна.
Не дазваляйце дзецям гуляць з выключальнікамі газавай пліты і пасля прыгатавання ежы абавязкова пераканайцеся ў тым, што ўсе яны шчыльна зачыненыя.
Знакамітая беларуская мастачка Зоя Літвінава знаёмая гледачам непаўторным аўтарскім стылем і моцным характарам па жыцці. Гэта асоба з вялікай літары, якой ганарацца як у нашай краіне, так і за мяжой.
Але гэта сёння, а што было раней? На творчым шляху аўтара было шмат складаных момантаў, перажыць якія дапамагала вера ў сябе і ў мастацтва. Чаму першая персанальная выстаўка аўтара адбылася толькі ў год 50-годдзя, і як пра імя Зоі Літвінавай даведаліся на Захадзе? З нагоды 85-годдзя мастачка расказала пра самыя важныя моманты творчага лёсу.
— Зоя Васільеўна, быць жанчынай-мастаком, хутчэй за ўсё, складана. Вы калі-небудзь сутыкаліся з непрыманнем вас як прафесіянала ці цяжкасцямі ў разуменні вашага мастацтва?
— Быць жанчынай мастаком — гэта не складана. Калі хочаш быць мастаком, калі гэта любіш і калі для цябе гэта важна і вельмі прынцыпова, рабі! Проста не будзе ніколі. Я думаю, што жаночы лёс у мастацтве ў любым жанры складаны. Трэба разумець, што гэта шлях, у якім ты шукаеш сябе, таму сутыкнуцца з цяжкасцямі ў любым выпадку давядзецца. Мужчынам лягчэй: яны ад прыроды надзелены сілай. У жанчыны іншае прызначэнне. Але ёсць выключэнні, калі жанчыны любяць і жадаюць чымсьці ахвяраваць.
Я лічу, што жаночага мастацтва не існуе. Тэрмін мастацтва першапачаткова мужчынскага роду.
— Атрымліваецца, выбіраючы прафесію мастака, жанчына першапачаткова згаджаецца на прыняцце мужчынскай ролі?
— Жаночае мастацтва слабое: манернае, таннае, не зусім значнае або, як я звычайна кажу, мадамскае. Але ж і ў шэрагу мужчын ёсць таксама вельмі слабыя мастакі, таму нельга абагульняць. Гэта агульныя факты: калі ты выбраў гэты шлях, значыць адпавядай яму, не крыўдуй, не патрабуй выключнасці, рабі, што любіш, і ў што верыш, тады атрымаецца. Не трэба адразу чакаць разумення. Бо гэта вялікая рэдкасць, калі цябе разумеюць са старту. Гэта цяжкі шлях, але ад гэтага ён і каштоўны.
— Вы памятаеце момант, калі вас пачалі разумець? Што гэта значыла для вас?
— Я шмат працавала ў мастацтве, хоць мяне не прымалі. Тое, што я рабіла, мала каму падабалася. Мяне не разумелі, але чамусьці гэта не турбавала. Я не хацела рабіць тое, што рабілі іншыя. Сацыяльны жывапіс, жывапіс палітычны і кан'юнктурны — гэта мне было нецікава. Быў такі час, калі не даводзілася нічога патрабаваць і тым больш чакаць, што нешта зменіцца. А потым раптам здарылася перабудова. Некалькі чалавек з Аўстрыі ўбачылі мой жывапіс. Гэта былі нават не мастацтвазнаўцы, а навукоўцы, якія прыехалі ў Беларусь. Яны ўбачылі карціны, зацікавіліся, прыйшлі ў майстэрню. Адразу ж купілі ў мяне некалькі работ, запрасілі з выстаўкай. Пасля гэтага моманту я зразумела, што цікавая гледачу, і магу дэманстраваць свае творы шырокай аўдыторыі.
Да 50-ці гадоў у Беларусі ў мяне не было ніводнай персанальнай выстаўкі, хоць работ была неверагодная колькасць. Майстэрня была забітая цалкам. Першая мая выстаўка ў краіне разам са Светай Катковай прайшла ў Полацку. Гэта была выдатная экспазіцыя ў адмысловым месцы.
Гэта было незнаемае і вельмі цікавае пачуцце, якое не ўсім мастакам даводзіцца адчуць. Тады я ўпершыню зразумела: тое, што я раблю, важна людзям. Калі я трапіла ўпершыню на Захад, я не ведала замежнай мовы. Думала, як жа я буду размаўляць. Таму тое, што хацела сказаць, я малявала. Такім чынам зрабіла сабе рэкламу. Першая мая выстаўка ў Еўропе адбылася ў Аўстрыі.
— Што дапамагло вам захаваць спакой і цярпенне, улічваючы той факт, што ваша першая персанальная выстаўка адбылася досыць позна. Многія б ужо страцілі надзею. У вас гэта была ідэя або бязмежная вера ў сябе?
— Безумоўна, вера ў сябе прысутнічала. Але я працавала, не разлічваючы на вялікі поспех. Мастацтва непрадказальнае: цябе могуць зразумець, а могуць і наадварот. У мяне не было крыўды ці злосці, аднак была вялікая падтрымка — сяброўства са Светай Катковай. Аднаму складана, а мы разам крыху незвычайныя дзяўчыны, у якіх усё жыццё былі не зусім звычайныя інтарэсы. Нас не цікавілі замужжа, думкі аб стварэнні сям'і, нам цікава было мастацтва. Наша сяброўства дапамагало нам выжыць.
.— Вы сказалі, што быў час, калі вас крытыкавалі. У чым гэта выяўлялася?
— Мае работы не падабалася Міхаілу Савіцкаму. У той час ён не мог трываць на дух «іншы» жывапіс. Яму патрэбна была сацыяльная праблематыка. Тэма дыплома ў мяне была вельмі сур'ёзная — Трускавец. Мне яна была цікавая і важная. Але я ніколі не збіралася з мастацтва рабіць драму. Для мяне жывапіс — гэта нешта шчаслівае, радаснае, гэта тое, што дапамагае чалавеку жыць, думаць пра дабро, прыгажосць.
У той час можна было быць запатрабаваным мастаком, але пры ўмове, што прыдзецца рабіць тое, што ад цябе патрабуюць. Я гэтага цярпець не магла. Я не люблю бытавы жывапіс, лічыла і лічу, што значэнне мастацтва абсалютна ў іншым. Калі вучылася ў вучэльні, і трэба было адлюстроўваць бытавыя моманты, мне адразу ж было некамфортна.
— Але ў той час вы былі зусім не гарадскім чалавекам, і вясковы побыт мае для вас вялікае значэнне ...
— У мяне атрымалася наадварот. Як раз тое, што я нарадзілася ў вёсцы, мне вельмі дапамагло і сфарміравала маё яднанне з прыродай. Усе мае ідэі творчасці ідуць менавіта адтуль. Звычайна вясковыя дзеці, якія звязаны з прыродай і назіраюць за ёй, атрымліваюць каласальныя эмоцыі. Я была лунацікам ў дзяцінстве, вельмі любіла змярканне. Калі яно наступала, усё сілуэты ў маёй душы набывалі іншыя формы. З'яўляліся асаблівыя гукі, аблічча зямлі становілася зусім іншым. Гэта хвалююча, трывожна, страшна, але ўсё роўна хочацца там знаходзіцца. Гэтыя гукі фарміравалі мае ўражанні.
