Сёлета 30 студзеня спаўняецца 103 года з дня нараджэння Івана Шамякіна, народнага пісьменніка Беларусі, аўтара пенталогіі «Трывожнае шчасце», раманаў «Сэрца на далоні», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», аповесці «Гандлярка і паэт», якія чыталі мільёны чытачоў.
Давайце ўспомнім цікавыя факты з жыцця знакамітага дзеяча беларускай літаратуры.
У школьныя гады Іван Шамякін не праяўляў схільнасць да літаратурнай працы. Затое сярод аднакласнікаў славіўся выдатным матэматыкам. Хлопцы літаральна біліся за магчымасць сесці побач з Іванам. Асабліва падчас кантрольных прац.
Схільнасць да дакладных навук дапамагла Івану Шамякіну пасля заканчэння сямігодкі паступіць у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. І вось тут адбыўся круты паварот у яго жыцці. У той час пры выданні абкама партыі ў газеце «Гомельская праўда» было арганізавана літаратурнае аб'яднанне. Іван Пятровіч уступіў у яго і прапанаваў да друку свае вершы. Аднак яны былі адкрыта слабымі. Разумеючы, што крытыка можа назаўжды адбіць у юнака зацікаўленасць літаратурнай дзейнасцю, кіраўнік аб'яднання, будучы пісьменнік Дзмітрый Кавалёў, прапанаваў Шамякіну паспрабаваць свае сілы ў прозе. Атрымалася нядрэнна.
Пасля школы Іван Шамякін паступіў у тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Стыпендыі не хапала, на першых курсах, пакуль не пачаў падзарабляць, хлопец нярэдка галадаў. А дома і ў маці не знаходзілася нават шматка сала, галкі масла, каб даць яму з сабой, так бедна жылі. Шамякін успамінаў, што яшчэ ў 1939 годзе на спатканне да Машы хадзіў у брызентавых чаравіках. Таму, вядома, падзеяй было, калі юнаку купілі першыя боты. Бацька лаяў шаўца, які заламіў цану: ажно пяць рублёў! Але боты былі набытыя, і гэта стала падзеяй.
У дзяцінстве Іван Шамякін лоўка навучыўся насіць на галаве стос кніг. Чамусьці гэта вельмі не падабалася яго бацьку. І той часта дакараў, што сын расце шутам гарохавым.
Іван Шамякін быў добрым сем’янінам і чалавекам-адналюбам. Са сваёй будучай жонкай, Марыяй, ён пазнаёміўся яшчэ ў 5 класе. І ўжо ў 19 гадоў (1940 г.) ажаніўся з ёй. Менавіта Марылі прысвечана яго першая аповесць — «Непаўторная вясна». Сваёй жонцы прысвяціў ён і адзін са сваіх апошніх твораў — «Слаўся, Марыя», які быў напісаны ўжо пасля смерці каханай. Разам, у шчаслівым шлюбе, яны пражылі 58 гадоў.
Шамякін цяжка перажываў смерць сваёй жонкі ў 1998 годзе. Ён стаў вельмі мала есці, зусім мала рухаўся. А лекары толькі разводзілі рукамі — не маглі паставіць яму дыягназ, казалі: «Ён проста стаміўся жыць». Памёр пісьменнік праз 6 гадоў пасля жонкі, у 2004 годзе.
Ні вайна, ні іншыя нягоды не змаглі разлучыць закаханых. Але, па іроніі лёсу, іх разлучыла смерць. Жонка пісьменніка, Марыя Філатаўна, пахавана на Паўночных могілках Мінска. А самога Івана Шамякіна не маглі пахаваць там жа. Яго, як вядомага чалавека, пахавалі сярод іншых вядомых беларускіх дзеячаў на Усходніх могілках.
Нягледзячы на высокія пасады — з 1971 па 1985 гады Іван Шамякін узначальваў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР, пісьменнік усё жыццё заставаўся простым і даступным чалавекам. Па вонкавым выглядзе яго цяжка было адрозніць ад тысяч мінчан і гасцей сталіцы на гарадскіх вуліцах. З людзьмі пісьменнік таксама заўсёды абыходзіўся з кропкі гледжання справядлівасці.
Калі Іван Шамякін апранаў пінжак, то заўсёды павязваў гальштук. Гэта было абавязковым правілам. У яго асабістай калекцыі было больш за 40 гальштукаў.
Шамякін быў адным з першых беларускіх пісьменнікаў, які падтрымаў высланага ў Сібір пээта Янку Скрыгана. Пасля рэабілітацыі, упершыню ўбачыўшы Івана Шамякіна, Янка Скрыган сказаў: «Ты мой брат!».
Іван Шамякін дапамог Васілю Быкаву выдаць кнігу «Сотнікаў» і пераехаць з Гродна ў Мінск.
Лета скончылася. Набліжаўся дзень, які ў Адэліным календары быў абведзены чорным кружочкам. Адэля рабілася ўсё больш нервовай і раздражнёнай. Яна скардзілася на ўсё: на халодны вецер, мокрыя дажджы, на траўку, якая стала зусім нясмачнай, на людзей, якія заходзілі на яе лужок: то іх было замала, то зашмат. Яна ніколі раней не баялася прастудзіцца, ганарылася сваім гартаваннем, а тут узяла за моду накручваць тоўсты шалік вакол шыі, прымярала шапкі і капелюшы разнастайных фасонаў, хуталася ў шалі.
— Адэлька, табе халодна? — запыталася я.
— Не! Няўжо не бачыце, што мне горача! – ад Адэлі сапраўды ажно пара валіла. — У мяне ж вельмі густая воўначка!
— А чаму ты ўвесь час хутаешся?
— Я стараюся загадзя адаптавацца да новых умоў.
— А што змянілася?
— Ат, пані Наталля, я не хачу пра гэта казаць. На ўсё свой час.
Я паціскала плячыма: ну што ж, пабачым.
Мастачка, пані Забэля, таксама заўважыла, што з Адэляй робіцца нешта дзіўнае. На шчасце, мастачка была вельмі церпялівай і вясёлай. Яна хутка і спрытна рабіла замалёўкі, Адэліны выбрыкі яе толькі пацяшалі. Скончылася тым, што пані Забэля паказала авечцы замалёўкі апошніх дзён і запыталася:
— Адэлька, ты сапраўды хочаш трапіць на старонкі кнігі з такой кіслай мінай?
Гэта крышачку дапамагло, і сеансы малявання пайшлі весялей. А потым да Баранчыка прыехаў пагасцяваць яго сябар Рахманчык. Гэта было вельмі дарэчы для гадаванцаў фермы. З надыходам восені іх дні станавіліся ўсё больш аднастайнымі і шэрымі. А тут зноў з’явілася мажлівасць наладзіць свята. Адэля ўсім раззваніла, што ведае Баранчыкаў САКРЭТ. Яна нават дражніцца пачала. «Фанабэрык!» – клікала штораз, як баранчык трапляўся на вочы і тым даводзіла яго да слёз. Урэшце Рахманчык не вытрываў. Ён пашаптаўся з Баранчыкам, а тады папрасіў гаспадароў фермы сабраць невялікі агульны сход і выступіў з прамовай:
— Я хачу заявіць, — пачаў Рахманчык упэўнена, — што больш далікатнага і надзейнага сябра, чым наш Баранчык, я ніколі ў жыцці не сустракаў! Так, была ў яго жыцці гісторыя, якой Баранчык стыдаецца, бо вельмі патрабавальны да сябе. З яго дазволу я раскажу яе вам, каб некаторыя асобы, — тут Рахманчык выразна паглядзеў у Адэлін бок, — не атручвалі майму сябру жыцця.