Я бачыла свет, прыроду, неба, аблокі, снег, і гэта для мяне заўсёды было нешта неверагоднае. Таму сёння тэма шэпту часта прысутнічае ў маіх работах. Наогул, што гэта? Я ўвесь час думаю, як яго можна расшыфраваць. Наогул, што такое шэпт ветру, шэпт закаханых, шэпт маці з дзіцем? Як гэта адлюстраваць.
Прадмет мастацтва вельмі складаны. Мы павінны перадаваць сваё ўнутранае адчуванне, стаўленне да падзеі, прадмета або сітуацыі, а не проста спісваць, што бачым.
Спісваць — гэта ў прынцыпе бессэнсоўна. Дарэчы, я доўга думала, як адлюстраваць шэпт, мноства спрабавала варыяцый. І ўвогуле прабілася з гэтай тэмай. На Захадзе вельмі многія хацелі яе са мной развіваць.
— Менавіта таму вы не называеце сябе выключна беларускім мастаком?
— Не, я лічу сябе беларускім мастаком. Але я абсалютна нармальна выглядаю ў кантэксце таксама рускага і еўрапейскага мастацтва. Проста, калі ты разглядаеш мастацтва ў фармаце «тут і цяпер», то яго можна ўжо аднесці да местачковага. Мастацтва павінна быць зразумела і цікава шырокаму колу гледачоў. Таму што няма нічога горш у жывапісе, чым правінцыйнасць і мадамскасть. Мадамскае мастацтва — гэта наогул катастрофа. Яно змяняе паняцці, трансфармуе рэальнасць.
— Успомнім Францыю. Калі вы атрымалі званне кавалера Ордэна «За дасягненні ў галіне літаратуры і мастацтва», што адчулі?
— Я да гэтага часу сама не веру, што гэта атрымалася. Нікому я не была патрэбна, а тут прыязджае француз, убачыў ў адной з галерэй маю работу, і яго зачапіла. Прыйшоў да мяне, мы разгаварыліся. Тое, што ён убачыў у маёй майстэрні, яму спадабалася. Ён сказаў, што хоча зрабіць выстаўку. У выніку арганізаваў выстаўку акварэлі, на якую прыйшлі прадстаўнікі амбасады. А праз некаторы час я даведалася, што буду ўзнагароджана такім званнем. Атрымалася справа выпадку.
— Зоя Васільеўна, менавіта з вамі хочацца пагаварыць пра сяброўства ў мастацтве і жыцці. Ваша гісторыя са Святланай Катковай проста цудоўная. Як атрымалася праз усё жыццё захаваць цёплыя і блізкія адносіны?
— Усё пачалося і ішло ад Сяргея Пятровіча Каткова. Ён быў цудоўны. Чалавек з народу, вельмі шчыры, любіў дзяцей. Нездарма ўсё жыццё меў справу з дзецьмі. Сяргей Пятровіч — таленавіты жывапісец. Калі я ў 16 гадоў паступіла ў Мінск, у мяне на першым курсе выкладала Галоўчанка Надзея Іванаўна. Яна прыходзіла на пары, пачынала нешта тлумачыць, а мне гэта страшна не падабалася. Я не чула, не разумела, пра што яна кажа. Мне здавалася, што я раблю нешта не маё. Наш клас быў прахадны, аднойчы Сяргей Пятровіч праходзіў у іншую групу праз нас, і Надзея Іванаўна яму кажа: «У мяне тут такая дзяўчынка цяжкая. Нічога не разумее, усё наадварот робіць». Сяргей Пятровіч паглядзеў і кажа ёй: «А давайце памяняемся. Я вазьму яе да сябе, люблю такіх непаслухмяных». Такім чынам я трапіла да яго ў групу. Якая я была шчаслівая, расквітнела. Мне было зразумела, пра што ён кажа і што трэба рабіць. Я скончыла на выдатна першы курс.
Света таксама была ў группе, мы пасябравалі. Калі Сяргей Пятровіч пабудаваў дом, ён паклікаў мяне да іх жыць. Бачыў, што я вельмі люблю жывапіс і падумаў, што такія мае якасці могуць быць вельмі карысныя для Светы. Наша сяброўства пачалося з мудрага і высакароднага стаўлення Сяргея Пятровіча да жыцця. Мы сталі са Светай вельмі блізкія, хоць па характары абсалютна розныя. За ўсё жыццё ў нас ніколі не было непаразумення і здрады. Мы разам выгадавалі нашу Зою.
— У адным з інтэрв'ю вы казалі, што калі б вас не выгналі, вы б сышлі самі з Тэатральна-мастацкага інстытута, з чым было звязана такое рашэнне?
— Гэта я казала канкрэтна пра факультэт. Я вучылася на тэатральнай дэкарацыі. Усё, што не рабіла, выкладчыкам не падабалася. Мне ставілі двойкі ды тройкі. Выклікалі і палохалі, што выключаць. Я перажывала, таму што было цікава вучыцца. Манументальнае аддзяленне, калі я паступала, было вячэрнім. Таму туды не пайшла. Потым аддзяленне зрабілі дзённым, там былі адны хлопцы на курсе, неяк ў іх было ўсё сумна і нецікава. А Гаўрыіл Вашчанка і Аляксандр Кішчанка хацелі зрабіць яго моцным.
Адзін раз Аляксандр Міхайлавіч прыйшоў да Гаўрыіла Харытонавіча і сказаў: «Давай возьмем Зойку. Яна табе тут такога наробіць». Той абурыўся, сказаў «Жанчын браць не будзем». Але потым мяне ўсё ж такі ўзялі. І я зноў расквітнела. Была гатовая для любых задач, эксперыментаў. Я вырасла і магла быць не толькі вучнем, але і ініцыятарам. Кішчанка ў мяне не выкладаў, але прыходзіў з-за мяне да нас на курс. Такім чынам атрымліваецца, што два чалавекі — Сяргей Каткоў і Аляксандр Кішчанка адыгралі ў маім лёсе вялікую ролю, яны дапамаглі мне адбыцца як мастаку.
— Калі падсумаваць нашу гутарку, то хацелася б зразумець, вы лічыце, што ўсё правільна зрабілі ў сваім творчым жыццы? І калі б можна было змяніць час, вы б па-ранейшаму маўчалі да 50-ці гадоў ці заявілі б пра сябе раней?
— Жыццё заўседы звязанае з лёсам, і ў кожнага ён свой. У мяне атрымалася адчуць асалоду ад жыцця. А як раз гэты перыяд маўчання да 50-ці год ў маім жыцці мне быў неабходны. Без гэтага ўвогуле не магло быць мяне такой, якая я ёсць сёння. Маўчанне — сур'ёзны працэс, яно не кожнаму дадзена. Таму я б нічога не хацела мяняць.