І Рахманчык расказаў, што пазнаёміўся з Баранчыкам, калі яны былі яшчэ зусім маленькія:
— Баранчыка тады звалі Фанабэрыкам. Ён заўсёды задзіраў нос перад сябрамі, выхваляўся і фанабэрыўся. І любіў наладжваць розныя конкурсы, спаборніцтвы, але калі не перамагаў у іх, пераставаў размаўляць з астатнімі, доўга дзьмуўся. Вы ведаеце, што адной з найгалоўнейшых забаронаў на кожнай ферме ёсць карыстанне газавай плітой. Нашы капыткі не прыстасаваныя да таго, каб безпраблемна запальваць пліту. Дык аднаго разу Фанабэрык, тройчы запар прайграўшы гаспадару ў шашкі, узлаваўся так, што не мог знайсці сабе месца. Фанабэрык не мог перажыць, што ён не на вышыні і здумаў зрабіць нешта такое, што адразу падніме яго значнасць. Дачакаўшыся, калі гаспадары паехалі на дзень-два ў суседні горад, ён павесіў абвестку, што ўвечары пакажа незвычайны фокус. Вядома, мы зацікавіліся. Сабраліся на прызначаным месцы – на кухні. Ніхто не здагадваўся, што задумаў Фанабэрык. Інакш мы пастараліся б адгаварыць яго ад задумкі. Але ён патрабаваў сакрэтнасці і таямнічасці, і загадзя патушыў святло. Калі ў цемры з месца, дзе стаяў Фанабэрык, ірвануў слуп агню, мы разгубіліся і не адразу скемілі, у чым рэч. А калі запалілі святло, пабачылі Фанабэрыка ля газавай пліты з патухлай запалкай. Яго калаціла. Не дзіва! Ёго воўначку абсмаліла полымя, яна пакруцілася, як сухія габлюшкі, і ўчарнела, а над вачыма нават абсыпалася. Фанабэрыкавы капыткі не справіліся з выключальнікам, таму замест непераможнага героя перад намі стаяў разгублены і перапалоханы баранчык. А яшчэ загарэлася фіранка, якая вісела бліжэй да пліты. Выклікалі пажарную службу і «хуткую дапамогу». Даведаўшыся пра гэта здарэнне, гаспадары вельмі ўсердзіліся!
— Бэ-ээ-э! – падаў голас Баранчык. – Я не крыўдую на іх. Мая саманадзейнасць магла знішчыць усю нашу ферму. Я атрымаў справядлівае пакаранне.
— А што за пакаранне? – не стрымалася Адэля.
— Гаспадар запісаў мяне ў гурток «Юны выратавальнік». Пасля працы я наведваў заняткі гуртка, вывучаў розныя правілы. А яшчэ я пастанавіў сабе выправіцца і перастаць дзерці нос перад усімі, таму запісаўся на аўтатрэнінг «Свой сярод сваіх».
— Фанабэрык так захапіўся, што, здаўшы экзамен на «выдатна», атрымаў пасведчанне «Юнага выратавальніка» з правам работы па гэтай спецыяльнасці. Па нейкім часе ўсе заўважылі, як змяніўся яго нораў у лепшы бок. Гаспадар прапанаваў узнагародзіць Фанабэрыка за асабістыя дасягненні, а той папрасіў змяніць сваё імя, бо яно нагадвала непрыемныя моманты.
— Так. За колішнія паводзіны я сам сябе не паважаў, — ціха прамовіў Баранчык.
— Фэ, як усё гэта нецікава, — уздыхнула Адэля. – Я так спадзявалася, што за гучным імем Фанабэрык хаваецца крымінальная гісторыя з крадзяжом дыяментаў, пагоняй, падробкай дакументаў, рабаваннем банка… А тут – усяго адна спроба наладзіць пажар, дый тое няўдалая.
Затое Малімонка і Даліктуся глядзелі на Баранчыка з захапленнем. А гаспадары запэўнілі Баранчыка, што яны з вялікім задавальненнем і надалей будуць працаваць разам, і парадаваліся, што сярод іх гадаванцаў ёсць дыпламаваны спецыяліст, такі сціплы і надзейны. І адразу прызначылі Баранчыка адказным за бяспеку сярод гадаванцаў. Адэля, чмыхнуўшы, пайшла ў свой загончык. Мне падалося, што яна ўсё ж такі крышачку зайздросціла Баранчыку.
Свята на ферме «Каляроўка». Прыгода авечкі Адэлі (казка) + аўдыё
30-га студзеня спаўняецца 190 гадоў з дня нараджэння беларускага мастака Апалінарыя Гілярыевіча Гараўскага, творы якога з’яўляюцца вельмі важнымі для беларускага жывапісу.
Творчасць аўтара тэматычна непарыўна звязана з Беларуссю, а яго кар'ера — з Санкт-Пецярбургам. Перыяд творчай актыўнасці мастака прыпаў на сярэдзіну – другую палову XIX стагоддзя – час кардынальных пераўтварэнняў у жывапісе, якія, аднак, зусім крыху закранулі стылістыку работы майстра. Старанна і добрасумленна зробленыя па ўсіх правілах акадэмічнага жывапісу краявіды, ілюзорна-рэалістычныя партрэты ўпісваюць творчасць Апалінарыя Гараўскага ў рэчышча акадэмічнага рэалізму сярэдзіны XIX стагоддзя.
Акадэмік жывапісу Апалінарый Гараўскі нарадзіўся ў небагатай шляхецкай сям'і ў маёнтку Уборкі Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер – Бярэзінскі раён Мінскай вобласці). Акрамя Апалінарыя ў сям'і было яшчэ тры дачкі і чатыры сыны. Трое з пяці братоў Гараўскіх (Апалінарый, Іпаліт, Гілярый) сталі мастакамі.
Бацькі прадказвалі Апалінарыю кар'еру ваеннага, і таму сваю адукацыю Гараўскі пачаў у Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусе – сярэдняй ваенна-навучальнай установе закрытага тыпу, якая гатавала дваранскіх дзяцей да ваеннай службы. Важную ролю ў жыцці Гараўскага адыграў палкоўнік Міхаіл Бенуа. Вялікі знаўца і знаток жывапісу, ён заўважыў здольнасці да малявання ў выхаванца і паказаў яго работы свайму брату – вядомаму санкт-пецярбургскаму архітэктару Мікалаю Бенуа, які часам гасцяваў у Брэст-Літоўску.
Дзякуючы гэтаму знаёмству, у 1850 годзе Гараўскі быў залічаны ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбургу вольнаслухачом з прызначэннем стыпендыі ў памеры заробку гвардзейскага прапаршчыка. Настаўнікамі Гараўскага сталі знакаміты майстар акадэмічнага жывапісу Фёдар Бруні і славуты пейзажыст Максім Вараб'ёў.
Поспехі Гараўскага пры праходжанні курса пацвярджаюць узнагароды Акадэміі: у 1852 годзе – малы і вялікі сярэбраныя медалі за пейзажы (карціна «Балота», адзначаная вялікім сярэбраным медалём, была набытая цэсарэвічам Аляксандрам Мікалаевічам); у 1853 – малы залаты медаль за пейзаж «Выгляд Ручэйскага возера каля горада Тарапца». І, нарэшце, пасля заканчэння Акадэміі ў 1854 годзе, – вялікі залаты медаль, які даваў мастаку права на паездку за мяжу за кошт казны для ўдасканалення майстэрства.
Аднак Гараўскі адклаў замежную паездку і вярнуўся на радзіму. Жыў ва Уборках, шмат пісаў, ажаніўся. Беларускія віды натхнілі мастака на стварэнне «Вячэрняга пейзажа» (1855), «Сельскага пейзажа» (1855), «Віда дубовага гаю на беразе ракі Свіслач каля Бабруйска» (1855), і іншых твораў.
У 1856 годзе адбылося знаёмства Апалінарыя Гараўскага з Паўлам Траццяковым, якое хутка перарасло ў сяброўства. Яно доўжылася да самай смерці калекцыянера. Ёсць звесткі, што фарміруючы свій мастацкі збор, Траццякоў карыстаўся кансультацыямі Гараўскага.
Толькі праз чатыры гады пасля заканчэння Акадэміі, у 1858 годзе, Гараўскі адправіўся ў Заходнюю Еўропу. Шлях мастака пралягаў праз Прусію, Францыю, Швейцарыю, Італію. Падчас падарожжа ён займаўся ў майстэрнях славутых еўрапейскіх жывапісцаў-пейзажыстаў, якія аказалі значны ўплыў на развіццё гэтага жанру. Уплыў новых настаўнікаў адчуваецца ў шэрагу краявідаў Гараўскага 1860–1870-х гадоў, сярод якіх і «Замак» (1869 г.), работа
Пасля вяртання з паездкі, у 1861 годзе, за пейзажы і партрэты, Апалінарый Гараўскі быў удастоены звання акадэміка жывапісу. Мастак пасяліўся ў Санкт-Пецярбургу, сумяшчаючы творчасць і педагагічную дзейнасць: у 1865–1885 гадах ён выкладаў у Пецярбургскай рысавальнай школе пры Таварыстве заахвочвання мастакоў
У летнія месяцы Гараўскі ездзіў на радзіму, жыў ва Уборках і Бродцы (у сядзібе адной з яго сясцёр; зараз – Бярозаўскі раён Мінскай вобласці), выязджаў на Палессе і ў Пскоўскую губерню, дзе шукаў натхненне для сваіх твораў.