Ад механіка да ілюстратара. Гісторыя прафесійнага шляху Валерыя Слаука
Арыгінальная салата «Гняздо сінічкі» з курынай грудкай і свежым агурком уразіць вашых гасцей не толькі насычаным смакам, але і візуальным эфектам. Абсмажаная бульбяная саломка ў рэцэпце — галоўная разынка як у афармленні стравы, так і ў якасці інгрэдыента.
Блогер Святлана Карніцкая прапануе прыгатаваць салату разам.
Для пачатку трэба адварыць курыныя яйкі. Кладзем іх у халодную ваду, даводзім да кіпення і варым 6-7 хвілін. Затым астуджваем пад халоднай вадой.
Перапёлчыны яйкі варым 2-3 хвіліны пасля кіпення, астуджваем.
Смажым філе. Яго неабходна парэзаць на невялікія кавалачкі, дадаць спецыі: соль, перац, часнок, папрыку, алей, крыху маянэза.
Абсмажваем на высокім агні з кожнага боку па 5-6 хвілін, закрываем вечкам на 7 хвілін, не памяншаючы агонь. Здымаем вечка і падсмажваем зноў з двух бакоў, пакуль не выпарыцца вадкасць.
Бульбу трэба пачысціць, памыць і нарэзаць тонкай саломкай. Калі бульба крухмалістага гатунку, яе лепш прамыць у халоднай вадзе, каб пазбегнуць зліпання падчас смажання.
Абсмажваем бульбу на патэльні. Алей наліваем так, каб ён пакрываў бульбу, тады саломка атрымаецца залацістай па колеры.
Выкладваем бульбяную саломку на папяровыя ручнікі, каб прыбраць лішкі алею і бульба засталася хрумсткай.
Наразаем дробным кубікам смажаную курыную грудку. Кладзём у форму дзе будзем змешваць салату
Дадаем вараныя курыныя яйкі, нарэзаныя дробным кубікам.
Затым наразаем салодкую цыбулю дробным кубікам.
Дадаем свежы агурок.
Злучаем інгрэдыенты ў адной місцы і запраўляем маянэзам.
Дробна наразаем кроп.
Выкладваем салату акуратна ў форме круга на талерцы, у сярэдзіне робім паглыбленне для «гнязда». Паглыбленне пасыпаем кропам.
Кладзём перапёлчыны яйкі на кроп. Акуратна пасыпаем па крузе абсмажанай бульбяной саломкай.
На тэрыторыі нашай краіны шмат святынь, якія ўключаюць як прыродныя аб’екты: ўзгоркі, крыніцы, камяні, дрэвы, так і штучныя – крыжы, капліцы. Статус іх сакральнасці бярэ пачатак з глыбокай старажытнасці.
Навукоўцамі на сённяшні дзень ўлічана больш за чатыры сотні такіх мясцін. Сярод іх вылучаецца амаль паўсотні, якія захавалі назву Прошча, значная частка іх прыпадае на Паўночнае Палессе.
Калі з’явілася назва Прошча ў адносінах да прыродных святынь дакладна невядома, але архіўныя дакументы фіксуюць іх, пачынаючы з 17 стагоддзя. Вызначэнне такой назвы падаюць шматлікія тлумачальныя слоўнікі. Так, «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» пад рэдакцыяй К. Крапівы прыводзіць наступнае вызначэнне: «Прошча – месца (крыніца, камень і падобнае), надзеленае, паводле ўяўленняў веруючых, надзвычайнай сілай».
Архіўныя дакументы, краязнаўчая і этнаграфічная літаратура, апытанні людзей у час экспедыцый сведчаць, што масавыя паломніцтвы на такія мясціны нават у 20 стагоддзі адбываліся менавіта на маладзік (месяц у першай квадры) ці ў першую маладзіковую нядзелю. Да прошчаў хадзілі і праваслаўныя, і каталікі, і ўніяты.
З цягам часу царква імкнулася прывязаць малебны на такіх месцах да пэўных рэлігійных святаў, але людзі настолькі верылі ў цудадзейную лекавую моц маладзіка, што стараліся наведваць спрадвечныя святыні менавіта ў маладзіковую ноч.
Да слова, раней паўсюдна існаваў звычай маліцца на маладзік. Як толькі з’яўляўся на начным небе малады месяц, то ў многіх вёсках людзі выходзілі з хаты, жагналіся, віталі свяціла, прасілі ў яго здароўя і плоднасці для ўсяго жывога. Даследчыкі беларускіх традыцыйных каштоўнасцяў прыйшлі да высновы, што малітоўныя звароты да маладога месяца тычацца лекавай магіі.
Месяц у народных уяўленнях з’яўляецца сімвалам жыццёвага цыкла ад нараджэння да смерці. Уся гаспадарчая дзейнасць, сямейныя абрады і рытуалы вызначаюцца фазамі месяца.
Вядома, што месяц – свяціла, якое расце, убывае і знікае. Ягонае жыццё падпарадкаванае агульнаму закону нараджэння, зменаў і смерці. Гэта падобна да чалавечага жыцця, бо нараджэнне людзей, сталенне, потым старэнне і сыход з жыцця адпавядае нараджэнню месяца (маладзіковая фаза), ягонаму росту (фаза поўні), убыванню (фаза сходу), старэнню (фаза ветаху) і знікненню. На працягу трох начэй зорнае неба застаецца без святла месяца (сходнія дні), але за гэтай смерцю ідзе адраджэнне, з’яўляецца малады месяц.
На маладзік пачыналі сяўбу, касьбу, жніво, ставілі вуллі. На трэці дзень маладзіка прышчэплівалі дрэўцы.
Ад Прошчы ў вёсцы Пярэжыр Пухавіцкага раёна засталася толькі назва поля – Прошча. Але яшчэ ў 1930-я гады там стаяла драўляная цэркаўка. Каля яе ляжаў камень на імя Мар’я, вышынёй крыху больш за метр, а побач – ахвярны камень з паглыбленнем. Наводдаль знаходзіўся яшчэ адзін валун на імя Дзям’ян.
Больш за ўсё людзей прыходзіла сюды на маладзік. Спачатку на ахвярніку раскладалі прынесеныя дарункі. Потым тройчы на каленях абыходзілі цэркаўку, а затым усё яшчэ на каленках набліжаліся да каменя, цалавалі яго і прасілі пазбавіць ад хвароб, даць добры ўраджай, а дзяўчаты прасілі яшчэ і пра добрага нарачонага. У ахвяру на Прошчу неслі сала, яйкі, ручнікі, хусткі, палотны, хлеб, грошы і нават жывых парсючкоў.
На месцы некалі знакамітай Прошчы каля вёскі Еўлічы на Случчыне цяпер таксама поле. Прошча там была знішчана ў канцы 1930-х гадоў, адноўлена ў час вайны і зноў знікла ў 1962 годзе.
Пра з’ўленне і гісторыю гэтай Прошчы існуюць апісанні ў этнаграфічнай літаратуры. Паводле аповедаў старажылаў, запісаных яшчэ ў канцы 19 стагоддзя, дзяўчынцы 8–9 гадоў аб’явілася Божая Маці і сказала паставіць на гэтым месцы крыж. Потым дзяўчынка памерла, а людзі на месцы з’яўлення Багародзіцы пабудавалі царкву. Ішлі сюды з усёй Случчыны, як на маладзік, так і ў першую маладзіковую нядзелю. Некаторыя паломнікі дзясяткі кіламетраў праходзілі на каленях. У 1880-я гады мясцовы святар не прызнаў Прошчу і палічыў пакланенне на маладзік язычніцтвам. Раптоўна ён памёр, і людзі палічылі гэта Божай карай за тое, што не хацеў хадзіць на іх спрадвечнае святое месца.
Некалі ў маладзіковыя нядзелі паломніцтвы адбываліся на Крывіцкую або Куніцкую Прошчу каля могілак у вёсцы Крывічы Салігорскага раёна. У сярэдзіне 19 стагоддзя гэтую Прошчу апісаў вядомы этнограф Павел Шпілеўскі. У той час на ўзгорку стаяла драўляная цэркаўка, а побач каплічка без дзвярэй і з адным акенцам.
У каплічцы была копія абраза, які знаходзіўся ў царкве. Могілкі, якія мы бачым тут сёння, існавалі ўжо тады, на іх былі каменныя і драўляныя крыжы. У наш час людзі масава ходзяць на могілкі менавіта на Вялікдзень. На месцы разбуранага храма стаяць тры вялікія драўляныя крыжы і пры кожным з іх ахвярны столік. Камяні ад падмурка былога храма ў гэты дзень раніцай пакрываюць прыгожымі белымі абрусамі.
Да нашага часу захавалася Прошча ў лесе каля вёскі Шчыткавічы ў Старадарожскім раёне Міншчыны, ва ўрочышчы Барысаў Гай. Сто гадоў таму ў першыя маладзіковыя нядзелі тут збіралася шмат веруючых. Прыязджаў праваслаўны святар, і праходзіла богаслужэнне. На Прошчы ўзвялі некалькі аброчных каплічак. Каля Святой хвоі з ямкі бралі пясок, які лічыўся лекавым ад хвароб вачэй і ад жаночых хвароб.
У савецкія часы, каб захаваць святыню, людзі прыцягнулі камяні, а таксама зрабілі цагляныя тумбы, і гэтым імітавалі надмагіллі. Сталі хадзіць сюды на Радаўніцу. Так Прошча захавалася. Цяпер каля адной з хвояў таксама ямка, і адтуль бяруць лекавы пясок.
Захавалася Прошча і каля вёскі Заазер’е Акцябрскага раёна, якая некалі была вельмі знакамітай і называлася Рудабельская Прошча – па былой назве г. п. Акцябрскі – Рудабелка. Цяпер на Прошчы драўляная капліца над крыніцай і побач рэшткі паклоннага каменя. Раней ішлі сюды на маладзік, а цепер збіраюцца на Троіцу.
Вельмі старадаўняя Прошча існуе на ўзгорку сярод балотаў каля вёскі Хутар Светлагорскага раёна. Людзі яшчэ памятаюць побач паклонны камень і крынічку. Вакол старыя дубы і невялікі курганны могільнік тысячагадовай даўніны. На ўзгорку некалькі дзясяткаў крыжоў – драўляных і металічных. Кожны род з наваколля ставіць тут свой крыж, на якім штогод на свята Троіцы змяняе стужкі, фартушкі, ручнікі, хусткі. На само свята сюды ідуць вельмі рана, моляцца і просяць здароўя. Потым на папярэчыны крыжоў кладуць цукеркі і печыва.
Побач з кальцавой Бабруйскай трасай, непадалёк ад вёскі Любонічы Кіраўскага раёна ў лесе месціцца ўзгорак пад назвай Прошча. Раней ён таксама называўся Дзявіч-Гара, а пазней Святая ці Прошчанская Гара. У пачатку 19 стагоддзя тут пабудавалі драўляную Багародзіцкую царкву, якая была прыпісаная да Любоніцкага храма. Людзі збіраліся сюды ў першыя маладзіковыя нядзелі і маліліся з просьбамі аб здароўі. Цяпер на другі дзень Троіцы ад храма, што ў Любонічах, на Прошчу ідуць хрэсным ходам.
Падобныя мясціны з назвамі Прошча, дзе раней збіраліся на маладзік і маліліся з просьбамі аб здароўі, ёсць і каля вёсак Карытнае Асіповіцкага раёна Магілёўшчыны, Будча Ганцавіцкага і Кончыцы Пінскага раёна Брэстчыны, Морач Салігорскага раёна Міншчыны, Свержань Рагачоўскага раёна Гомельшчыны ды інш.
Святло дзяцінства і яркі настрой — пастаянныя складальнікі творчых работ Аляксандра Дзямідава. Зборныя вобразы жывуць у яго творах, быццам акцёры аднаго рэжысёра гуляюць розныя ролі на карцінах — маляўнічых ды кінематаграфічных.
У кожным творы майстра цэлы сюжэт з непаўторнай і вядомай «дзямідаўскай» атмасферай. Тут пануе спакой і цеплыня, пяшчота ўспамінаў, чаканне свята. Яшчэ ў кастрычніку ў мастацкай галерэі «Беларт» адкрылі выстаўку аўтара, у межах якой правялі творчую сустрэчу. Падчас размовы з наведвальнікамі мастак падзяліўся сакрэтамі ўласнага творчага стылю.
У кожнай карціне творцы своеасаблівая раўнавага, якую мастак пастаянна спрабуе захаваць на сваіх палотнах.
— Калі кажуць, што мае творы шмат у чым падобныя, я не згодны, — падкрэсліў на сустрэчы Аляксандр Дзямідаў. — Як агульнае, зборнае, мой пасыл такі — чалавеку павінна быць добра з работай, гэта для мяне прынцыпова, павінна быць узаемадзеянне паміж творам і гледачом. Гэта пасыл добрага, цёплага, неагрэсіўнага, які магчыма схіляе да таго, што карціны ўсё трошкі падобныя. Але ўвогуле гэта зборны вобраз дабра: добрыя людзі, кветкі, жывёлы.
Мастак прапануе гледачу праз вобразы чароўных светаў і напаўзабытых казак, расказаных ім у сваіх творах, абудзіць у сваёй душы чыстае і наіўнае дзіця, якое жыве ў кожным дарослым.
Творчасць мастака Аляксандра Дзямідава была прынята беларускай публікай адразу пасля першай выстаўкі яго работ, якая адбылася ў 1994 годзе ў мінскай галерэі «Каўчэг». Ужо тады стала зразумела, што А.Дзямідаў — мастак, горача захоплены жывапісам, які стварае свой аўтарскі стыль і ўласную прастору вобразаў.