Нягледзячы на прыхільнасць акадэмічнай жывапіснай традыцыі, Апалінарый Гараўскі ўважліва сачыў за новымі з'явамі ў еўрапейскім і рускім мастацтве, імкнучыся прымяняць іх у сваёй творчасці. Параўнальны аналіз твораў мастака розных гадоў дае магчымасць убачыць паступовую эвалюцыю ад ідэалізацыі, узнёсла-паэтычнай трактоўкі прыроды да рэалістычнасці і жыццёвай праўдзівасці ў яе адлюстраванні. У некаторых позніх карцінах, як напрыклад, «Клеверы ў колеры» (1895), Гараўскі выкарыстоўваў прыёмы пленэрнага жывапісу, імкнучыся перадаць багацце зменаў колеру пад уздзеяннем сонечнага асвятлення.
У 1880 годзе Апалінарый Гараўскі набыў маёнтак Кірылавічы пад Псковам. Тут 28 сакавіка 1900 года мастак памёр.
З нагоды юбілейнай даты Нацыянальны мастацкі музей арганізаваў выстаўку Апалінарыя Гараўскага, дзе ўпершыню ў Беларусі за апошнія 40 гадоў прадстаўлена панарама творчасці Апалінарыя Гараўскага ў кантэксце мастацкага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Выстаўка прадстаўляе новыя навуковыя адкрыцці ў галіне вывучэння творчасці і біяграфіі мастака.
У экспазіцыі, акрамя карцін Апалінарыя Гараўскага, прадстаўлены работы яго настаўнікаў па Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу – творы Фёдара Бруні і Максіма Вараб'ёва, а таксама брата мастака — пейзажыста Іпаліта Гараўскага. Аснову экспазіцыі складаюць творы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Беларуская мастачка Таццяна Савік з першага погляду ў творчасці здаецца вельмі спакойнай, размеранай і мяккай. Аднак гэта першае ўражанне, якое хутка змяняецца: дастаткова толькі ўдумацца, якія сэнсы і ідэі творца закладвае ў свае работы.
Зараз у мастацкай галерэі DK праходзіць выстаўка мастачкі «In a pause», якая вельмі дакладна дэманструе творчую неардынарнасць Таццяны і падштурхоўвае гледача глыбей пазнаёміцца з творчасцю, якую наўрадці можна назваць прамалінейнай: каб зразумець сэнс работ, вам давядзецца добра праасэнсаваць творчыя дэталі.
Прадстаўлены праект накіранавы на тое, каб дапамагчы чалавеку замедліцца і пазбавіцца ад бесперапыннага колазвароту думак. Ён сканцэнтраваны на магчымасці адчуць спакой, пяшчоту радасць, якая ў выніку расквітнее прыгожымі колерамі і адценнямі ў душы.
Ствараючы вобразы персанажаў, мастачка ўзнімае праблему крызісу ідэнтычнасці сучаснага чалавека і даследуе магчымасці аднаўлення цэласнасці асобы. Мастачка эксперыментуе з формай і падачай, выкарыстоўвае ў работах дрэва, шкло, метал.
Здаецца, што галоўны герой выстаўкі і ёсць пустата, праз яе мастачка выбудоўвае свае дыялогі з гледачом, растаўляе неабходныя акцэнты і тым самым адкрывае новае для кожнага, хто сутыкнуўся з яе творчымі пошукамі.
Таццяна ніколі не падганяе сябе пад межы стандартаў, яе жывапіс — вострая рэакцыя на пытанні паўсядзённасці. Спачатку вельмі складана суаднесці вобраз хрупкай мастачкі і яе брутальныя творы. Тым не менш, аўтарскі почырк матачкі запамінальны. Ён зацікаўлівае нестандартнасцю і глыбінёй ідэй.
У межах выстаўкі кіраўніцтва галерэі арганізавала персанальную сустрэчу з мастачкай, дзе ўсе жадаючыя змаглі атрымаць адказы на свае пытанні. Так, напрыклад, Таццяна падкрэсліла, што не лічыць сябе модным мастаком, а проста працуе над асабістымі ідэямі, якія цікавяць яе. Таксама мастачка падкрэсліла, што з часам стала вельмі адкразна ставіццца да тэмы глыбіні чалавечай душы, стала надаваць увагу дробязям, якія падкрэсліваюць гэтую ідэю.
Таццяна Савік — не проста таленавітая мастачка, яна яшчэ і выкладчыца, якая дапамагае сваім студэнтам бачыць і звяртаць увагу не толькі на знешняе, але і на унутранае, схаванае, шукаць у сваім аб’екце натхненне і глыбокія сэнсы, якія дапамогуць шырока раскрыць тэму перад гледачом.
Мастачка нарадзілася ў горадзе Барысаве. Вучылася ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы ім. А. К. Глебава і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Працуе выкладчыкам малюнка і ўдзельнічае ў розных выстаўках.
Прафесійная графіка ад легендарнага жывапісца. Леанід Шчамялёў, якога мы не ведалі
Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў — унікальны прыклад чалавека, які вакол сябе ствараў атмасферу ўтульнасці і гармоніі, абапіраючыся ў сваім жыцці на прынцыпы прыстойнасці і справядлівасці.
За 70 гадоў прафесійнай дзейнасці Леанід Дзмітрыевіч змог атрымаць павагу блізкіх, калег, аматараў мастацтва як легендарны жывапісец. Але ж мала хто ведае, што творца з’яўляўся яшчэ і прыхільнікам графікі. Напрыканцы мінулага года ў галерэі аўтара (вул. Рэвалюцыйная, 11) адкрылі выстаўку «З штрыхоў і ліній» графічных работ творцы, якія паказалі Леаніда Шчамялёва такім, якім мы яго яшчэ не ведалі.
Храналагічна калекцыя графічных работ ахоплівае вялікі часовы прамежак — ад 1960-х гадоў да апошніх гадоў жыцця творцы. Выстаўка раскрывае шматгранны талент народнага мастака, у творчасці якога графіка, як апынулася, усё жыццё займала значнае месца. Леанід Шчамялёў выдатна працаваў не толькі ў жывапісным кірунку, але і віртуозна валодаў тэхнікай малюнка. Яго шматлікія графічныя работы характарызуюцца такой жа жвавасцю і дакладнасцю ў перадачы характару адлюстравання людзей, пейзажаў, падзей, такой жа дасканаласцю выканання, як і жывапісныя палотны.
Гледзячы на малюнкі Леаніда Шчамялёва, часам цяжка паверыць, што ўсе яны створаны рукой аднаго майстра. Імпрэсіянізм і акадэмізм, роздумы і імгненная эмоцыя, вугаль і фламастар, аловак і шарыкавая ручка. Людзі, кветкі, жывёлы, дрэвы, дамы. Усё вельмі рознае і ўсё аднолькава жывое, напоўненае, блізкае.
На выстаўцы прадстаўлена болей 50 графічных работ з калекцыі сям'і Леаніда Шчамялёва: аўтапартрэт майстра і блізкіх яму людзей, партрэты вядомых беларускіх мастакоў, мілыя сэрцу беларускія краявіды і любімыя мастаком нацюрморты з кветкамі.
Графіка ў Леаніда Дзмітрыевіча нягледзячы на больш скупую ў параўнанні з жывапісам мову, адрозніваецца вялікімі магчымасцямі малюнка і перадачай эмоцый. Так, пейзажы майстра ў графічным малюнку «не гуляюць» фарбамі, а здзіўляюць тонкасцю пачуццяў. Большасць работ народнага мастака прадстаўлена шырокай публіцы ўпершыню.
Леанід Шчамялёў — чалавек, які прайшоў праз змену эпох. Ён нарадзіўся на беларускай зямлі, вучыўся тут. У вайну са зброяй у руках вызваляў родную зямлю ад акупантаў, быў цяжка паранены, выжыў. Як мастак плённа працаваў у пасляваенны час. У яго шмат узнагарод, ушанаванняў, паслядоўнікаў... У мастацтва ён трапіў прама з войска.
Спачатку больш разлічваў на статус ветэрана, паступаючы на самы першы набор Мінскага мастацкага вучылішча ў 1947 годзе. Бо ў адрозненне ад многіх у яго не было асаблівай падрыхтоўкі і досведу ў мастацтве. Тым не менш, таленавітага хлопца залічылі. Праўда, у 1949-ым за непаспяховасць па шэрагу нятворчых прадметаў хацелі пакінуць на другі год. Але Леанід Дзмітрыевіч палічыў гэта несправядлівым: ён прайшоў праз усю вайну і пра нешта ды мог забыцца са школьнай праграмы. Пра гэта пачатковец-мастак і напісаў намесніку старшыні Саўміна СССР Кліменту Варашылаву. Невядома, ці чытаў ліст сам Варашылаў, але ў пытанні было даручана разабрацца. Інцыдэнт неўзабаве быў вырашаны.
Дарэчы, трэба адзначыць, што яшчэ падлеткам Леанід Шчамялёў сустракаўся з Юдэлем Пэнам. На двары быў 1936 год. Творца ўбачыў карціны настаўніка Марка Шагала. Хлопцу сказалі: маэстра можа прыняць у майстэрні нават без запрашэння. Ужо захоплены маляваннем Пэна, Леанід Дзмітрыевіч рызыкнуў. Пэн, якому было тады за 80 гадоў, сапраўды правёў хлопца па майстэрні, распытваў, якія работы з тых, што вісяць на сценах, падабаюцца больш за ўсё. Назаўтра падлетак прынёс мастаку альбом са сваімі малюнкамі. Майстар іх пахваліў і параіў шмат працаваць.
Для сям’і, блізкіх і калег Леанід Дзмітрыевіч сапраўдны мужчына, для краіны — легенда. І тое, што ў аўтара да апошніх дзён жыцця захоўваўся запал маляваць — прыкмета высокага прафесійнага майстэрства. Тая ж графіка, якую раней ніхто не бачыў, сведчыць пра спробу аўтара праяўляць сябе ў розных кірунках мастацтва.
Стварэнне гэтай выстаўкі дае ўнікальную магчымасць не пакінуць «за кадрам» вялікую і вельмі значную частку творчай спадчыны мастака. У экспазіцыю ўваходзіць больш за 50 графічных работ з фондаў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва. Амаль усе яны безназоўныя, што не дзіўна, бо ў шматлікіх выпадках гэта працоўны матэрыял. Тым не менш, усе яны, без выключэння, робяць уражанне, выклікаюць эмацыйны водгук і глядач мімаволі прыдумляе назвы сам.
Шмат чаго ў жыцці і творчасці Леаніда Дзмітрыевіча было даволі неадназначнага і нават парадаксальнага. І гэта дазваляе казаць пра тое, што ён быў не проста мастак з дасканалымі маляўнічымі прыёмамі, а яшчэ і чалавек з незвычайнай энергетыкай, велізарнай любоўю да жыцця і вялікім сэрцам.
На мінулым тыдні ў межах выстаўкі адбылася сустрэча з сям’ёй Леаніда Дзмітрыевіча — дачкой Маргарытай Шчамялёвай і ўнукам Антонам Андруковічам, падчас якой удзельнікі падзяліліся з наведвальнікамі галерэі самымі рознымі гісторыямі з сямейнага жыццёвага архіва.
Фарэль — прыгожая, карысная і вельмі смачная рыба. Здаўна яна лічыцца годным прадуктам харчавання для здаровага рацыёну. Яна багатая складам карысных мікраэлементаў, мінералаў і вітамінаў, фарэль рэкамендуюць да ўжывання ўсе дыетолагі свету.
Рэцэпты прыгатавання фарэлі існуюць самыя розныя. Аднак як зрабіць так, каб фарэль атрымалася не проста смачнай, але і сакавітай? Блогер Святлана Карніцкая прапануе пакрокавы рэцэпт.
Лімон і цыбуля надаюць рыбе асаблівы водар і смак. Гатаваць рэцэпт давядзецца хутка і проста, з-за выкарыстаня фольгі скарачаецца колькасць бруднага посуду. Аўтар выкарыстоўвала фарэль нарвежскую, вы можаце выкарыстоўваць таксама любую іншую чырвоную рыбу, напрыклад, гарбушу ці сёмгу.
Інгрэдыенты
Для рыбы
Для спагецці
Спосаб прыгатавання
Падрыхтоўваем інгрэдыенты. Рыбу, калі яна ў вас замарожаная, размарозьце, пераклаўшы яе з маразілкі на ніжнюю паліцу халадзільніка. Набор спецый выбірайце на свой смак.
Чырвоную рыбу трэба старанна прамыць. Пасля пасаліце і дадайце спецыі. Варта ўлічыць, што калі вы выкарыстоўваеце гарбушу, то гэтая рыба не такая тлустая, як сёмга ці фарэль, таму яе дадаткова трэба змазаць алеем.
Цыбулю ачысціце і нарэжце коламі альбо паўколамі. Яна надасць рыбе сакавітасць і прыемны водар.
У невялікую форму для запякання пакладзіце падвойны ліст фольгі. Гэта трэба, каб фольга не парвалася і сок ад стравы не выцякаў з канверціка. Зверху размяркуеце парэзаны лук.
Палову лімона нарэжце тонкімі кружочкамі. Цытрусавыя добра адцяняюць смак рыбы. Пры гэтым чырвоная рыба добра ўбірае ў сябе водары спецый. Лімон пакладзіце зверху на цыбулю.
На лімонныя лустачкі пакладзіце рыбнае філе. Зверху паліце лімонным сокам. Праслойка з цыбулі і лімона пры запяканні засцерагае рыбу ад непасрэднага судотыку з гарачай формай, таму яна не падгарыць і не перасушыцца.
Цалкам загарніце рыбу ў фольгу, акуратна сабраўшы над ёй краі, каб сок не выцякаў пры запяканні.
Пастаўце рыбу ў разагрэтую да 200°С духоўку на 25 хвілін.
У гэты час гатуем спагецці.
Варым спагецці 7-8 хвілін і дастаем за пару хвілін да гатоўнасці.
На патэльні разаграваем кавалачак сметанковага масла і затым кладзем дробна нарэзаны часнок.
Падсмажваем яго да залацістага колеру, дадаем вяршкі, соль, крыху перцу, змешваем на буйным агні прыкладна 5 хвілін, вяршкі павінны загусцець. Затым дадаем на патэльню макароны і сыр. Проста змешваем лапаткай. Спагецці гатовыя!
Па заканчэнні 25 хвілін, дастаем рыбу з духоўкі.
Разгортваем канверцік з фольгі і падаем рыбу разам з цыбуляй і лімонам да стала.
Смачна есці!
Хатняя салёная скумбрыя і мінтай у сметанковым соусе. Гатуем рыбу на святочны стол
Ён, як ніхто, умеў маляваць палёт птушак, што ўзляталі ўгору. У Гаўрылы Вашчанкі было асаблівае, вострае пачуццё вышыні і паветра. І сёння яго карціны нібыта абліваюць нас ветрам — то восеньскім, напоўненым жураўлінымі крыкамі і пахам саспелых яблыкаў, то летнім калыханнем спёкі, то лёгкім, квітнеючым дыханнем вясны.
Менавіта Гаўрыла Вашчанка зрабіў бусла, які расправіў крылы, сімвалам перш роднага Палесся, а затым і ўсёй Беларусі. Яго мастацкія работы — паглыбленне ў няпростую гісторыю нашай краіны.
Зараз у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь прадстаўлена выстаўка жывапісных работ народнага мастака «Палескі волат», прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння Гаўрылы Харытонавіча.
У экспазіцыі прадстаўлена каля 60 жывапісных твораў мастака з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея і сям'і майстра. Самая ранняя з жывапісных работ адносіцца да 1950-ых гадоў. Гэта «Аўтапартрэт» са збору сям'і мастака. Беражліва захоўваюць яны і адну з апошніх карцін мэтра — «Аve айчыны» 2008 года.
Выставачны праект «Палескі волат» у сценах Нацыянальнага мастацкага музея з'яўляецца цудоўным завяршальным акордам юбілейнага года маэстра, які мастацкая супольнасць краіны адзначала разнастайнымі праектамі ў 2023 годзе.
Самыя вядомыя работы мастака — оды роднаму Палессю. Гэта ў тым ліку знакамітыя «Матчыны крылы» — хрэстаматыйная, зафіксаваная ва ўсіх падручніках карціна 1976 года. Палессе і родныя Чыкалавічы — не толькі месца, дзе прайшло дзяцінства мастака. Тут нарадзіліся яго выявы, сюжэты, іх хапіла на ўсё жыццё. Калі ў Гаўрыіла Харытановіча пыталіся, якая з работ яго любімая, ён нязменна адказваў: «Любімых няма. Ёсць найбольш эмацыйна выпакутаваныя — тыя, якія звязаны з малой радзімай, домам, мамай ... »
Палессе для Гаўрылы Вашчанкі было не проста ўвасабленне паняцця «малой радзімы». У кантэксце дадзенага выставачнага праекта вызначэнне «родны край» разглядаецца не толькі як месца, дзе прайшло дзяцінства творцы. Тут Палессе гучыць магутным гімнам чалавеку і прыродзе.
Мастак у свой час адкрыў для беларускага выяўленчага мастацтва Палессе, месца, дзе захавалася аўтэнтыка, якая сыходзіць каранямі ў мінулыя стагоддзі. Яго эпічныя і адначасова пранізліва лірычныя пейзажы розных гадоў параўнальныя з манументальнымі роспісамі і габеленамі. У прадстаўленых карцінах ясна прачытваецца аўтарскі стыль Гаўрылы Вашчанкі, які стаў «візітнай карткай» мастака. Яго творчы почырк спалучае ў сабе традыцыі беларускага іканапісу і фрэскавага жывапісу з сучасным манументальным мастацтвам, заснавальнікам і першапраходцам якога, уласна, і з'яўляўся творца.