Прафесійна займаючыся мастацтвам больш за 30 гадоў, Аляксандр Дзямідаў не страціў свежасці погляду і непасрэднасці ў трактоўцы сюжэтаў. Ён не проста адхілены назіральнік, здольны перадаць нам агульнае паняцце аб прыгажосці з дапамогай колеру, фактур і кампазіцыі. Мастак гарманізуе свет у сваіх палотнах і распаўсюджвае стан гармоніі на гледачоў.
Яго палотны медытатыўныя, поўныя асаблівага святла. І кожны знойдзе ў іх нешта для сябе. Хтосьці — гісторыі і персанажаў з паўсядзённага жыцця, хтосьці — знакі і сімвалы, якія патрабуюць разважанні і расшыфроўкі, хтосьці — цудоўнае спалучэнне фарбаў і каляровых адносін. Кожны глядач можа прайсціся разам з мастаком па лабірынтах фантазіі, захоплены сваімі эмоцыямі, перажываючы свае ўражанні, разважаючы над уласнымі сэнсамі.
— Я працую кожны дзень, — расказвае мастак. — Бываюць дні, калі робіш падрыхтоўчую працу, напрыклад, нацягваеш палотны. Гэта доўгі час. Але як кажа Уладзімір Савіч, нават калі ты пачысціў палітру, то ты ўжо дакрануўся да мастацтва. Праца — і ёсць натхненне. Працаваць трэба пастаянна, таму што навык сыходзіць. Гэта здаецца, што заўтра, праз месяц зробіш, але ўнутраны палёт губляецца. Мастацтва як спорт, трэба пастаянна трэніравацца, інакш усё дарэмна, пасля не цягліцавая памяць, ні ідэя не дапамогуць.
Прыгожа ў адносінах да карцін Аляксандра Дзямідава – гэты не ходкі выраз, не проста ярлык, няхай і надзелены станоўчым сэнсам, які глядач хутка прымацоўвае да творчасці мастака. Прыгожа – гэта аб тым пункце апоры, які ёсць у кожнай чалавечай істоце, незалежна ад яго роду заняткаў і сацыяльнага становішча, тым унутраным «я», якое ачышчана ад рацыянальных канструкцый нашага ўсёведнага розуму, ад першабытных сацыяльных інстынктаў.
Перад самымі чароўнымі — навагоднімі святамі людзі пачынаюць верыць у цуды, адчуваць сябе ў святочнай казцы і чакаць, што ўсё мары спраўдзяцца. Мастак Аляксандр Дзямідаў казачны свет захоўвае ўнутры сябе напрацягу жыцця, праз яго стварае творы. Таму, нават аднойчы ўбачыўшы яго работы, вы адчуеце чараўніцтва ўнутры сябе.
Прыродны колазварот. Выстаўку Леаніда Гоманава прэзентавалі ў галерэі «Мастацтва»
Атрымаўшы ад Адэлі свой дыктафон з дарожнымі нататкамі, я дапамагла ёй уладкавацца ў таксоўцы, памахала на развітанне і падалася дадому.
Больш ніякіх важных спраў на гэты дзень у мяне не планавалася, таму я ўладкавалася ў фатэлі і запусціла запіс з дыктафона. «БЭЭЭЭЭЭ» – зароў дыктафон найнепрыемнейшым Адэліным голасам і адразу перайшоў на звычайны. — Не пужайцеся. Гэта праверка сувязі. АДЗІН, ДВА, ТРЫ… Працуе? Так, працуе! Дык вось, спадарыня Наталля. Як і абяцала, буду расказваць пра падарожжа.
Дзень першы. Мы ўжо ў цягніку. Тут едуць некаторыя нашы знаёмыя – таксама на выставу. Купэ вельмі ўтульнае. Баранчык залез на верхнюю паліцу. А я пакуль што сяджу ўнізе, але мне таксама давядзецца спаць на «вышках», бо Малімонка з Даліктусяй баяцца вышыні. А я прывяжуся паяском – можа не звалюся… За акном шмат цікавага. У вагоне таксама. Перазнаёміліся амаль з усімі пасажырамі. Гаспадары едуць у суседнім купэ разам з пані Разаляй, Даліктусінай гаспадыняй. Мы ўжо пагулялі ў загадкі-адгадкі, у даміно. Надакучыла. А ехаць яшчэ доўга-доўга».
Пстрык. Наступнае ўключэнне. «Паслухайце, мы прыдумалі такую вясёлую забаву! Выкінулі ўсё з Малімончынай валізкі на паліцу, а цяпер вызначаем, колькі нас можа зараз змясціцца ў валізе. Выходзіць, што дзве з чвэрцю асобіны авеча-казінага роду! Мы з Малімонкай спакаваліся, а Даліктусіна толькі галава ўлезла. Цікава, а калі б хтосьці з нас схаваўся ў валізцы калі пераязджаеш праз мяжу, гэта ўважалася б за кантрабанду ці не? Баранчык схаваўся, а тады наўмысна высунуўся, калі правадніца гарбату разносіла. Але ведаеце, у гэтай жанчыны моцныя нервы. Яна нават не спалохалася. Ой! Даліктуся, няўдаліца, палезла ў валізку і распарола яе рогам. А яшчэ Малімонка запэўнівала, што іхныя рогі нікому шкоды не чыняць. Ха! Будзе цяпер забава – дзірку лапіць. Пойдзем да правадніцы, можа, яна чым паможа».
Зноў пстрык. «Правадніца вельмі запаслівая. Яна дала нам супер-клей! Напісана, што клеіць усё. І праўда! Склеіў не толькі валізку, але і капыткі Даліктусіны і Баранчыкавы. Давялося выклікаць гаспадара з гаспадыняй з суседняга купэ. Яны доўга тузалі гэтых небарак, але не далі рады. Пан Пастарнак на бліжэйшай станцыі збегаў у магазін і набыў рассычальнік. Я яшчэ ніколі не бачыла, каб гаспадар так хутка бегаў. Зрэшты, не дзіва: цягнік стаяў там усяго пяць хвілін. Баранчыкавы і Даліктусіны капыткі нарэшце разляпілі, але цяпер яны мусяць нанова іх шліфаваць».
«Толькі што павячэралі. Гаспадыня малайчына, запаслівая. Не толькі яблыкаў ды груш набрала для нас у дарогу, а яшчэ і сенца прыхапіла. Малімонка нешта пачынае нервавацца. Кажа, што можа самлець на сцэне з перапуду. От дурнічка! А я нічога не баюся! Нават найсуровейшага журы! О! Здаецца, памежнікі зараз будуць правяраць нашы дакументы. Гэта так цікава!»