У шэрагу сваіх сучаснікаў, манументалістаў і жывапісцаў, Гаўрыла Вашчанка заўсёды вылучаўся як першы сярод роўных. Але зусім не таму, што ён дастаткова паспяхова прасоўваўся па іерархічных лесвіцах афіцыйных інстытутаў, займаючы важныя пасады. На працягу амаль паўстагоддзя для мастацкай грамадскасці кожная выстаўка мастака была падзеяй. Думкі, якія даносіў Гаўрыла Харытановіч да гледача, і сёння жывуць і гавораць з намі.
Гаўрыла Вашчанка сапраўды быў волатам у выяўленчым мастацтве. Ён думаў маштабна, жыў маштабна, адчуваў нерв самога быцця… Лепшыя яго творы (няхай гэта будзе сюжэтна-тэматычная карціна, партрэт, пейзаж, нацюрморт) увасобілі цэлую эпоху з яе пошукамі ідэалаў і балючымі расчараваннямі, складанымі грамадскімі зменамі і чалавечымі трагедыямі.
Звяртаючыся да актуальных тэм свайго часу і таго, што асабіста яго хвалявала (трагедыя Вялікай Айчыннай вайны, чарнобыльская катастрофа, міфалагічная і хрысціянская тэматыка і інш.), Гаўрыіл Вашчанка пазбягаў іх лабавога чытання, штучных сцэн, залішняй апавядальнасці. Майстар заўсёды ўвасабляў тэмы праз алегарычныя, умоўна-міфалагічныя вобразы, у аснову якіх пакладзены філасофскі сэнс, аналітычнае ўспрыманне рэчаіснасці, стварэнне абагульненай і сімвалічнай карціны.
І ў брытанскім Кембрыджы, і ў ЗША мастака прызнавалі «Чалавекам эпохі», «Чалавекам ХХ стагоддзя». А ён нікога не слухаў, толькі захоўваў вернасць Радзіме. Увесь скіраваны ў неба, ён быў самы сапраўдны матсак палескай зямлі, якую аралі яго продкі.
Нарадзіўся Гаўрыла Харытановіч Вашчанка 20 чэрвеня 1928 года на Гомельшчыне, у вёсцы Чыкалавічы Брагінскага раёна. У час вайны вёска была спалена ворагамі, а сам падлетак знайшоў прытулак у партызанскім атрадзе. Праз шмат гадоў гэты факт з асабістай біяграфіі навеяў мастаку сюжэт яго вядомай карціны «Балада аб мужнасці», якая была ўдастоена сярэбранага медаля імя Мітрафана Грэкава.
Яго бурштынавы пейзаж закрануў не адно сэрца. 95 год з дня нараджэння Гаўрылы Вашчанкі
Верашчака — сапраўдная візітная картка Беларусі. Гэта гарачая падліўка на мясным або мяса-грыбным булёне.
Страва абавязана сваім з'яўленнем каралеўскаму шэф-кухару Верашчаку. У часы праўлення караля Рэчы Паспалітай Аўгуста III (1733-1763) кухар прыдумаў новы спосаб падачы каўбасы. Верашчака прапанаваў нарэзаць мясны прадукт кружочкамі і падаваць яго з вострай аўтарскай падліўкай, а есці лыжкай. Так і з'явілася новая страва, названая ў гонар свайго вынаходніка.
Верашчаку часта падаюць у якасці падліўкі да бліноў, а таксама да іншых гарніраў.
Пакрокавы рэцэпт верашчакі з блінамі прапануе нам блогер, гаспадыня харчэўні ў Тураве Алена Браніславаўна.
Спосаб прыгатавання
Спачатку замясіць цеста на бліны. Проста змяшайце ўсе інгрэдыенты, паступова дадйце муку, каб атрымалася цеста кансістэнцыі густой смятаны.
Адстаўце цеста адпачыць на 30 хвілін.
Сала і грудзінку парэзаць на кавалачкі і абсмажыць на патэльні паасобку, спачатку сала , потым грудзінку.
Каўбасу парэзаць на кавалачкі.
Абсмажаныя сала і грудзінку выкласьці ў посуд, дзе яны будуць тушыцца. На патэльні абсмажыць рэбры і каўбасу.
Апошняй абсмажыць цыбулю.
Да гатовай мяккай цыбулі дадаць муку і абсмажыць яе да колеру.
Дадаць спецыі.
Выліць квас, перамяшаць добра, накрыць вечкам і тушыць на павольным агні 30 хвілін.
Бліны абсмажыць з двух бакоў да румянай скарынкі.
Смачна есці!
Мачанка, зацірка, наліснікі … Топ-8 фактаў, чаму беларускую кухню нельга лічыць аднатыпнай
Боль — як з’ява — з’яўляецца моцным трыгерам для кожнага чалавека. Калі мы адчуваем, што нам стала балюча, як фізічна, так і маральна, пачынаем любымі спосабамі пазбаўляцца ад непрыемнага стану.
А як выглядае боль у мастацтве? Беларуская мастачка Ірына Котава праз новы персанальны выставачны праект «Тэатр эмоцый» раскрывае боль і цялеснасць з пункту гледжання трансфармацыі асобы.
На выстаўцы прадстаўлены карціны і інсталяцыі ў стылі экспрэсіянізму. І не выпадкова аўтар выбрала менавіта гэтую мадэрнісцкую плынь, якая зарадзілася ў першай палове ХХ стагоддзя. У Ірыны ў 2023 годзе дыягнаставалі рак малочнай залозы. І творца прапануе нам, гледачам, адчуць яе эмацыйны стан, калі яна спрабавала знайсці агульную мову з хваробай, выйсці з ёй на дыялог. А гэта было неварагодна складана.
Ірына Котава працуе ў стылі экспрэсіянізму, выкарыстоўваючы эмоцыі як асноўную форму камунікацыі з гледачом, адмаўляючыся ад ідэі гармоніі і свядомасці. Цела ў яе работах пазбаўлена цэласнасці, расшчэплена, жывапіс становіцца сродкам для адлюстравання на палотнах сваіх сапраўдных пачуццяў. Аўтар часцей за ўсё звяртаецца да жанру партрэта і інсталяцыі, наўмысна скажае лініі, аддаючы перавагу кантрасным колерам, абагульненым формам, перабольшанням і спрашчэнню.
Многія баяцца анкалогіі. Сутыкнуўшыся з захворваннем, часта не жадаюць гаварыць пра хваробу. Ірына Котава наадварот расказвае пра сваё пражыванне болю праз пачуццёвае эмацыйнае ўспрыманне, спрабуючы прыцягнуць увагу людзей на іх жыццё, на важнасць прытрымлівання сваім сапраўдным мэтам і жаданням, на сувязь пачуццяў і эмоцый з розумам і фізічным целам.
Прадсаўлены праект, безумоўна, маніфест для тых жанчын, якія таксама сутыкнуліся з ракам малочнай залозы. Аўтар спрабуе не проста расказаць ўспрыманне хваробы, але ж і паказаць, як з ёй жывуць, разлічваючы здзейсніць усе свае планы толькі сёння.
Асаблівае значэнне для разумення сябе — гэта захапленне Ірыны Котавай ёга-практыкамі. У 2022 годзе мастачка прайшла навучанне ў Індыі ў інстытуце ёгі, дзе стала інструктарам хатха-ёгі. Менавіта гэты досвед з'яўляецца ключавым у імкненні паставіць свой пачуццёвы свет на першае месца ў асабістай творчасці.
Ірына Котава, быццам рэжысёр, прапануе пайграць, у тым ліку і з сэнсамі. Так, папулярным месцам для сэлфі ў гасцей праекта стала інсталяцыя «Заслона. Трансфармацыя». Перад карцінай — заслона і два крэсла. Які варыянт больш падыдзе вам? Прысесці, нібы глядач, ці выйсці на «сцэну»? Сэнс работы ў тым, каб вызначыць для сябе, які сцэнар мы выбіраем, якую ролю іграем і як змяняемся падчас выбранага шляху.
Многія работы мастачкі насычаны чырвонымі адценнямі. На кожнай колер быццам займае становіцца асобным героем, які адлюстроўвае страх, смерць альбо цішыню.
Выстаўка, нягледзячы на складанасць тэмы, элегантная і не перагружаная. Яна нагадвае нам пра тое, як важна не сароміцца, не баяцца і не замыкацца ў сабе, бо жыццё адно, і гэта — гульня з абставінамі, эмоцыямі і пачуццямі.