«Нічога цікавага, выяўляецца. Паглядзелі на нас, на нашы здымкі, дакументы і пайшлі далей. Затое што было ў 9-м купэ! Там едзе вельмі пажылая Авечка ў акулярах. А на здымку яна без акуляраў! Памежнікаў гэта вельмі зацікавіла: а што, калі яна маскіруецца! Давялося тлумачыць, што акуляры ветдоктар ёй выпісаў ужо пасля афармлення дакументаў для выезду.. Карацей, у цэлым вагоне ніводнага парушальніка. Уяўляеце? А я на месцы памежнікаў лепш бы прыгледзелася да некаторых пасажыраў! Узяць хоць нашага Баранчыка. Чаго гэта ён круціўся, нібы ўюн на гарачай патэльні? Вось сядзіць зараз насупраць і запэўнівае, што я памыляюся. Але нешта тут не так! А яшчэ праз некалькі купэ едзе нейкая летуценная каза. Самастойна едзе, без гаспадароў. Калі да яе падышоў памежнік і папрасіў паказаць дакументы, яна так тарганула за ручкі торбы, што звешваліся з трэцяй паліцы, што торба – бах! — якраз памежніку па галаве. А летуценная каза замест таго, каб прабачэння папрасіць, як залямантуе: «Калі разбіўся мой крышталёвы амулет, дык гэта ВЫ вінаваты!!!» Памежнік так уразіўся, што нават забыўся дакументы паглядзець. Пэўна, падумаў: з глузду з’ехала. Падазроная асоба!»
Наступны запіс наогул быў вельмі дзіўны. «ХР-РРРРР-ХР-РР» даносілася са стужкі. «ХХХХ-РРРРРРРРРРРР», а пасля: «Хі-хі-хі, ха-ха» і зноў: «ХРРРРРРРР-ХР». Праз хвіліны тры гэтых хрыпаў і хіхікання пачуўся здушаны голас авечачкі: «Спадарыня Наталля! Вы чулі, як пажылая Авечка ў акулярах храпака дае? А сама запэўнівала, што ні на хвілінку ў цягніку не засне! І мулка ёй, і шумна, і паветра нестае. Скардзілася, што навокал такі храп стаіць, што яна трываць не можа. А насамрэч яна спіць, а ў суседніх купэ ніхто нават задрамаць не можа! Мы таксама з Малімонкай не спім. Узялі дыктафон і пайшлі запісваць гэты фенаменальны храп! А ў іх купэ дзверы прыадчыненыя. Нам відаць, што і авечкіна гаспадыня спіць, у яе вушы заторкнутыя бірушамі. Бач, спрактыкаваная! Баранчык і Даліктуся таксама спяць. Яны чыста змучыліся, пакуль вычысцілі свае капыткі ад клею і адшліфавалі іх. Хоць з гарматы каля іх страляй – нічога не чуюць!»
Пстрык. «Сёння больш нічога не паспею расказаць. Выглянула гаспадыня і загадала нам з Малімонкай ісці спаць».
«Дзень другі. Прачнуліся. Прыбіраемся. Гадзіны праз тры прыедзем. Хацела расказаць пра замежныя краявіды за акном, але не паспяваю – яны пралятаюць міма вельмі хутка».
«Урэшце прыехалі! З непрывычкі нас усіх хістае пасля цягніка. І ў вушах увесь час грукае: «Ду-ду-ду-дух». Як быццам мы яшчэ ў вагоне. Дарэчы, я забылася там свой плецачок. Пан Пастарнак пабег па яго, пакуль цягнік не адагналі на дадатковы шлях. Прыемна, што ў нашага гаспадара такая добрая спартовая падрыхтаванасць – хутка бегае. Мы зараз паедзем у гатэль, пакінем там рэчы, а тады пойдзем пагуляем па горадзе. На выставу нам толькі заўтра».
«Спадарыня Наталля! Як шкада, што вы не паехалі з намі! Тут так хораша, так цікава! Мы і пешкі ходзім, і на рачным трамвайчыку катаемся, і на роварах. Іх тут процьма. А машын зусім не відаць. Праваднік патлумачыў, што ў выхадныя дні машынам забаронены ўезд у цэнтр горада. Мы набылі паветраныя балёнікі, будзем запускаць іх у неба. Пані Гэлена дапамагае нам выбіраць сувеніры. Яна прапаноўвала заняцца гэтым перад ад’ездам, але нам надта ўжо карцела. Я вам лялечку ў нацыянальным адзенні набуду. А сабе – пацеркі і бранзалеты. Ой! Здаецца, наша Даліктуся згубілася. Пэўна, заваронілася недзе. А пані Разаля толькі што агледзелася – кліпсу з сістэмай вызначэння месцазнаходжання Даліктуся ў яе ў сумачцы забылася. Вушка ёй, бач, муляе! Ну во, шукай яе замест таго, каб знаёміцца з мясцовай культурай і архітэктурай!»
«Набегаліся, але знайшлі! Бедная Даліктуся. І нічога яна не заваронілася, проста яе капыток захрас у кратах ліўнёўкі. Думала сама вызваліцца, а пакуль тузалася туды-сюды, мы адышліся далекавата. А яна ж ніводнай замежнай мовы не ведае. (Я, дарэчы, таксама. Трэба высветліць, хто тут з нас найадукаванейшы.) Дык яна з перапуду як замэкала дурным голасам! Я ў такім разе «SOS!» крычала б. Праўда, знайшліся добрыя людзі, вызвалілі нашу паланянку. Добра яшчэ, што праваднік ад самага пачатку раздаў нам аднолькавыя бейсболкі, каб лягчэй было нас з натоўпу вылучыць. Дзяўчына, якая заўважыла, куды пайшла наша група, памагла Даліктусі нас дагнаць. Цяпер сядзім усе разам у кавярні, ямо марозіва і п’ем сок. Мы запрашаем дзяўчыну наведаць выставу, на якую прыехалі, але яна нічога не разумее і толькі ўсміхаецца. Гаспадар знайшоў выйсце – падарыў ёй запрашальнік на адкрыццё выставы. А Даліктусю давялося валяр’янкай адпойваць. Добра, што яе гаспадыня аптэчку заўсёды з сабой носіць. І кліпсачку зачапілі зноў ёй на вушка».
Наступны запіс быў зроблены такім таямнічым шэптам, што я яго ледзь разабрала:
«Бывае ж такое, спадарыня Наталля! Баранчык сустрэў тут свайго знаёмага. Яго завуць Рахманчык. Яны некалі працавалі на адной ферме, а потым іх гаспадары ферму закрылі, праўда, уладкавалі сваіх гадаванцаў на іншыя месцы. Але тут нешта падазронае! Баранчык, калі назваў нам свайго знаёмага, хуценька адвёў яго ўбок, і цяпер яны ўжо хвілін дзесяць пра нешта шэпчуцца. Я ўжо разы тры прайшлася побач, але яны адразу сціхаюць, калі я набліжаюся. Папомніце маё слова: нешта тут не тое!»
Вось яшчэ некалькі запісаў: «А мы толькі што на атракцыёнах каталіся! Высветлілася, што я сапраўды найсмялейшая. Малімонка і Даліктуся толькі на кола агляду і аўтадром адважыліся пайсці. А я і Баранчык на чым толькі ні пакаталіся! Праўда, у Баранчыка ўсе паджылкі трэсліся ад страху. Але ён упарта даводзіў, што таксама нічога не баіцца. Прыедзем, абавязкова пакажу фоткі. Вячэралі ў рэстарацыі. З Малімонкай гаспадыня замучылася: «Тое не буду, гэтага не хачу, адно перасоленае, другое пераперчанае. Баранчык з Даліктусяй паспрачаліся, хто з’есць больш папкорну. Аб’еліся, цяпер ім дрэнна».
«Пра мясцовыя славутасці і архітэктуру я нічога не буду казаць – пабачыце на фотках».
«Дзень трэці. Учора так змарыліся, што да свайго гатэля ледзь датэпалі. Нават не было сілаў разгледзецца. Кульнуліся кожны ў сваім загончыку і спалі як пшаніцу прадаўшы. А падымацца давялося раненька-раненька. Прыводзілі сябе ў належны выгляд. Трэба было ўчора раней легчы спаць, бо пачуваюся не вельмі добра – галава круціцца. Гаспадары, глянуўшы на нас, ледзь не пасварыліся, бо мы падобныя да восеньскіх мух – такія самыя млявыя і злосныя. Пані Разаля прапанавала завесці нас хоць на паўгадзінкі на які лужок – папасвіцца. Думае, што гэта хутчэй верне бадзёрасць, чым нават кубачак кавы. Можа, і так. Толькі дзе тут лужка шукаць? Гаспадыня кажа, можна хоць бы ў парк зазірнуць». – Адэля соладка пазяхнула.
«Мы пагулялі ў прыгожым парку. Там была такая сакавітая траўка, мяккая і шаўкавістая, што я нібы нанова на свет нарадзілася. Малімонка ўжо нават усміхаецца – знайшла ў парку маліннік і добра з Даліктусяй паласавалася. Баранчык таксама выглядае задаволеным. Гаспадары ўрэшце супакоіліся, кажуць, цяпер не сорамна з намі на людзях паказацца. Зараз едзем на выставу».
У наступным запісе Адэля проста сычэла ад абурэння: «Я вам гэтулькі разоў казала: каб стаць знакамітай, трэба за модай сачыць! Бачылі б, што тут робіцца! Усе авечачкі завітыя не на бігудзі, а на папільёткі, таму іх воўна ляжыць дробненькімі-дробненькімі кудзеркамі, а ў нас з Баранчыкам – шырокімі завіткамі. Ну, спадарыня Наталля, я вам гэта прыпомню! І наогул, няма калі з вамі лапатаць. Буду тэрмінова мяняць прычоску!»
«Сперажывалася чыста! Кінулася шукаць стыліста – пані Гэлена не пусціла. Кажа: «Я лічу, што твая воўначка тут найхарашэйшая. Толькі не глядзі на ўсіх ваўком. Бо праз цябе людзі будуць баяцца наблізіцца да нашага стэнда». Я люстэрка схапіла, зірк на сябе – і сама спужалася. Да Баранчыка кажу: «Трымайся. Рабі выгляд, быццам мы тут заканадаўцы моды, а на астатніх глядзім крыху паблажліва». Ведаеце, выйшла. Мы з Баранчыкам зрабілі самы незалежны і ўпэўнены выгляд і праходжваемся па стэндзе. Колькі ні запэўнівалі Малімонку далучыцца, яна толькі разгублена мэкае і хаваецца за Даліктусю».
«Пані Гэлена развесіла на стэндзе швэдры і сукенкі, шалі і шалікі, пледы. Гаспадар расставіў валёнкі. У гладышы налілі малако Малімончына і Даліктусіна. Частуюць ахвотных. А пані Разаля праводзіць майстар-клас: вучыць наведнікаў рабіць у хатніх умовах аздобы з лямцу. Яна наваляла прыгожых капелюшоў і нават пацерак з воўначкі. Ад модніц адбою няма. Усе хочуць пазнаёміцца з намі асабіста. Намагаюцца дакрануцца да воўны, пагладзіць. Праўда, мы не разумеем, што яны гавораць, а яны не разумеюць нас. Толькі зычліва ківаюць і смяюцца. Гаспадары задаволеныя, кажуць, атрымалі гэтулькі заказаў, што працаваць давядзецца не пакладаючы рук усю зіму».
Наступны запіс Адэля душылася ад смеху. Побач чуўся гоман і крыкі. «Вы толькі паслухайце, што робіцца! Падышоў да нашага стэнда хлапчук гадоў чатырох з дзедам. І давай прасіцца: «Дзеду, пакатай мяне на гэтым коніку», — і на Баранчыка паказвае. Дзед яму тлумачыць: «Гэта не конік, а баран». «Ну, дык пакатай на баране! Яшчэ лепш, бо за рожкі можна трымацца. Так я не звалюся!» І — цоп Баранчыка за рожкі. Той спужаўся, бо не зразумеў нічога. Забылася вам сказаць – хлопчык па-наску не гаворыць. Толькі дзед. Ён нам пераклаў, што казаў яго ўнук і вызваліў Баранчыка з рук малога агрэсара. Дык гэты хлопчык ад расчаравання роў так, што да нашага стэнда ахоўнікі збегліся. Думалі – сірэна ўключылася».
«Дзень чацвёрты. Каб вы ведалі, як я хвалююся! Сёння закрыццё выставы. Цэлы дзень будзе па стэндах хадзіць журы, вызначаць пераможцаў. Сярод нас пярэпалах: нехта пусціў чутку, што яшчэ нейкія іспыты будуць праводзіць. А перад закрыццём выставы адбудзецца ўручэнне дыпломаў і ўзнагароджванне. Яны мусяць прысудзіць мне залатую стужачку! Я намагаюся з усіх сілаў: воўначка ляжыць шарсцінка да шарсцінкі, усміхаюся так, што ўжо сківіцы зводзіць, вушкі натапыраныя, вочкі блішчаць! Верыце ці не, але я тут сапраўды самая прыгожая авечачка! Хай толькі паспрабуюць гэтага не заўважыць!»
«Я самая шчаслівая авечачка ў свеце! І самая прыгожая! У журы ўсё ж трапляе не абы-хто, а дасведчаныя людзі! Каб вы бачылі, як мне пасуе залатая стужка! А яшчэ я атрымала процьму розных падарункаў. Толькі разгледзець іх не паспела. Абвясцілі, што ўсіх пераможцаў запрашаюць на прэс-канферэнцыю! Ах! Залатыя імгненні! Хутчэй дапісвайце кнігу – лепшага моманту для яе выхаду нават прыдумаць цяжка. Забылася сказаць: гаспадары таксама атрымалі розныя дыпломы і ўзнагароды. І Малімонка, і Даліктуся, і Баранчык – толькі ў іншых намінацыях. Усё, я пабегла даваць інтэрв’ю».
«Спадарыня Наталля! Вы толькі цяпер паглядзелі навіны? Мы атрымалі смс-ку. Не надта вы спяшаліся з віншаваннямі. У нас, дарэчы, ужо ноч, так што вы збудзілі пані Гэлену!»