Дадзены праект – гэта візуальнае судакрананне з адчуваннямі, якія адлюстроўваюць увесь спектр тэатра эмоцый Ірыны Котавай. Творчасць мастачкі тэрапеўтычная, здольная прыўнесці ў жыццё гледача цуд.
Новы эксцэнтрычны праект Андрэя Пічушкіна ў Палацы мастацтваў. Чым здзіўляе выстаўка?
Маргарыта Леанідаўна Шчамялёва — знакамітая беларуская мастачка па тэкстылю, дачка народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва — з самага дзяцінства знаходзілася ў творчым асяроддзі, з маленства яна ведае, што такое натхненне і разумее, як яно ўплывае на жыццё і светапогляд чалавека.
Снежань і студзень заўсёды ахутваюць нас цеплынёй зімовых святаў, падчас якіх мы не толькі святкуем, адпачываем і насычаем сябе радасцю, але і ўспамінаем імгненні з розных перыдаў жыццёвага шляху, якія назаўсёды застануцца для нас самай сапраўднай гісторыяй і памяццю.
З нагоды чароўных снежных дзён Маргарыта Леанідаўна падзялілася з нашымі чытачамі незабыўнымі ўспамінамі, звязанымі з творчай сям’ёй, і расказала падрабязна пра сваё стаўленне да родных людзей.
— Мне вельмі пашанцавала з сям’ёй. Калі была маленькай, мы жылі ў прыватным доме на вуліцы Рабкораўскай, на месцы, дзе зараз знаходзіцца Інстытут культуры. Я не хадзіла ў дзіцячы садок і праводзіла час з бабуляй, тата таксама працаваў дома: маляваў днём і ноччу. У гэтай абстаноўцы я любіла назіраць за ўсімі. Сама сядзела на кухні і таксама часта малявала.
У нас была вялікая печка. Бабуля ставіла туды нешта запякаць. Яна задоўга пачынала рыхтавацца да свят. Гатавала бабуля выдатна. Паколькі сям'я наша была вялікая, трэба было ўлічыць усе нюансы. Да нас заўжды прыязджала шмат сваякоў і сяброў сям’і. Трэба адзначыць, што бабуля вельмі добра спявала. Пакуль гатавала стравы, напявала любімыя песні. І пакуль яна круцілася каля печкі, тата маляваў яе.
Дома на верандзе ў нас стаялі тры бочкі: адна была з груздзямі, другая з рыжыкамі, а трэцяя з капустай. І мяне часта адпраўлялі нешта прынесці да стала з гэтых саленняў. Дома было ўсё сваё. Маміны браты любілі хадзіць у лес, прыносілі грыбы, сямъя разводзіла курэй. Разам з бабуляй мы складвалі ў скрыні яблыкі, яны там ляжалі з апілакамі, потым мы іх даставалі да свят. У іх былі такія маляўнічыя чырвоныя бакі: бабуля заўсёды навобмацак вызначала, якія ўзяць, а якія адкласці пааляжаць крышку яшчэ.
— Навагоднія святы у мяне, як і ў многіх іншых людзей, асацыіруюцца з мандарынамі. Іх, як сёння памятаю, прыносіў дзед, тады дастаць мандарыны было немагчыма, але яны былі на нашым стале. А яшчэ ён прыносіў грэцкія арэхі. Я іх заварочвала ў фольгу ад цукерак і разам з бабуляй з дапамогай ніткі ўпрыгожвалі імі ёлку. Яшчэ ўпрыгожвалі вокны: раскладвалі старыя бітыя навагоднія цацкі. Бабуля клеіла іх на ватку і атрымліваўся прыгожы маляўнічы сюжэт.
Паколькі я была маленькая, падчас усіх вялікіх застолляў у мяне было сваё месца. Стаяў маленькі столік, дзе я магла маляваць: я тым часам назірала, як усе п'юць шампанскае і вельмі чакала, калі бабуля пачне спяваць. У канцы мама брала ў рукі акардэон, яна была музыкам, і грала нешта вельмі радаснае. Мы святкавалі сапраўдны Новы год. А раніцай заўсёды елі пірагі, якія бабуля гатавала з вечара. Іх начынялі павідлам, яблыкамі, перапляталі прыгожымі касічкамі з цеста.
Да стала заўсёды запякалі мяса. Мы хадзілі з бабуляй на вуліцу Фабрыцыуса на Суражскі базар. Я дапамагала ёй насіць прадукты, а яна выбірала мяса. Яна смачна гатавала рыбу, фаршыравала яе. Гэта была яе каронная страва. І яшчэ мы бульбу запякалі: запякалі да хрумсткай скарыначкі, бо тата не любіў разварыстую, любіў з эфектам паджаркі. Таксама бабуля рабіла сама каўбасу, пальцам пханую, а да яе гатавала альбо мачанку з блінамі, або заліўку. Гатавалі піражкі з розным начыннем. І ўсе гэтыя стравы запякалі ў печцы.
Побач з вялікай печкай стаяла маленькая, у якую бабуля ставіла ў збанах бульбу з грыбамі ці грыбныя супы. Гэты смак я памятаю да гэтага часу.
У доме да святаў была цішыня. У кожнага была свая задача. Нехта займаўся сталом, каб ён вялікі быў, нехта выцягваў са скрынь прыгожы посуд, якім год не карысталіся, хтосьці гатаваў ежу, а хтосьці рабіў нарэзкі. Гэта была сапраўдная падрыхтоўка да свята. Водары чуваць было па ўсёй хаце, а мы знаходзіліся ў стане чароўнага прадчування.
Я памятаю, як дзядзька аднойчы прынёс вялізны мяшок, які быў даверху запоўнены падарункамі толькі для мяне. Гэта было такое вялікае дзіцячае шчасце. Там былі мячы, фарбы, рукавіцы, шкарпэткі. Вядома, сучаснаму дзіцяці гэта падасца дзіўным падарункам, але ў той час я была на сёмым небе ад шчасця.
У доме ставілі вялікую ёлку. Тата казаў, што ставілі менавіта для мяне. Як толькі ёлка была ўпрыгожана, тата казаў: «Рыта, малюй Новы год». Я малявала ёлку, дзяцей, якіх прадстаўляла ў сваёй галаве. Гэта быў надзвычайны свет майго шчаслівага дзяцінства.
Калі з'явілася сястрычка Людачка ў 1963 годзе, мы ад бабулі пераехалі жыць на вуліцу Карла Маркса. З тако моманту ўрачыстасці праводзілі на нашай тэрыторыі: прыходзіла бабуля, прыносіла смачную ежу, дапамагала нам сервіраваць стол. Мама была вельмі добрай гаспадыняй. Яна смачна гатавала бліны з мясам і торт са сметанным крэмам. Мама пераняла ад бабулі шмат цікавых рэцэптаў, таму нашы сталы былі заўжды вялікія і смачныя.
— Я ведала, што маці займаецца музыкай, а бацька малюе. І мне падавалася, што мы жывём менавіта так. Тата не займаўся побытам. Ён быў цалкам у мастацтве. Маці арганізоўвала вакол нас незабыўную атмасферу. Купляла нам самае прыгожае адзенне. Яна была модніца. Памятаю, паедзе ў Рыгу, прывязе нешта вязанае і прыгожае. У мяне дагэтуль захавалася фота, дзе мы з мамай разам у вязаных рыжскіх швэдарах стаім. Яна заўсёды клапацілася, каб мы не былі галоднымі і каб былі добра апранутыя.
Тата любіў, калі я малявала. Як толькі сканчвала малюнак, ён пытаўся: «А што ты намалявала?». Прымушаў мяне ўключаць мазгі. Мы размаўлялі. Ён тлумачыў многія дэталі. І гэта было так цікава!
Спачатку ў нас не было тэлевізара, а калі з'явіўся, жыццё таксама змянілася. Аднойчы да нас у госці нават прыйшла дыктар тэлебачання. Тата прывёў. Я тады вачам не паверыла. Ён заўсёды прыводзіў да нас такіх цікавых людзей. Тата сябраваў з кінааператарам Юрыем Марухіным. Аднойчы Юрый Аляксандравіч узяў мяне на здымачны дзень фільма «Магіла льва», там я ўпершыню ўбачыла неверагодную Ніну Ургант, была вельмі ўражаная.
У маім жыцці здараліся яркія сустрэчы з людзьмі і большасць з іх, дзякуючы бацькам. Тата быў добры апавядальнік, таму з ім было цікава. Ён умеў разводзіць праблему рукамі. А мама была душой нашага дома, нават у 90 год яна была маладая сэрцам. Да яе заўсёды прыходзілі сяброўкі, маладзейшыя за яе па ўзросце, яны размаўлялі з ёй гадзінамі. Яна любіла быць прыгожай і вытанчанай, нават у апошнія гады. Аднойчы мама ляжала ў бальніцы, і калі я спытала, што ей трэба прынесці, яна папрасіла, каб я абавязкова ўзяла з сабой аловак для вачэй. Такая была мама.
Я вельмі люлю сваіх бацькоў, і лічу, што мне неверагодна пашчасціла з імі. Тата любіў ажыццяўляць мары. У яго была неверагодная сіла волі. А мама вучыла нас эстэтыцы.
Мы часта збіраемся з сястрой Людай і ўспамінаем смешныя моманты. Напрыклад, у 1978 годзе, пасля заканчэння інстытута, я маме з Масквы прывезла шмат прыгожых сукенак, яна паклала іх усё сушыцца на крэсла, і ўзяла акардэон, пачала іграць. Пакуль іграла, усе новыя рэчы выцягнулі з акна. Тады была так непрыемна і сумна, а сёння смешна.
Увогуле мы з сястрой шчаслівыя. Бацькоў не выбіраюць, але нам дасталіся самыя лепшыя.
Люстэрка эпохі. У Мінску адкрылі выстаўку да 100-годдзя Леаніда Шчамялёва
Адэля завітала да мяне назаўтра. Авечачку было не пазнаць: завітая па-новаму воўначка сабраная ў маленькія хвосцікі рознакаляровымі заколкамі.
— Я на некалькі хвілінак, спадарыня Наталля. Трэба больш папасвіцца сёння, каб аднавіць растрачаныя сілы і нервы. Бачыце, у мяне новая завіўка. Сама рабіла. Паўночы важдалася з папільёткамі. Не выспа-а-а-алася! – пазяхнула Адэля. – Але ўсё замежжа завіваецца менавіта так. Вось і мне захацелася паспрабаваць.
— Але ж цябе ўзнагародзілі за найхарашэйшую воўначку! Навошта нешта мяняць?
— Ат, гэта вы можаце хадзіць з адной прычоскай гадамі. А мая крэатыўная натура вымагае змен.
— Ну, калі натура вымагае…
Адэля не дала мне дагаварыць і падступіла з пытаннямі:
— Ці праслухалі вы мае дарожныя нататкі? Што скажаце пра нашы прыгоды? Чаму так позна глядзелі рэпартаж з выставы? Як адпачылі? Як рухаецца праца над кнігай? Трэба хутчэй дапісваць. Я прадчуваю важныя змены ў сваім жыцці! Хутка пра мяне даведаецца ўвесь свет! Дарэчы, маглі б нам арганізаваць на вакзале і пышнейшую сустрэчу!
— Запісы паслухала. Дзякуй, я нібы пабывала з вамі ўва ўсіх прыгодах. Вельмі радая вашым поспехам і ўзнагародам. Яшчэ раз віншую. Адпачыла выдатна. Кнігу неўзабаве скончу. Пра ўвесь свет ты, аднак, занадта! — я адказвала на ўсе пытанні па парадку. – А як трэ было сустрэць: з аркестрам і воплескамі – не стрымаўшыся, пакпіла.
— А хоць сабе і з аркестрам! Не штодзень прыязджаюць пераможцы міжнародных конкурсаў!
— Ах, прабачце! — засмяялася я. – Мне здалося, што прыгожых букетаў даволі.
— А от жа не! – адрэзала авечка. – Добра, хоць здагадаліся цукеркі прывезці. Дарэчы, вельмі смачныя.
— Мне прыемна, што цукеркі вам спадабаліся.
— Я да вас таксама не з пустымі рукамі, — заўсміхалася Адэля. Успамін пра цукеркі палепшыў яе настрой. – Вось, лялечку прывезла з-за мяжы. У нацыянальным адзенні, як вы любіце.
— Дзякую, Адэльку. Лялечка цудоўная. Я дадам да яе строю залатую стужачку – у гонар тваёй перамогі — і пастаўлю яе на самым прыкметным месцы.
— Выдатна. Яна заўсёды будзе нагадвць, з якой незвычайнай істотай звёў вас лёс. Бывайце, пані Наталля. Спадзяюся, на свяце вы выступіце з прамовай пра мяне, — і Адэля пабегла на працу.
На свята я прыйшла не адна. Са згоды Адэлінай гаспадыні я запрасіла на свята мастачку, якой хацела даверыць афармленне кнігі. Адэля дужа ўсцешылася з гэтай нагоды.
— Вельмі зручны момант, каб пазіраваць! – сказала яна. – Лета вось-вось скончыцца. Там да восеньскай стрыжкі рукой падаць. А я хачу паказацца чытачам ў найлепшай форме.
Адэля сустрэла нас з найпрыемнейшай усмешкай на вуснах. Яна адразу захапіла ўвагу мастачкі і павяла яе знаёміцца са сваімі сябрамі, а я заспяшалася да пані Гэлены – прапанаваць сваю дапамогу.
— Шчыра дзякую, спадарыня Наталля. Але мы з гаспадаром і з пані Разаляй ужо справіліся. Але ўчора ўвечары пазваніў той спадар, што быў у журы на выставе і браў нашы каардынаты. Ён хацеў завітаць да нас з замежным сябрам, дык я запрасіла іх прыйсці сёння. Якраз добрая нагода, і мы падрыхтаваныя. Толькі ў мяне не будзе ставаць часу, каб забавіць кожнага госця. Дык можа, вы мне паможаце?
Я запэўніла пані Гэлену, што яна можа на мяне разлічваць.
— І яшчэ, — пані Гэлена перайшла на таямнічы шэпт, — я вас прашу паназіраць за Адэляй.
— Што такое? – зацікавілася я.
— Яна ўбіла сабе ў галаву, што дзеля замежнага госця стол сервіраваць трэба толькі багемскім шклом, а не крышталём. І сурвэткі падаваць адно з японскага шоўку. Лён ёй чамусьці падаўся несучасным. Хаця пані Разаля — прызнаны майстар сервіроўкі, Адэля ўсю раніцу спрабавала нешта падмяніць на стале. Давялося Баранчыка на варту паставіць.
— Добра, пані Гэлена, абавязкова прыгледжу за Адэляй. Але мне здаецца, яна зараз забудзецца пра ўсё на свеце. Бачыце, ад мастачкі ні на крок не адыходзіць.
Неўзабаве падышлі астатнія госці: спадар з журы (а ён быў дырэктарам тэлеканала пра жывёл) прыйшоў са сваім замежным сябрам і здымачнай групай. Ён заявіў, што яго вельмі зацікавілі гадаванцы гэтай фермы і перадусім асоба, якая атрымала на выставе спецыяльны прыз за крэатыўнасць. Адэлі адразу стала не да сурвэтак і келіхаў. Яна разарвалася паміж жаданнем арганізаваць сеанс з мастачкай і «засвяціцца» літаральна ў кожным знятым кадры. Тады мастачка прапанавала пачаць сеансы малявання назаўтра.
— Разумееш, Адэля, мне трэба пабачыць цябе ў розных абставінах. І на лузе, дзе ты пасвішся, і каля рэчкі, і ў кампаніі тваіх сяброў. Тады малюнкі будуць цікавыя і разнастайныя.
Адэля ўздыхнула спакойна і скіравала ўсю сваю ўвагу на здымачную групу і замежнага госця.
Свята прайшло выдатна. Было вясёла і ўтульна. Госці з задавальненнем слухалі пра жыццё-быццё гадаванцаў фермы, пра іх будні і святы, працу і захапленні. Усе разам прагледзелі цэлы стос фотаздымкаў з замежнага падарожжа і выставы. Адэля аж са скуры вылузвалася, каб прадэманстраваць свае здольнасці, дасціпнасць і выхаванасць. Мне або пані Гэлене даводзілася неўпрыкмет рабіць ёй знакі, каб хоць слоўца паспелі ўплішчыць і іншыя гадаванцы. Дарэчы, госці ўпадабалі і крышталёвы посуд, і льняныя сурвэткі. Адэля ўсё ж палічыла, што яе асобе надаецца замала ўвагі і пастанавіла выправіць сітуацыю. Яна гучна аб’явіла, што падрыхтавала сюрпрыз:
— Адмыслова для нашага госця з-за мяжы я вывучыла з кружэлкі песню на яго роднай мове. Зараз я яе праспяваю, хаця вельмі хвалююся, бо замежнай мовы не ведаю, і гэта мая першая спроба ёю карыстацца!
І яна заспявала. Мы разгублена пераглянуліся: матыў знаёмы, але размаўляе Адэля лепш, чым спявае. Асабліва пільна прыслухваўся госць, дзеля якога ладзіўся сюрпрыз. Спачатку ён нічога не мог разабраць, бо Адэля не надавала вялікага значэння вымаўленню. Нарэшце госць заўсміхаўся, падхапіў матыў і пачаў падпяваць. Адэля дамаглася свайго: уся ўвага зноў перамкнулася на яе.