«Дзень пяты. Я як у казцы! Ад гэтага неверагоднага адчування нават доўга заснуць не магла. Ведалі б вы, як цікава праходзіла цырымонія ўзнагароджвання! Нейкая нервовая асоба ўсё ж самлела на сцэне. Добра, што Рахманчык (помніце, я казала, што гэта знаёмы нашага Баранчыка) побач стаяў, падхапіў. Інакш кульнулася б са сцэны тэлеаператару на галаву. А я расказала журы, што належу да «зялёных» і паказала пасведчанне. Так што я атрымала спецыяльны прыз «За крэатыўнасць». Адзін спадар з журы, наш зямляк, вельмі мной зацікавіўся, папрасіў гаспадароў пакінуць яму рэкламны праспект фермы і паабяцаў, што пра мяне зніме асобны сюжэт. Ах, спадарыня Наталля, я стану знакамітай! Я прадчуваю гэта».
«Без прыгод не абышлося! Сёння ў нас планаваўся вольны дзень. Пані Разаля з Даліктусяй паехалі адведаць нейкую сваю знаёмую. Дамовіліся сустрэцца на пероне. А мы надумалі схадзіць у аквапарк. Выселіліся з гатэля, рэчы ўзялі з сабой, бо меліся пасля аквапарку адразу ехаць на вакзал. У аквапарку нейкая пані з маленькай козачкай падышла да нас і сказала: «Вітаю вас. Бачу, вы таксама з гадаванцамі. Ці не маглі б вы за маёй Аліскай паўгадзінкі прыгледзець? Мне трэба адысціся – забыла ў камеры захоўвання лекі, а галава баліць так, што не вытрываць». Яна так умольна глядзела на маіх гаспадароў, што яны згадзіліся. Пані Клёся (так яе завуць), запэўніла, маўляў, неўзабаве вернецца і пабегла. Аліска выявілася кампанейскай козачкай, але такой няўрымслівай. Яна лезла на самыя стромыя і небяспечныя горкі, скакала з самых высокіх вышак, лезла на такую глыбіню! Гаспадары не ведалі ні хвіліны спакою, бегаючы за ёй па ўсім аквапарку. Гадзіны праз дзве гаспадар апамятаўся: «Куды ж падзелася наша новая знаёмая? Можа, здарылася што? Аліска, — гаспадар вылавіў козачку з басейна, — падкажы нумар тваёй гаспадыні! Трэба ж яе шукаць недзе». Аліска адмоўна пакруціла галавой: «Не трэба яе шукаць. Сама знойдзецца. А нумару тэлефона я не ведаю. Я ж маленькая», – і зноў скок у басейн. Гаспадары параіліся і надумалі пачакаць яшчэ. Беганіна за Аліскай зноў усчалася. А яшчэ праз колькі гадзін гаспадары наважыліся выклікаць паліцыю, бо да цягніка заставалася не так шмат часу. І тады Аліска, апусціўшы вочкі, паведаміла, што яна дакладна ведае, дзе знаходзіцца пані Клёся.
«Не турбуйцеся, яна заўсёды доўга па крамах ходзіць. Пакуль не накупіць вялізнай торбы абновак, не супакоіцца».
«Што? Якія крамы? Што ты вярзеш? – ад абурэння мы гаварылі ўсе разам.
«Ну, гаспадыня заўсёды скардзіцца, што я не даю ёй ні хвілінкі спакою. Яна не паспявае за мной ні адпачыць, ні на куплі схадзіць, таму прыстройвае мяне да каго-кольвек, хто ў яе выклікае давер, а сама ідзе ў краму. Ці адсыпаецца ў гатэлі», — Аліска крутанула рожкамі і зноў памчалася на горкі. За ёй кінуліся Малімонка і Баранчык – была іх чарга цацкацца з няўрымслівай козачкай. А гаспадары пачалі раіцца, што рабіць далей.
Гаспадар казаў, варта было б правучыць такую нахабную асобу. Ён прапанаваў забраць Аліску з сабой на вакзал, а для нядбайнай гаспадыні пакінуць цыдулку і пазначыць нумар цягніка і час адпраўлення. «Хай пабегае, калі такая хітранькая!» – нерваваўся гаспадар. «Што ты, — пераконвала яго пані Гэлена. – А раптам яна не паспее? Што тады рабіць з гэтай дурасліўкай Аліскай? Яшчэ гаспадыня заявіць у паліцыю, што мы ўкралі яе гадаванку. Лепш давай дамо абвестку праз гучную сувязь, што нам тэрмінова трэба на цягнік і Аліска застаецца без нагляду. Калі праз 15 хвілін пані Клёся не з’явіцца, адвядзем козачку ў паліцэйскае аддзяленне».
Гаспадар згадзіўся, што гэта слушная прапанова. Ён памчаўся ў бюро даведак, патлумачыў сітуацыю дзяўчыне, якая там працуе, і яму дазволілі зрабіць абвестку.
Мы былі такія знерваваныя і злосныя, што нават Аліска перастала насіцца і сцішылася каля пані Гэлены. Пані Клёся з’явілася хвілін праз дзесяць. Яна няспешна цягнула за сабой цэлы вазок пакункаў і выглядала вельмі задаволенай.
«Паслухайце, ВЫ, — гаспадара аж трэсла ад абурэння, ён не зважаў на тое, што пані Гэлена цягне яго за рукаво, каб паспяшаўся, — такога нахабства я яшчэ ў сваім жыцці не бачыў! Вы дрэнная гаспадыня, пані Клёся, калі дазваляеце сабе так абыходзіцца з людзьмі і з гадаванцамі!»
Прыемную ўсмешку пані Клёсі як карова языком злізала.
«Сам вы нахабнік! – перайшла яна ў наступ. – Гэтак па-панібрацку звяртацца да амаль незнаёмай асобы! Мяне, дарэчы, завуць Клеапатра. А Клёсяй – толькі найбліжэйшя сябры!»
«Дык вы ж самі так назваліся», — аслупянеў гаспадар.
«Бо вы мне падаліся людзьмі прыстойнымі, а цяпер я бачу, памылілася. Ах, хто хочаш можа падмануць даверлівую асобу. Можа, вы тут і з козачкі маёй здзекваліся? Аліска, кажы, яны крыўдзілі цябе?»
Што там пляла Аліска, мы ўжо не чулі. Гаспадар махнуў рукой на пакрыўджаную Клеапатру і кінуўся па рэчы. На вакзал мы паспелі ў апошнюю хвіліну. І толькі дзякуючы таму, што пані Разаля, не дачакаўшыся нас, збегала да начальніка вакзала і папрасіла затрымаць адпраўленне цягніка. Нас чакалі цэлых дзесяць хвілін! Во такая прыгода, спадарыня Наталля. Мы стаміліся ад гэтай беганіны і перажыванняў, зачыніліся па сваіх купэ і нават носа нікуды не выторкваем. Да пабачэння, неўзабаве сустрэнемся».
На гэтым Адэліны запісы скончыліся. Я глянула на гадзіннік: гэта ж трэба, як позна ўжо! Трэба зазначыць, што Адэля займальна расказвае – я літаральна не заўважыла, як час праляцеў. Але ж як ім не пашанцавала ў апошні дзень: гэтая гісторыя з пані Клеапатрай сапсавала-такі небаракам настрой.
One fine body…