А калі свята скончылася і госці разышліся, Адэля падскочыла да пані Гэлены і, таргануўшы яе за рукаво, задаволена заявіла:
— Ну вось, і без багемскага шкла абышліся. А вы баяліся…
Адэля пайшла праводзіць мяне і мастачку і ўсю дарогу шчабятала, разважаючы, у якіх ракурсах яна найлепш будзе выглядаць на партрэтах.
Спрадвеку ў народным разуменні прычынай бясплоднасці лічыліся праклён ці парушэнне нормаў паводзін. Бясплоднасць найчасцей прыпісвалася жанчынам. У вясельным абрадзе існавала шмат рытуалаў з мэтай недапушчэння бясплоднасці: маладых абсыпалі зернем, нявесту саджалі на дзяжу і г.д.
Для лекавання таксама існавала шмат сродкаў – узвары кары плодных дрэў, малако ад свінні, якая карміла парсючкоў, курыныя яйкі з двума жаўткамі ды шмат што іншае. Звярталіся нашыя продкі і да святых крыніц, камянёў, дрэў. Мы можам падказаць вам адрасы некаторых з іх…
Дуб Якуб каля вёскі Казлы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці — помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Яму каля 230 гадоў. Самы стары на Міншчыне. Па легендзе, жыў у гэтых мясцінах мужчына, у якога не было дзяцей. Узмаліўся ён Богу, каб той падарыў яму спадкаемцаў. І нарадзіўся ў яго сын, якога назвалі Якубам. На радасцях бацька пасадзіў дубок, які з таго часу і называецца Дуб-Якуб. Дуб культавы, мясцовыя ўважаюць яго цудадзейным і лекавым, ён пазбаўляе сямейныя пары ад бясплоддзя, пасылае ім здаровых дзяцей. Трэба толькі шчыра памаліцца Богу пад яго шатамі.
Дрэва таксама дапамагае пры малітвах аб здароўі і сямейным шчасці, у любоўных стасунках.
Каля вёскі Чаша ў Клецкім раёне Мінскай вобласці Святы Дуб лекуе наступным чынам: каб паправіць здароўе, трэба басанож пастаяць каля дрэва. А калі жанчына хоча мець шмат дзяцей, то варта да яго дакрануцца.
На ўскрайку вёскі Каменка, што за 14 кіламетраў ад Навагрудка ў Гродзенскай вобласці, расце дуб, які “дае дзяцей”. Каля дуба вялікі драўляны крыж – так мясцовыя жыхары пазначылі святое месца. Асаблівасць дрэва ў тым, што ў яго ёсць нарасты на кары, якія паўтараюць мужчынскія формы. Жанчына, якая хоча дзяцей ці не можа зацяжарыць, павінна пацерці адростак рукамі.
У Навагрудскім раёне на вяршыні ўзгорка пасярод могільніка ў вёсцы Сянежыцы ляжыць камень-следавік з двума слядкамі. Меншае паглыбленне ўважаюць следам Багародзіцы, а большае – следам Чорта. Паводле падання, меншае пакінула жанчына – яна ратавала сваё немаўля ад злоснага пана, у якога не было дзяцей, і ён вырашыў адабраць дзіця ў небаракі. Пераскокваючы праз камень, яны абодва пакінулі на ім слядкі. Каб дапамагчы жанчыне, гара расступілася, аддзяліўшы яе ад пераследніка. Жанчына знікла, а тое месца назвалі Святы Роў. З даўніх часоў жанчыну сталі атаясамліваць з Маці Божай, а пана – з Чортам. Да каменя пачалі прыходзіць жанчыны, што не маглі зацяжарыць і прасіць у святыні паратунку ад бясплоддзя.
Асабліва, верылі, камень дапамагаў на Пакроў – 14 кастрычніка. Раней над каменем была каплічка, а ў ёй — стол-ахвярнік, куды вернікі складалі воўну, лён, палатно, яйкі, грошы ды інш.
Святая крыніца каля вёскі Палыкавічы Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці, альбо Палыковіцкая крыніца, вядомая з 1552 года. Мяркуюць, што вада з яе пазбаўляе нават ад безнадзейнага бясплоддзя і вяртае жанчынам прыгажосць і здароўе пасля цяжкіх родаў. Невыпадкова пабудаваная каля Палыкавіцкай крыніцы капліца прысвечаная Параскеве Пятніцы. Гэта хрысціянская святая, якая падмяніла паганскую багіню Пятніцу – заступніцу жанчын і памочніцу ў родах. Памяць святой Параскевы адзначаецца праваслаўнай царквой 28 кастрычніка і 10 лістапада, а вада ў крыніцы лічыцца самай гаючай 8-ю і 10-ю пятніцу пасля Вялікадня.
Блакітная крыніца каля вёскі Кліны Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці – адна з пяці крыніц Беларусі, абвешчаных помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння. Яна ўяўляе сабой невялікае возера з цёмна-сіняй вадой, што б’е з кратара, размешчанага на глыбіні 2,5 метра. Кожную секунду на паверхню выліваецца 60 літраў вады. Гэта моцна мінералізаваная, а таму здольная аказваць на арганізм чалавека лячэбнае ўздзеянне. Да Блакітнай крыніцы цягам стагоддзяў ставяцца як да святой. Людзі вераць, калі перайсці возера тройчы, ніякая хвароба не зможа адолець. Таму сюды пастаянна прыязджаюць вернікі, дзень масавай пілігрымкі – 14 жніўня. Кажуць, што гэтая цудадзейная вада дапамагла зацяжарыць шмат каму з жанчын. На беразе возера пабудаваная капліца і пастаўлены крыжы.
Крыніца Святога Яна размешчана ў лясным каньёне каля вёскі Чарневічы на мяжы Мёрскага, Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў Віцебскай вобласці. Вада прэсная, зімой не замярзае. Крыніца ўшаноўвалася са старажытных часоў і католікамі, і праваслаўнымі. Месца каля крыніцы абсталяванае для наведвальннікаў. Апроч капліцы пабудаваная купель. Лечыць хваробы вачэй, суставы, бясплоддзе, загойвае раны, пазбаўляе ад сполаху і сурокаў. Для гэтага трэба перахрысціцца і тры разы акунуцца з галавой у купальню. Каб вылечыць язву і хваробы страўніка, трэба на працягу года піць ваду тры разы на дзень.
На беразе возера Луканец, у лесе пад Божай Горкай непадалёк ад вёскі Бесяды Лепельскага раёна Віцебскай вобласці знаходзіцца культавая крыніца Божы калодзеж. Яе яшчэ завуць Апладняючай крыніцай. Каля крыніцы стаіць драўляны крыж, на ім вісіць абраз. Некалі пад сасною, што побач з крынічкай, стаяла скрыначка, куды ў падзяку за лячэнне кідалі грошы, а потым іх перадавалі ў царкву. Сёння грошы кідаюць адразу ў крыніцу.
На паўднёвым захадзе вёскі Пеніца Калінкавічскага раёна Гомельскай вобласці знаходзіцца Святая Крыніца. Каля крыніцы ўзведзена капліца, асвечаная ў гонар Раства Багародзіцы, стаіць крыж. На крыніцы пабудаваная купель. На свята Вадохрышча сюды прыязджаюць людзі, каб акунуцца ў ледзяную ваду. Яна тут такая і зімой, і летам. Незамужнія дзяўчыны прыязджаюць сюды выпіць глыток вады, каб неўзабаве знайсці мужа. А калі прызначыць спатканне каля крыніцы, то ў хуткім часе будзе вяселле. Крыніца аб’яўлена гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Крыніца Божай Маці, якая бруіць пад узгоркам у вёсцы Ракавічы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, лекуе мясцовых людзей не адно стагоддзе. Паводле падання, на месцы яе быў здабыты знакаміты абраз Ракавіцкай Божай Маці. У 1748 годзе ў сне шляхціцу Макрэцкаму з’явілася Багародзіца і загадала знайсці абраз у паказаным месцы. На раніцу ён падышоў да ракі Святкі і ўбачыў Святую выяву, якая плыла па рацэ стоячы. Неўзабаве рака знікла, але на месцы з’яўлення абраза прабілася крыніца. На ўласныя грошы Макрыцкі пабудаваў драўляны храм, на крыніцы купель, а пазней каплічку і калодзеж. Вернікі ўпэўненыя, што вада ў крыніцы гаючая, пры яе дапамозе і шчырай малітве цудадзейнаму абразу жанчынам можна вылечыцца ад бясплоднасці. Вада лечыць таксама неўроз і шаленства, дапамагае акрыяць пасля складаных аперацый.
Дрэвы-лекары ў Беларусі. Куды паехаць, каб атрымаць «порцыю» здароўя?
One fine body…